Tribuna/Футбол/Блогі/У Беларусі чарговы форвард выдаў анамальны сезон пасля 30: падвёў Марсела, пакутаваў за мяжой, прайграваў канкурэнцыю абаронцу

У Беларусі чарговы форвард выдаў анамальны сезон пасля 30: падвёў Марсела, пакутаваў за мяжой, прайграваў канкурэнцыю абаронцу

Затое абагнаў Савіцкага.

Аўтар — cheeseday
21 снежня, 15:37
3
У Беларусі чарговы форвард выдаў анамальны сезон пасля 30: падвёў Марсела, пакутаваў за мяжой, прайграваў канкурэнцыю абаронцу

У апошнія гады ў белфутболе здараюцца анамаліі, калі файныя сезоны раптам выдаюць гульцы, ад якіх гэтага і не чакаеш. У 2021-м стрэліў Андрэй Салавей, які вярнуўся ў вышэйшую лігу пасля трох гадоў у міноры і забіў 18 мячоў, хаця да таго на айчынным топ-узроўні меў усяго 4 галы. Забіў, стаў ажно найлепшым футбалістам краіны, а цяпер яго зноў не відаць (сезон-2023 адгуляў у казахстанскім «Аксу», дзе выбіў сціплыя 2+1).

У ЧБ-2022 за «Мінск» феерылі дасведчаныя Уладзімір Хвашчынскі і Антон Шрамчанка. Хвашчынскага прарвала ў 32. Форвард забіў 20 мячоў і аддаў 2 асісты, а да таго ягоны самы выніковы сезон здарыўся ў 2016-м (8+5). Шрамчанка выбухова раскрыўся ў 29, займеўшы 7+12. Параўнайце гэта з папярэднім топ-перформансам у сезоне-2019 (2+8).

А ў 2023-м здзіўляў Ягор Зубовіч. Да таго форвард-серадняк фінішаваў другім у снайперскай гонцы чэмпіянату з 14 мячамі, і гэта ў 34 гады! Раней Зубовіч не мог пахваліцца такой выніковасцю, але гэта не азначае, што кар'ера футбаліста была сумнай.

Аддаў лёгкай атлетыцы 8 гадоў

Зубовіч займаўся лёгкай атлетыкай з першага класа. А ў футбол патрапіў толькі ў сёмым класе. Праз два гады хлопца чакаў выбар: пераезд у школу алімпійскага рэзерва па лёгкай атлетыцы ў якасці дзесяціборца альбо працяг футбольнай кар’еры. Ён абраў другое, а ўжо ў 15 дэбютаваў у прафесійным футболе за мінскае «Тарпеда» ў Д2.

Уляпаўся ў «Ягелонію», падаваў пазоў у FIFA

У 2011 годзе Зубовіч правёў якасны сезон з «Белшынай»: забіў 11 мячоў і аддаў 3 асісты, каманда фінішавала пятай, хаця ёй прадказвалі змаганне за выжыванне.

Тады на працяг кар’еры 22-гадовы форвард меў «тры-чатыры варыянты» ў Польшчы, з якіх абраў «Ягелонію», куды і перайшоў за 100 тысяч еўра пасля кароценькага прагляду. Зацікаўленасць у пераходзе меў асабіста галоўны трэнер Чэслаў Міхневіч - чалавек, які выпадкова нарадзіўся ў Беларусі, а пасля вывадзіў зборную Польшчы на чэмпіянат свету. Але праз два тыдні пасля падпісання Зубовіча Міхневіч быў звольнены, а новаму трэнеру гулец быў непатрэбны.

Клуб з Беластоку хацеў вярнуць заплачаныя за пераход грошы. Гульца былі гатовыя прадаць, але ахвочыя не з'яўляліся, і таму Зубовіч раз'язджаў па арэндах. Належачы палякам, ён адгуляў паўтары сезоны ў «Нафтане», паўтары - у «Нёмане» і сезон у «Слуцку».

Што цікава, перапынкі паміж сезонамі ЧБ (а гэта тры зімовыя месяцы) нападаючы праводзіў у беластоцкім клубе, дзе яму ўвесь гэты час не плацілі заробак. Сысці з «Ягелоніі» атрымалася толькі ў 2016-м дзякуючы пазову ў FIFA, які грунтаваўся менавіта на сістэматычнай нявыплаце заробку. Пазней футбаліст апісаў перыяд у польскім клубе так: «Горш, чым у «Ягелоніі», быць ужо не можа».

«Псіхалагічна жахлівы» легіянерскі досвед (і не адзін!)

Пасля Польшчы Зубовіч паспеў пагуляць за яшчэ два замежныя калектывы – малазійскую «Мелаку Юнайтэд» і казахстанскі «Жэтысу».

«Першае трэнаванне а восьмай гадзіне ранкам, у нас [у Беларусі] трэцяя ночы. І мой арганізм проста не разумеў, што адбываецца, таму што нагрузка нармальная, спякота 33 градуса, я напрыканцы трэнавання ледзь не валіўся. У выніку тыдзень такіх трэнаванняў – у мяне мінус 5 кілаграмаў», – так успамінаў акліматызацыю ў Малайзіі Зубовіч.

Пасля сезона-2018 была магчымасць застацца ў «Мелаке», а была і прапанова з удвая большым заробкам з іншай азіяцкай краіны, але форвард адмовіўся. На рашэнне моцна паўплываў эмацыйны складнік, бо гулец фактычна год правёў без сям’і. «Калі ты год адзін, пастаянна адзін, праз гэта з’язджаеш з глузду. І вось ад гэтага варыянту азіяцкага я адмовіўся. Пасля шкадаваў – там заробак файны. Прыляцеў, адпачынак з жонкай і дзіцём. І [жонка] Алеська зацяжарала другім, і ўжо мы нікуды не збіраліся ў Азію» – апісваў сітуацыю Зубовіч.

А вось як гулец распавядаў пра «самы беларускі» клуб Казахстана 2020 года «Жэтысу»: «Зноў жа, жахліва ў плане псіхалогіі. Сям’я мусіла прыляцець [у Казахстан], і пачаўся лакдаўн. Якраз ужо амаль білеты ўзялі – лакдаўн. І мы, атрымліваецца, з канца сакавіка па канец верасня 2020-га [не бачыліся]. І першы месяц у Казахстане, гэта ўвогуле жорстка, нас закрылі ў гасцініцы, нікуды нельга было выходзіць, у краму калі толькі. Трэнавацца нельга было. Ужо нічога не хацелася, ніякіх легіянерскіх хлябоў, калі ты сям’ю не бачыш больш за паўгода, як гэта ўвогуле? Там не пра футбол, там выжыць псіхалагічна трэба было».

На Алімпіядзе «кінуў» Марсела, згуляў на «Олд Трафард», перамог Ціяга Сілву

Дзякуючы трэцяму месцу на моладзевым чэмпіянаце Еўропы Беларусь атрымала магчымасць паўдзельнічаць у лонданскай Алімпіядзе-2012. Знайшлося месца ў алімпійскай камандзе Георгія Кандрацьева і для Зубовіча. Тады беларусы ў групе з Бразіліяй, Егіптам і Новай Зеландыяй занялі трэцяе месца і не прайшлі далей. Сустрэча з Бразіліяй на «Олд Трафард» сабрала больш за 66 тысяч гледачоў, Зубовіч там выйшаў на замену на 78-й хвіліне замест Сяргея Карніленкі.

У нядаўнім інтэрв’ю форвард прыгадваў, як кінуў абаронцу бразільцаў Марсела на футболку. «Дамовіліся, што пасля гульні абмяняемся. Стаю, чакаю яго ў падтрыбунцы. Мінут 5-7. Ідзе [Алешандра] Пата і кажа: «Памяняемся?». Я кажу: «Канешне». І далей пацаны, хто раней памыўся, выйшлі. Ужо паўгадзіны прайшло. А Марсела стаіць, чакае, ну, ён жа дамовіўся», – расказваў Зубовіч.

А яшчэ форвард «Нёмана» абыгрываў Ціяга Сілву – праўда, усяго толькі ў настольны тэніс. Вось як апісваў той выпадак абаронца мінскага «Дынама» Аляксей Гаўрыловіч: «Памятаю, Ціяга Сілва доўга гуляў. Ніхто не мог яго выбіць. Ягор Зубовіч узяў ракетку. Пасля гэтага Сілва да стала не падыходзіў». Справа ў тым, што на Алімпіядзе беларусы і бразільцы нейкі час жылі ў адным гатэлі.

Выдаў найлепшы сезон і абагнаў Савіцкага

За першую траціну чэмпіяната-2023 Зубовіч толькі двойчы выйшаў у старце і скончыў гэты перыяд з 1 голам і 1 асістам. А вось з 11-га тура нападаючы пачаў стабільна з'яўляцца ад першых хвілін. Адбылося гэта дзякуючы таму, што цэнтральнага абаронцу Івана Садаўнічага вярнулі з атакі на профільную пазіцыю – галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч нейкі час карыстаўся такой прыдумкай. Пасля гэтага месца ў атацы заняў Зубовіч.

Часцей за ўсё ў сезоне Кавалевіч карыстаўся двума схемамі: 4-4-2 з двума апорнікамі і 4-2-3-1. У першай Зубовіч і Савіцкі выходзілі разам, а ў другой або замянялі адзін аднаго на пазіцыі цэнтрфорварда, або Савіцкі гуляў адцягнутага нападаючага пад Зубовічам.

Найлепей для форварда склалася канцоўка чэмпіянату: 10 галоў за 10 сустрэч. Сярод іх хет-трык «Нафтану» у апошнім туры (калі гродзенцы выйшлі ў кепках як «бандыты» і ў цішотках з парадамі ад заўзятараў, святкуючы такім чынам срэбра вышэйшай лігі). У той сустрэчы Зубовіч забіў свой 100-ы гол у беларускім Д1.

Раней па забітых мячах для Зубовіча вылучаліся сезоны 2011 (11 галоў за «Белшыну»), 2014 (12 за «Нёман») і 2018 (12 за «Мелаку Юнайтэд» у чэмпіянаце Малайзіі) гадоў. Але на сутыку 33-га і 34-га гадоў жыцця форвард выдаў пакуль што свой найлепшы сезон – з 14 галамі стаў галоўным страйкерам клуба, абышоўшы на мяч нават Савіцкага. За два папярэднія гады ў ЧБ Зубовіч агулам забіў 11 мячоў. Спецыялісты не раз адзначалі ў яго праблемы з рэалізацыяй момантаў.

Што далей?

У Зубовіча і яшчэ 19 гульцоў па завяршэнні сезона скончыўся кантракт з «Нёманам». Зрэшты, гэта не нейкая катастрофа, а проста асаблівасць сучаснага беларускага футбола. Наконт падаўжэння супрацы з клубам футбаліст сказаў наступнае: «Для мяне важна, каб застаўся касцяк, тады і я застануся».

Але 34-гадовы нападаючы разглядае і магчымасці пераезду ў іншую краіну. Паводле ягоных словаў, ёсць прапановы з Д2 Кітая і Малайзіі – маўляў, добрая прапанова па грошах падвышае верагоднасць пераезду. Але з улікам папярэдніх маральных пакут гульца ў замежжы ў гэта не надта верыцца.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты