Tribuna/Футбол/Блогі/Дзіч з Грэцыі. Партнёра экс-гульца БАТЭ аглушылі петардай, якую кінулі з трыбун

Дзіч з Грэцыі. Партнёра экс-гульца БАТЭ аглушылі петардай, якую кінулі з трыбун

Звышпрынцыповы матч не дагулялі, але да сітуацыі ёсць пытанні.

Аўтар — KentYara98
26 кастрычніка, 16:54
Дзіч з Грэцыі. Партнёра экс-гульца БАТЭ аглушылі петардай, якую кінулі з трыбун

22 кастрычніка на стадыёне «Караіскакіс» у Пірэі сустракаліся звышпрынцыповыя грэцкія супернікі «Алімпіякос» і «Панацінаікос».

Матч праходзіў у звычайным рэжыме, пакуль на 49-й хвіліне, калі «Алімпіякос» зраўняў лік, хтосьці з трыбун не кінуў петарду ў групу гульцоў «Панацінаікоса», якія разміналіся. Піратэхніка ўзарвалася побач з партнёрам экс-гульца БАТЭ Філіпа Младэнавіча Хуанкарам. Іспанскі абаронца быў аглушаны і ўпаў на газон, страціўшы прытомнасць. Клубныя лекары аказалі неадкладную дапамогу, пагрузілі гульца на насілкі і адправілі ў лякарню. Па паведамленнях грэцкіх СМІ, абаронца бела-зялёных часткова страціў слых.

Пасля інцыдэнту астатнія гульцы «Панацінаікоса» адмовіліся дагульваць матч і адправіліся ў распранальню. Гледачы прачакалі некалькі гадзін, перш чым ім паведамілі, што сустрэчу не працягнуць.

«Рэферы закрыў пратакол матчу, лёс гульні будзе вырашана ў судзе», – суха пракаментавалі сітуацыю ў прэс-службе «Панацінаікоса».

Але ў заўзятараў узніклі пэўныя сумненні ў дыягназе іспанца. У сеціве ўсплыла відэа, на якім бачна, што петарда ўзарвалася за некалькі метраў ад Хуанкара. Больш за тое, астатнія футбалісты, якія знаходзіліся побач, не пацярпелі.

Цяпер некаторыя фанаты патрабуюць правядзення паглыбленай экспертызы судмедэкспертаў і выбухатэхнікаў.

Ніякага рашэння па выніках матча Федэрацыя футбола Грэцыі пакуль не паведаміла. «Алімпіякосу» можа пагражаць тэхнічная параза, а таксама хатнія матчы без гледачоў.

І гэта далёка не першы выпадак, калі матч паміж «Алімпіякосам» і «Панацінаікосам» не быў дагуляны. Напрыклад, у 2019 годзе гульню адмянілі праз тое, што фанаты «Панацінаікоса» напалі на гульцоў «Алімпіякоса», якія знаходзіліся на лаўцы запасных, а пасля яшчэ была сутычка з паліцыяй ля стадыёна. Тады бела-зялёныя атрымалі «тэхнар».

На сёння «Алімпіякос» з 19 пунктамі займае першае месца ў табліцы чэмпіянату Грэцыі. «Панацінаікос» ідзе чацвёртым, маючы ў актыве 16 пунктаў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты