Tribuna/Футбол/Блоги/Школьнікі ўрываюцца ў топ-футбол: 8 экстрамаладых талентаў, якія ўжо гуляюць у гэтым сезоне

Школьнікі ўрываюцца ў топ-футбол: 8 экстрамаладых талентаў, якія ўжо гуляюць у гэтым сезоне

Урокi пачакаюць.

6 декабря, 14:19
Школьнікі ўрываюцца ў топ-футбол: 8 экстрамаладых талентаў, якія ўжо гуляюць у гэтым сезоне

Дэбют у 15 гадоў Франчэска Камарды і стабільная гульня за «Барселону» 16-гадовага Ламіна Ямаля – сусветны футбол мае вельмi юных талентаў. Мы вырашылі зірнуць на самых маладых дэбютантаў у топ-10 вышэйшых ліг свету.

Франчэска Камарда, «Мілан»

Узрост дэбюту: 15 гадоў. 8 месяцаў

Слава пра юнака, які забівае касмічную колькасць галоў у дзіцячым футболе, хадзіла сярод заўзятараў «расанэры» яшчэ з 2021-га. Калі Франчэска было 13 гадоў, ён ужо меў 483 галы ў 87 матчах.

Камарда – тыповая дзявятка, форвард з добрымi гульнёй на другім паверсе і выбарам пазіцыі. Юнак фанацее ад Карыма Бензема, а сярод форвардаў «Мілана» ён шмат у чым падобны на Піпа Індзагі, хоць значна фактурнейшы. Ужо зараз Чэска са сваімі 184 см вылучаецца на фоне аднагодкаў. У 15 гадоў і 260 дзён ён стаў самым маладым дэбютантам Серыі А ў гісторыі, выйшаўшы на замену ў гульні супраць «Фіярэнціны».

«Франчэска – добры хлопец, ён старанна працуе, нам патрэбна была яго свежасць. Ён вельмі юны, але ў той жа час вельмі спелы. Мы ўсе вельмі радыя яму», – сказаў трэнер «Мiлана» Стэфана Піолі пасля дэбюту юнака.

Аюб Буадзі, «Ліль»

Узрост дэбюту: 16 гадоў і 20 дзён

Гэтага праспекта ўжо называюць «новым Азарам», хоць з Эдэнам іх спалучае толькі месца прафесійнага паспявання. Паўлу Фансека не пабаяўся выпусціць хлопца на матч Лігі канферэнцый супраць «Клаксвіка», зрабіўшы яго самым маладым дэбютантам у гісторыі еўракубкаў (16 гадоў і тры дні), а таксама самым маладым гульцом у гісторыі «Лілля».

Аюб нарадзіўся ў сям“і хрысціянскіх эмігрантаў з Марока. Варта сказаць, што ён дастаткова нетыповы юны футбаліст, бо акрамя таго, што гулец ужо згуляў на ЧС U-16 (2 галы), ён перамог у Нацыянальным конкурсе выступоўцаў на Елісейскіх палях.

Улетку ён падпісаў першы прафесійны кантракт. Буадзі гуляе на пазіцыі цэнтральнага паўабаронцы, добра бачыць поле.

Ламін Ямаль, «Барселона»

Узрост дэбюту: 16 гадоў, 1 месяц

Ламін дэбютаваў яшчэ ў мінулым сезоне ў 15 гадоў, здзівіўшы многіх, але зараз ён стаў важнай баявой адзінкай у складзе «Барселоны», змагаючыся за аснову з Рафіньяй. Акрамя матчаў за «блаугранас», Ямаль паспеў пабіць рэкорды за зборную Іспаніі, дзе ў Ламіна ўжо два галы ў трох матчах.

Часам яму не хапае вопыту і тактычных навыкаў, але Хаві давярае таленту. Проста нагадаем, што Ламніу споўніцца 17 гадоў толькі ў ліпені наступнага года, таму перад намі яшчэ літаральна дзіця.

Эндрык, «Палмейрас»

Узрост дэбюту: 16 гадоў, 8 месяцаў

Магчыма, самы хайповы малады праспект з часу Неймара ў Бразіліі. Афіцыйна пра яго пераход у «Рэал» стала вядома яшчэ ў снежні мінулага года. У цяперашнім чэмпіянаце ён дэбютаваў у матчы супраць «Куябы», адразу вызначыўшыся голам. Усяго Эндрык забіў дзесяць галоў у чэмпіянаце, дзе «Палмейрас» з вялізнай доляй верагоднасці стане чэмпіёнам.

У лістападзе ён стаў 4-м у гісторыі з наймаладзейшых дэбютантаў зборнай Бразіліі. А яшчэ ён увайшоў у топ-5 самых маладых бамбардзіраў у гісторыі Кубка Лібертадорэс.

Раян Вітор, «Васка да Гама»

Узрост дэбюту: 16 гадоў, 10 месяцаў

Дэбют правага вінгера аказаўся выдатным – 16-гадовы хлопец забіў гол у вароты «Інтэрнасьяналя». Але далей справа не пайшла, пакуль гэта адзіны гол гульца ў чэмпiянаце. Пра хлопца кажуць, што ў яго ДНК «Васка», бо ён вырас на суседняй са стадыёнам клуба вуліцы, яго маці абслугоўвае басейны ў структуры клуба, а бацька – былы футбаліст. Той ніколі не быў асноўным у «Васка», але пагуляў у 2000 побач з Рамарыа, Эдмунда і Жунінья Пернамбукана.

На гульца глядзiць «Барселона» – спартыўны дырэктар Дэку спрабаваў дазнацца магчымы кошт на праспекта.

Матс Эгбрынг, «Вітэс»

Узрост дэбюту: 16 гадоў. 11 месяцаў

Былы футбаліст ПСВ і «Барселоны» Філіп Каку ў «Вітэсе» давярае моладзі. У важным матчы супраць эйндховенцаў ён даў магчымасць дэбютаваць юнаму праваму абаронцу. Матс выйшаў на 83-й хвіліне, калі яго каманда ўжо прайгравала 1:3, але больш галоў не прапусціла. Упэўненасць маладога талента спадабалася Каку – і зараз у яго ўжо ёсць тры выхады на поле ў Эрэдывізi.

Яго ўжо выклікаюць у юнацкую зборную Нідэрландаў, а ў мінулым годзе адбыўся пацешны выпадак, калі Матс згуляў за зборную Нідэрландаў U-17 супраць роднага «Вітэса» U-18. Цяпер хлопец думае толькі пра футбол, а да базы дабіраецца на ровары, кажа, каб лепш трымаць сябе ў тонусе.

Джордж Іляніхена, «Антвэрпэн»

Узрост дэбюту: 16 гадоў, 11 месяцаў

Гэтым летам «Антвэрпэн» аддаў 6 млн еўра «Амьену» за 16-гадовага нігерыйца. Джордж гуляў большай часткай за другую каманду французскага клуба, але гэтага аказалася дастаткова, каб патрапіць у стан чэмпіёна Бельгіі. За дарослую каманду Джордж на той момант згуляў два матчы.

Фактурны цэнтрфорвард, які ў свае 16 выглядае цалкам сфармаваным атлетам, забіў у таварыскай гульні ўжо праз некалькі гадзін пасля падпісання. Цяпер у яго ўжо тры галы ў чэмпіянаце Бельгіі і пяць выхадаў у матчах Лігі чэмпіёнаў. У 17 гадоў і 74 дні ён стаў самым маладым з часоў Лукаку гульцом, які забіваў у двух запар матчах чэмпіянату Бельгіі.

Юнак з сям'ёй пераехаў у Францыю ва ўзросце 3 год, таму выбар зборнай усё яшчэ можа быць актуальным.

Яніс Ісуфу, «Манпелье»

Узрост дэбюту: 16 гадоў, 11 месяцаў

Яніс стаў самым маладым гульцом у гісторыі «Манпелье» у Лізе 1, выйшаўшы супраць «Нанта». Даўганогі форвард лічыцца адным з галоўных талентаў Францыі і можа згуляць як цэнтральнага нападаючага, так і флангавага форварда.

Яніс нарадзіўся ў французскім Німе, але яго бацькі родам з Нігера, таму хлопец пачаў гуляць за юнацкую каманду гэтай краіны. Нават забіў тры галы ў кваліфікацыі ў КАН U-17, але пазней на яго звярнулі ўвагу ў Францыі. Ён ужо паспеў згуляць за каманды Францыі U-17 і U-18, а ў складзе 17-гадовых адправіўся на ЧС у Інданезію. Яніс адбегаў тры матчы, аддаў дзве галявыя перадачы, але французы напароліся на пратэст зборнай Буркіна-Фасо, бо Ісуфу, гуляючы за Нігер, па сутнасці ўдзельнічаў у тым жа турніры, які быў часткай адбору на ЧС.

Французы выключылі Яніса са складу і выйшлі ў фінал, дзе прайгралі Германіі. Федэрацыя футбола Францыі кажа, што не ведала пра матчы Ісуфу за Нігер, а скаргі трэба было падаваць да пачатку турніру.

Фота: Global Look Press/Liamara Polli/Jonathan Moscrop/Marton Monus

Другие посты пользователя

Все посты