Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гран Пры Лонг-Біч і Кайла Кірквуда. Пілот Andretti Autosport атрымаў першую перамогу на трэцім этапе серыі IndyCar

Гран Пры Лонг-Біч і Кайла Кірквуда. Пілот Andretti Autosport атрымаў першую перамогу на трэцім этапе серыі IndyCar

20 красавіка 2023, 13:48
2
Гран Пры Лонг-Біч і Кайла Кірквуда. Пілот Andretti Autosport атрымаў першую перамогу на трэцім этапе серыі IndyCar

Фота: indycar.com

Сярод канкурэнтаў у амерыканца на каліфарнійскай вулічнай трасе былі і двухразовы чэмпіён Джозэф Ньюгардэн, і экс-пілоты Формулы 1 Рамэн Гражан і Маркус Эрыксан, але Кайл лепей за іх усіх справіўся з задачай. Хаця, дзеля справядлівасці, зусім без шанцавання ўсё ж такі не абышлося.

Шанцаванне зусім не перашкодзіць нашым дарагім суседзям ва Украіне, але сваю зямлю яны ад расійска-фашысцкіх захопнікаў вызваляць найперш дзякуючы свайму ўласнаму гераізму. Іх перамога над агрэсарам стане і перамогай над ідэяй дыктатуры. Святло мацнейшае за цемру, а свабода мацнейшая за канцлагер. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Перамога ўкраінскіх герояў над захопнікамі будзе вялікай для ўсяго свету. Перамогі ж спартсменаў, у тым ліку гоншчыкаў – гэта іх асабістыя дасягненні. Хаця для іх асабіста, безумоўна, яны важныя, а часам і для спаборніцтваў, у якіх яны ўдзельнічаюць. Поспех пілота Andretti Autosport Кайла Кірквуда на Гран Пры Лонг-Біч серыі IndyCar у мінулы ўік-энд – якраз такі выпадак.

Шлях да сваёй першай перамогі амерыканец пачаў з таго, што ў суботу заваяваў поўл. А працягнуў тым, што на старце гонкі ў нядзелю захаваў лідарства, адбіўшы атаку з боку канкурэнта з Chip Ganassi Racing, лідара сезона і пераможца першага этапу ў Сэнт-Пітэрсбэргу Маркуса Эрыксана.

Развіццю барацьбы перашкодзіў бразілец з Meyer Shank Racing Эліа Кастранэвеш, які дапусціў разварот у першым павароце і зламаў нос свайго баліда аб адбойнік. Цікава, што гонку ён пры гэтым працягнуў, хоць, зразумела, і адкаціўся назад. Пасля рэстарту хутчэйшым за ўсіх быў Джозэф Ньюгардэн. Гоншчык Team Penske, стартаваўшы дзявятым, ужо на дзевятнаццатым кругу атакаваў партнёра Кірквуда па камандзе Рамэна Гражана, які на той момант ішоў трэцім.

Там і Эрыксан быў у зоне прамой бачнасці, але хутка абысці і яго Ньюгардэну перашкодзіў яшчэ адзін інцыдэнт, які прывёў да жоўтых сцягоў па ўсёй трасе. Пасла атакі гоншчыка Arrow McLaren Патрысіа О’Ворда на канкурэнта з Chip Ganassi Racing Скота Дзіксана ў восьмым павароце машына новазеландца ўткнулася носам у бар’ер з шын. Ветэран Індыкара здолеў працягнуць рух, але пазней усё ж сышоў з дыстанцыі.

Пад жоўтымі сцягамі многія пілоты здзейснілі першыя піт-стопы, што на некаторы час дазволіла выйсці ў лідары дэбютанту серыі з каманды Juncos Hollinger Racing Агусціну Канапіна. Аргенцінец захаваў быў лідарства і на рэстарце, але хутка ў шостым павароце дапусціў кантакт са сцяной і пашкодзіў машыну. Каб не сутыкнуцца з ім, Кірквуд вымушаны быў прытармазіць, што дазволіла захапіць лідарства Ньюгардэну. Кайл яшчэ і О’Ворда ледзь не прапусціў – мексіканец атакаваў яго ў восьмым павароце, але ў выніку кантакту яго самога развярнула, пасля чаго задняя частка яго аўтамабіля сустрэлася з бар’ерам і ён адкаціўся на дванаццатую пазіцыю.

Ньюгардэн лідзіраваў да пяцьдзесят другога круга, на якім адправіўся на чарговы піт-стоп. І вось на ім, па ўсяму відаць, каманда памылілася з колькасцю паліва, якое было далітае ў бак яго машыны. Таму што, вярнуўшыся на трасу, Джозэф вымушаны быў эканоміць бензін і, адпаведна, пазбавіўся магчымасці не тое што атакаваць, але і эфектыўна абараняцца. Ён пачаў губляць пазіцыю за пазіцыяй і адкаціўся ў выніку на дзявятую.

У складанай паліўнай сітуацыі апынуўся быў і Кірквуд, але да піт-стопу. На піт-лэйн Кайл заязджаў, бачачы трывожнае міганне сігнальных светладыёдаў у сябе на стырне. Але да сваіх механікаў ён дацягнуў і вярнуўся на трасу лідарам, акурат перад Гражанам, які наведаў боксы кругам раней. Брыгада Кірквуда ўжо не памылілася, а ён у сваю чаргу захаваў дастаткова секунд карыстання сістэмай push-to-pass, якая дадае 50 конскіх сіл.

У Гражана, праўда, гэтых секунд заставалася яшчэ болей, але на дыстанцыю атакі ён так і не выйшаў, хоць да самага фінішу і не адставаў ад партнёра па камандзе болей чым на паўтары секунды. Пры гэтым зусім блізка ад яго амаль увесь час быў Эрыксан, якому, зрэшты, таксама не ўдалася навязаць французу сапраўднай барацьбы. Маркус задаволіўся трэцім месцам, Рамэн фінішаваў другім, адкрыўшы, нарэшце, ачковы рахунак пасля няўдач у Сэнт-Пітэрсбергу і Форт Уорце.

Затое Эрыксан вярнуўся сабе лідарства ў турнірнай табліцы. Пасля трох этапаў швед мае 110 ачкоў, на пятнаццаць апярэджваючы О’Ворда, які апусціўся на другую пазіцыю (у Лонг-Біч ён фінішаваў толькі сямнаццатым). Першую тройку замыкае цяпер партнёр Маркуса па камандзе Алекс Палоў, які ў мінулыя выхадныя заняў пятае месца. У іспанца 91 ачко, на два болей, чым у Ньюгардэна, які знаходзіцца на чацвёртай пазіцыі. Кірквуд пасля свайго поспеху падняўся на пятую, у яго 74 балы.

Апошні ўік-энд красавіка, як, дарэчы, і надыходзячы, будзе багатым на гоначныя падзеі. Адной з іх стане і наступны этап серыі IndyCar, які пройдзе на стацыянарнай трасе Барбер Мотар Парк у Алабаме.

Іншыя пасты блога

Усе пасты