Tribuna/Футбол/Блогі/Рэферы ў Нідэрландах даў 4 чырвоных адной камандзе, а затым разам з другой адсвяткаваў яе чэмпіёнства

Рэферы ў Нідэрландах даў 4 чырвоных адной камандзе, а затым разам з другой адсвяткаваў яе чэмпіёнства

Нават праспяваў песню на чэмпіёнскім парадзе.

17 траўня, 02:18
1
Рэферы ў Нідэрландах даў 4 чырвоных адной камандзе, а затым разам з другой адсвяткаваў яе чэмпіёнства

Час навін з нізоў нідэрландскага футбола – «Сэйнт-Джордж» згуляў унічыю ўдома з «Дэ Фалкенам» і гарантаваў сабе першае месца ў адным з ніжэйшых турніраў.

Гэты матч мог бы патрапіць у нейкі суперкароткі пост, таму што галоўны арбітр Ян Сміт паказаў чатыры чырвоныя гульцам «Дэ Фалкена» і дадаў да другога тайма 15 хвілін, за якія «Сэйнт-Джордж» і забіў вырашальны гол – і мы б усё гэта паказалі, калі б агляд матча існаваў у прыродзе.

Але ж на чатырох чырвоных арбітр Сміт не спыніўся – і пасля матчу святкаваў чэмпіёнства «Сэйнт-Джорджа». Літаральна крычаў «чэмпіёны» і спяваў песні на падрыхтаваным загадзя парадзе – клубу было дастаткова нічыёй для трафея.

«Фалкен» у адказ выдаў пасіўна-агрэсіўную заяву – дзе быццам бы і не скардзіўся, але так, каб звярнуць на гэта ўвагу:

«Кіраўніцтва «Фалкен» не лічыць мэтазгодным дэталёва абмяркоўваць нядзельны матч і ролю арбітра падчас і пасля матча публічна. Іншыя проста павінны вырашыць, ці нармальна для арбітра пасля матчу пышна святкаваць заслужанае чэмпіёнства «Сэйнт-Джорджа».

У федэрацыі на інцыдэнт таксама адрэагавалі і адхілілі Сміта пажыццёва.

«Пасля нядзельнага матча мы атрымалі некалькі скаргаў. Сёння раніцай мы патэлефанавалі спадару Сміту і сказалі яму, што яму больш не дазволена судзіць матчы. Мы чакаем ад арбітра нейтральнага і паважлівага стаўлення да абедзвюх каманд. Яго стаўленне такім не было», – паведаміў пра рашэнне прадстаўнік Каралеўскага футбольнага саюза Нідэрландаў Даан Схіперс.

Больш за тое, як адзначылі ў федэрацыі, гэта ўжо было паўторнае парушэнне з боку Сміта – у 2021-м яму ўжо выпісвалі папярэджанні за парушэнне каранавірусных пратаколаў. Ён з імі, маўляў, быў не згодны.

Што ж Сміт? Кажа, што святкаваў трафеі з многімі клубамі, і назваў рашэнне федэрацыі «смешным», але ўсе выдаленні былі заслужаныя:

«Я разумею, што «Дэ Фалькен» расчараваны ходам матча. Аднак, па-мойму, усе чатыры чырвоныя карткі былі апраўданы на 100%. Перад матчам у мяне ўжо пыталіся футбалісты «Сэйнт-Джорджа», ці не хачу я пасля яго праспяваць песню. Я рабіў гэта некалькі разоў у мінулым, у тым ліку на матчах «Спартанс», BBC, «Грасхоперс», а таксама ў Амстэрдаме ў «АСВ Арсенала».

Я сказаў, што калі б яны сталі чэмпіёнамі, я хацеў бы праспяваць песню. Падчас прыпеву песні De Engelbewaarder мне ў рукі далі кубак, і я падняў яго. Аднак «Дэ Фалькен» гэтага не ацаніў. Яны проста перадалі відэа ў фэдэрацыю і падалі скаргу.

Я ўвогуле не святкаваў з гульцамі. Я проста праспяваў песню і адзін раз падняў кубак. Гэта ўсё. Мне вельмі сумна, што федэрацыя адхіліла мяне з гэтай прычыны. Гэта смешна. Федэрацыя не праводзіла ніякіх расследаванняў і праглядзела толькі адно відэа. Дапускаю, што судзейскай кар'еры ўжо канец, але я больш не стану на калені, як два гады таму».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты