Tribuna/Футбол/Блогі/Гулец зʼехаў з БАТЭ ў чэмпіянат Нідэрландаў – сёння лідар каманды, якая здзіўляе: найлепшы снайпер, патрэбны зборнай

Гулец зʼехаў з БАТЭ ў чэмпіянат Нідэрландаў – сёння лідар каманды, якая здзіўляе: найлепшы снайпер, патрэбны зборнай

Ацэньваецца вышэй за Савіцкага.

Аўтар — cheeseday
18 лістапада, 13:00
13
Гулец зʼехаў з БАТЭ ў чэмпіянат Нідэрландаў – сёння лідар каманды, якая здзіўляе: найлепшы снайпер, патрэбны зборнай

Iсландскі хаўбек Вілум Вілумсан вядомы ў Беларусі па гульні за БАТЭ. Рашэнне пераехаць у ЧБ ён прыняў праз перамогу клуба над лонданскім «Арсеналам», якую назіраў непасрэдна з ложы «Барысаў-Арэны», якую знайшоў вельмi прыгожай.

З 2019-га па лета 2022-га года ісландзец дапамог БАТЭ заваяваць два Кубкі і адзін Суперкубак Беларусі, тры разы станавіўся віцэ-чэмпіёнам краiны. Пералом і невялікія пашкоджанні ў сезонах-2020 i -2021 перашкодзілі футбалісту напоўніцу рэалізаваць патэнцыял, але за першую палову 2022-га легіянер забіў 5 мячоў за 16 матчаў (хаця нельга выключаць, што забіваць у Беларусі стала прасцей) і на гэтым багажы пераехаў у нідэрландскі «Гоу Эхед Іглс». Андрэй Капскі імкнуўся ўтрымаць гульца, але аказаўся «бяссільны» перад агентамі і жаданнем самога Вілумсана.

Практычна адразу пасля пераходу ісландзец змог замацавацца ў аснове і стаў адным з лідараў калектыву. Па выніках сезона-2022/23 ён аказаўся найлепшым бамбардзірам каманды з паказчыкам 8+3 пры 28 гульнях.

Цягне калектыў у топ-5, трапiў у топ ад сiмулятара

Па сканчэнні 12 тураў бягучага чэмпіяната Нідэрландаў клуб з Дэвертэра ідзе пятым – і гэта яго найлепшы прамежкавы вынік за апошнія дзесяцігоддзі. У 2013-м каманда пасля сямігадовага перапынку вярнулася ў элітны дывізіён (той поспех забяспечыў Эрык тэн Хаг, сённяшнi галоўны трэнер «Манчэстэр Юнайтэд»), але ад той пары не забіралася ў Эрэдывізі вышэй за 11-е месца.

25-гадовы Вілумсан выходзіў у стартавым складзе ва ўсіх 12 матчах чэмпіянату і сёння займае чацвертае месца ў калектыве па колькасці згуляных хвілін. За свой час ісландзец ўжо забіў 5 мячоў і з’яўляецца найлепшым снайперам «арлоў». Пасля перамог у апошніх турах над «Валвейкам», дзе Вілумсан забіў пераможны мяч, і ўпершыню за 36 гадоў над «Вітэсам», дзе гулец аформіў дубль, ісландца двойчы запар прызналі гульцом матча, а пазней ён нават трапіў у запас еўрапейскай каманды тыдня ад футбольнага сімулятара FC24 (былая серыя FIFA).

Выступаючы за БАТЭ, футбаліст выходзіў на розных пазіцыях: пераважна справа, радзей у цэнтры паўабароны, часам нават гуляў пад нападаючымі. Трэнер «Гоу Эхед Іглс» Рэнэ Хаке на працягу гэтага сезона выпускае легіянера цэнтральным атакуючым паўабаронцам у схеме 4-2-3-1. Толькі супраць «Спарты» Хаке змяніў схему на 4-4-2, і Вілумсан выйшаў у атацы на пару са шведам Віктарам Эдвардсенам. Але перастаноўка не дала вялікага плёну: гульня скончылася з лікам 0:0.

Пасля пераходу з БАТЭ да «Гоу Эхед Іглс» за 400 тысяч еўра рынкавы кошт 23-гадовага ісландца, паводле Transfermarkt, няўхільна расце і на момант апошняй ацэнкі склаў 1,3 мільёны віртуальных еўра, што робіць яго другім па кошце гульцом у калектыве. Для параўнання, максімальны кошт гульца ў чэмпіянаце Беларусі – 900 тысяч еўра ў 29-гадовага Паўла Савіцкага.

Упершыню выдалiўся ў рэкордным матчы Раналду

За родную зборную Вілумсан дэбютаваў яшчэ ў студзені 2019-га, на той момант яшчэ гулец «Брэйдабліка» правёў на полі 21 хвіліну супраць Эстоніі.

У барысаўскі перыяд Вiлум выклікаўся толькі ў «маладзёжку», з якой паўдзельнічаў у МЧЕ-2021 (iсландцы прайгралi трых з трох матчаў з рознiцай 1:8). У першую зборную наступны раз гульца выклікалі толькі ў чэрвені 2023-га – амаль праз год пасля ад“езду з Беларусі. Падаецца, гэта звязана з прыходам новага галоўнага трэнера Оге Харэйдэ і, канешне, пастаяннай практыкай у шостым па рэйтынгу УЕФА чэмпіянаце Еўропы.

У першай гульні са стартавых хвілін, 17 чэрвеня 2023 года супраць Славакіі, Вілумсан аддаў выніковую перадачу. А праз тры дні ў гульні супраць Партугаліі атрымаў першую чырвоную картку ў кар’еры – на 81-й хвіліне, калі праз дзесяць хвілін пасля першага папярэджання пайшоў у грубы падкат. На 89-й хвіліне, у меншасці, ісландцы прапусцілi адзіны гол матча – ад Крышціяну Раналду, які ў той гульнi паставіў рэкорд па колькасці выступленняў за нацыянальную зборную – 200 сустрэч (на сёння ўжо 203).

Выйшаў Вілумсан на поле і ў гэтую міжнародную паўзу на матчы зборных. 16 лістапада правёў 73 хвіліны і не адзначыўся вынiковымі дзеяннямі ў гульні са Славакіяй, якая скончылася для Ісландыі паразай 2:4 і канчатковым развітаннем з шанцамі адабрацца на Еўра-2024 – з першага месца туды выйшла Партугалія, з другога Славакія (а яшчэ iсландцаў абагнаў Люксембург). Але захоўваецца магчымасць трапiць на Еўра праз плэй-оф Лiгi нацый.

Дзяўчына з Беларусi займаецца «грашовай медытацыяй»

У Беларусі экс-легіянер БАТЭ знайшоў каханне – iнстамадэль Юліана Шаламіцкая пераехала з гульцом у Нідэрланды.

Калі меркаваць па інстаграму 30-гадовай дзяўчыны, дзе цяпер больш за 96 тысяч падпісчыкаў, яна цалкам прысвячае сябе ўласнаму блогу і пачуваецца ў краіне на паўночным захадзе Еўропы выдатна. I нават практыкуе «грашовую медытацыю» – то бок верыць, што калi пасядзець з заплюшчанымi вачыма i ўпэўнена называць сябе «магнiтам для грошай», то яны вазьмуць i прыйдуць.

Таксама Шаламiцкая шмат выдаткоўвае на розную касметыку, называя сябе «б’юціголікам», займаецца пілатэсам i раз-пораз наведвае матчы бойфрэнда.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты