Tribuna/Футбол/Блогі/Трэнерскага ў Маўрынью менш, чым медыйнасці. А ідэальнае развітанне ён прапусціў

Трэнерскага ў Маўрынью менш, чым медыйнасці. А ідэальнае развітанне ён прапусціў

Сумуем па некалі Асабліваму.

18 студзеня, 03:29
Трэнерскага ў Маўрынью менш, чым медыйнасці. А ідэальнае развітанне ён прапусціў

«Пот, кроў, слёзы, радасць, сум, любоў, браты, гісторыя, сэрца, вечнасць», – такім наборам слоў Жазэ Маўрынью развітаўся з «Ромай», якая яго звольніла.

Сацсеткі адразу ж пасля навіны ўзарваліся: нехта падлічыў, што гэта ўжо пятае звальненне ў кар'еры – усё, дэбаты «Пеп ці Маўр» можна закрываць (аказваецца, тут яшчэ нехта меў сумневы). Хтосьці нагадваў, што менавіта партугалец нават у «Роме» змог увайсці ў гісторыю, выйграўшы еўракубак. А мне асабіста было сумна – таму што такое звальненне, якім бы яно ні было (не)справядлівым, ідэальна падсумавала яго перыяд у «Роме».

Маўрынью не быў дрэнным трэнерам для рымлян – вышэйзгаданая Ліга канферэнцый (хай і гэта была ўсяго толькі Ліга канферэнцый) і фінал Лігі Еўропы, прайграны толькі па пенальці, кажуць самі за сябе. Але і добрым трэнерам ён не быў – задач у Серыі А клуб з разу ў раз не выконваў, двойчы фінішаваўшы шостым. А гэта была ці не галоўная прычына, па якой клуб і Фансека вырашылі не працягваць супрацу. Пагадзіцеся, ад аднаго з найлепшых трэнераў у гісторыі футбола на фоне вечных праблем у канкурэнтаў у чэмпіянаце (асабліва – «Юве») чакалася большага.

Пакінуў Маўр «Рому» наогул дзявятай – так, ва ўмовах максімальнай шчыльнасці, але са стратамі пунктаў як амаль з усімі канкурэнтамі, так і з аўтсайдарамі тыпу «Вероны» з «Салернітанай». Наўрад ці гэта тыя вынікі, якіх чакалі амерыканскія ўласнікі ваўкоў, хоць і момант рашэння не выглядае максімальна справядлівым у дачыненні да трэнера.

Усё ж варта ўлічваць, што ўмовы працы ў «Роме» былі абмежаваныя – як мінімум калі параўноўваць з папярэднімі працадаўцамі Маўрынью. Ён літаральна прызнаваў, што клуб вымушаны падпісваць гульцоў, наконт якіх у канкурэнтаў былі сумневы, прыводзячы ў прыклад Паўла Дыбалу і Рэната Саншэша – інакш той «не перайшоў бы ў «Рому». Хоць і зарплатны фонд у клуба, дзеля справядлівасці – трэці ў лізе.

Пры гэтым, нягледзячы на вынікі, Маўрынью эмацыйна ўлягаў у працу напоўніцу. Так, з часам шоў у тэхнічнай зоне са сталымі выняткамі стала надакучаць, але і без яго партугалец паказваў, што яму не ўсё адно на працу менавіта ў «Роме». Момант, калі Жазэ ўзяў з сабой 19-гадовага Франчэска Д'Алесія і распавёў кранальную гісторыю пра тое, як той дзіцём марыў проста патрапіць на трэнавальную базу, а цяпер гуляе на «Алімпіка» у Лізе Еўропы – квінтэсенцыя Маўрынью версіі «Ромы».

Здавалася, што пасля перыядаў у «МЮ» і «Тотэнхэме» партугалец нарэшце змог прывязацца да каманды і на эмацыйным узроўні. Сведчыла пра гэта і тое, што пры масавай скупцы ўсіх і ўсяго Саудаўскай Аравіяй Маўр адхіліў 30 млн еўра ў год ад «Аль-Хілаля».

Яшчэ ў снежні ён публічна казаў, што хоча застацца ў «Роме» – і добраахвотна дакладна не сыдзе: «Нашыя фанаты асаблівыя, цяжка з імі развітацца. Калі б мне давялося развітацца з імі – гэта ніколі не было б маім асабістым выбарам. Ніколі».

Але і праблема ў тым, што гэты суперстаноўчы, суперадданы вобраз дзядзькі, які бачыў жыццё, які яшчэ можа выпакутаваць кубкавыя трафеі і які адданы свайму клубу, крыху зацямніў тое, што клуб пад яго кіраўніцтвам глабальна не спрагрэсаваў. І гэта ўжо падобна да тэндэнцыі – Маўр можа колькі заўгодна ўспамінаць пра сваё звальненне з «Тотэнхэма» перад фіналам Кубка Англіі (чамусьці ёсць адчуванне, што партугалец сапраўды б яго выйграў), але ў апошніх трох месцах працы ён не даваў нічога моцна большага за частковае перараджэнне каманды ў пэўных аспектах у пачатку і стагнацыі з часам. Гэта той патэрн, які быў заўважны яшчэ да яго прызначэння ў Рыме – і праз які, уласна, медыя і сумняваліся ў спартыўнай эфектыўнасці рашэння кіраўніцтва «ваўкоў».

Што далей? Пытанне добрае, бо не так шмат клубаў са статусам і гісторыяй захочуць бачыць Маўра як нешта доўгатэрміновае. Саудаўская Аравія? Магчыма, але адтуль людзі ўжо пакрысе бягуць.

Казачным сцэнаром было б, вядома, запаліць у апошні раз разам з Крышцiяну Раналду ў зборнай Партугаліі на Еўра – але вышэйзгаданая вернасць «Роме» летам азначала адмову ад гэтай працы. Хаця сам Жазэ прызнаваўся, што ён быў не проста першым кандыдатам, а «адзіным выбарам» на гэтую пасаду.

Ва ўсякім разе – сачыць за Жазэ ніколі не перастане быць цікавым заняткам. Няхай гэта будзе нават які-небудзь серадняк Лігі 1.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты