Усе навіны

Дырэктар РЦАП па веласпорце Талкачоў: «Павінен быў удзельнічаць у ЧС-2022 па трыятлоне ў ЗША, але мара не спраўдзілася з-за палітычных санкцый»

16 снежня 2022, 13:45

Дырэктар РЦАП па веласпорце, а таксама экс-намеснік старшыні БФСТ «Дынама», Дзмітрый Талкачоў, які прымаў удзел у велапрабегах за Лукашэнку, распавёў аб тым, што з-за адхілення ад міжнародных стартаў не змог прыняць удзел у чэмпіянаце свету-2022 па трыятлоне ў ЗША.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– У траўні ў амерыканскім горадзе Сэнт-Джордж адбыўся чэмпіянат свету «Ironman», перанесены з 2021 года, а ў кастрычніку – галоўны старт сезона «Ironman World Championship» у горадзе Кона на Гаваях.

– Уважліва сачу за міжнародным календаром. А ён дастаткова насычаны. Спаборніцтвы праводзяцца ў розных кропках зямнога шара – у Еўропе, Аўстраліі, на Бярмудах, у ЗША. Так, на Гаваях такія старты праходзяць штогод – гэта як даніна павагі да вострава, дзе, можна сказаць, трыятлон зарадзіўся і пачаў свой шлях па планеце. Туды патрапіць – гэта, мусіць, мара кожнага трыятланіста.

Тым не менш, я павінен быў удзельнічаць на чэмпіянаце свету ў Сэнт-Джордж. Гэта паміж штатамі Юта і Арызона. На топ-турнір у ЗША я адабраўся ў мінулым годзе дзякуючы першаму месца на рэйтынгавым турніры «Half Ironman Turkey» у турэцкім Белеку.

На кастрычнік 2022 года ўжо аформіў сабе працоўны водпуск, каб паехаць на «свет». Але, на жаль, маёй мары праявіць сябе на спаборніцтвах такога ўзроўню не наканавана было спраўдзіцца з-за палітычных санкцый, якія распаўсюдзіліся і на спорт. Цяпер вось планую кваліфікавацца на «свет» у 2023 годзе, якое пройдзе ў фінскім Лахці, – распавёў Талкачоў.