Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Для Кандрацьева топ-бамбардзіру ЧБ у 19 рана ў зборную, хоць яго аднагодка-падпісант у абойме – а вось хто яшчэ гуляў і забіваў там да 20

Для Кандрацьева топ-бамбардзіру ЧБ у 19 рана ў зборную, хоць яго аднагодка-падпісант у абойме – а вось хто яшчэ гуляў і забіваў там да 20

У мінулым трэнер у аналагічнай сітуацыі лічыў інакш.

Аўтар — bytribuna com
14 чэрвеня, 09:30
Для Кандрацьева топ-бамбардзіру ЧБ у 19 рана ў зборную, хоць яго аднагодка-падпісант у абойме – а вось хто яшчэ гуляў і забіваў там да 20

Хутка зборная Беларусі правядзе два «хатнія» матчы кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы-2024 у венгерскім Будапешце: 16 чэрвеня супраць Ізраіля, а 19 чэрвеня – супраць Косава. Абодва паядынкі пачнуцца ў 21:45 па беларускім часе.

У выязным спісе Георгія Кандрацьева не аказалася найлепшага бамбардзіра вышэйшай лігі з «Шахцёра» Ягора Карпіцкага, які забіў 12 мячоў у 11 матчах. На дзяржТБ спыталі галоўнага трэнера пра гэта – і ён патлумачыў невыклік тым, што гульцу нібыта рана па ўзросце.

«Вельмі таленавіты хлопец, але яму ўсяго 19 гадоў. Думаю, яму лепш гуляць за маладзёжную зборную», – сказаў Кандрацьеў.

А пакуль Карпіцкі ў складзе «маладзёжкі» рыхтуецца да таварыскага матча з аднагодкамі з Расіі і адборачнага паядынку на ЧЕ-2025 з Андорай, расказваем, каму з вядомых беларускіх футбалістаў лічбы ў пашпарце былі не перашкодай у гульні за першую зборную ва ўзросце да 20 гадоў.

Леанiд Ковель

У колькі дэбютаваў: 18 гадоў 20 дзён

Самым маладым гульцом у гісторыі зборнай стаў гэты нападаючы, які на момант першага матча правёў у вышэйшай лізе ўсяго 14 гульняў і забіў адзін мяч, а таксама аформіў два галы ў Кубку Інтэртота «Лілю». У жніўні 2004-га перспектыўнага форварда, які тады стабільна выходзіў у стартавым складзе мінскага «Дынама», выклікаў Анатоль Байдачны.

«Гэты вельмі перспектыўны хлопец праявіў сябе ў матчах на міжнароднай і ўнутранай арэнах і валодае ўсімі неабходнымі форварду якасцямі – хуткасны, агрэсіўны, забівны», – тлумачыў свой выбар галоўны трэнер.

Тады зборная рыхтавалася да пачатку кваліфікацыі ЧС-2006 і праводзіла перад стартам заключны таварняк у гасцях у Турцыі. На 81-й хвіліне, калі на табло былі лічбы 1:1, Байдачны памяняў аднаго дэбютанта на другога – Вячаслава Глеба, які да гэтага паразіў турэцкія вароты, замяніў якраз Ковель. Трэнерскі эксперымент быў паспяховым: на першай кампенсаванай хвіліне менавіта Леанід аддаў галявую перадачу на Дзяніса Коўбу, які прынёс беларусам перамогу з лікам 2:1.

«Спытаў у яго: «Не баішся выходзіць на поле?» Леанід адказаў: «Не!» Пасля гэтага з задавальненнем выпусціў яго на замену. Адведзеныя хвіліны ён выкарыстаў выдатна. І менавіта напорыстасць Ковеля стала вырашальнай у эпізодзе з другім узяццем варот суперніка», – дзяліўся пасля матча Байдачны.

Правёўшы яшчэ тры матчы за зборную (і забіўшы ў спарынгу ААЭ), Ковель да свайго 22-годдзя адправіўся гуляць за «маладзёжку». Нападаючага на той момант «Сатурна» у першую каманду вярнуў Бернд Штангэ. Леанід стабільна выходзіў на замену за зборную з лістапада 2008-га па сакавік 2010-га. Затым у клубнай кар'еры форварда надышлі не найлепшыя часы, звязаныя з вяртаннем у чэмпіянат Беларусі. Разам з гэтым рэзка знізілася цікавасць да футбаліста з боку трэнерскага штаба зборнай. Усяго за яе Ковель правёў 17 матчаў і забіў тры мячы.

Уладзiмiр Макоўскі

У колькі дэбютаваў: 18 гадоў 3 месяцы 4 дні

На дзевяць гадоў раней за Ковеля адлік сваім матчам за зборную пачаў такі ж малады нападаючы «Маладзечна». У ліпені 1995-га Сяргей Бароўскі ў спарынгу з Літвой даў дэбютаваць за зборную адразу чацвярым футбалістам, сярод якіх аказаўся і адзін з братоў Макоўскіх. Яго трэнер выдатна ведаў, бо годам раней менавіта пры ім Уладзімір дэбютаваў на дарослым узроўні за «Маладзечна». Пры Бароўскім у вышэйшай лізе яшчэ непаўналетні Макоўскі паспеў правесці дзесяць матчаў, пасля чаго коўч у ліпені 1994-га перайшоў на працу ў зборную.

На віленскім «Жальгірысе» Уладзімір з'явіўся на полі ў сярэдзіне другога тайма, калі беларусы прайгравалі 0:1. Дэбютант на левым флангу паўабароны замяніў Юрыя Шуканава, на месца якога Макоўскага праз паўгода якраз запросяць у мінскае «Дынама». Ужо праз шэсць хвілін Беларусь зраўняла лік – Пётр Качура рэалізаваў пенальці за фол на Сяргею Гурэнку. Да фінальнага свістка лічбы на табло не змяніліся.

Стабільна выклікаць Макоўскага ў зборную пачалі праз год. 19-гадовы Уладзімір адразу ж адказаў на трэнерскі давер галамі ў афіцыйных матчах супраць Эстоніі (1:0) і Латвіі (1:1). Тады да канца 1990-х Макоўскі аслупаваў за сабой месца ў цэнтры атакі беларускай зборнай. Месца ў складзе Уладзімір страціў пасля звальнення Бароўскага і запрашэння на яго месца Эдуарда Малафеева. Усяго за зборную Макоўскі правёў 28 матчаў, забіўшы чатыры мячы.

У 19-гадовым узросце ў першай камандзе краіне дэбютаваў брат-блізня Уладзіміра Міхаіл Макоўскі. У студзені 1997-га Міхаіл Вергеенка выклікаў маладога паўабаронцу мінскага «Дынама» на гасцявы спарынг з Егіптам (0:2). Міхаіл правёў на полі 23 хвіліны. Як аказалася, гэта быў яго адзіны вопыт у зборнай.

Аляксандр Хацкевiч

У колькі дэбютаваў: 19 гадоў 3 месяцы 8 дзён

Паўабаронца правёў свой першы матч на самым заранку суверэнітэту. У студзені 1993-га зборная адправілася ў турнэ па Паўднёвай Амерыцы. Шлях да Гуякіля, дзе меўся быць таварыскі матч з Эквадорам, заняў 28 гадзін у паветры, не ўлічваючы доўгія перасадкі ў Расіі, Ірландыі і Кубе. У выязны спіс патрапіла шмат будучых дэбютантаў зборнай (у асноўным паляцелі мiнскія дынамаўцы), сярод якіх самым маладым быў Хацкевіч. Да таго моманту ў Аляксандра было ўсяго дзесяць матчаў у вышэйшай лізе за мiнскае «Дынама» – і толькі пяць з іх ён пачынаў у стартавым складзе.

У Гуякілі на «Ісідра Рамэра Карба» сабралася 38 тысяч гледачоў, што шакавала некаторых неспрактыкаваных беларускіх футбалістаў, – некаторыя з іх да гэтага гулялі максімум пры 5-тысячнай аўдыторыі. Вергеенка не пабаяўся выпусціць яшчэ неабстралянага Хацкевіча адразу ў стартавым складзе – Аляксандр адказваў за апорную зону. Усяго на полі дынамавец правёў 66 хвілін, уступіўшы сваё месца Шуканаву. Да таго моманту беларусы прайгравалі 0:1, аднак да фінальнага свістка здолелі зраўняць лік дзякуючы голу Сяргея Герасімца. У другім матчы турнэ супраць Перу (1:1) Хацкевіч ужо адыграў ад званка да званка.

Стабільна гуляць за зборную Аляксандр пачаў толькі на пачатку «нулявых», калі зборную прыняў Малафееў. Хацкевіч быў ключавым гульцом у спробе каманды выйсці на ЧС-2002. Знакавым у кар'еры паўабаронцы стаў дамашні матч з Украінай (0:2), калі яго і Валянціна Бялькевіча Малафееў замяніў, западозрыўшы ў здачы матча саперніку. Аднак выступы за зборную пасля інцыдэнту пры гэтым трэнеры ў Хацкевіча не спыніліся – правёў яшчэ шэсць матчаў, забіўшы адзін мяч.

Аляксандр выступаў за зборную да лета 2005-га, калі ўжо абараняў колеры латвійскай «Венты». Усяго за першую каманду паўабаронца мае 39 матчаў і чатыры галы. У 2014-2016 гадах Хацкевіч сам узначальваў зборную Беларусі.

Ягор Фiлiпенка

У колькі дэбютаваў: 19 гадоў 5 месяцаў 2 дні

У 2007 годзе гэтага абаронцу можна было назваць галоўным футбольным адкрыццём Беларусі. Філіпенка з першых матчаў сезона ўварваўся ў стартавы склад БАТЭ, з якім не толькі стаў чэмпіёнам Беларусі і дайшоў да фіналу Кубка краіны, але і ўпершыню ў гісторыі клуба дабраўся да трэцяга раунда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

Да восені таго ж года Штангэ на вераснёўскія паядынкі адбору ЧЕ-2008 супраць Румыніі і Славеніі забраў футбаліста з «маладзёжкі», за якую той не паспеў згуляць. На абедзве сустрэчы немец найграваў у цэнтры абароны звязку Арцёма Радзькова і Паўла Пласконнага, Ягору адвялі ролю запаснога цэнтрдэфа. Матч з румынамі (1:3) Філіпенка назіраў з лавы запасных, а вось са славенцамі (0:1) прыйшлося ў тэрміновым парадку выходзіць на поле – на 70-й хвіліне другое папярэджанне атрымаў Радзькоў, трэба было латаць абарону.

«Расхвалявацца нават не паспеў. Калі і быў нейкі мандраж, то зусім невялікі. А выбег на поле – прайшоў і ён. Як-ніяк у мяне ёсць некаторы міжнародны досвед», – дзяліўся пасля фінальнага свістка Ягор.

Далей Філіпенка на год стаў жалезным гульцом старту зборнай. Але з пераездам у Расію і адсутнасцю там належнай практыкі абаронцу адправілі ў маладзёжную зборную, з якой ён у 2011-м узяў бронзу ЧЕ U-21, дзякуючы чаму ў 2012-м паехаў на Алімпіяду. Неўзабаве Філіпенка зноў вярнуўся ў першую каманду, за якую да верасня 2017-га паспеў правесці 51 матч і забіць адзін мяч. Пасля сваёй апошняй гульні за зборную – са шведамі – Ягор публічна заявіў, што Ігару Крывушэнку «трэба быць мужыком».

Дзянiс Палякоў

У колькі дэбютаваў: 19 гадоў 7 месяцаў

На наступны год пасля Філіпенкі пра сябе ў белфутболе прымусіў гаварыць гэты абаронца. У 2010-м пры Малафееве Палякоў не толькі дэбютаваў у вышэйшай лізе, але і стаў гульцом старту «Шахцёра», выходзячы апорным паўабаронцам. Пасля хуткага звальнення трэнера з клуба Уладзімір Журавель стаў спрабаваць Дзяніса ў абароне – справа і ў цэнтры.

2010-я зборная закрывала лістападаўскім таварыскім матчам у гасцях з Аманам. Першапачаткова Палякоў у гэты час рыхтаваўся са зборнай U-21 Кандрацьева да моладзёжнага Еўра-2011. Аднак потым Штангэ чамусьці вырашыў кампенсаваць выклікам абаронцы адразу пяцярых траўміраваных (гэта былі Юрый Жаўноў, Аляксандр Глеб, Віталь Кутузаў, Антон Пуціла і Уладзімір Юрчанка).

«Як аванс юнаму абаронцу. Буду рады, калі Дзянісу ўдасца заявіць пра сябе», – казаў тады Кандрацьеў.

«Даўно назіраю за гэтым хлопцам па выступах за клуб, ён гулец менавіта таго тыпу, што мне падабаецца. Шмат рухаецца ўздоўж краю, падлучаецца да атак. Можа, Дзяніс і не выйдзе на поле, але хаця б адчуе атмасферу зборнай», – каментаваў выклік салігачаніна Штангэ.

У Маскаце беларусы перамаглі 4:0. Калі ўсе мячы ўжо былі забітыя, Штангэ выпусціў Палякова на 75-й хвіліне баразніць правы фланг абароны замест Ігара Шытава.

«Мы выклікалі гэтага футбаліста, таму што ў яго адчуваецца вялікі патэнцыял. Калі ў бліжэйшыя два-тры гады ён будзе шмат працаваць, то стане добрым гульцом для каманды», – сказаў пасля матчу Штангэ. Так яно і здарылася – з тых часоў Палякоў правёў за зборную яшчэ 52 матчы і забіў адзін мяч. Вось і зараз абаронца рыхтуецца да Ізраіля і Косава.

Валянцiн Бялькевiч

У колькі дэбютаваў: 19 гадоў 9 месяцаў 1 дзень

Паўабаронца пачаў гуляць за зборную з моманту яе заснавання. Бялькевіч прыняў удзел у першым неафіцыйным матчы каманды супраць Літвы (1:1) у ліпені 1992-га. Справа ў тым, што паядынак праводзілі не ў міжнародную паўзу, таму фармальна дэбютным для беларусаў ён не стаў. Да таго моманту ўжо завяршыўся аднакругавы першы суверэнны чэмпіянат Беларусі, у якім мінскае «Дынама» з Бялькевічам заваявала золата. У Вільню зборную павёз трэнер чэмпіёнскай каманды Вергеенка, які ўключыў у склад толькі аднаго недынамаўца. А Валянцін, якому на той момант было 19 гадоў 5 месяцаў і 23 дні, аддаў галявую перадачу на Радзіслава Арлоўскага. На 87-й хвіліне Вергеенка замяніў таленавітага паўабаронцу.

Праз тры месяцы Бялькевіч прыняў удзел і ў першым залічаным матчы зборнай. На спарынг у Мінск 28 кастрычніка 1992-га прыехала Украіна (1:1). На гэты раз Вергеенка не знайшоў Валянціну месца ў старце – да зборнай далучыліся куды больш вопытныя легіянеры. Але ў перапынку Бялькевіч замяніў Эдуарда Дземенкаўца.

З таго часу Валянцін, калі не прыязджаў у зборную, то толькі з прычыны гадавой допінгавай дыскваліфікацыі ў 1994-м, траўмаў і згаданага вышэй канфлікту з Малафеевым. Свой апошні матч за зборную Бялькевіч правёў у верасні 2005-га, калі дома ў адборы на ЧС-2006 уступілі Італіі (1:4). Усяго за каманду паўабаронца правёў 56 матчаў і аформіў дзесяць галоў, з'яўляючыся шостым бамбардзірам у гісторыі зборнай.

Павел Савiцкi

У колькі дэбютаваў: 19 гадоў 10 месяцаў 6 дзён

Паўабаронцу выклікалі ў зборную падчас чацвёртага паўнавартаснага сезона ў вышэйшай лізе. Да траўня 2014-га на рахунку Савіцкага было ўжо 96 матчаў і 17 галоў у эліце. Тады ж Кандрацьеў вырашыў упершыню выклікаць левага вінгера на спарынгі з Іранам і Ліхтэнштэйнам. На прэс-канферэнцыі перад матчамі трэнер наракаў, што ў яго «выбар невялікі», і ў каманду «дадаць асабліва няма каго».

«Савіцкі нядрэнна гуляе ў клубе. Час, лічу, яго паглядзець на сур'ёзным узроўні. Няхай праяўляе сябе», – сказаў Кандрацьеў.

З Іранам (0:0) трэнер адвёў Паўлу паўтайму, хаця да матча не казаў таму, што збіраецца яго выпускаць. Гулец мог адкрыць лік сваім галам за зборную, але ўпусціў дакладны шанц.

«Сплахаваў, не чакаў, што мяч трапіць да мяне, не хапіла канцэнтрацыі – у выніку прабіў няўдала», – дзяліўся Савіцкі пасля гульні і дадаваў, што не разумее, чаму ў яго выпадку «так часта акцэнтуюць увагу на юным узросце»: «У Еўропе людзі гуляюць у сур'ёзных клубах ужо ў 17-18 гадоў, і нікога гэта не бянтэжыць, а мне ўлетку ўжо 20 споўнiцца».

Наступны матч атрымаўся для Савіцкага вельмі ўдалым. Гарадзенец, які ў перапынку замяніў Віталя Радзівонава і дзейнічаў на нязвыклай тады для сябе пазіцыі ў цэнтры атакі, адправіў у вароты Ліхтэнштэйна (5:1) два мячы (хоць у адным даравалі відавочны афсайд).

«На флангу Пашу цяжкавата. Мне здаецца, ён пакуль не гатовы выконваць той аб'ём працы, які патрабуецца на краі. Можа, у сілу ўзросту ці фізіялагічных асаблівасцяў. Ён часта бярэ паўзу, а на флангу так дзейнічаць нельга. У цэнтры ж ёсць час для кароткіх перадышак. Савіцкі можа ўзарвацца і забіць. Тым больш у яго вельмі добрае выкананне, выдатная левая нага», – тлумачыў сваё бачанне Кандрацьеў.

З таго часу адносіны Савіцкага і зборнай складаюцца хвалепадобна. Стабільна Павел не гуляў ні пры адным трэнеры. Апошні раз Савіцкі выходзіў на поле ў форме зборнай у верасні 2022-га, але зараз зноў трапіў у спіс Кандрацьева. На гэты момант Павел правёў за першую каманду 24 паядынкі, у якіх забіў сем мячоў.

Хто яшчэ

Другім па маладосці футбалістам за ўсю гісторыю зборнай у 1996-м стаў паўабаронца «Атакі» Юрый Дарашкевіч (18 гадоў 1 месяц 21 дзень). Тады хаўбек правёў першы і апошні матч за зборную супраць ААЭ (0:1), адыграўшы 35 хвілін.

Да свайго 19-годдзя за Беларусь паспелі дэбютаваць яшчэ нападаючы Андрэй Варанкоў і варатар Юрый Цыгалка. Першы паўдзельнічаў у балючым паражэнням ад Люксембурга (0:1) у 2007-м, а другі пяццю гадамі раней выйшаў на сем хвілін у таварняку з Венгрыяй (5:2) і паспеў прапусціць з пенальці.

У 19 гадоў дэбютаваў другі з братоў-блiзнят Цыгалка – нападаючы Максім Цыгалка. Роўна праз год пасля першага матча Юрыя форвард выйшаў на стартавыя 45 хвілін у спарынгу супраць Узбекістана (2:0) і забіў у сярэдзіне першага тайма.

З варатароў да 20-годдзя таксама паспелі згуляць за зборную Павел Паўлючэнка і Андрэй Кудравец. Абодва дэбютавалі ў таварыскіх матчах – супраць Грузіі (2:2, 2017-ы) і Сірыі (1:0, 2022-i) адпаведна. Прычым прарэжымны падпісант, якому ўсё яшчэ 19 гадоў, у 2023-м правёў афіцыйны матч са Швейцарыяй (0:5), а зараз рыхтуецца да гульняў з Ізраілем і Косава – у гэтым выпадку ўзрост для Кандрацьева чамусьці не перашкода.

Таксама ў 19 гадоў за зборную першыя матчы правялі Аляксандр Чайка (Літва, 1:1, 1995-ы), Максім Разумаў (Літва, 2:2, 1996-ы), Мікалай Рындзюк (Ізраіль, 2:3, 1997-ы), Павел Сядзько (Арменія, 1:4, 2017-ы), Раман Вягера (Балгарыя, 1:0, 2020-ы) і Руслан Лісаковіч (Бельгія, 0:1, 2021-ы).

Іншыя пасты блога

Усе пасты