Tribuna/Футбол/Блоги/Бундэсліга ідзе на рэвалюцыйныя крокі, каб дагнаць АПЛ. Заўзятары рэзка супраць

Бундэсліга ідзе на рэвалюцыйныя крокі, каб дагнаць АПЛ. Заўзятары рэзка супраць

Пачатак вялікіх перамен.

15 декабря, 05:54
Бундэсліга ідзе на рэвалюцыйныя крокі, каб дагнаць АПЛ. Заўзятары рэзка супраць

11 снежня 2023 года адбылася гістарычная падзея для нямецкага футбола. На агульным зборы клубаў першых двух дывізіёнаў было прынятае рашэнне аб згодзе, каб DFL (Нямецкая Футбольная Ліга) прыцягвала знешніх інвестараў. Што гэта значыць? Чаму фанацкае асяроддзе выступае рэзка супраць? І што можна чакаць на стадыёнах на працягу найбліжэйшага тура?

Упершыню тэма знешняга інвестара з'явілася ўвесну. Тады фанаты традыцыйных клубаў, вядомыя сваёй кансерватыўнасцю, прадэманстравалі негатыўнае стаўленне да новай ідэі. У траўні ліга не атрымала неабходную колькасць галасоў для правядзення рэформы, таму праект прыйшлося перанесці на пазнейшы тэрмін.

Па афіцыйнай інфармацыі, першая прапанова інвестараў павінна была прынесці DFL каля 2 мільярдаў еўра. Інвестар павінен быў атрымаць 12,5 працэнта акцый лігі. Што немалаважна, футбольныя чыноўнікі планавалі прадаць 12,5% маркетынгавых правоў толькі на канкрэтны перыяд. Пасля гэтага перыяду (які не раскрываецца ні ў адной з крыніц), акцыі павінны былі вярнуцца ў DFL.

Навошта гэтыя крокі?

Па версіі прадстаўнікоў DFL, Бундэсліга сур'ёзна адстае ад іншых еўрапейскіх ліг (у якасці прыкладу бярэцца АПЛ) у пытанні грошай, папулярнасці і маркетынгавай моцы. Паводле ацэнак экспертаў, у выпадку адсутнасці буйных інвестыцый у найбліжэйшыя гады чэмпіянат Англіі можа яшчэ больш адарвацца ад Бундэслігі, а нямецкім клубам будзе яшчэ цяжэй канкураваць з англічанамі на міжнароднай арэне. Каб зрабіць лігу больш сучаснай, неабходна прыцягнуць фундатараў.

Пасля няўдалай спробы ўвесці на нямецкі футбольны рынак знешніх інвестараў у DFL змяніліся ўлады. Аднак новыя адказныя за палітыку арганізацыі не змянілі курс развіцця. У снежні DFL выйшла ў клубы з прапановай аб продажы усяго 8% маркетынгавых акцый лігі. Новая прапанова, калі яе ўдасца зрэалізаваць, дазволіць лізе зарабіць ад 900 мільёнаў да 1 мільярда еўра. У два разы менш, чым было магчыма пры першай прапанове.

У апошнія тыдні ў нямецкім футбольным асяроддзі было шмат спекуляцый на тэму продажу акцый лігі. Што цікава, само галасаванне мела характар таемнага, гэта значыць па ідэі ніхто не павінен даведацца назвы клубаў, якія галасавалі «за» ці «супраць». Пакуль вядома, што новы праект падтрымалі такія клубы як «Баварыя», «Лейпцыг», «Хофенхайм», «Баер», «Хайдэнхайм», «Вольфсбург», «Барусія» Дортмунд, «Вердэр», «Айнтрахт» Франкфурт, «Барусія» Мёнхенгладбах, «Штутгарт», «Бохум», «Майнц», «Падэрборн», «Гройтэр Фюрт» і «Шальке» (па звестках Sportschau).

Публічна аб сваёй адмове заявілі чатыры клубы: «Кёльн», «Фрайбург», «Санкт-Паўлі» і «Фартуна» Дзюсельдорф.

Трыбуны рэзка супраць і кажуць адназначнае «не» інвестарам

Ганс-Ёахім Ватцке з'яўляўся адным з ідэолагаў прыцягнення знешніх інвестыцый на рынак нямецкага футбола. Іранічна, што адны з самых маштабных пратэстаў можна было ўбачыць на дортмундскім «Вестфаленштадыёне», дзе мясцовыя фаны неаднаразова выказвалі незадаволенасць адносна новай палітыкі футбольных чыноўнікаў.

Па версіі фанатаў, супраца з інвестарам (кантракт павінен быць падпісаны на 20 гадоў) можа пайсці занадта далёка і будзе мець свае трагічныя наступствы ў выглядзе змены гадзін пачатку матчаў, стаўлення да заўзятараў і г.д. Так званыя «Fanhilfe» (фан-праекты, якія змагаюцца за правы заўзятараў) сцвярджаюць, што наступным крокам будзе адмена правіла «50+1», які ратуе нямецкі футбол ад патэнцыйных уладальнікаў з Саудаўскай Аравіі, Катара ці ЗША. У Германіі ўсё яшчэ немагчыма ўявіць кейс англійскага «Ньюкасла» ці «Манчэстэр Сіці». Так, ёсць «Баварыя» з нячыстымі катарскімі грашыма, але яны ўсё яшчэ не парушаюць правіла «50+1».

Жаданне Ватцке і іншых зрабіць нямецкую лігу папулярнейшай і больш раскручанай можа скончыцца трагедыяй. Фанацкія арганізацыі вельмі хутка могуць быць замененыя турыстамі, што азначае пагаршэнне атмасферы на стадыёнах. Так адбылося ў Англіі, таму ў Германіі актыўныя прыхільнікі клубаў зробяць усё, каб не дапусціць паўтарэння сітуацыі з астравоў.

Гарачы ўік-энд

Ihr macht unser Sport kaputt – адно з самых папулярных выказванняў, якое нямецкія фаны заяўляюць чыноўнікам або суддзям (асабліва пры праглядзе ВАР). Яно азначае «вы забіваеце наш спорт». У Бундэслізе да зімовага перапынку засталося два туры (у Другой Бундэслізе толькі адзін), таму няма ніякіх сумневаў, што ў бліжэйшыя выходныя пройдуць маштабныя пратэсты супраць рашэння DFL. Асабліва цікавай і напружанай сітуацыя можа аказацца на стадыёнах клубаў, якія прагаласавалі за знешняга інвестара.

Наўрад ці варта чакаць, што DFL разам з 24 прагаласаваўшымі "за" клубамі зменяць сваё рашэнне. У нямецкім X (былы Твітэр) ужо можна ўбачыць «развітанне» з Бундэслігай у звыклым для нас выглядзе. Па ўсёй верагоднасці, нямецкі футбол сёння мінуў крытычную кропку, вяртанне з якой можа быць доўгім і складаным працэсам.

Фота: fr.de; nrz.de; sportschau.de; spiegel.de

Другие посты пользователя

Все посты