Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Мінскае «Дынама» адарыў кат, з БАТЭ хвалілі рэжым за 2020-ы, найлепшы суддзя чакае загадаў зверху. Як у Беларусі закрылі футбольны сезон

Мінскае «Дынама» адарыў кат, з БАТЭ хвалілі рэжым за 2020-ы, найлепшы суддзя чакае загадаў зверху. Як у Беларусі закрылі футбольны сезон

Базанаў цалаваў зборшчыцу кавуноў, весяліў рэктар пад віном.

Аўтар — bytribuna com
29 лістапада 2022, 10:11
2
Мінскае «Дынама» адарыў кат, з БАТЭ хвалілі рэжым за 2020-ы, найлепшы суддзя чакае загадаў зверху. Як у Беларусі закрылі футбольны сезон

28 лістапада АБФФ правяла чарговую цырымонію «Зорны мяч», на якой абвясцілі імёны ўладальнікаў розных індывідуальных і камандных прызоў за мінулы сезон. Звычайна карцінка ў трансляцыі досыць сумная – але сёлета знайшлося месца дзіўным прамовам і яшчэ больш нечаканым уручальнікам прызоў, ды і пару пацешных момантаў у гэтым практычна трэш-стрыме праскочыла. Таму – невялікі агляд падзей.

Вядучыя цырымоніі былі правераныя – не першы год працуе пара з каментатара (зараз з большага падзей з удзелам Лукашэнкі) Уладзіміра Навіцкага і супрацоўніцы дзяржТБ Ганны Эйсмант (чый тэлефон засеклі на плошчы Перамен у вечар збіцця да смерці Рамана Бандарэнкі).

Ва ўступным спічы, які чытаў з цэлага стоса паперак, кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў заявіў, што ў 2022-м белфутбол «сутыкнуўся з непрадказальнымі падзеямі» (мабыць, так артылерыст, які нарадзіўся пад Валгаградам, апісаў знішчэнне яго родам войскаў гарадоў ва Украіне) і змагаўся за права браць удзел у міжнародных спаборніцтвах і застацца «сябрамі міжнароднай сям'і», але галоўнае, па Базанаву, – за захаванне фінансавання (ад УЕФА, вядома).

Функцыянер ганарліва заявіў пра перамогу ў гэтай барацьбе – а потым усё роўна распавёў пра «неабгрунтаваныя санкцыі», праз якія ў афіцыйных спаборніцтвах не гулялі зборныя па пляжным футболе.

Таксама Базанаў пералічыў няўдачы зборных па футболе звычайнаму (вось за што змагаліся!), але ў выпадку «маладзёжкі» заявіў, што яна «палепшыла свой папярэдні вынік», хоць у двух апошніх еўраадборах атрымалася аднолькавае чацвёртае месца ў групе, і «ненашмат адстала ад другога і трэцяга месцаў» (ну, можа, пяць і шэсць ачкоў на дыстанцыі ў 10 матчаў – гэта для Базанава рэальна няшмат), ну а на «псіхалагічным настроі і, такім чынам, выніках» гульцоў усіх зборных нібыта адбівалася адсутнасць матчаў у Беларусі і доўгія пералёты.

Падчас пераліку таго, як прайшлі клубныя спаборніцтвы, Базанаў вылучыў фінал другой лігі «Крумкачы» – «Ніва», бо з 1833 гледачамі ён «не саступаў матчам эліты», а яшчэ ўпершыню ў гісторыі Д3 быў паказаны па ТБ. Ну і, вядома, не абышлося без аповеду пра ўкладанне новых штучных газонаў, якія Базанаў з пафасам і Аляксандрам Глебам адкрываў сёлета. У канцы Базанаў павіншаваў «усіх з надыходзячым Новым годам».

Далей Базанаў узнагародзіў таблічкамі з надпісам «Падзяка» прадстаўнікоў партнёрскіх для АБФФ кампаній і ўстаноў. Ад НАК на сцэну пайшла в.а. генсака, вядомая як зборшчыца кавуноў пры Лукашэнку экс-гімнастка Ксенія Санковіч, якую палкоўнік, не збаяўшыся рэўнасці, нават цмокнуў у шчаку. Пазней па цырымоніі Санковіч яшчэ і ўзнагародзіла найлепшую нападаючую чэмпіянату.

Далей было ўшанаванне прадстаўнікоў менскага «Дынама»-1982, для якіх выканалі ўлюбёны на «Зорным мячы» савецкі хіт «Каманда маладосці нашай». Праўда, гэтым разам залу не паказалі – хто ведае, што мы прапусцілі!

Ну а пазней варатар той каманды, а цяпер намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Вергеенка здолеў і тут прыплесці рэжым – заявіў, што ўвага да 1982 года «вельмі каштоўная» у прыдуманы сістэмай «год гістарычнай памяці» (падчас якога яна насамрэч зацята вынішчаецца).

Пасля ўзнагароджання дзіцячых трэнераў, прадстаўнік якіх дзякаваў федэрацыі за клопат, пайшлі індывідуальныя і камандныя намінацыі непасрэдна за мінулы сезон. І тут у трансляцыі мелася сур'ёзная хіба – у большасці выпадкаў відэаграфіку з імем/назвай уладальніка прыза паказвалі раней, чым яго аб'яўлялі на сцэне. Асабліва пацешна гэта глядзелася, калі Навіцкі са сцэны ці каментатар трансляцыі Павел Быкаў паралельна разважалі пра спойлеры.

Стандартнае ўзнагароджанне здолела здзівіць пры ўручэнні прыза fair play. Аддаваць яго мінскаму «Дынама» выйшаў Сяргей Паско – начальнік мінскага ўпраўлення Следчага камітэта. Ведамства, якое тысячамі штампуе крымінальныя справы за выхады на мірныя пратэсты і каментарыi ў сацсетках, вядома, ведае толк у справядлівасці. Паско ж – узорны клерк сістэмы, які не знаходзіў ніякага неабгрунтаванага гвалту ад сілавікоў да пратэстоўцаў, расказваў пра «змову» супраць рэжыму і нават прыдумляў нейкі распаўсюд наркотыкаў беларусамі, якія вымушана з'ехалі ў Польшчу і Літву. Пры гэтым Паско паспявае займаць пасаду кіраўніка камітэта АБФФ па клубным ліцэнзаванні – ну і гэта нават цягне на ход ад федэрацыі, што клубу міліцэйскага таварыства статуэтку аддаў генерал-маёр.

Паско (злева) и намеснік дырэктара «Дынама» Аляксей Ермаловіч

Яркім атрымалася ўзнагароджанне прызам сімпатый гледачоў – праз прамовы тых, хто яго ўручаў і забіраў. Ад пераможцы БАТЭ на сцэну выйшаў намеснік гендыра Юрый Калантай – і пачаў з заявы пра «вялікую трансфармацыю», што была перажытая «ва ўмовах падзей, якія склаліся нядаўна». Але не, функцыянер відавочна не меў на ўвазе вайну – падобна, ён праз два з лішнім гады вырашыў узгадаць пачатак пандэміі каранавіруса. Тады беларускі чэмпіянат на некаторы час застаўся адзіным у Еўропе, а АБФФ і іншыя шчаслiва забілі на антыкавідныя меры – цяпер Калантай выказаў «вялікую падзяку кіраўніцтву краіны, АБФФ» за тое, што (як бы парадаксальна ні гучала такая фармулёўка) «не закрылі трыбуны, калі гэта патрэбна было».

Давяршыў спіч прадстаўнік БАТЭ запэўніваннем, што зараз з клубам «засталіся выключна тыя заўзятары, якія адданыя» – што, зрэшты, пасля серыі прарэжымных актыўнасцяў (у якія можна смела запісваць і саму прамову Калантая) нядзіўна.

А першы намеснік кіраўніка АБФФ Юры Вяргейчык, які аддаў Калантаю статуэтку, адкрыў серыю прамоў з нейкімі праблемамі з дыкцыяй – нават падчас сцвярджэння сваёй любові да каманды «Дынама»-82 клерк ледзь не сказаў «дзевяноста» (дарма што браў медалі ЧБ у складзе «Дынама-93») , а таксама адчуў вялікія праблемы з канструкцыяй «прыз прыйшлося аддаць» і выявіў няведанне таго, за што, уласна, даюць прыз сімпатый гледачоў: па версіі Вяргейчыка, улічваліся «жоўтыя і чырвоныя карткі, дысцыпліна прадстаўнікоў клуба», у рэальнасці – агульная наведвальнасць хатніх і гасцявых матчаў (магчыма, Юрый пераблытаў з fair play). Але галоўнае, што мы даведаліся ад Вяргейчыка – што калі б чэмпіёны СССР-1982 зараз гулялі ў ЧБ, то ўсе прызы дасталіся б ім (адзнака 1:25:31, калі хочаце пачаць з прамовы Калантая – матайце на 1:24:15).

Але ўсё ж такі прыз «За самую эпічную прамову» дастаецца рэктару БДУФК і намесніку кіраўніка федэрацыі гандбола Сяргею Рэпкіну. Ён выходзіў уручаць прыз у другі раз, але ў першы абышоўся без слоў на публіку, што, па ўласным прызнанні, палічыў сваёй памылкай. І тут можна было парадавацца, што відэаграфіка загадзя паказала, што найлепшым суддзёй ЧБ стаў Віктар Шымусік – бо Рэпкін затрымаў цырымонiю на пяць хвілін. Пачаў ён з аб'яўлення таго, што «ўжо трошкі выпілі віна ўсе, ужо пачалі расслабляцца» – і ў тым, што рэктар сам так зрабіў, сумнявацца не даводзіцца.

Гэтак жа, як і Вяргейчык, Рэпкін з запінкамі ўзгадаў, што «ўсё ж такі адказвае за адукацыю», і памянуў «год гістарычнай памяці», з чаго вывеў заклік «усім адкласці тэлефоны, таму што мы ўсе бяжым-бяжым-бяжым-бяжым і неяк забываемся парадавацца адзін за аднаго», а потым прызнаўся футболу ў любові, але не сустрэў рэакцыі ў адказ – і паспрабаваў завесці залу шматразовым паўторам «ну» (з цяжкасцю, але выклікаць апладысменты атрымалася). Пасля кіраўнік ВНУ падзякаваў дзіцячым трэнерам і асобна адзначыў, што трэба гаварыць «не «трэнерЭй», не «трэнерЫ», а «трЭнеры», а то заўсёды ставяць націск не на той склад», далей запатрабаваў у маладога пакалення апладысментаў старэйшаму за крытыку, а потым перайшоў усё ж такі да тэмы арбітраў і сказаў, што ў гэтым годзе «крытыкі і сенсацый са свету судзейства не прачытаў», а таксама абвясціў, што галоўнае – «даваць чырвоныя карткі так, каб трэнеры або спецыялісты былі задаволеныя», чаму сам Рэпкін навучыўся «на 12-м годзе свайго жыцця» (мабыць, пераблытанай з судзейскай кар'ерай, якой рэктар аддаў каля 20 гадоў).

Скончыўшы прамову, Рэпкін такі перадаў месца ля мікрафона Шымусіку, але і падчас невялікага каментарыя таго падлятаў да стойкі, каб уставіць сітуатыўныя рэплікі. Мы ж можам прапанаваць кіраўніку ВНУ ўсё ж прачытаць, як летась памыліліся беларускія футбольныя суддзі, па спасылцы ніжэй (а калі хочаце асабіста пачуць усе інтанацыі Рэпкіна – матайце відэа ніжэй на 1:33:53).

Запаліў і Шымусік – на пытанне, ці будуць у ЧБ дадаваць па 10-15 хвілін, як цяпер на ЧС, адказаў: «Якія будуць устаноўкі ад кіраўніцтва, так і будзем працаваць», – чым выклікаў працяглы смех у зале. А старшыня праўлення падсанкцыйнага Банка развіцця Аляксандр Ягораў, які ўзнагароджваў лепшага варатара ЧБ прарэжымнага падпісанта Андрэя Кудраўца, і ўвогуле сказаў, што «працягне стэндап» Рэпкіна – і выдаў, што ў 19 гадоў (столькі цяпер Кудраўцу) ён сам адправіўся ў турпаездку, дзе «здзейсніў мару – патрапіў у Англію, выйшаў на стадыён, адчуў гэтую выдатную траву», а футбалістам пажадаў выйсці на ЧС-2026 і «пры нагодзе патрапіць на стадыён «Атцэка» (насамрэч «Ацтэка») і «забіць такі ж мяч, як Марадона сваёй «рукай Бога» (што немагчыма, бо сёння ЧС – не ЧБ, і VAR туды ўжо дайшоў).

Выдаў пару перлаў і Сяргей Паліцевіч, які стаў лепшым абаронцам ЧБ – дарэчы, яму статуэтку ўручаў намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі Мікалай Рагашчук. Чэмпіён з «Шахцёрам» сказаў, што каманду віншаваць не будзе, таму што яе «ўсё роўна тут няма», а на пытанне, ці ў зале жонка, якой ён падзякаваў, Сяргей выдаў: «І не адна», – што пацягнула новы ўсплёск смеху.

Парадаваў залу і Бабур Абдзіхолікаў – лепшы нападаючы, бамбардзір і гулец ЧБ, які на пытанне аб тым, ці «ўпрыгожыць» ён «вышку» ў наступным сезоне, адказаў: «Наступны год не буду проста. Іншы чэмпіянат будзе».

Скончылася ўсё ўзнагароджаннем лепшага футбаліста Беларусі – ім стаў форвард «Мінска» Уладзімір Хвашчынскі. Яго ўзнагароджваў Базанаў – і падсеўшым голасам сказаў, што, калі ён кіраваў брэсцкім «Дынама», у нападаючага «парасткі пайшлі». А Хвашчынскі ў сваім каментары павіншаваў «Дынама»-1982 з пажаданнем «мірнага неба над галавой».

Напрыканцы – сумеснае фота пад словы каментатара: «Любіце беларускі футбол – іншага ў нас няма».

І ўсё ж вось такім яго любіць бывае занадта складана.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты