Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Па стопах Ферстапена. Алекс Палоў выйграў этап IndyCar у Мід-Агаё і цяпер камфортна лідзіруе ў чэмпіянаце

Па стопах Ферстапена. Алекс Палоў выйграў этап IndyCar у Мід-Агаё і цяпер камфортна лідзіруе ў чэмпіянаце

Па стопах Ферстапена. Алекс Палоў выйграў этап IndyCar у Мід-Агаё і цяпер камфортна лідзіруе ў чэмпіянаце

Фота: indycar.com

Аналогія с двухразовым і дзейсным чэмпіёнам Формулы 1, канечне, кульгае. Пераможная серыя іспанскага гоншчыка Chip Ganassi Racing доўжыцца ўсяго тры этапы, а не пяць, як у Макса, дый на першых чатырох трыумфы святкаваў не Палоў. Але потым Алекс раскаціўся так, што дагэтуль спыніць яго не можа ніхто.

Ніякія цяжкасці не спыняць рух украінцаў да іх перамогі і вызвалення іх зямлі ад расійска-фашысцкіх захопнікаў. Аднак цывілізаваны свет, які Украіна і абараняе, мусіць узмацніць дапамогу нашым суседзям. Чым хутчэй расійскі дыктатарскі рэжым будзе разбураны, тым хутчэй ён выпусціць са сваёй пашчы ўсе народы, якія няволіць, і ў першую чаргу беларускі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Гонкі, у адрозненні ад Узброеных сіл Украіны, натхняюць апошнім часам не заўсёды. Усіх моцна стаміла дамінаванне ў Формуле 1 Макса Ферстапена і Red Bull, а цяпер і ў IndyCar з’явіўся свой дамінатар. Прычым скідкі на тэхнічную перавагу не атрымаецца – у амерыканскай формульнай серыі баліды, лічы, аднолькавыя, толькі рухавікамі і адрозніваюцца (Chevrolet у адных і Honda ў іншых). Проста, відаць, Алекс Палоў аказаўся крыху болей універсальным пілотам.

Трасы Роўд Амерыка, дзе прайшоў папярэдні этап, і Мід-Агаё розныя, аднак этапы на іх прайшлі па падобных сцэнарыях. Поўл у мінулы ўік-энд, як і тыднем раней, выйграў гоншчык Andretti Autosport with Curb-Agajanian Колтан Херта, прычым таксама яўна не выпадкова. Малады амерыканец упэўнена рэалізаваў перавагу на старце гонкі, тады як Палоў, які кваліфікаваўся напярэдадні чацвёртым, мусіў быў прарывацца, і не ўсе супернікі былі перад ім безабароннымі.

Напрыклад, партнёр Херты па камандзе Кайл Кірквуд, які стартаваў акурат перад іспанцам, першую атаку з яго боку на першым кругу адбіў. Хутка, праўда, пад агнём атакі апынуўся і Херта, чаму пасадзейнічалі два шведа – партнёр Палоў па камандзе Маркус Эрыксан і пілот Arrow McLaren Фелікс Розэнквіст, якія сутыкнуліся ў шостым павароце. Першы з іх сышоў з дыстанцыі са зламанай пярэдняй падвескай, а другі здолеў працягнуць заезд, нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі.

Пелатон спрасаваўся, што праз некалькі кругоў пасля рэстарту і дазволіла Грэму Рэйхалу, які стартаваў і ішоў другім, выйсці на дыстанцыю атакі на Херту. Колтан, аднак, адстаяў сваё лідарства ў супрацьстаянні з канкурэнтам з Rahal Letterman Lanigan Racing, але іх барацьбой скарыстаўся Палоў. Іспанец на дзевятнаццатым кругу прайшоў Кірквуда ў чацвёртым павароце і цяпер быў у непасроднай блізкасці ад двух лідараў. Праўда, рэалізаваць перавагу ў хуткасці тут і зараз ён не мог – на тым этапе гонкі трэба было эканоміць паліва.

Затое піт-стоп Алекса на трыццатым кругу, праз два пасля Херты, прайшоў хутчэй, чым у амерыканца, і калі лідар турнірнай табліцы вярнуўся на трасу, ён застаўся і лідарам гонкі, пасля чаго пакрысе пачаў адрывацца ад пераследнікаў. Адрыў ад Херты да паловы дыстанцыі Палоў нарасціў быў амаль да васьмі з паловай секунд, але пілот A.J. Foyt Enterprises Бэнджамін Педэрсэн доўга адмаўляўся станавіцца кругавым і не прапускаў лідара наперад (у IndyCar правілы на гэты конт нашмат ліберальнейшыя, чым у Формуле 1).

У выніку перавага Палоў на Хертай скарацілася да 3,8 секунды, але ў Колтана, па-першае, ужо ўсё роўна не было тэмпу, каб угнацца за Алексам, а па-другое, на сваім фінальным піт-стопе на пяцьдзесят пятым кругу пілот Andretti сам сабе сапсаваў гонку, перавысіўшы хуткасць на піт-лэйне (рэзкае тармажэнне перад рысай, за якой пачыналася абмежаванне, ад памылкі амерыканца не ўратавала). За гэта Херта адхапіў штрафны праезд па піт-лэйне і адкаціўся на адзінаццатую пазіцыю, на якой і скончыў гонку.

Другім замест яго фінішаваў партнёр Палоў па камандзе Скот Дзіксан, які стартаваў толькі дзявятым. Замкнуў першую тройку пакуль што яшчэ дзейсны чэмпіён з Team Penske Уіл Паўэр, які пачынаў гонку наогул дванаццатым. У чэмпіянаце аўстраліец, праўда, толькі сёмы, а вось яго партнёр Джозэф Ньюгардэн трэці. Толькі амерыканцу ў Мід-Агаё якраз не пашанцавала – стартаваў ён пятнаццатым, а фінішаваў дванаццатым.

Тым не менш Ньюгардэн працягвае змагацца за другую пазіцыю ў чэмпіянаце. Маючы 261 ачко, ён усяго шэсць саступае Дзіксану. Сам Джозэф кажа, што Палоў яшчэ магчыма дагнаць, але той ужо далёка наперадзе – у яго 377 балаў.

Верагодна, расклад сіл крыху зменіцца на наступным этапе, які пройдзе праз тыдзень на гарадской трасе ў Таронта.

Іншыя пасты блога

Усе пасты