Tribuna/Футбол/Блогі/«Непрыстойны» Пячэнін, парадоксы Мартыновіча, траблы трэнераў. Што ў беларусаў атрымалася ў першай палове РПЛ

«Непрыстойны» Пячэнін, парадоксы Мартыновіча, траблы трэнераў. Што ў беларусаў атрымалася ў першай палове РПЛ

А таксама ў былых гульцоў Брэста, Салігорска і іншых клубаў ЧБ.

Аўтар — cheeseday
15 лістапада, 19:00
«Непрыстойны» Пячэнін, парадоксы Мартыновіча, траблы трэнераў. Што ў беларусаў атрымалася ў першай палове РПЛ

Сёння ў Расіі прадстаўнікоў беларускага футбола не так шмат, як у Казахстане, але людзей хапае, нягледзячы на вайну супраць Украіны. Вось як яны правялі першы круг расійскай прэм'ер-лігі (барацьба за выжыванне, цяжкі характар і шалёны гол у вароты «Зеніта» таго, хто засвяціўся ў ЧБ).

У «Арэнбургу» звінавацілі Пячэніна ў «непрыстойных паводзінах»

«Арэнбург» Давіда Дэаграсіі правёў, мякка кажучы, не найлепшы адрэзак сезона. «Бела-сінія» маюць на рахунку 13 пунктаў і знаходзяцца на 13-м месцы, а гэта ўсяго адзін пункт ад зоны вылету. Іспанскі трэнер праводзіць свой першы сезон на чале клуба, а патрапіў ён сюды якраз праз беларускі чэмпіянат - пяць гадоў кіраваў акадэміяй брэсцкага «Дынама», каля года займаўся тым самым у акадэміі салігорскага «Шахцёра», а ўвесну 2023-га ўзначаліў акадэмію ў «Арэнбург». Але неўзабаве пасля адстаўкі чэха Іржы Ярошыка стаў галоўным трэнерам першай каманды.

На сезон-2023/24 «Арэнбург» заявіў чацвярых гульцоў з беларускім грамадзянствам: Кірыа Капленка, Юрыя Кавалёва, Міхаіла Сівакова і Кірыла Пячэніна. Першыя тры няхай і не з’яўляюцца ключавымі гульцамі для Дэаграсіі, але часцяком траплялі ў склад: Капленка правёў 9 гульняў з паказнікам карыснасці 0+1, Кавалёў - 10 (0+1), Сівакоў - 7 (0+0).

А вось з Пячэніным гісторыя цікавейшая. На старце сезона 26-гадовы абаронца пяць гульняў запар правёў цалкам, пасля чаго яго перасталі выпускаць і ўрэшце перавялі ў моладзевую каманду. Спартыўны дырэктар «Арэнбургу» Дзмітрый Андрэеў на гэты наконт выказаўся так: «Ёсць унутраныя справы клуба. Калі футбаліст паводзіць сябе непрыстойным чынам, то на гэта мусіць быць рэакцыя клуба. Спадзяюся, пасля яго вяртання са зборнай гэтае пытанне вырашыцца».

Сутнасць гэтых «непрыстойных паводзінаў» на сёння сапраўды невядомая, але Пячэнін сапраўды ў зборнай і рыхтуецца за матчаў супраць Андоры і Косава. Пры гэтым ягоны 35-гадовы суайчыннік і партнёр Сівакоў заявіў, што з ім з нацыянальнай каманды на сувязь ніхто не выходзіў пасля змены трэнера - і патрэбы ў гэтым футбаліст не мае. Маўляў, старонка ўжо перагорнутая.

Вынікі Рамашчанкі не ўражваюць у «Ахмаце», былы гулец «Гомеля» забіў «Зеніту»

Ураджэнец украінскага Паўграда і былы гулец зборнай Беларусі Міраслаў Рамашчанка таксама праводзіць першы сезон на чале свайго клуба - дагэтуль спецыяліст трывалы час працаваў у штабе Станіслава Чарчэсава і разышоўся з ім пасля адстаўкі з венгерскага «Ферэнцвараша». «Ахмат» Рамашчанкі выступае яшчэ горш, чым «Арэнбург» - мае на адзін пункт меней і ўвогуле ідзе перадапошнім.

Нягледзячы на такія пасрэдныя вынікі, гендырэктар «Ахмату» Ахмед Айдаміраў запэўнівае, што «крэдыт даверу да Рамашчанкі вялікі». Пры гэтым Андрэй Созін - былы чалец камітэту па этыцы РФС - выказвае супрацьлеглае меркаванне: маўляў, спецыяліста вось-вось звольняць.

Беларусаў у складзе клубу з Грознага няма, але ёсць знаёмыя па эліце белфутболу прозвішчы. Напрыклад, былы гулец «Гомеля» Махамед Канатэ забіў 7 мячоў за 19 гульняў разам з кубкам і на сёння з'яўляецца найлепшым снайперам калектыву (у сезоне-2018 вызначыўся ўсяго двойчы ў 12 матчах за беларускі клуб). Напрыклад, так ён забіў напрыканцы кастрычніка «Зеніту».

У папярэднім сезоне галоўным у «Ахмаце» быў Сяргей Ташуеў. І менавіта ён запрасіў да сябе ў Грозны чарнагорскага хаўбека Заіма Дзіванавіча і баснійскага абаронцу Мілаша Шатару, якіх ведаў па салігорскім «Шахцёры».

Гэтыя двое не ззялі ў чэмпіянаце Беларусі - у РПЛ у іх атрымоўваецца прыкладна гэтак сама. Дзіванавіч з'яўляецца гульцом ратацыі і выходзіць у асноўным на замену, а Шатара стабільна гуляў увесну ў канцоўцы папярэдняга сезону, пакуль не парваў крыжападобныя звязкі ў Варонежы - незадоўга да таго на якасць поля ў гэтым горадзе скардзіўся экс-лідар зборнай Расіі пуцініст Арцём Дзюба. Ужо мінула сем месяцаў, як Шатара па-за гульнёй.

Самога Ташуева ў Грозным ужо няма. Цяпер ён працуе ў тым жа Варонежы, дзе прыемна здзіўляе з мясцовым “Факелам”. Пасля трох перамог і адной нічыёй быў прызнаны найлепшым трэнерам РПЛ у кастрычніку. Каманда ідзе 10-й - на дзве пазіцыі вышэй за «Урал» Віктара Ганчарэнкі.

Мартыновіч то ў зборнай тура, то ў запасе, Лісаковіч - як заўжды

Аляксандр Мартыновіч і Віталь Лісаковіч за казанскі “Рубін”, прычым гульцом асноўнай абоймы з'яўляецца толькі першы. 36-гадовы абаронца выйшаў у стартавым складзе ў 10 гульнях і адзначыўся мячом у браму самарскіх “Крылаў Саветаў”, які да таго стаў пераможным. Па выніках пераможнага матча з «Балтыкай» у канцы кастрычніка капітан казанцаў трапіў у сімвалічную зборную тура РПЛ, але пасля гэтага апынуўся ў запасе.

Лісаковіч тым часам канфліктуе з чарговым трэнерам «Рубіну», праз што (у тым ліку) не атрымлівае месца ў складзе і, хутчэй за ўсё, пакіне клуб узімку. Мінулым летам таленавітага капрызу хацелі бачыць у азербайджанскім «Нафтчы», але таго не зацікавіў мясцовы чэмпіянат. Вынік - Лісаковіч выйшаў толькі ў трох матчах за палову сезона, ды і то выключна з замены. Не так даўно яму не хапіла месца ў самалёце, каб дабрацца на матч з «Уралам».

Таксама гульцом Казані з'яўляецца Джаэл Фамее - 26-гадовы форвард з Ганы, які паспеў пагуляць за “Белшыну” і “Дынама-Брэст”. За 13 сустрэч гэтага сезону ў РПЛ на ягоным рахунку 3 мячы, але апошні забіты ажно 26 жніўня. Зрэшты, яно і зразумела - толькі раз за апошнія шэсць гульняў Рахімаў выпусціў легіянера больш чым на 30 хвілін. Верагодна, яго, як і Лісаковіча, збіраюцца прадаваць.

Правальная палова сезону ў Ганчарэнкі

Яшчэ адна каманда з беларусамі ў складзе дэманструе зусім няўдалы футбол. Не так даўно «Трыбуна» распавядала пра праблемы Віктара Ганчарэнкі.

Брамнік Дзяніс Шчарбіцкі ўсё ніяк не дэбютуе за каманду. Са станоўчага – ад канца верасня ён рэгулярна трапляў у заяўку на матчы, то бок можна меркаваць, што праблема з плячом ужо вырашаная.

Абаронца Уладзіслаў Малькевіч перабраўся ў Екацярынбург пасля таго, як ужо мінулі тры туры РПЛ, але з таго часу падпісант за Лукашэнку нагуляў нават болей за Ягора Філіпенку (праўда, у таго больш за месяц адняла траўма). Малькевіч мае шэсць выхадаў на поле ў РПЛ, дзе агулам правёў 296 хвілін, у дасведчанага цэнтральнага абаронцы – столькі ж выхадаў і 280 хвілін. З улікам агульнай сітуацыі ва «Урале» радавацца няма чаму.

Хто яшчэ?

Марцэл Лічка і ягонае маскоўскае “Дынама” сёння ідуць трэцімі ў РПЛ і не прайграюць 8 матчаў запар. Чэшскі трэнер узначальваў у 2019 годзе “Дынама-Брэст”, з якім выйграў Суперкубак Беларусі і стаў чэмпіёнам краіны, перарваўшы серыю БАТЭ з 13 тытулаў.

Лічка не бачыць праблемы ў тым, што працуе ў краіне, якая напала на суседа, а нядаўна выказваўся наконт гіпатэтычнага ўдзелу беларускіх клубаў у РПЛ. Калі коратка, то трэба ісці, бо ў Расіі больш моцныя супернікі.

19-гадовы Ягор Карпіцкі ў ліпені з'ехаў з «Шахцёра» ў самарскія «Крылы Саветаў» у статусе найлепшага снайпера ЧБ. І калі спачатку ён больш-менш рэгулярна з'яўляўся на полі, у тым ліку ў старце, і нават паспеў забіць «Растову», то за ўсю восень беларус нагуляў 14 хвілін у трох матчах. У апошніх пяці гульнях «Крылаў» ён заставаўся ў рэзерве. Такі сцэнар прадвызначылі і пашкоджанне, і хвароба, і тое, што галоўны трэнер у асноўным гуляе з адным цэнтрфорвардам, месца якога стала заняў дасведчаны басніец Амар Рахмановіч. Каманда на сёння ідзе чацвёртай у РПЛ, але мае стольі ж пунктаў, колькі трэцяе «Дынама» Масква і чацвёрты ЦСКА.

У “Балтыцы” 14 з 15 матчаў правеў Кірыл Маляроў. 26-гадовы абаронца, які пачынаў кар’еру ў маскоўскім “Спартаку”, у 2020-м годзе паспеў згуляць 10 матчаў за “Белшыну”, дзе на той момант быў самым дарагім (і адыёзным) гульцом. Калінінградскі калектыў з 12 пунктамі ідзе паміж вышэйзгаданымі “Арэнбургам” і “Ахматам” на дне турнірнай табліцы. Дачыненне да гэтага выніку мае беларус Арцём Булойчык, які працуе ў штабе Сяргея Ігнашэвіча.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты