Усе навіны

Нямецкая асацыяцыя каноэ забараніла беларусам і расіянам удзельнічаць у ЧС, нягледзячы на дазвол ICF

18 траўня, 09:10

Прэзідыум Нямецкай асацыяцыі каноэ (DKV) звярнуўся з лістом да Міжнароднай федэрацыі каноэ (ICF) па пытанні ўдзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у спаборніцтвах па каноэ ў Германіі.

Нагадаем, раней ICF прыняла рэкамендацыі МАК і дазволіла беларусам і расіянам вярнуцца да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам.

«Прэзідыум DKV па-ранейшаму прытрымліваецца прынятага летась рашэння па выключэнні расійскіх і беларускіх спартсменаў з міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Пасля інтэнсіўнага вывучэння пытання абароны спартсменаў, а таксама супрацоўнікаў і гледачоў мы прыйшлі да высновы, што не можам гарантаваць бяспеку мерапрыемстваў, калі расійскім і беларускім спартсменам у любым выглядзе будзе дазволена прыняць удзел у спаборніцтвах.

Допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў не толькі не гарантаваў бы бяспеку ўсіх, але і сумленную канкурэнцыю для ўсіх іншых нацый. Па гэтай прычыне, паводле мясцовых арганізатараў міжнародных мерапрыемстваў ICF у Аўгсбургу і Дуйсбургу, ніякія індывідуальныя і нейтральныя спартсмены не будуць дапушчаныя да спаборніцтваў у Германіі», – заявіў прэзідэнт DKV Енс Перлвіц.

У чэрвені ў Аўгсбургу адбудзецца Кубак свету па вяслярным слаламе, а з 23 па 27 жніўня ў Дуйсбургу – ЧС па каноэ.