Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Малады футбаліст з Беларусі шалёна змяняе клубы, а дапамагае яму бацька, які забіў дваіх і кажа, што «Брыгаду» знялі па яго біяграфіі

Малады футбаліст з Беларусі шалёна змяняе клубы, а дапамагае яму бацька, які забіў дваіх і кажа, што «Брыгаду» знялі па яго біяграфіі

Знаёмы Пунтуса «з вялікімі сувязямі».

Аўтар — bytribuna com
15 студзеня, 16:03
1
Малады футбаліст з Беларусі шалёна змяняе клубы, а дапамагае яму бацька, які забіў дваіх і кажа, што «Брыгаду» знялі па яго біяграфіі

Беларускі паўабаронца Уладзімір Мядзведзь – футбаліст з дзіўнай біяграфіяй. Гулец, якому пару месяцаў таму споўнілася 24 гады, у ЧБ дэбютаваў у 2017 годзе – і з тых часоў правёў усяго 39 афіцыйных матчаў на дарослым узроўні, за якія не зрабіў выніковых дзеянняў, хоць яго называлі «плэймейкерам». А вось чым Мядзведзь стаў вядомы – дык гэта колькасцю каманд у сваёй кар'еры. Нядаўна ён узначаліў наш спіс галоўных маладых «качэўнікаў» белфутбола з 11 клубамі.

А на днях Мядзведзь апынуўся ў сваёй 12-й камандзе – з «Пірына» быў аддадзены ў арэнду плоўдзіўскаму «Лакаматыву». Прычым у чэмпіянаце Балгарыі, дзе выступаюць абодва клубы, у «Пірыне» з бягучага 14-га месца беларускаму футбалісту даверылі за 20 тураў аж 324 хвіліны на полі – але гулец усё роўна спатрэбіўся ў Плоўдзіве, на чацвёртым радку табліцы.

Як жа ў Мядзведзя атрымлiваецца, амаль нічога не паказваючы, пераходзіць ва ўсё новыя клубы, ды яшчэ і ісці на падвышэнне? «Трыбуна» знайшла адказ на гэтае пытанне – і заадно высветліла вельмі цікавую біяграфію бацькі гульца.

Мядзведзь па водгуках – лянівы «мажор»

Коратка нагадаем гісторыю футбаліста Мядзведзя. Ён пачынаў у шэсць гадоў у школе мiнскага «Дынама», потым з'яжджаў у акадэмію ў расійскім Растове, але пачынаць на дарослым узроўні прыехаў на Радзіму – у «Славію». Там у 2017-м яму давалі гуляць толькі ў дублі, і ў сярэдзіне года гулец паехаў у «Нафтан», дзе і дэбютаваў у «вышцы», але нагуляў сумарна 62 хвіліны. Тым не менш перад сезонам-2018 футбалiст раптам перайшоў у амаль праймавае брэсцкае «Дынама» пад куратарствам «кашалька Лукашэнкі» Аляксандра Зайцава. У Брэсце за год здарылася ўсяго два матчы за першую каманду – і Мядзведзя «на перспектыву» ўзялі ў «Слуцк». Але ўжо ў ліпені 2019-га, чатыры разы згуляўшы за «цукровых» у ЧБ, футбаліст клуб пакінуў – паспрабаваць легіянерскі вопыт.

З тых часоў Мядзведзь гуляе за мяжой – былі на яго шляху «маладзёжкі» расійскіх «Растова» (дзе стаў найлепшым у матчы са зборнай Сірыі) і «Крылаў Саветаў», «Чайка» з расійскага Д2, за якую не згуляў наогул, і « Ротар» з РПЛ (4 матчы за год), казахстанскі «Атырау» (7 матчаў за паўсезона, з іх пяць у Кубку), грузінскі «Сіёні» (тры выхады на поле за пару месяцаў), паўгода без клуба і нарэшце этап у Балгарыі.

Каб даведацца, які Мядзведзь гулец, мы пагутарылі шмат з кім з тых, хто ў розны час з ім перасякаўся. І атрымалі практычна аднолькавыя адказы – маўляў, задаткі і якую-ніякую тэхніку меў, але ў цэлым футбаліст быў нічым не адметным. А некаторымі сваімі якасцямі адштурхоўваў ад сябе. У большасці сваёй нашы суразмоўцы адгукаюцца пра Мядзведзя ў негатыўным ключы.

– На фоне цяперашніх «лімітчыкаў» у Беларусі ён бы глядзеўся нядрэнна. Быў непрыемны тым, што шмат ленаваўся. На трэніроўках мог кругі зрэзаць, недзе недабягаў, недзе хацеў падмануць. Працаваць над сабой не імкнуўся. Чаму трэнеры заплюшчвалі на гэта вочы – не ведаю. Ведаю, што ў розных клубах, калі ён не гуляў за аснову, больш сталыя футбалісты раілі яму папрасіцца ў дубль – папрацаваць там, даказаць. Але ён адмахваўся, маўляў, дублёры ўжо не яго ўзровень. У выніку толкам нідзе не гуляў, – успамінае адзін з былых аднаклубнікаў Мядзведзя.

– Дзіўны тып, які не мог прыжыцца ні ў адной камандзе, не быў часткай калектыву. Ведаю, што і ў Брэсце былі з ім праблемы, і ў Слуцку, і за мяжою. Слізгаваты ў чалавечых адносiнах, непрыемны – паводзіў сябе пагардліва, як «мажор». Не давалі яму гуляць – вінаватыя то трэнер, то партнёры. Мяркуючы па ўсім, характар у хлопца не змяняецца, – распавёў іншы наш суразмоўца, знаёмы з Мядзведзем.

Клубы знаходзіць судзімы бацька, які нібы прыдумаў «Брыгаду»

Дык як усё ж такі футбаліст з такімі водгукамі і статыстыкай знаходзіць новыя каманды? Нашы крыніцы запэўніваюць, што ёсць адна галоўная прычына – бацька гульца.

Сяргей Мядзведзь у свой час прывёў дзіця ў школу мінскага «Дынама», прыходзіў да яго на трэніроўкі, ездзіў на турніры, у тым ліку замежныя. Пры гэтым «ахоўваў» сына ад уздзеяння з боку як супернікаў, так і бацькоў іншых юных футбалістаў. А аднойчы, як нам расказалі, на замежным турніры Мядзведзь-старэйшы пайшоў з кулакамі на бацькоў аднаго з сукаманднікаў, якія, на яго думку, «крыўдзілі» Уладзіміра. З-за інцыдэнту каманду «Дынама» перасталі запрашаць на гэты турнір.

Па словах нашых суразмоўцаў, дапамагаў кар'еры Уладзіміра Мядзведзя і вядомы беларускі трэнер Юрый Пунтус. Коуч у 2019-м прызнаваў, што «раней меў зносіны» з бацькам гульца. Менавіта Пунтус трэніраваў «Славію», калі там з'явіўся яшчэ юны футбалiст.

– У Беларусі для змены клубаў бацька прасіў дапамогі ў Юрыя Іосіфавіча. Той, маючы сувязі ў беларускім футболе, пераконваў калег і кіраўнікоў, што хлопца трэба ўзяць. Ну а людзі не адмаўлялі Пунтусу, – расказвае адзін з нашых суразмоўцаў.

Што да замежнага этапу кар'еры гульца, па словах крыніц «Трыбуны», тут бацька Мядзведзя для працаўладкавання сына падключаў свае «падвязкі», якія ёсць і ў Расіі, і ў Грузіі, і ў Балгарыі. Адкуль? Сам гулец неяк заяўляў, што ў яго бацькі «вялікае кола сяброў». Нашы суразмоўцы кажуць больш дакладна: Сяргей Мядзведзь – «аўтарытэт з шырокімі сувязямі».

Як аказалася, менавіта гісторыя Мядзведзя-старэйшага з'явілася ў прэсе яшчэ ў 2003 годзе. На той момант ён быў дырэктарам транспартнай кампаніі, жанатым бацькам дваіх дзяцей. Але газетам распавядаў, што раней займаўся «крымінальнымі справамі», якія прывялі ў Польшчу, дзе ў 1992-м (яму было ці то 22, ці то 24 гады) Мядзведзь трапіў у турму – таму што падчас «разборак» здзейсніў двайное забойства, названае «ненаўмысным». З шасці гадоў тэрміну тры апошнія гады Мядзведзь прасядзеў у адзіночнай камеры (такое звычайна значыць, што злачынца лічаць небяспечным). «Каб не звар'яцець», Мядзведзь пачаў пісаць кнігу пра самога сябе, а пасля вызвалення на ўласныя грошы выдаў у Расіі пад назвай «Гісторыя, расказаная сыну» – тыражом у 100 экзэмпляраў, якія дарыў сябрам і сваякам.

Адзін з сяброў Мядзведзя аказаўся сынам беларускага рэжысёра Дзмітрыя Зайцава – яго кніга зачапіла, ён прапанаваў перарабіць яе ў кінасцэнар. З дапамогай сцэнарыста Аляксандра Зайцава (гэта цёзка «кашалька Лукашэнкі») атрымаўся тэкст на цэлы крымінальны серыял. Але на здымкі ў Беларусі грошай не знайшлі – тады адвезлі тэкст у Расiю на канал РТР, але і там суаўтарам перадалі, што іх творам «можна падцерціся».

Аднак у 2002-м па РТР сталі паказваць крымінальны серыял «Брыгада», які адразу стаў папулярным у Расіі. Транслявалі яго і ў Беларусі – і тут Мядзведзю сталі тэлефанаваць і віншаваць з «экранізацыяй». Як аказалася, сюжэт «Брыгады» вельмі моцна быў падобны да таго, што апісвалася ў кнізе Мядзведзя і сцэнарыі, адхіленым, як аказалася, прадзюсарамі новага серыяла.

– Ну, перайменавалі герояў, змянілі іх «прапіску», перасадзілі з «Запарожца» ў іншамарку. Але настолькі ўсё злізана ў нас, асабліва ў пачатку! З такім нахабным крадзяжом сутыкнуўся ўпершыню ў жыцці, – заяўляў Дзмiтрый Зайцаў.

Абураны Сяргей Мядзведзь расказваў, што паехаў у Маскву, знайшоў сцэнарыстаў, указаных у тытрах «Брыгады», і яны «не паспелі дамовіцца, неслі галімаццю». Упэўнены ў сваёй праўдзе, бацька футбаліста ў 2002-м перавыдаў сваю кнігу вялікім тыражом (праўда, з суаўтарам і чамусьці ўказаннем «В. С. Медведь» на вокладцы). Прычым у пачатак была дададзеная анатацыя: «Асноўны сюжэт гэтай аўтабіяграфічнай аповесці быў скарыстаны ў тэлесерыяле «Брыгада». Таксама аўтары беларускага сцэнара збіраліся падаваць у суд – і, паводле расповедаў крыніц «Трыбуны», ім у выніку нават удалося атрымаць нейкія грошы, хоць і не ў тым памеры, якога патрабавалі.

Нашы суразмоўцы таксама пацвердзілі, што ў Мядзведзя-старэйшага была свая справа, звязаная з грузаперавозкамі, якая развівалася вельмі добра дзякуючы «вялікім сувязям». У 2018-м паведамлялася, што Мядзведзь жыве на два гарады – Мiнск і расiйскі Сочы – і «засяроджаны на міжнародным бізнесе». Чым цяпер займаецца бацька футбаліста, даведацца не ўдалося. Аднак, мяркуючы па кар'еры сына, сувязі ўсё яшчэ працуюць.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты