Tribuna/Іншыя/Блогі/У лапы рэжыму патрапіў сенсей з каратэ Брэста – быў у брыгадзе Сахашчыка, браў ЧБ, шмат гадоў як дзіцячы трэнер

У лапы рэжыму патрапіў сенсей з каратэ Брэста – быў у брыгадзе Сахашчыка, браў ЧБ, шмат гадоў як дзіцячы трэнер

Белспорт зноў пад атакай.

Аўтар — KentYara98
21 кастрычніка, 01:00
У лапы рэжыму патрапіў сенсей з каратэ Брэста – быў у брыгадзе Сахашчыка, браў ЧБ, шмат гадоў як дзіцячы трэнер

20 кастрычніка стала вядома пра чарговага чалавека з белспорту, якога «затрымалі» «сілавікі» Лукашэнкі. Такія прыклады ў апошні час нярэдкія.

Цяпер пацярпеў трэнер па каратэ з Брэста Аляксандр Еўціхаў – яго стандартна прымусілі зняцца ў «пакаяльным відэа» і распавесці, што нібыта займаўся непажаданымі рэжыму дзеяннямі. Асноўнае «абвінавачанне» – нібыта мужчына зняў на відэа нейкую ваенную тэхніку і адправіў ролік у Telegram-канал, непажаданы рэжыму.

Вядома пра трэнера не так шмат. На сваіх старонках ён паказвае, што пачаў займацца каратэ ў 1996 годзе – за пару гадоў да заканчэння школы. У 2001-02 гадах служыў у выведроце размешчанай у Брэсце 38-й дэсантна-штурмавой брыгады ВС Лукашэнкi і за гэты час стаў двухразовым чэмпіёнам падраздзялення па рукапашным баі. Атрымліваецца, камбрыгам для Еўціхава паспеў пабыць цяперашні прадстаўнік кабінета Святланы Ціханоўскай, паважаны ў вайсковых колах афіцэр Валерый Сахашчык, якога ў 2002-м выціснулі са службы. Аўтарытэт брыгады ў Брэсце пахіснуўся, калі яе склад у 2020-м выйшаў на вуліцы Брэста і ствараў перашкоды для мірнага пратэсту, але Сахашчык запэўнівае, што ніхто з яго былога фарміравання «не рабіў агрэсіўных дзеянняў, не збіваў, не страляў».

У 2004-м Еўціхаў пачаў трэнерскую дзейнасць – прычым дыплом па «тэорыі і методыцы фізічнага выхавання» атрымаў толькі ў 2009-м, завочна скончыўшы Брэсцкі дзяржуніверсітэт. Аляксандр на сваіх старонках паведамляе, што ягоныя вучні штогод перамагаюць на розных беларускіх спаборніцтвах, а першыя з тых, хто пачынаў займацца пад ягоным кіраўніцтвам, ужо прыводзяць да яго сваіх дзяцей.

Паралельна Еўціхаў выступаў і сам – і вельмi паспяхова. Ён шматразовы чэмпіён Беларусі па ката (імітацыя бою з адным ці некалькімі супернікамі) і чэмпіён Беларусі-2017 па кумітэ (асноўны баявы раздзел каратэ). Акрамя таго, спартсмен удзельнічаў у некалькіх топ-турнірах: чэмпіянат Еўропы-2008 у Расіі, ЧС-2010 у Швейцарыі, ЧС-2019 па ката ў Нідэрландах.

Аляксандр паступова падвышаў свой разрад – у 2019-м ён здаў іспыт на трэці (пры найвышэйшым дзясятым) дан чорнага пояса, уладальнікаў якога па японскай традыцыі завуць «сенсей».

На жаль, Еўціхаў – не першы каратыст з вопытам выведроты экс-брыгады Сахашчыка, які трапіў у лапы сілавікоў. Такі ж бэкграўнд быў у майстра спорту Дзяніса Марусевіча, які сышоў з падраздзялення ў ліпені 2020-га. Яго «абвінавацілі» ў тым, што ён на акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020-га нібыта кідаў кавалкі асфальту ў сілавікоў Лукашэнкi, якія абсалютна дакладна стралялі ў бяззбройных людзей. З 11 верасня таго года Марусевіч знаходзіцца за кратамі – пасля яму далі 4 гады калоніі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты