Tribuna/Футбол/Блогі/Серб, які паклаў за БАТЭ два мячы «Роме», працягвае гуляць на добрым узроўні. Вось што сёння адбываецца ў кар'еры Младзенавіча

Серб, які паклаў за БАТЭ два мячы «Роме», працягвае гуляць на добрым узроўні. Вось што сёння адбываецца ў кар'еры Младзенавіча

Помніце гэтага рэактыўнага абаронцу?

Аўтар — cheeseday
2 студзеня, 15:19
Серб, які паклаў за БАТЭ два мячы «Роме», працягвае гуляць на добрым узроўні. Вось што сёння адбываецца ў кар'еры Младзенавіча

Сербскі абаронца Філіп Младзенавіч пакінуў моцнае ўражанне, калі выступаў у Беларусі за БАТЭ. За сезоны-2014 і 2015 правёў 78 матчаў і выдаў някепскую для абаронцы выніковасць у атацы: 7 мячоў і 13 асістаў (у тым ліку той самы дубль пры перамозе над “Ромай” у Лізе чэмпіёнаў).

У Беларусі ён апынуўся пры ўдзеле вядомага сербскага форварда Матэя Кежмана, і сам дапамог клубу зрабіць Барысаву слушны выбар - параіў Неманю Мілунавіча на падмену Ягору Філіпенке.

З БАТЭ 25-гадовы Младзенавіч з'ехаў у "Кёльн" - на трансферы клуб Анатоля Капскага зарабіў 1,5 мільёны еўра. Сёння гульцу 32, і ён працягвае выступаць на даволі высокім узроўні. У іншых чэмпіянатах браў тытулу і атрымліваў індывідуальнае прызнанне. Не так даўно дапамог "Панацінаікосу" прайсці "Марсэль" у Лізе чэмпіёнаў.

Расказваем, што адбываецца ў жыцці футбаліста апошнім часам.

Найлепшы футбаліст у польскім чэмпіянаце і выступленні за грэцкі “Панацінаікос”

Пасля нямецкага “Кёльна” Младзенавіч паспеў пагуляць за “Стандарт” у Бельгіі, гданьскую “Лехію” і варшаўскую “Легію” ў Польшчы. У нашых суседзяў легіянер заваяваў чатыры трафеі, сярод якіх золата чэмпіяната Польшчы-2020/21. Па выніках 2021-га года Младзенавіч быў прызнаны найлепшым футбалістам польскага чэмпіяната.

Сезон-2023/24 32-гадовы абаронца праводзіць у афінскім “Панацінаікосе”. Ужо пасля некалькіх тыдняў у клубе Младзенавіч цёпла адгукаўся пра каманду і заўзятараў, маўляў, яму амаль не спатрэбіўся час на адаптацыю ў калектыве, а атмасферу на хатнім стадыёне называў унікальнай.

За 15 тураў чэмпіяната Грэцыі Младзенавіч выйшаў у старце 13 разоў і адзначыўся трыма асістамі і адным голам, якім засмуціў “Ламію” беларуса Аляксандра Паўлаўца. Яшчэ паспеў перабраць жоўтых картак (4), у сувязі з чым прапусціў супрацьстаянне з “Атрамітасам”.

Так Младзенавіч патрапіў у вароты "Ламіі".

На сёння клуб сербскага абаронцы ідзе другім у вышэйшай лізе Грэцыі з 34 пунктамі.

Для Младзенавіча канкурэнтам на пазіцыю левага абаронцы з’яўляецца 33-гадовы Хуан Карлас Перэс. Тры сезоны запар іспанец быў асноўным, але ў бягучым сезоне стаў бэкапам.

Яшчэ ў калектыве ёсць два былых падапечных Віктара Ганчарэнкі: Хердзюр Магнусан і Тоні Вільена. Ісландскі абаронца чатыры гады гуляў у ЦСКА, а нідэрландзец працаваў з Ганчарэнкам у “Краснадары”.

Віцэ-чэмпіёнства мінулага сезона дазволіла афінскай камандзе згуляць у кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў. Там грэцкі калектыў прайшоў украінскі “Дняпро-1”, потым “Марсель” (Младзенавіч забіў пераможны пенальці ў пасляматчавай серыі), але не адолеў партугальскую “Брагу” і трапіў у групавы этап Лігі Еўропы. Пенальці Младзенавіча ў вароты французскага клуба і тое, што было пасля

Пасля першых двух тураў “Панацінаікос” займаў першую пазіцыю ў групе F з чатырма пунктамі на рахунку (“Вільярэал” - 3, “Рэн” - 3, “Макабі Хайфа” - 1). Адбылося гэта дзякуючы хатняй перамозе над “Вільярэалам” з лікам 2-0 пры 57 тысячах гледачоў на трыбунах “Спірас Луіс” і безгалявой нічыёй з “Макабі” на выездзе.

Але чатыры паразы запар спусцілі каманду на апошні радок і, адпаведна, прывялі да вылету з еўракубкаў. Младзенавіч прыняў удзел ва ўсіх шасці сустрэчах, тры з іх правёў цалкам.

Новы трэнер клуба - “Імператар” турэцкага футбола

Менавіта параза ў апошнім туры Лігі Еўропы ад “Макабі Хайфа” на хатняй арэне стала падставай для адстаўкі галоўнага трэнера грэкаў Івана Ёванавіча. 26 снежня пасаду заняў Фаціх Цярым - легендарны трэнер зборнай Турцыі і “Галатасарая”.

29 снежня адбылася прэзентацыя спецыяліста. “Я прыйшоў у вельмі вялікую каманду і дужа шчаслівы апынуцца ў Афінах. Мы хочам пайсці крыху далей і выйграць чэмпіянат. Мы аддамо ўсё, каб зрабіць гэта. Я вельмі хачу пачуць гімн Лігі чэмпіёнаў на нашым стадыёне” - распавёў пра свае амбіцыі Цярым.

Фаціх Цярым небеспадстаўна атрымаў мянушку “Імператар” у турэцкім футболе. 70-гадовы трэнер разам з “Галатасараем” здабыў 17 трафеяў, сярод якіх 8 чэмпіёнстваў у Турціі - рэкорд сярод трэнераў. А яшчэ перамагаў у Кубку УЕФА ў 2000-м годзе (цяпер гэта Ліга Еўропы).

Дапамога зборнай у адборы на ЧЕ і 3 месяцы дыскваліфікацыі

За зборную Сербіі Младзенавіч дэбютаваў 31 траўня 2012 года ў супрацьстаянні з Францыяй. Шанец маладому гульцу белградскай “Црвены Звезды” даў Сініша Міхайлавіч, якога за дзесяць дзён да сустрэчы прызначылі на пасаду галоўнага трэнера. “Белыя Арлы” прайгралі з лікам 0-2, а наступны раз гульца выклікалі толькі напрыканцы 2015 года - пасля чэмпіёнскага сезона з БАТЭ. Ды і то Младзенавіч прасядзеў у запасе матч супраць Францыі.

Напрацягу ўсяго 2016 года гулец стабільна выклікаўся выклікаўся з "Кёльна", а калі пакінуў клуб, на нейкі час стаў незапатрабаваным. Зноўку пачаў трапляць у заяўку ў 2019-м, выходзячы звычайна для ратацыі (за пазіцыю канкураваў перадусім з гульцом “Ювентуса” Філіпам Косцічам).

Тым не менш Младзенавіч ездзіў на чэмпіянат свету-2022 і выходзіў у старце на сустрэчу з Бразіліяй. А ў 2023-м разам з паплечнікам па “Панацінаікосу” Філіпам Джурычычам дапамог зборнай адабрацца на Еўра-2024. У кваліфікацыі Младзенавіч выйшаў у шасці матчах з васьмі і аддаў тры рэзультатыўныя перадачы (адну ў матчы з Чарнагорыяй і дзве супраць Літвы).

Што праўда, летнюю частку адбораў на ЧЕ-2024 футбаліст мог прапусціць. Падчас супрацьстаяння “Легіі” і “Ракува” у фінале Кубка Польшчы Младзенавіч у адной з сутычак ударыў траіх супернікаў, за што атрымаў дыскваліфікацыю на тры месяцы ва ўсіх клубных турнірах. І гульцу вельмі пашанцавала, што FIFA вырашыла не распаўсюджваць пакаранне на матчы зборных.

Чым футбаліст займаецца па-за футболам?

Шмат часу сербскі абаронца праводзіць з сям’ёй. Футбаліст разам з жонкай Заранай выхоўвае дваіх сыноў. Старэйшаму Міхайле чатыры, а малодшаму Ване амаль паўтары. Разам сям'я наведвае гістарычныя славутасці Грэцыі, заапаркі, ладзіць шпацыры па Афінах і купаюеца ў Эгейскім моры.

А часам жонка яшчэ і падтрымлівае каханага на матчах “зялёных”.

Акрамя футбола Младзенавіч цікавіцца некаторымі іншымі відамі спорта: “Я люблю тэніс. Асабліва калі гуляе [Новак] Джокавіч, я гляджу за ім, як і ўся Сербія. Я таксама люблю баскетбол. Калі ёсць добры матч у Еўралізе або ў вышэйшай лізе Сербіі, я гляджу яго. Вядома, я таксама шмат гляджу футбол, але калі ёсць дзеці, час на ўсё астатняе абмежаваны.”

А яшчэ экс-гулец БАТЭ расказваў пра свае амбіцыі ў грэцкім калектыве: “Я хачу выйграць усё. Усё магчыма: і чэмпіянат, і Кубак, і выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. Усё, чаго заслугоўвае такі вялікі клуб, як “Панацінаікос”. Мы будзем змагацца за славу "Панацінаікоса”.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты