Tribuna/Футбол/Блогі/Мог патрапіць у інтэрнат, не бачыў бацьку з 9 гадоў і зваць яго не проста Макс Эбонг. Хто стаў найлепшым футбалістам Беларусі-2023

Мог патрапіць у інтэрнат, не бачыў бацьку з 9 гадоў і зваць яго не проста Макс Эбонг. Хто стаў найлепшым футбалістам Беларусі-2023

Ягонае жыццё пачыналася няпроста.

Аўтар — cheeseday
13 снежня, 18:14
Мог патрапіць у інтэрнат, не бачыў бацьку з 9 гадоў і зваць яго не проста Макс Эбонг. Хто стаў найлепшым футбалістам Беларусі-2023

Мы ўжо прывыклі да таго, што найлепшымі футбалістамі па выніках году ў Беларусі становяцца досыць дзіўныя персанажы. Ім не хапае ні размаху, ні дасягненняў. І паўабаронца «Астаны» Макс Эбонг – якраз частка такой гісторыі. У 2023-м ён дасягнуў не так шмат, а ў клубе ўвогуле выглядаў горш, чым у папярэднія пару сезонаў.

Што дакладна вылучае паўабаронцу на фоне намінаваных папярэднікаў, дык гэта не колер скуры, а незвычайная біяграфія. Да сваіх 24 гадоў Эбонг шмат чаго паспеў перажыць.

Не бачыў бацьку з 9 гадоў

Макс Эбонг - гэта калі зусім коратка. А насамсправе хлопчыка, які нарадзіўся 26 жніўня 1999 года ў Віцебску ў сям’і камерунца Эстэла і беларускі Наталлі, назвалі Афрыд Макс Эбонг Нгоме. Бацькі разышліся, калі дзіця яшчэ было малое. Эстэл Эбонг Нгоме пераехаў у Маскву. Апошні раз мужчына бачыў сына ў 2008 годзе, калі 9-гадовы Макс выбраўся да яго ў госці. Пасля гэтага сувязь абарвалася.

Маці баялася аддаваць у футбол

Аднойчы Эбонг пабачыў гульню “Барселоны” па тэлевізары яшчэ з Раналдыньё ў складзе. Так ён палюбіў футбол, пачаў бегаць з мячом па двары і захацеў запісацца ў секцыю. Але маці гэтага не вітала, бо баялася, што хлапчуку “паадбіваюць ногі”. Сама яна наглядзелася на траўмы брата Сяргея Яроменкі, які быў прафесійным футбалістам. Па выніку, на секцыю маці пагадзілася толькі пасля таго, як Макс зладзіў істэрыку.

Пачынаў у таго ж трэнера, што і Радзівонаў

Пачынаў свой футбольны шлях Эбонг у віцебскай СДзЮШАР “Камсамолец”, а трэнаваў яго Уладзімір Вайцяховіч. Гэты трэнер вядомы тым, што калісьці раскрыў талент Віталя Радзівонава.

Зрэшты, адным з найбольш запамінальных момантаў у секцыі для Эбонга была сустрэча менавіта з Радзівонавым. Той прывозіў да акадэміі падарункі і вучыў, што “у футбол гуляюць не толькі нагамі, але і рукамі”.

Паходзіць з беднай сям’і

Футбаліст прызнаваўся, што часам у дзяцінстве ў яго не было грошай на праезд у грамадскім транспарце, і з гэтай прычыны ён нават прапускаў трэнаванні. Часам праязны Эбонгу аплочваў Вайцяховіч. Ён жа шукаў для хлопца абутак, абы толькі той трэнаваўся.

Бывала, што ў кватэры, дзе жыў футбаліст, адключалі газу і электрычнасць. Тады дзядуля гатаваў ежу ў падвале, а Эбонг замест камп’ютара ўласнаруч мыў адзенне, у якім бегаў на трэнаваннях.

Часта біўся ў школе

“Пастаянна біўся пасля школы. Што ні тыдзень, што ні дзень, то ў мяне бойка за школай. Біўся нават са старэйшакласнікамі. Па мне што тады, што цяпер не скажаш, але я пастаянна біўся. За гэта мяне пастаянна вадзілі да дырэктара ці завуча… А пасля ўжо пайшлі за школай, там, тыпу “стрэлка” - клас на клас, і я таму “тыпу” [вучню], карацей, нос разбіў, і ён пайшоў скардзіцца. Вызвалі маіх бацькоў да дырэктара. Непрыемная сітуацыя была. Пасля гэтага ўжо пачаў думаць пра наступствы,” - так успамінаў дзяцінства Эбонг.

Марыў гуляць за “Віцебск”, цяпер марыць пра “Рэал”

У родным Віцебску Эбонг часта хадзіў на матчы мясцовай каманды. У інтэрв’ю паўабаронца прызнаваўся, што марыў гуляць за “Віцебск” і нават уяўляў сабе, як выходзіць на поле і забівае на вачах у сяброў і сваякоў. Але мясцоваму клубу ён проста не спатрэбіўся, бо там лічылі хлопца слабым фізічна.

А ў верасні 2023 года віцебскі футбаліст заяўляў, што ў яго, як і ў іншых калег, ёсць свая мара - выступаць за мадрыдскі “Рэал”. А раней ён распавядаў, што хацеў бы гуляць у іншым вялікім клубе - “Манчэстэры Юнайтэд”, каб дапамагчы таму выбрацца са дна.

Трэнаваўся ў крутой акадэміі, якой ужо няма

У 15 Эбонг з’ездзіў на прагляд у акадэмію ў Паставы. З ягоных словаў, на той момант “кожны малады футбаліст марыў туды патрапіць”. І ў віцебскага паўабаронцы гэта атрымалася, нягледзячы на тое, што замест аднаго запланаванага матча прагляд расцягнуўся на месяц.

Але праз паўгода пасля прыезду Эбонга акадэмію зачынілі. Яна існавала пры пастаўскай мэблевай фабрыцы бізнесмена Анатоля Бабічава. Фінансавы крызіс і абвал рубля ў Расіі рэзка знізіў прыбыткі фабрыкі, і каб знізіць выдаткі, было вырашана ахвяраваць менавіта футболам.

Перайшоў у “Шахцёр”, калі яго маглі забраць у інтэрнат

Неўзабаве пасля вяртання з Паставаў у Віцебск кватэру гульца наведала інспекцыя, каб праверыць умовы пражывання. Абстаноўка правяраючым не спадабалася. Маме футбаліста далі два месяцы на выпраўленне сітуацыі. У адваротным выпадку пагражалі пазбавіць бацькоўскіх правоў, што азначала для Макса пераезд у інтэрнат.

Дапамог трэнер Вайцяховіч. Ён расказаў пра Эбонга сваім знаёмым з “Шахцёра” як вельмі перспектыўнага гульца, і таго запрасілі на прагляд. Скончыліся агледзіны вельмі хутка запрашэннем у другую каманду.

Спачатку ў Салігорску ішло даволі складана, гулец нават вяртаўся дадому, але Вайцяховіч пераканаў працягваць працаваць - і ў выніку Эбонг загуляў. Спачатку - за дубль, а пазней і за аснову “Шахцёра”.

Быў абкрадзены легіянерам

“Шахцёр” у апошнія гады палюбіў падпісваць легіянераў. Адным з іх у 2017 годзе стаў тройчы чэмпіён Руанды і гулец зборнай гэтай краіны Патрык Сібамана. Што праўда, за “Шахцёр” хаўбек не загуляў: правёў толькі тры матча. А калі вяртаўся ў Руанду, то прыхапіў з сабой палову рэчаў Эбонга, з якім дзяліў пакой.

Сам жа афрабеларус правёў за “гарнякоў” два паўнавартасныя сезоны, узяў Кубак Беларусі і ў студзені 2020-да за 250 тысяч еўра перайшоў у казахстанскую “Астану”.

За “Астану” гуляў пры 6 трэнерах

Эбонг - адзіны з беларусаў, хто бярэ ўдзел у еўракубках гэтай восенню. Ягоная “Астана” выступае ў Лізе канферэнцый.

За казахстанскі клуб 24-гадовы гулец праводзіць ужо чацвёрты сезон і ўжо браў з ім чэмпіёнскі тытул. Але адносна папярэдніх вынікаў апошнія чатыры гады ў выкананні калектыва не ўражваюць. Да прыходу Эбонга “Астана” ўзяла чэмпіянат шэсць разоў запар.

У казахстанскім калектыве Эбонг паспеў пагуляць пры шасці трэнерах. Першым быў чэх Міхал Білек, наступны - англічанін Пол Эшуорт, далей расяяне Андрэй Ціханаў і Уладзімір Ежураў, серб Срджан Благоевіч, а цяпер - казахстанец Грыгорый Бабаян. Найлепшым атрымаўся год пад кіраўніцтвам Ціханава - паўабаронца выдаў 6 галоў і 7 асістаў у 29 матчах.

Не даў зборнай здзейсніць антырэкорд

За зборную Беларусі Эбонг дэбютаваў у 20, калі выйшаў на поле супраць Уэльса. Адбылося гэта ў верасні 2019-га, і з таго часу паўабаронца стаў адным з лідараў калектыва (і нават выводзіў яго ў якасці капітана). На сёння мае ў зборнай 35 матчаў, 5 мячоў і 1 рэзультатыўную перадачу.

Летам 2023-га беларусы маглі пабіць уласны рэкорд па колькасці афіцыйных матчаў без перамог запар. Напярэдадні сустрэчы з Косава ў каманды Георгія Кандрацьева набегла 16 такіх сустрэч. Але перапісаць “дасягненне” не даў Эбонг. Беларусы перамаглі касавараў 2:1, а вырашальны мяч на 75-й хвіліне прыгожым стрэлам у “дзявятку” забіў віцяблянін. Праўда, Кандрацьеў не паспеў доўга парадавацца перамозе, бо неўзабаве пасля яе быў звольнены.

Гол Макса Эбонга касаварам (таймкод 6:55)

Любіць татуіроўкі

Першую татуіроўку гулец прысвяціў маме і зрабіў у 19 гадоў. Яшчэ Эбонг мае на целе выяву Божай Мацеры, а вось як выглядаюць ягоныя татуіроўкі ў кампазіцыі.

Ягоныя справы вядзе экс-спортдырэктар “Шахцёра”

Як агент інтарэсы Эбонга прадстаўляе Міхаіл Лебедзеў. У 2018 годзе ён прыйшоў у “Шахцёр” разам з галоўным трэнерам Сяргеем Ташуевым і заняў пасаду спартыўнага дырэктара.

Напрыканцы 2018-га Лебедзеў пакінуў Салігорск, але паспеў заключыць кантракт ад супрацы з Эбонгам, які толькі набіраў абароты. Адбылося гэта нібыта ў момант, калі паўабаронца выйшаў з душа “голы, у адным ручніку”.

У агентскай кар’еры Лебедзева былі вельмі мутныя гісторыі, напрыклад, узнагарода ў 840 тысяч еўра за трансфер коштам 50 тысяч (справа была ў 2012-м у расійскай «Аланіі»).

Падпісваў кантракт на падвышэнне заробку, а аказалася, што на падаўжэнне

Пасля дэбюта за аснову “Шахцёра” тагачасны дырэктар “гарнякоў” Андрэй Лявончык запрасіў гульца да сябе на размову. Падчас яе прапанаваў падпісаць пагадненне аб падвышэнні заробку, а заадно і падоўжыць кантракт. Эбонг падпісаў першы дакумент, а наконт другога прапанаваў паразмаўляць напрыканцы сезона.

Якім жа было здзіўленне футбаліста, калі ён праз некалькі месяцаў даведаўся, што ягоны кантракт усё ж такі быў падоўжаны! А Лявончык сказаў, што гэта Эбонг нешта паблытаў, бо падпісаўся менавіта пад падаўжэннем кантракту.

Каштуе даражэй за Шкурына

Па версіі Transfertmarkt, Эбонг - самы дарагі беларускі футбаліст. Каштуе 1 мільён віртуальных еўра. Праўда, ён дзеліць першы радок з апорнікам Кірылам Капленкам і цэнтрфорвардам Віталём Лісаковічам.

Улетку меркаваны кошт Эбонга складаў 1,2 мільёны, але невыразны сезон за “Астану” зняў 200 тысяч. Што цікава, Іллю Шкурына, які мае 8 галоў і 5 асістаў за палову сезона ў польскай Экстракласе, Transfermarkt ацэньвае на 800 тысяч віртуальных еўра.

Вельмі дысцыплінаваны і любіць рэжым

“Усё з дзяцінства пайшло. Памятаю, яшчэ ў 12-13 гадоў на вуліцы гуляў пад наглядам мамы. Хлопцы нават часам смяяліся. А мама проста за мяне вельмі хвалявалася. Я ёй казаў: “Усё, адзін пайду пагуляю, ужо сорамна”. Адпускала, але, як потым высвятлялася, сачыла за мной з-за дрэва, здалёк. Бабуля прымушала а 22-й класціся. Вось з дзяцінства і пайшла любоў трымацца рэжыма”, - дзяліўся ўспамінамі Эбонг.

Былы галоўны трэнер салігорцаў Ташуеў адзначаў цэласнасць гульца і ягоную здольнасць вучыцца: “Скажаш Максу, як трэба гуляць, ён гэта робіць. Эбонг - плэймейкер сучаснага стылю, які не толькі гуляе ў атацы, але і адпрацоўвае ў абароне”.

Фота: fcastana.kz, fcshakhter.by,@kevin_solo99

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты