Tribuna/Футбол/Блогі/Разарваў ЧБ у 2021-м, а пасля карʼера ідзе квёла: у зборную звалі толькі з «Шахцёра», у «Астане» было шмат крытыкі і мала галоў

Разарваў ЧБ у 2021-м, а пасля карʼера ідзе квёла: у зборную звалі толькі з «Шахцёра», у «Астане» было шмат крытыкі і мала галоў

Два сумных года для Дэмба Дарба.

Аўтар — cheeseday
7 студзеня, 12:00
2
Разарваў ЧБ у 2021-м, а пасля карʼера ідзе квёла: у зборную звалі толькі з «Шахцёра», у «Астане» было шмат крытыкі і мала галоў

Трансферная палітыка салігорскага “Шахцёра” апошніх гадоў прыцягвала шмат увагі сваёй недарэчнасцю. Але былі і пападанні, якія немагчыма аспрэчыць.

Адным з рэдкіх удалых трансфераў быў гамбійскі форвард Дэмба Дарба. “Шахцёр” аддаў за гульца паўночнамакедонскаму “Шкупі” 700 тысяч еўра, а Дарба проста разарваў беларускае першынство. Прыехаўшы перад стартам сезона-2021, ён вызначыўся 13 разоў у 13 турах. А агулам за той чэмпіянат забіў 19 мячоў і аддаў 7 перадач і быў прызнаны найлепшым футбалістам турніра. Адгуляўшы за Салігорск яшчэ паўгода, улетку 2022-га 23-гадовы на той момант Дарба перайшоў у дубайскі “Аль-Наср” за 1,5 мільёна еўра. Шыкоўная атрымалася эканоміка! А вось кар'ера футбаліста пакуль складваецца не вельмі. Ён не затрымаўся ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, і ў Казахстане стаў вялікім расчараваннем.

Дубайскі досвед і пасрэдныя вынікі ў “Астане”

Нягледзячы на тое, што Дарба адзначыўся голам ужо ў дэбютнай сустрэчы за “Аль-Наср” і быў асноўным форвардам на працягу першай паловы сезону (выйшаў з першых хвілін у 12 матчах з 15 ва ўсіх турнірах), ён забіў усяго 3 мячы і аддаў адзін асіст. Такая статыстыка не задаволіла клубнае кіраўніцтва, таму на пазіцыю цэнтрфорварда быў падпісаны экс-гулец Бундэслігі Пеньел Млапа, а Дарба скінулі ў арэнду ў “Астану” да яшчэ аднаго экс-гульца “Шахцёра” Макса Эбонга. Зрэшты, выніковасць 31-гадовага Млапа аказалася яшчэ больш горшай: “1+1” па “гол+пас” за 14 матчаў. А сам “Аль-Наср” апошніх сезонаў - прадстаўнік ніжэйшай паловы чэмпіянату.

Па звестках Transfermarkt, кошт Дарба на момант пераходу ў казахстанскі клуб складаў 2,5 мільёна віртуальных еўра. Гамбіец стаў самым дарагім гульцом чэмпіяната Казахстана па версіі сайта - да таго гэты статус меў форвард “Табола” Ігар Сяргееў (1,4 млн).

Пра мэты на сезон-2023 з “Астаной” Дарба выказваўся наступным чынам: “Астана" - вялікі клуб. Тут гуляюць выдатныя футбалісты і я хацеў бы быць часткай гэтай каманды. І разам зрабіць усё, каб дасягнуць нашых мэтаў.”

На футбаліста ўскладвала надзеі кіраўніцтва клуба. “Безумоўна, разлічваем, што навабранцы ўзмацняць нас, і яны самі выдатна разумеюць, які ўзровень гульні мы ад іх чакаем. З легіянераў попыт асаблівы - яны павінны быць на галаву мацнейшыя за казахстанцаў” - казаў перад стартам чэмпіяната дарадца гендырэктара “Астаны” Саян Хамітжанаў.

Дэбют у клубе прыпаў на матч за Суперкубак Казахстана супраць “Ардабасы” Аляксандра Сяднёва. Дарба выйшаў у старце, забіў пераможны гол з пенальці на 38-й хвіліне і заваяваў такім чынам трэці трафей у кар’еры (з Салігорскам атрымалася ўзяць золата і Суперкубак Беларусі).

У чэмпіянаце Казахстана-2023 Дарба правёў 21 матч (11 пачаў у старце), набраў 5 галоў (ажно 3 з пенальці) і 1 асіст і стаў трэцім па выніковасці не ў чэмпіянаце, а ў калектыве: у 36-гадовага харвата Марына Тамасава 6+9, а ў 28-гадовага казахстанца Абата Аймбетава - 8+3. Якраз Аймбетаў і быў галоўным канкурэнтам за пазіцыю цэнтрфорварда для Дарба. У 2022 годзе гэты футбаліст адзначыўся голам і выніковай перадачай у двух матчах Казахстана з Беларуссю ў Лізе Нацый.

На працягу сезона Дарба быў самым крытыкуемым гульцом “Астаны” - такім тытулам яго надзяліў казахстанскі сайт Sports.kz праз шэраг нерэалізаваных момантаў у важных матчах. Мясцовыя журналісты звярталі ўвагу на тое, што нападнік часам меў за гульню тры-чатыры 100%-адсоткавыя моманты, з якім выкарыстоўваў максімум адзін.

Пры гэтым усе свае мячы ў чэмпіянаце Казахстана Дарба забіў камандам, якія знаходзяцца па-за межамі топ-5. На гэта звяртаў увагу вядомы казахстанскі форвард Руслан Іманкулаў. Ён так ацаніў якасці легіянера: “Ведаю, што ён нядрэнны, калі супернік дае гуляць, і бывае непрыкметны, калі супернік выглядае прыстойна і не дае разбегчыся. Са слабымі супернікамі - ён бачны і прыкметны, а з сур'ёзнымі - мала калі вылучаецца”, - падсумаваў Іманкулаў.

Няўдалыя вынікі ў еўракубках і эпічны промах у пустыя

Залатыя медалі “Астаны” у чэмпіянаце 2022-га года дазволілі клубу прыняць удзел у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў-2023/24. Там казахстанскі калектыў адолеў “Дынама” з Тбілісі (Дарба забіў пераможны мяч у вырашальнай сустрэчы на выездзе), але не справіўся з заграбскім “Дынама”. Цікава, што лёс ізноў звядзе іх пазней у групе Лігі Канферэнцый.

У кваліфікацыі Лігі Еўропы гамбійскі форвард зноў забіў у вырашальнай сустрэчы ў вароты “Лудагорца”. Мог забіць і ў хатнім матчы, але не патрапіў літаральна з двух метраў у пустыя (адзнака 4:19).

Легіянер меў момант пры ліку 2:1, з якім гульня і скончылася. Праз тыдзень "Лудагорац" раскатаў "Астану" 5:1 і выбіў з Лігі Еўропы.

За два гады да таго Дарба ў складзе “Шахцёра” сустракаўся з “Лудагорцам” у кваліфікацыі ЛЧ: адгуляў абодва матчы цалкам, меў выхад сам-насам, але не рэалізаваў яго, а салігорцы мінімальна саступілі балгарам у абодвух матчах.

У барацьбе за групу ЛК “Астана” прайшла албанскі “Партызані” дзякуючы мінімальнай перамозе ўдома (Эбонг аддаў асіст).

У групе значных вынікаў дасягнуць не ўдалося: калектыў прайграў абедзьве сустрэчы заграбскаму “Дынама” і “Вікторыі Плзень”, а набраць пункты атрымалася толькі з “Балкані” (перамаглі дома і згулялі ўнічыю ў гасцях). Дарба амаль ва ўсіх еўракубкавых сустрэчах выходзіў у старце.

Некаторыя дасягненні ў еўракубках не ўратавалі Дарба ад крытыкі. Менш чым за год ягоны віртуальны кошт абваліўся з 2,5 мільёнаў да 1 мільёна еўра. Па сканчэнні арэнды Дарба вярнуўся ў “Аль-Наср”.

У зборнай таксама ёсць складанасці

Рэспубліка Гамбія - самая маленкая краіна кантынентальнай Афрыкі (па плошчы амаль у 20 разоў меншая за Беларусь). Але ўзровень зборнай там някепскі: віртуальны кошт зборнай Гамбіі па ацэнках Transfermarkt цяпер складае 39.9 мільёнаў віртуальных еўра, а Беларусі - 12.1 мільёнаў. У складзе зборнай ёсць гульцы такіх клубаў як “Феенорд”, “Мец”, “Генк” і “Бешыкташ”. Пры гэтым у рэйтынгу ФІФА зборная Беларусі, нягледзячы на кошт і шмат лікія няўдачы, ідзе вышэй за Гамбію - 95-пазіцыя супраць 126-й.

Дапамагаў зборнай і Дарба. Што цікава, кар’ера форварда ў нацыянальнай камандзе пачалася і скочылася (прынамсі, пакуль што) падчас ягонай гульні за “Шахцёр”. Дэбютаваў гулец 9 кастрычніка 2021-га ў таварыскай сустрэчы з С’ера Леоне. Напачатку 2022-га патрапіў у склад на Кубак Афрыканскіх Нацый, дзе Гамбія стварыла сенсацыю, дайшоўшы да чвэрцьфінала.

Дарба на турніры выйшаў толькі аднойчы, і то на 25 хвілін, але ўдома яго сустракалі як героя. А яшчэ пра экс-форварда салігорцаў ёсць рэп.

Апошні раз у зборную форварда вызвалі ў сакавіку 2022-га.

У зборнай Дарба не вытрымлівае канкурэнцыі з боку такіх гульцоў, як 27-гадовы Асан Сісей (“Дамак”, Д1 Саўдаўскай Аравіі), 29-гадовы Алі Соу (“Анкарагюджу”, Д1 Турцыі), экс-гулец “Балоні” і “Аталанты” 25-гадовы Муса Барау.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты