Tribuna/Футбол/Блогі/Новыя інсайды пра «Чэлсі»: тактычна «абмежаваныя» трэнінгі, пагаршэнне стасункаў паміж уладальнікамі

Новыя інсайды пра «Чэлсі»: тактычна «абмежаваныя» трэнінгі, пагаршэнне стасункаў паміж уладальнікамі

The Athletic і іншыя фіксуюць праблемы лонданцаў.

7 лютага, 09:15
Новыя інсайды пра «Чэлсі»: тактычна «абмежаваныя» трэнінгі, пагаршэнне стасункаў паміж уладальнікамі

«Чэлсі» зноў вярнуўся ў зону турбулентнасці – дзве паразы запар у АПЛ з васьмю прапушчанымі галамі і падзенне на 11-ю пазіцыю пасля 23 тураў. Гэта яскравая прыкмета адсутнасці прагрэсу, бо ў мінулым сезоне лонданцы мелі на адзін пункт больш на гэтым этапе.

Такое развіццё падзей у чарговы раз выклікаў ціск на каманду, у тым ліку на галоўнага трэнера Маўрысіа Пачэціна. Брытанская прэса пачала актыўна дзяліцца інфармацыяй пра тое, што цяпер адбываецца ўнутры клуба на фоне сур'ёзных праблем.

Tribuna.com сабрала самыя цікавыя інсайды апошніх дзён ад The Athletic і іншых выданняў.

У клубе плануюць даць Пачэціна шанц да канца сезона. Адна з магчымых прычын – кампенсацыя ў выпадку звальнення

Самая галоўная тэма – што ж чакае Пачэціна пасля чарговых правальных вынікаў? Усе крыніцы заяўляюць, што канкрэтыкі пра магчымае звальненне аргенцінца пакуль няма.

The Athletic сцвярджае, што клуб захоўвае сваю папярэднюю пазіцыю – праца Маўрысіё будзе ацэньвацца ў канцы сезона. Адзначаецца, што для адстаўкі сярод сезона, як было ў Грэма Потэра, трэба давесці ўсё да «значнага пагаршэння формы». Таксама гаворыцца, што лонданцы прымаюць да ўвагі кадравую сітуацыю, а менавіта вялікую колькасць траўмаваных.

Тое, што ціск расце, але трэнеру сёння нічога не пагражае, пацвердзілі і Фабрыцыа Рамана з The Telegraph. Па звестках Evening Standard, аргенцінец для выратавання сітуацыі разглядае варыянт з пераходам на схему ў тры цэнтрбека.

Daily Mail дадае, што яшчэ адна патэнцыйная прычына цярпення – правілы фінансавага фэйр-плэю, бо Пачэціна ў выпадку звальнення мае права на кампенсацыю больш чым у 10 мільёнаў фунтаў. А калі прыбраць яго да чэрвеня, то сума ўлічыцца ў фінансавай справаздачы за бягучы сезон. «Чэлсі» ужо «змагаецца» за тое, каб пазбегнуць парушэння правілаў за папярэднія выдаткі – ім трэба выручыць дзясяткі мільёнаў з продажаў да лета, бо зімой не ўдалося атрымаць грошы за трансферы сваіх выканаўцаў (напрыклад, за Конара Галахера, Трэва Чалоба і Арманда Брою).

Трэнінгі па тактыцы «абмежаваныя», а некаторыя з навічкоў шкадуюць аб доўгатэрміновых кантрактах

Што тычыцца канкрэтна Пачэціна, то The Athletic яшчэ падзяліўся цікавай інфармацыяй са спасылкай на меркаванне блізкіх да распранальні крыніц – маўляў, адпрацоўка тактычных элементаў на трэнінгах з'яўляюцца «абмежаванымі», а футбалісты «гуляюць спантанна». Іншыя крыніцы The Athletic адмаўляюць гэта.

Не лепшым чынам у сённяшняй сітуацыі пачуваюцца навічкі – некаторыя з іх у гутарках быццам бы распавядалі, што шкадуюць пра падпісанне доўгатэрміновых кантрактаў, бо развіццё праекту «Чэлсі» не адпавядае таму, што ім абяцалі. The Athletic падсумоўвае гэта наступным чынам:

✍️ «Дадайце да гэтага нестабільнасць моладзі, ціск высокіх цэннікаў і ўсё больш адкрытае грэбаванне з боку ўласных прыхільнікаў, і ў выніку атрымліваецца таксічная сумесь».

Журналісты Daily Mail гэтую тэму закранулі з іншага боку – яны падкрэслілі, што некаторыя гульцы маюць цяжкасці з тым, каб успрымаць крытыку.

У менеджменце прасочваюцца рознагалоссі – ва ўладальнікаў быццам бы пагоршыліся адносіны, ідзе пошук вінаватага за адсутнасць форварда

Яшчэ адзін інсайд, па якім розныя крыніцы The Athletic маюць розныя погляды, – атмасфера ў менеджменце. Указваецца, што ў саўласнікаў Тода Боэлі і Бехдада Эгбалі пагоршыліся адносіны, аднак гэта рашуча абвяргаюць у самім «Чэлсі».

Стратэгіяй на будучыню стануць ужо не масавыя змены, а кропкавыя. Нават размова ідзе пра тое, што ў студзені былі спробы набыць 18-гадовага вінгера «Бруге» Антоніа Нусу, у якога ў апошні момант сарваўся пераход у «Брэнтфард».

Daily Mail паведаміў, што Пачэціна таксама зімой хацеў новага фулбэка і форварда. З другім пунктам больш глабальная праблема – паводле інфармацыі крыніцы, некаторыя супрацоўнікі клуба лічаць, што спортдырэктары мусяць несці адказнасць за адсутнасць дасведчанага форварда пасля трох трансферных вокнаў і за недахоп балансу і лідарскіх якасцяў у складзе.

У камандзе дрэнная атмасфера – лідарам лічыцца толькі Сілва, але яго жонка піша гнеўныя пасты ў твітары

Daily Mail дадаў некалькі інсайдаў і з распранальні. Напрыклад, што атмасфера там дрэнная, а гульцы пасля трэнінгаў рэдка застаюцца для дадатковай працы.

У калектыве сапраўдным лідарам лічыцца хіба што 39-гадовы Ціагу Сілва, але ў апошні час узнікаюць сумневы наконт яго жонкі. Пасля паразы ад «Вулвз» яна апублікавала наступнае паведамленне, верагодна, маючы на ўвазе Пачэціна:

✍️ «Надышоў час перамен. Калі чакаць даўжэй, то будзе запозна».

У камандзе адмоўна ўспрынялі гэта. Daily Mail яшчэ прывёў словы блізкай да клуба крыніцы:

✍️ «Гэта не дрэнная распранальня, але і не добрая. У асноўным гэта маладыя хлопцы, якія вучацца па-свойму. Адзіным сапраўдным лідарам з'яўляецца Сілва, жонка якога публічна заклікала звольніць менеджара! Гэта бязладзіца».

План «Чэлсі» заключаўся ў тым, каб змяніць на вяршыні «Ліверпуль» і «Сіці» пасля сыходу Клопа і Гвардыёлы

Але нешта пайшло не так?

Гэта інфармацыя ад The Athletic пра стратэгію лонданскага клуба, а калі больш канкрэтна, то:

✍️ «Адна крыніца патлумачыла, што ідэя «Чэлсі» першапачаткова палягала ў тым, каб стварыць каманду, гатовую скарыстацца момантам, калі Пеп Гвардыёла і Юрген Клоп пакінуць свае пасады ў «Манчэстэр Сіці» і «Ліверпулі» адпаведна, спрабуючы ў гэты час канкураваць на ўсіх франтах. Але заўсёды была пэўная здагадка, што самаму маладому складу АПЛ патрэбны час, каб вырасці разам».

У Daily Mail з нагоды мэтаў «Чэлсі» дадалі, што «сінія» спадзяваліся патрапіць у Лігу чэмпіёнаў па выніках сезона ў выніку «бізнесу» у папярэднія трансферныя вокны.

Фота: Paul Terry/Sportimage, Andrew Yates/Sportimage, Chelsea F

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты