Tribuna/Футбол/Блогі/10 топ-трансфераў, якія могуць адбыцца ў студзені

10 топ-трансфераў, якія могуць адбыцца ў студзені

Патэнцыйна насычаная зіма.

2 студзеня, 13:46
10 топ-трансфераў, якія могуць адбыцца ў студзені

Зімовае трансфернае акно афіцыйна адкрыта!

Сабралі спіс з 10 пераходаў, якія могуць адбыцца ў студзені.

Джэйдан Санча → «Дортмунд»

1 студзеня – дзень, якога доўга чакаў Джэйдан Санча. Пасля пераходу ў «Манчэстэр Юнайтэд» улетку 2021-га кар'ера аднаго з самых таленавітых гульцоў сусветнага футбола рэзка пайшла на спад, а з прыходам у каманду Эрыка тэн Хага каменем легла на дно.

23-гадовы Санча ў апошні раз гуляў за манкуніянцаў у канцы жніўня і з таго часу адхілены ад каманды праз публічную рэакцыю на крытыку тэн Хага і адмову прасіць прабачэння перад трэнерам.

Трансфер Джэйдана зімой – лагічнае і, здаецца, найлепшае выйсце для ўсіх бакоў. Пакуль незразумела, хто захоча падпісаць англічаніна, улічваючы, што ён чатыры месяцы не гуляў, але больш за ўсё чутак, вядома ж, пра магчымае вяртанне ў дортмундскую «Барусію». Там ён быццам бы можа замяніць Даніэла Малена, які таксама можа пакінуць каманду ў студзені.

Сярод іншых варыянтаў, якія фігуравалі ў медыя, – «Ювентус», «Барселона» і «РБ Лейпцыг».

Айвен Тоўні → «Арсенал»

Айвен Тоўні вяртаецца – а разам з ім вяртаюцца і чуткі пра ягоны магчымы пераход у топ-клуб. У траўні англійскага форварда дыскваліфікавалі на 8 месяцаў за парушэнне правілаў ставак - на той момант на ягоным рахунку было 20 галоў у 33 матчах прэм'ер-лігі.

Тоўні павінен быць у добрай форме – у верасні ён вярнуўся да трэнаванняў у агульнай групе «Брэнтфарда» і прымаў удзел у спарынгах каманды Томаса Франка.

Дырэктар «шэршняў» Лі Дайкс паведаміў, што клуб адкрыты да сыходу гульца зімой у абмен больш як за 80 млн. фунтаў. Сам Тоўні, нягледзячы на цікавасць «Чэлсі», хацеў бы перайсці ў «Арсенал» – лонданцы неаднаразова ім цікавіліся, а варыянт з Айвенам быццам бы падабаецца Мікелю Артэце.

Конар Галахер → «Тотэнхэм»

Падсумаванне вынікаў трансфернай бязладзіцы, якая адбываецца ў «Чэлсі»: клуб гатовы прадаць, мусіць, найлепшага гульца каманды і капітана ў шмат якіх матчах гэтага сезона і выхаванца клубнай акадэміі для таго, каб лепш упісвацца ў правілы фінансавага фэйр-плэй. Магчымы продаж Галахера – чарговы крок Тода Боэлі і кіраўніцтва клуба насуперак меркаванню заўзятараў.

«Тотэнхэм» жа ў гэтай сітуацыі толькі выйграе – у выпадку трансферу атрымае якаснага цэнтральнага хаўбека з сур'ёзным вопытам у АПЛ, і той абсалютна дакладна ўзмоцніць каманду Пастэкоглу.

Жан-Клер Тадзіба → «Тотэнхэм»

Зрэшты, пакуль незразумела, ці гатовы «Тотэнхэм» выдаткаваць 45 млн еўра на Галахера, калі камандзе жыццёва важна падпісаць новага цэнтральнага абаронцу. На сёння траўмаваныя ўсе цэнтрбэкі, на якіх разлічвае Пастэкоглу, а ў крайнім матчы супраць «Борнмута» у цэнтры абароны гулялі правы абаронца Эмерсан Роял і левы абаронца Бэн Дэвіс.

Жан-Клер Тадзібо калісьці не змог загуляць у «Барселоне», але ўсё ж здолеў рэалізаваць свой патэнцыял у складзе «Ніцы», за якую паўнавартасна выступае з лета 2021-га. Цяпер Тадзібо – адзін з самых жаданых цэнтрбекаў у еўрапейскім футболе і мэта нумар адзін для «шпор».

Калі «Ніца» не пагодзіцца адпусціць Тадзібо пасярод сезону, то лонданцы падпішуць цэнтральнага абаронцы «Джэноа» Раду Дрэгушына.

Кэлвін Філіпс → «Ньюкасл»

Улетку 2022 года «Ман Сіці» выдаткаваў амаль 50 млн еўра на падпісанне Кэлвіна Філіпса з «Лідса» і спадзяваўся, што англічанін зможа скласці сур'ёзную канкурэнцыю Родры. Але за паўтара гады ў Манчэстэры Філіпс толькі шэсць раз выйшаў у стартавым складзе і нагуляў усяго 911 хвілін за «гараджан».

Цяпер ягоны сыход павінен быць для самога футбаліста прыярытэтам у кантэксце Еўра-2024, на які ён хоча паехаць у складзе зборнай Англіі. А «Ньюкасл», які страціў Сандра Таналі да жніўня праз дыскваліфікацыю і ў цэлым пастаянна пакутуе на траўмы, можа даць яму магчымасць рэанімаваць карʼеру ў патрэбны для яго момант.

Здаецца патэнцыйна ідэальны пераход для ўсіх бакоў.

Цiла Керэр → «Баварыя»

Улетку «Баварыя» прадала Бенжамена Павара ў «Інтэр», а затым адправіла ў арэнду ў леверкузенскі «Баер» Іосіфа Станішыча. Пасля траўм Упамекана, Дэ Лігта і нават юнага Бухмана кіраўніцтва шкадуе аб тых рашэннях, а недастатковая глыбіня складу ў абароне стварае сурʼёзныя праблемы.

Менавіта таму галоўная мэта рэкардмайстра зімой – падпісанне цэнтральнага абаронцы, які можа згуляць і на правым флангу абароны.

Самы рэальны варыянт – вяртанне на радзіму Цiла Керэра. 27-гадовы футбаліст амаль не гуляе за «Вест Хэм» у гэтым сезоне, але Томас Тухель добра ведае ягоныя моцныя бакі яшчэ з часоў ПСЖ, калі той выступаў пад кіраўніцтвам нямецкага спецыяліста.

Серу Гірасі → «МЮ», «Ньюкасл» ці «Мілан»

Серу Гірасі – адзін з самых прадуктыўных цэнтрфорвардаў у еўрапейскім футболе проста цяпер. Страйкер «Штутгарта» забіў 19 галоў і аддаў 2 асісты ў 16 матчах сезона, таму нікога не здзіўляе цікавасць топ-клубаў да ягонай персоны.

Самыя актыўныя чуткі ходзяць адразу наконт трох клубаў – «МЮ», «Ньюкасл» і «Мілан», якія імкнуцца ўзмацніць лінію нападу ўжо ўзімку. Што цікава, яны могуць купіць Гірасі ўсяго за 17,5 млн. еўра, бо менавіта такія адступныя прапісаны ў кантракце гульца.

Калі кіравацца логікай, то найлепшае рашэнне для французскага гвінейца – пераезд у Манчэстэр, бо і ў «сорак», і ў «расанэры» ёсць як мінімум два якасных цэнтрфорварда, а Хэйлунд і Марсьяль разам забілі ўсяго два галы ў АПЛ гэтага сезону.

Лазар Самарджыч → «Напалі»

Нядаўна стала вядома, што «Напалі» побач з «Ювентусам» нібыта цікавіцца Георгіем Судаковым. Украінец сапраўды ў спісе цэнтральных і атакавалых паўабаронцаў, за якімі назіраюць неапалітанцы, але нумар адзін у спісе – цэнтрхаў «Удынезэ» Лазар Самарджыч.

Калі нямецкі серб яшчэ гуляў за «Герту», яго лічылі адным з самых таленавітых юнакоў Еўропы, але пераход у «Лейпцыг» не стаў для яго крокам наперад. Улетку 2021-га Самарджыч з'ехаў ва «Удынезэ» – і паступова стаў асноўным і важным гульцом італьянскага клуба.

У гэтым сезоне яго лічаць адным з найлепшых цэнтральных хаўбекаў Серыі А, а «Напалі», кажуць, ужо закрывае ягоны трансфер.

Таджон Б'юкенен → «Інтэр»

Увага, «Інтэр» падпісвае не ветэрана і не на правах вольнага агента!

Канадзец у гэтым сезоне мае ўсяго 3+4 ва ўсіх турнірах за «Бругэ», але ўжо зарэкамендаваў сябе як якасны, хуткі і надзейны правы вінгер, які дапамагае атрымліваць вынік.

Па інфармацыі Фабрыцыа Рамана, сума трансферу складзе 7 млн. еўра, якія могуць вырасці да 10 у выглядзе бонусаў, а Б'юкенен стане яшчэ адным канадцам у топ-чэмпіянаце.

Ян Матсэн → «Дортмунд»

«Барусія» мае вялікія праблемы на флангах абароны, а зімой адзіны левы абаронца Рамі Бенсебаіні адправіцца на Кубак афрыканскіх нацый. Галоўны прыярытэт «чорна-жоўтых» – падпісанне нават не Джэйдана Санча, а левага абаронцы.

Нядаўна шмат размоў было пра магчымую арэнду Серхіа Рэгілона, які зусім не зіхацеў у «МЮ», але, здаецца, дортмундцы вярнуліся да варыянту з Янам Матсэнам, якім ужо цікавіліся ў летняе трансфернае акно.

Нідэрландзец мала гуляе ў «Чэлсі» (а калі гуляе – то паўсюль, але не на сваёй роднай пазіцыі левага абаронцы), так што варыянт з пераездам у Германію можа быць прывабным для яго як мінімум у кантэксце гульнявога часу. «Дортмунд» ужо выйшаў з міні-адпачынку і плануе вырашыць кадравыя пытанні.

Фота: Borussia Dortmund, Sebastian Frej/MB Media, Franco Arland, Ion Alcoba/Quality Sport Images, Francois Nel/REUTERS, Tom Weller/picture alliance/Global Look Press, Andrew Kearns - CameraSport

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты