Усе навіны

Вяслярка Літвінчук пра магчымы нейтральны статус на АГ-2024: «Хачу, каб і ў Парыжы нашыя сімвалы прысутнічалі – я толькі на Гульнях не спявала гімн. Калі дапусцяць, то дадзім жару»

26 красавіка 2023, 13:48

Падпісантка праўладнага ліста вяслярка Марына Літвінчук падзялілася меркаваннем аб магчымым допуску на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку і на Алімпійскія гульні-2024 у Парыжы, у нейтральным статусе.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

«На ўсіх буйных міжнародных спаборніцтвах, дзе перамагала, заўсёды, стоячы на пастаменце, калі паднімаўся наш сцяг, спявала беларускі гімн. Таму вельмі хачу, каб і на Алімпіядзе ў Парыжы ўсе нашыя нацыянальныя сімвалы прысутнічалі. Бо я толькі на Гульнях не спявала гімн. Калі дапусцяць, то ў Парыжы дадзім жару. Калі ж будзе іншы варыянт, то, пры любым раскладзе, дома, у аэрапорце, разам заспяваем гімн. Усё роўна ўсе будуць ведаць, адкуль мы і якую краіну прадстаўляем, – прыводзіць словы Літвінчук прэс-служба НАК Беларусі.