Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новазеландскія разборкі ў Манака. Дзявяты этап сезона Формулы Е парадаваў паядынкам Мітчэла Эванса і Ніка Кэсідзі

Новазеландскія разборкі ў Манака. Дзявяты этап сезона Формулы Е парадаваў паядынкам Мітчэла Эванса і Ніка Кэсідзі

Новазеландскія разборкі ў Манака. Дзявяты этап сезона Формулы Е парадаваў паядынкам Мітчэла Эванса і Ніка Кэсідзі

Фота: Formula E

Звычайна гонкі электраформулы на вуліцах Княства радуюць шматлікімі падзеямі. Але тая, што адбылася ў мінулую суботу, была цікавая найперш барацьбой за перамогу двух новазеландскіх гоншчыкаў.

Барацьбу за перамогу зусім іншага маштабу зараз вядзе ўвесь украінскі народ. Расійска-фашысцкія захопнікі, якія лічаць сябе нашчадкамі пераможцаў гітлераўцаў, нашчадкамі апошніх на самой справе і з’яўляюцца. І зараз для іх наспявае час адказваць за свае злачынствы супраць украінцаў. Сысці ім прыйдзецца і з беларускай зямлі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

На жаль, да канца вайны ў нашых суседзяў яшчэ далёка, у адрозненні ад канца бягучага сезона Формулы Е. Электрычны прыз Манака стаў яго дзявятым этапам, а засталося, па сутнасці, яшчэ тры, проста ўсе яны будуць падвоеныя. Добрая ж навіна ў тым, што яны напэўна будуць цікавымі, бо перамагаць тут могуць многія ўдзельнікі, нават тыя, ад каго гэтага мала хто чакае.

Новазеландскі пілот каманды Envision Racing Нік Кэсідзі, зрэшты, да такіх не адносіцца – да апошняй гонкі ў Манака ён ужо двойчы ўзыходзіў на вяршыню подыуму (у Нью-Йорку ў мінулым годзе і на папярэднім этапе ў Берліне). Яшчэ больш перамог – сем – у скарбонцы яго суайчынніка з Jaguar TCS Racing Мітча Эванса, і яны на пару ў мінулую суботу і зладзілі шоў у Княстве.

З поўлу, аднак, стартаваў гоншчык NEOM McLaren Джэйк Х’юз, хаця хутчэй за ўсіх у кваліфікацыі быў яго канкурэнт з Nissan Саша Фенестраз. Але француз быў аштрафаваны за перарасход энергіі і апынуўся на другой пазіцыі. Гэтая пара і прыцягвала да сябе галоўную ўвагу ў пачатку гонкі, тады як Эванс ехаў шостым, якім і кваліфікаваўся. Аднак акурат за ім ужо быў Кэсідзі, які стартаваў наогул з дзявятай пазіцыі.

І ўжо на пятым кругу Нік у шпільцы Grand Hotel апярэдзіў двух супернікаў адным махам, а на шостым абагнаў і яшчэ аднаго пілота Nissan Нармана Нато, падняўшыся на чацвёртую пазіцыю. Ну а калі лідары адправіліся на першую актывацыю рэжыму атакі, пілот Envision наогул узначаліў пелатон. Вядома, яму таксама трэба было скарыстацца павышанай магутнасцю, што ён і зрубіў на дзявятым кругу, але лідарства пры гэтым страціў толькі часова, і хутка вярнуў яго сабе.

Эванс увесь час быў непасродна ззаду ў Ніка, што дазволіла яму на шаснаццатым кругу абагнаць яго на галоўнай прамой. Але ізноў Кэсідзі нядоўга пабыў у ролі таго, хто даганяе, і праз пару кругоў ужо ён абагнаў Мітча ў першым павароце. Канечне, роля лідара гонкі ў Формуле Е няўдзячная – расход энергіі ў яго ўзрастае, тады як супернік, калі ён паблізу, мае магчымасць яе эканоміць. Так атрымалася і ў Эванса, і гэта дало яму магчымасць узмацніць уціск на суайчынніка на апошніх кругах.

Кэсідзі ў сваю чаргу паспяхова адбіваў усе атакі, а на дваццаць другім кругу яму мімаволі дапамог пілот Maserati MSG Racing Максіміліан Гюнтэр, які пашкодзіў сваю машыну пасля няўдалай атакі на канкурэнта з Nio 333 Racing Дэна Ціктума. Немец спыніўся на трасе, праз што на яе выехаў і аўтамабіль бяспекі. Эванс паспрабаваў быў пайсці ў атаку на рэстарце на дваццаць чацвёртым кругу, але Кэсідзі ізноў утрымаў першую пазіцыю.

А на апошніх кругах Мітчэлу мядзведзеву паслугу аказаў яго напарнік па камандзе Сэм Бёрд, які сутыкнуўся з гоншчыкам ABT CUPRA Ніка Мюлерам. Гонка зноў была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі і пад ім жа і скончылася. Кэсідзі перамог, Эванс фінішаваў другім, а Avalanche Andretti Джэйк Дэніс склаў ім кампанію на подыуме.

Пілот TAG Heuer Porsche Паскаль Верляйн у Манака прыбыў лідарам чэмпіянату, але, у гонцы замкнуўшы першую дзясятку, прапусціў наперад якраз Кэсідзі, у якога цяпер 121 ачко, на дваццаць болей, чым у немца, які цяпер другі. Дэніс на трэцяй пазіцыі, ён мае 96 ачкоў, на два апярэджваючы Эванса. Envision дзякуючы перамозе свайго пілота падняліся на першую пазіцыю ў камандным заліку – у іх 182 ачкі супраць 169-ці ў Porsche, якія апусціліся на другі радок. На трэцім са 156-цю баламі Jaguar.

Два наступных этапы Формулы Е 3 і 4 чэрвеня прыме сталіца Інданэзіі Джакарта.

Іншыя пасты блога

Усе пасты