Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзякуй за надзею, McLaren! На Гран Пры Вялікабрытаніі перамог Макс Ферстапен, але ёсць і добрыя навіны

Дзякуй за надзею, McLaren! На Гран Пры Вялікабрытаніі перамог Макс Ферстапен, але ёсць і добрыя навіны

Дзякуй за надзею, McLaren! На Гран Пры Вялікабрытаніі перамог Макс Ферстапен, але ёсць і добрыя навіны

Фота: formula1.com

Канечне, сам па сабе чарговы трыумф двухразовага і дзейснага чэмпіёна Формулы 1 (і адзінаццаты запар для каманды Red Bull) не ёсць трагедыяй. Гэта, аднак, не адмяняе таго факту, што яго дамінаванне многім надакучыла. Таму, напэўна, не толькі заўзятары на трыбунах Сільверстоўна ўзрадаваліся, калі лідарства на старце гонкі захапіў Ланда Норыс.

Калі цывілізаваны свет і далей хоча спакойна праводзіць гонкі і траціць больш грошай на іх і менш на вайну ва Украіне, гэту вайну трэба скончыць як мага хутчэй. Рашучая ваенная дапамога нашым суседзям наблізіць мір, а вызваленне яшчэ і беларусаў – стабільнасць у Еўропе. Узброеныя сілы Украіны – героі, але іх цяжкую працу можна і трэба зрабіць больш эфектыўнай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Што можа зрабіць больш эфектыўнай працу гоншчыка? Добрая машына! У Формуле 1 на сёння гэта найперш Red Bull RB19, а што астатнія? Перадсезонныя стаўкі на Mercedes, відавочна, аказаліся марнымі – іх W14 не надта лепей за папярэднюю W13, якую сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан назваў ці не горшай на сваёй памяці. Ferrari SF-23 таксама, мякка кажучы, не ўразіла, ну а McLaren MCL60…

Некалі чэмпіёнскі калектыў з Уокінга зараз перажывае маштабную мадэрнізацыю. Толькі нядаўна была дабудаваная аэрадынамічная труба, якая, відавочна, патрабавала вялікіх сродкаў на сябе. Дый праца ў Кёльне на таётаўскай, ужо не новай па сучасных мерках, выдаткі не зніжае, а працэс працы над балідам замаруджвае. Зрэшты, у чэрвені новая макларэнаўская павінна была запрацаваць, але ўсё роўна эфект ад гэтага мы ў лепшым выпадку пабачым у наступным годзе.

Зразумела, што недахоп хуткасці машыны гэтага сезона абумоўлены не толькі аэрадынамікай, аднак яна ўсё роўна грае значную ролю. І абнаўленні, якія каманда прывезла на папярэдні этап у Аўстрыі і якія паставілі на балід Ланда Норыса, яўна спрацавалі. На Сільверстоўне ў мінулы ўік-энд іх атрымаў і Оскар Піастры – і вось вам вынік!

У свабодных заездах ні ў пятніцу, ні ў суботу ні брытанец, ні аўстраліец не ўразілі, затое ў кваліфікацыі душу адвялі – Ланда, на радасць яго суайчыннікам на трыбунах, ледзь поўл не заваяваў, толькі Ферстапену і саступіўшы, а Оскар паказаў трэці вынік. Ззаду апынуліся і Шарль Леклер з Карласам Сайнсам, і Хэмілтан з Джорджам Расэлам. І нават Aston Martin выступіў невыразна – лепшым яго прадстаўніком стаў Фернанда Алонса, які кваліфікаваўся дзявятым. Затое акурат перад ім размясціўся Алекс Албан, і гэта было не апошняе дасягненне пілота Williams і ўсёй каманды на хатнім для яе Гран Пры.

Хаця галоўнай радасцю брытанцам прынеслі, канечне, Норыс і McLaren. Вынікі кваліфікацыі не гарантавалі нічога і было зразумела, што ў гонцы цягацца з Ферстапенам будзе амаль немагчыма. Але Ланда хаця б паспрабаваў! На старце гонкі ён вырваўся наперад і ўзначальваў пелатон першыя кругі, пакуль не было дазволенае выкарыстанне DRS з дапамогай якой Макс вярнуў сабе першую пазіцыю на пятым кругу.

Ён, дарэчы, на тым жа старце яшчэ і ад Піастры ледзь адбіўся, але, абагнаўшы Норыса, чакана пачаў пакрысе адрывацца. Праўда, і не так хутка і далёка, як, напрыклад, ад Леклера ў Аўстрыі. А пасля таго, як на трыццаць трэцім кругу, палыхнуўшы полымям, загадаў доўга жыць матор на машыне Кэвіна Магнусэна (аналагічная бяда сапсавала датчаніну з Haas і кваліфікацыю – ён не прайшоў далей першага сегмента) і на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, у многіх з’явіліся дадатковыя шанцы.

Піастры, праўда, апынуўся ў нявыгадным становішчы – ён свой піт-стоп правёў некалькімі кругамі раней, а супернікі наперадзе цяпер праводзілі свае амаль бясплатна. Тычылася гэта і Хэмілтана, які стартаваў шостым, страціў на першым кругу дзве пазіцыі, але затым эфектыўна адыграўся і заслужана падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Дзеля справядлівасці, ён другі адрэзак праводзіў на шынах Soft, тады як і Піастры, і Норыс на сваіх піт-стопах перайшлі з Medium на Hard.

Таму адразу пасля рэстарту Льюіс і на Ланда насядаў, але той даволі жорстка абараніўся і заняў другое месца, заслужыўшы яшчэ і званне Гоншчыка дня ад балельшчыкаў. Ферстапен перамог у восьмы раз у сезоне і ў сорак трэці ў сваёй кар’еры, але Макс усё роўна малайчына. Бо, паўтаруся, нават лепшым у пелатоне аўтамабілем трэба ўмець кіраваць. Вось у яго напарніка Серхіа Перэса гэта атрымліваецца не заўсёды, і ў кваліфікацыі Гран Пры Вялікабрытаніі ён нават з першага сегмента не выйшаў. Дый у гонцы прарываўся не так паспяхова, як у Шпільбергу, фінішаваўшы гэтым разам шостым.

Ну а McLaren яшчэ раз падзякуем за надзею. Звязаную, вядома, з наступным сезонам, у якім брытанская каманда можа атрымаць магчымасць калі не ўварвацца ў групу лідараў чэмпіянату свету, то хаця б да яе наблізіцца. Пакуль жа ў Кубку канструктараў яна ўсяго толькі на шостую пазіцыю паднялася, апярэдзіўшы Alpine, чые пілоты на Сільверстоўне клецістага сцяга не пабачылі: Эстэбан Акон сышоў з дыстанцыі праз праблемы з гідраўнікай, а П’ер Гаслі – праз паломку падвескі, атрыманую ў кантакце з Лэнсам Стролам.

Ці надта лепей у наступным годзе паедзе Williams, сказаць цяжка, аднак Албан ізноў прынёс свайму калектыву важныя ачкі, заняўшы восьмае месца, прытым што на старце прапусціў наперад двух супернікаў. Блізка да першай дзясяткі гэтым разам быў і яго напарнік Логан Сарджэнт – амерыканец фінішаваў дванаццатым, а пасля 5-секунднага штрафу Стролу за яго сутыкненне з Гаслі стаў наогул адзінаццатым.

Карацей, добрыя навіны на Гран Пры Вялікабрытаніі былі, хаця абстрагавацца ад таго, што Ферстапен далёка адарваўся ад усіх у чэмпіянаце, наўрад ці атрымаецца. У Макса ўжо 255 ачкоў, і ён на дзевяноста дзевяць апярэджвае Перэса, які пакуль што застаецца другім. Алонса, які на Сільверстоўне фінішаваў сёмым, у сваю чаргу утрымлівае трэцюю пазіцыю, у яго 137 балаў. Red Bull з 411-цю ачкамі ўзначальвае Кубак канструктараў, Mercedes мае 203 ачкі і займае другую пазіцыю, Aston Martin са 181-м балам на трэцяй.

Наступным этапам Формулы 1 21-23 ліпеня стане Гран Пры Вугоршчыны. Там і пабачым, наколькі эфектыўныя абноўкі McLaren на павольных трасах.

Іншыя пасты блога

Усе пасты