Tribuna/Футбол/Блогі/Узлёты і падзенні "Энергетыка-БДУ" ці белфутбол у фантастычных апавяданнях

Узлёты і падзенні "Энергетыка-БДУ" ці белфутбол у фантастычных апавяданнях

Аўтар — cheeseday
9 лістапада, 00:05
Узлёты і падзенні "Энергетыка-БДУ" ці белфутбол у фантастычных апавяданнях

5 лістапада 2023 года каманда "Энергетык-БДУ" набрала свае "першыя" пункты ў бягучым чэмпіянаце Вышэйшай лігі Беларусі і цяпер мае 1 ачко ў турнірнай табліцы. Да канца "рэгуляркі" застаецца 3 гульні.

Дзякуючы перамозе над "Белшынай" каманда Аляксея Мяркулава захоўвае сабе шанцы застацца ў Вышэйшай лізе ці, прынамсі, пазмагацца за гэта ў плэй-оф, скараціўшы адставанне ад усё той жа "Белшыны" да 2 пунктаў.

Але чаму каманда, якая заняла 2-е месца ў мінулым сезоне цяпер змагаецца за 2-е месца з канца? Дзе шукаць прычыны такіх рэзкіх зменаў? Які шлях зрабіла каманда, каб дасягнуць срэбраных медалёў першаства, а цяпер, цалкам магчыма, гэтае першаства пакінуць? Разгледзім гісторыю "Энергетыка-БДУ" і іх феномен у артыкуле.

"Акадэмія" Юрэвіча

Гісторыя клуба (тады яшчэ з назвай "Зорка") пачалася ў 1995-м годзе, калі наваствораная каманда заявілася ў Другую лігу. Праз нейкі час ужо "Зорка-ВА-БДУ", прайшоўшы Першую лігу, кваліфікавалася ў Вышэйшую, дзе цудам трымалася на дне табліцы цягам чатырох гадоў і ў 2005-м урэшце вылецела. Далей пачаліся складаныя часы, калі каманда існавала паміж Першай і Другой лігай, ні на што не прэтэндуючы.

Сапраўдная рэвалюцыя адбылася напачатку 2017-га года, калі каманду ўзначалілі Анатоль Юрэвіч ды Уладзімір Бяляўскі. Напачатку 2000-х Анатоль Іванавіч меў паспяховы досвед пабудовы маладога калектыву "Лакаматыў" (ён жа "СКВІЧ"). "Лакаматыў" тады здолеў прабіцца ў "вышку" з Другой лігі за 2 гады, а ўнікальная методыка трэнера надта зацікавіла малдаўскі "Шэрыф" і ўкраінскі "Металург", куды ён, дарэчы, разам са сваім вучнем Леанідам Кучуком і скіраваў свой позірк. Але вернемся да 2017-га.

У "Энергетыку" Юрэвіч зноў пачаў будаваць уласцівую сабе сістэму, працягваючы інтэграваць усё больш і больш маладых гульцоў у каманду. За год гэта дазволіла стварыць неблагі калектыў, які па выніках сезону заняў 6-е месца ў Першай лізе Беларусі.

У наступным сезоне Бяляўскі з Юрэвічам працягнулі актыўна ўмацоўваць каманду новымі гульцамі: да складу прыядналіся маладыя Іван Кісель, Андрэй Альшанік, Дзяніс Ясковіч, з Казахстану быў падпісаны Уладзіслаў Васільеў, а ў ліпені прыехаў дасведчаны 38-гадовы Генадзь Блізнюк, які пазней зойме пасаду асістэнта галоўнага трэнера.

Другі год працы ў клубе далі файны вынік: "Энергетык" заняў другое месца ў лізе і выйшаў у Вышэйшую лігу краіны.

Адаптацыя да "вышкі"

Пачатак першага сезону элітнага дывізіёну выдаўся не вельмі ўдалым. За стартавыя 10 гульняў калектыў здолеў набраць толькі 6 пунктаў. Здаецца, што складаны перыяд адаптацыі да новага ўзроўню ціску для маладых гульцоў заўсёды няпросты. Але без такога досведу дасягнуць вынікаў немагчыма. Зрабіўшы высновы, наладзіўшы ўнутранае ўзаемадзеянне, каманда пачала набіраць усё больш, зрэшты, не без дапамогі будучай зоркі беларускага футболу Іллі Шкурына. 19-гадовы гулец далучыўся да "Энергетыку-БДУ" напачатку сезону, але першыя месяцы выходзіў пераважна на замену.

З цягам часу галоўны трэнер пачаў давяраць гульцу ўсё больш, і Ілля стабільна забіваў, апраўдваючы гэты давер і стаўшы па выніку сезону лепшым бамбардзірам чэмпіянату з 19 галамі на рахунку. Добрая рэалізацыя гульца дазволіла калектыву захаваць прапіску ў эліце белфутболу, а Іллі - перабрацца ў эліту футболу расейскага - 9 студзеня 2020 года ён падпісаў кантракт з маскоўскім "ЦСКА".

Замацаванне пазіцый і спадзеў на легіянераў

Нягледзячы на страту лепшага бамбардыра, сезон 2020 года каманда Анатоля Юрэвіча пачала ў лідарах турнірнай табліцы. Два навічкі каманды - атакуючы паўабаронца Жасур Яхшыбоеў і нападаючы Душан Бакіч у першым туры супраць БАТЭ забіваюць тры галы, што дазваляе здабыць упэўненую перамогу.

Выдатная гульня ў атацы ў першай палове сезону вабіць канкурэнтаў, што прыводзіць да страты лідараў: 9 ліпеня "гарнякі" перахопліваюць Жасура Якшыбоева, прапанаваўшы лепшыя ўмовы арэнды ўладальніку правоў на гульца ўзбекскаму "Пахтакору", а ўжо на наступны дзень у берасцейскае "Дынама" пераходзіць Давід Тве.

Пасля такіх страт Юрэвіч ніяк не можа знайсці сваёй гульні ў атацы, паступова страчваючы пазіцыі ў турнірнай табліцы. Вядома, свае карэктывы ўнеслі і эпідэмія каранавірусу, і палітычная сітуацыя. Канец розыгрышу рэгулярнага чэмпіянату каманда сустрэла на 10-м месцы.

У наступным, 2021 годзе, каманда Анатоля Юрэвіча пачала адчуваць праблемы. Трывалы час аніводны гулец калектыву не падпісваў праўладнае пісьмо, праз што клуб не мог атрымаць грошы ад спонсараў. Легіянераў, што давалі ўзровень у 2020-м годзе, падпісалі больш амбіцыёзныя клубы, а новапрыбыўшыя замежнікі чаканняў не спраўдзілі. У такіх пошуках гульні прайшоў сезон, які каманда скончыла на 13-м месцы.

Фенаменальны поспех і паказальная расправа

1 лютага 2022 года, пасля сыходу Уладзіміра Бяляўскага, на пасаду галоўнага трэнера "студэнтаў" прызначаны Павел Раднёнак, які дагэтуль трэніраваў дубль.

Перадсезонная падрыхтоўка і трансферная палітыка, падаецца, дае плён: непрайграўшы аніводнай перадсезоннай гульні "Энергетык" выдае найлепшы для сябе старт у эліце, маючы 16 пунктаў за 8 стартавых матчаў і другое месца ў турнірнай табліцы. У чым прычына такіх вынікаў?

  • Новая пара нападаючых. Чарговую перадсезонку "бела-сінія" падпісваюць легіянераў з Узбекістану. Гэтым разам прыехаў 25-гадовы Бабур Абдыхолікаў, а пару ў атацы яму саставіў украінец Раман Папарыга. Два хутканогія форварды пастаянна напружваюць абарону суперніка ў контратаках, і калі абарона не вытрымлівае, яе разрываюць на кавалкі - таму пацверджанне гульні супраць "Тарпеда-БелАЗ" (3:1) і "Немана" (4:1).
  • Гульня маленькай абоймай. Ратацыі ў стартавым складзе практычна не адбываецца: за 8 гульняў з першых хвілінаў выходзіла толькі 12 (!) гульцоў (Ілля Лукашэвіч на дзве гульні замяніў Пашэвіча). Што цікава, тактыку гульні маленькай абоймай цяпер выкарыстоўвае Пеп Гвардыёла са сваім "Ман Сіці" (геніі мысляць аднолькава?).
  • Матывацыя. Праблемы з заробкамі матывуюць гульцоў паказваць узровень тут і цяпер, каб хутчэй з’ехаць (а прыклады ёсць, той жа Якшыбоеў). Зрэшты, Раднёнка і клуб такая пазіцыя таксама задавальняе.

Яскравая гульня каманды Юрэвіча і Раднёнка сапраўды прыцягвае шмат увагі. Зрэшты, менавіта гэтага яна і заслугоўвае сваёй цяжкай працай, улюбляе прагай да перамогі і прыемна здзіўляе безуважнасцю да ўсіх складанасцяў, што яе ахутваюць.

Анатоль Іванавіч паступова пашырае стартавую абойму, у цэнтры з’яўляюцца Алег Пліеў і Ілля Грышчанка, але пара нападаючых практычна не змяняецца і Абдыхолікаў працягвае забіваць з зайздроснай сталасцю, па выніку накалаціўшы 26 мячоў за сезон.

Ашаламляльны поспех! Такая маладая каманда, нібыта засяроджаная на селекцыі маладых гульцоў і продажы іх больш паспяховым клубам, з пастаяннымі фінансавымі праблемамі насуперак сістэме займае другое месца ў наймацнейшым чэмпіянаце Беларусі! Але ўсё ж быў у гэтай гісторыі адзін "нюанс".

Нюанс

…Хмары над "Энергетыкам-БДУ" пачалі згушчацца яшчэ напрыканцы 2022 года. У адзін са сваіх "дзён адпачынку" тэхнічны дырэктар "бела-сініх" Арам Абдаль-Маджыд перабраў алкаголю ў бары. Падавалася б, звычайная гісторыя для Мінску і не такая значная для футболу, але праз гэтую "неасцярожнасць" у рукі так званых сілавікоў патрапіла ягоная перапіска са спартыўным дырэктарам "Шахцёра" Уладзімірам Нідэргаўсам, дзе яны, каротка кажучы, абмяркоўвалі "дагаварнякі".

Так пачалося грандыёзнае разгортванне клубка "трэцяй хвалі дамоўленых матчаў" у Беларусі. Вынікі для "Энергетыка": федэрацыя забірае срэбраныя медалі папярэдняга чэмпіянату, пазбаўляе 23 пунктаў у гэтым сезоне, 10-ці ў наступным, адхіляе Юрэвіча ад футбола на 5 гадоў, Абдаль-Маджыда - на 3 гады. Планамерны ўзлёт на вяршыню беларускага футбола, а затым раптоўнае і імклівае падзенне.

Цяпер знявечаны, знясілены, загнаны "пад плінтус" клуб пад кіраўніцтвам Мяркулава сутаргава спрабуе набраць хоць неякія ачкі ў чэмпіянаце, імкнецца намацаць хоць нейкі шанец застацца ў эліце.

Высновы?

Канешне, тыя справы, якія ў цяперашніх рэаліях раскрывае беларускі "МУС" выклікаюць сумневы ад іх самага пачатку. Але адзін момант нельга не зазначыць: у беларускім футболе адбываецца абсалютны бардак, пануе поўная безадказнасць людзей, які прымаюць рашэнні. З года ў год гаснуць перспектывы на светлую будучыню. Ход спраў пакідае надзвычайна шмат пытанняў, і дзе шукаць на іх адказы - нікому не зразумела. Ані ўнутры сістэмы, ані звонку.

Але ж, нягледзячы на гэта, мы не будзем пакідаць сваіх намаганняў у пошуку адказаў, бо хто шукае, той знаходзіць.

Ці здолее выкараскацца "Энергетык"? Ці зрабілі нарэшце вынікі са "справы Шахцёра" у белфутболе? Калі ўсё ж запануе парадак і хто яго прынясе?

Наконт "Энергетыку" - хутка даведаемся. Наконт парадку - маю вялікія сумневы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты