Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Спякотна і шчыльна. Пасля этапаў Формулы Е ў Джакарце інтрыга ў чэмпіянаце толькі абвастрылася

Спякотна і шчыльна. Пасля этапаў Формулы Е ў Джакарце інтрыга ў чэмпіянаце толькі абвастрылася

Спякотна і шчыльна. Пасля этапаў Формулы Е ў Джакарце інтрыга ў чэмпіянаце толькі абвастрылася

Фота: Formula E

Чым бліжэй да канца, тым больш напружаным робіцца становішча ў турнірнай табліцы электрычнай Формулы. Два этапы ў сталіцы Інданэзіі, што прайшлі ў мінулы ўік-энд дазволілі бліснуць тым, хто не бліскаў раней або проста даўно гэтага не рабіў.

Як і раней сёння, «Гоначная псіхапатыя» нагадвае, што ў нашых суседзяў украінцаў працягваецца вайна. Мы зычым ім хутчэйшага сканчэння жаху, перамогі іх Узброеным сілам і вызвалення іх зямлі, як і нашай уласнай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Напамінак такіх на гэтым тыдні будзе шмат, бо шмат было і гонак у мінулыя выхадныя. Формула Е ў Джакарце дык наогул дзве правяла – па адной у суботу і нядзелю. І яны адна на адну не былі падобныя, у адрозненні ад Гран Пры Формулы 1, у якіх усё цяжэй робіцца знаходзіць хоць якія-небудзь цікавыя падзеі.

Поўл у суботнім этапе ўпершыню ў сваёй кар’еры выйграў гоншчык каманды Maserati MSG Racing (былая Venturi) Максімілан Гюнтэр, і на старце гонкі лідарства ён захаваў, адбіўшы атаку канкурэнта з TAG Heuer Porsche Паскаля Верляйна, які стартаваў другім і адразу апярэдзіў гоншчыка Avalanche Andretti Джэйка Дэніса. Немец крыху пазней адным з першых актываваў рэжым атакі і з дадатковай магутнасцю апярэдзіў Гюнтэра, але хутка па зоне актывацыі праехаўся і сам Максі, што дазволіла яму вярнуцца ў лідары, тады як Верляйн вярнуўся ізноў на трэцюю пазіцыю.

Экс-пілот Формулы 1 пры гэтым захрас за яшчэ адным былым удзельнікам Вялікіх Прызоў, дзейсным чэмпіёнам з DS Penske Стофелем Вандорнам. І толькі калі бельгіец адправіўся па рэжым атакі Верляйн падняўся на пазіцыю вышэй. Праўда, хутка наспеў час і Гюнтэру ў другі раз актываваць рэжым атакі, і Паскаль выйшаў у лідары яшчэ да сярэдзіны дыстанцыі.

Аднак мы даўно ведаем, што лідарства ў гонцы Формулы Е мае і адваротны бок – узрастае расход энергіі. Пры гэтым нагрузка на батарэі (дый на гоншчыкаў) у Джакарце праз спёку і так была вялікай. Гэта, зрэшты, не перашкаджала Верляйну даволі ўпэўнена лідзіраваць да апошніх кругоў, на якіх да яго пад’ехаў Дэніс. Джэйк раней абагнаў Гюнтэра і ішоў прыкладна ў адным тэмпе з Паскалем (сілавыя ўстаноўкі на іх балідах аднолькавыя), якому ўсё ж такі прыйшлося эканоміць зарад у батарэі. Але фінішаваў ён усё ж такі першым, калі даступнай энергіі ў яго не заставалася і адсотка. Дэніс заняў другое месца, Гюнтэр замкнуў першую тройку.

Рэдкі выпадак у Формуле Е – і ў нядзелю поўл у Джакарце заваяваў Максіміліан, а Дэніс ізноў падзяліў з ім першы стартавы шэраг. Гюнтэр зноў добра прыняў старт, а абараняцца прыйшлося ўжо брытанцу ад новазеландскага пілота Jaguar TCS Racing Мітчэла Эванса. Які і выйшаў у лідары пасля таго, як Гюнтэр з Дэнісам па чарзе актывавалі рэжым атакі.

Яны пры гэтым абмяняліся пазіцыямі, і першай ахвярай Мітча пасля таго, як ён адкаціўся на трэцюю пазіцыю пасля наведвання зоны актывацыі, павінен быў стаць немец. І амаль стаў на дзявятым кругу, калі Эванс пайшоў у атаку, адбітую, зрэшты, Максіміліанам. А калі апошні яшчэ раз атрымаў дадатковую магутнасць, заадно апярэдзіўшы Дэніса, ужо ён стаў паляўнічым, а Мітчэл – патэнцыйнай здабычай, бо яму трэба было эканоміць энергію.

Абараняўся гоншчык Ягуара, аднак, даволі эфектыўна, але ўсё ж такі прапусціў наперад і Гюнтэра, і Дэніса, калі сам адправіўся на актывацыю рэжыму атакі. Пры гэтым пасля яму ўсё так жа трэба было эканоміць зарад у батарэі, і новазеландцу засталося толькі задаволіцца трэцім месцам, балазе нікога з пераследнікаў ён не прапусціў. Гюнтэру ж удалася адарвацца ад Дэніса на бяспечную адлегласць, і першую ў кар’еры перамогу ён атрымаў даволі ўпэўнена. Джэйк у другі раз запар фінішаваў другім.

За чэмпіянат Макс, зрэшты, займаючы з 70-цю ачкамі сёмую пазіцыю, не змагаецца. А вось Верляйн, які ў нядзелю фінішаваў шостым, змагаецца яшчэ як, і па выніках этапаў у Інданэзіі ён вярнуў сабе лідарства. Аднак, маючы 134 ачкі, Паскаль усяго на адно апярэджвае Дэніса. Былы лідар Нік Кэсідзі апусціўся на трэцюю пазіцыю. Пілот Envision Racing у суботу фінішаваў сёмым, а ў нядзелю не фінішаваў наогул, пашкодзіўшы машыну пасля кантакту з канкурэнтам з DS Penske Жанам-Эрыкам Вернем.

У камандным заліку Porsche таксама вярнулі сабе лідарства – у іх 212 балаў супраць 190 у Envision, якія апусціліся на другую пазіцыю. Трэцяя засталася за Jaguar, у якіх 171 бал.

Ізноў выбачаюся за памылку: папярэдні этап у Манака не быў апошнім адзіночным у гэтым сезоне Формулы Е. Такім стане якраз наступны, які пройдзе 24 чэрвеня ў амерыканскім Портлэндзе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты