Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/З белфутбола выкідаюць пад 50 чалавек: другога найлепшага ў Беларусі, гульцоў зборнай і нават прарэжымнага маўчуна пры «бульбiне Лукашэнкі»

З белфутбола выкідаюць пад 50 чалавек: другога найлепшага ў Беларусі, гульцоў зборнай і нават прарэжымнага маўчуна пры «бульбiне Лукашэнкі»

Сістэма не чакае дадому шэраг легіянераў і забаніла нават былога доктара «нацыяналкі».

Аўтар — bytribuna com
24 снежня 2022, 08:00
6
З белфутбола выкідаюць пад 50 чалавек: другога найлепшага ў Беларусі, гульцоў зборнай і нават прарэжымнага маўчуна пры «бульбiне Лукашэнкі»

Не так даўно «Трыбуна» расказвала пра абнаўленне «чорных спісаў» у белспорце. Найбольш жорстка профільнае рэжымнае міністэрства, якое замест развіцця сферы займаецца яе зачысткай, вырашыла ўзяцца за футбол. У ім гісторыя цягнецца з выбараў-2020 – футбалісты тады амаль не падпісваліся за сумленныя выбары, а вось супраць гвалту зрабілі асобнае відэа ў верасні. І яшчэ ў канцы 2021-га для іх і іншых непажаданых вырашылі забараніць працяг кар'ер у белфутболе – аднак супраць гэтага знаходзіліся дзейсныя аргументы.

У канцы 2022-га рэпрэсіі захацелі ўзмацніць – пералікі непажаданых (не толькі з футбола) разаслалі па спорткамітэтах выканкамаў, каб «на месцах» спынялі спробы заключэння «няправільных» кантрактаў, а так званы міністр Сяргей Кавальчук даў зразумець футбольным клубам, што з гэтага часу, як б ні ўпрошвалі кіраўнікі, фігуранты спісаў павінны знікнуць з каманд.

Пасля выхаду матэрыялу з «Трыбунай» звязаліся яшчэ некалькі прадстаўнікоў беларускага спорту, якія далі нам дадатковыя сведчанні таго, што рэпрэсіўная кампанія набрала абароты. А днямі ў распараджэнні рэдакцыі аказаўся дакумент, у якім канкрэтна пералічаныя прозвішчы футбалістаў, якім Мінспорту забараняе працаваць у Беларусі. Нашыя крыніцы не гарантуюць, што гэта канчатковы варыянт, аднак спіс ужо ўражвае. У яго патрапілі тыя, хто правялі дзясяткі матчаў за нацзборную, гулялі ў групавых этапах еўракубкаў, бралі разнастайныя беларускія трафеі і асабістыя ўзнагароды. Некаторыя ўжо скончылі кар'еры – але, падобна, міністэрства хоча, каб іх не бралі ў клубы нават у якасці трэнераў або адміністрацыйных работнікаў.

Хто ж у гэтым спісе?

Подпіс за рэжым і праўда не ратуе (прычым нават калi ты маўчун)

У дакуменце, які перадалі «Трыбуне», значыцца 49 «непажаданых» прозвішчаў. Нам удалося звязацца з некаторымі гульцамі з гэтага спісу – і яны пацвердзілі, што ўжо ведаюць, куды ўнеслі іх даныя.

Аснова пераліку зразумелая – 43 чалавекі здымаліся ў тым самым відэа супраць гвалту. А вось сярод астатніх ёсць зусім ужо дзіўныя выпадкі – у тым ліку такі, у якім публічна гулец выступаў толькі за Лукашэнку, а ніяк не супраць. Але пра ўсё па парадку.

Мабыць, самае прыкметнае імя ў спісе – паўабаронца БАТЭ, другі ў галасаванні за найлепшых гульцоў Беларусі-2022 Станіслаў Драгун. З-за гэтага сезон-2022 для яго, паводле некаторай інфармацыі, можа стаць апошнім у прафесійным футболе. Таксама «чорную метку» атрымалі былыя «сенатары» барысаўскага клуба – абаронца «Урала» Ягор Філіпенка і ў апошнія паўгода гулец аматарскіх каманд Ігар Стасевіч. Ён у відэа супраць гвалту не здымаўся, але непажаданым таксама стаў яшчэ ў 2020-м, а ў 2022-м у апошні момант не атрымаў прабачэння і кантракту з мiнскім «Дынама».

Затое ў пачатку гэтага года здолеў «выправіцца» ў вачах Кавальчука Аляксандр Сачыўка – пасля эпічнага роліка ў падтрымку рэжыму здолеў правесці мінулы сезон у складзе «бела-блакітных». Нядаўна абаронца падоўжыў кантракт з клубам – але, нягледзячы на ўсё гэта, усё роўна прысутнічае ў «чорным спісе». Зручна – у такіх умовах для прадастаўлення выключэння Кавальчук можа патрабаваць ад гульца па новай прарэжымнай акцыі хоць кожны год.

У акадэміі мінскага «Дынама» зараз працуе яшчэ адзін фігурант спісу Павел Рыбак, які пасля сезона-2021 у складзе БАТЭ і хвалі рэпрэсій у белфутболе завяршыў кар'еру. Тады ж у барысаўскім клубе развітаўся з прафесійным узроўнем Павел Няхайчык, які таксама ўключаны ў пералік Мінспорту.

Знайшлося месца ў чорным спісе і шэрагу дзеючых гульцоў БАТЭ: акрамя Драгуна, гэта варатар Дзяніс Шчарбіцкі, абаронцы Максім Бардачоў і Даніла Нячаеў і паўабаронца Дзмітрый Бяссмертны. Пападанне апошняга ў лік непажаданых – самы дзіўны выпадак: супраць гвалту гулец зборнай не выступаў і наогул публічна маўчаў, у 2021-м падпісаўся за рэжым, а не так даўно танчыў у кліпе з «бульбiнай ад Лукашэнкі». Здавалася б, ідэальны гулец – а вось атрымаў бан ад Кавальчука і кампаніі.

Прарэжымны подпіс (ды і танцы з Бяссмертным) не змянілі сістэмнай думкі і пра ўдзельніка відэа супраць гвалту Нячаева (хоць ён таксама рэгулярна гуляе за зборную). Яго «таварышы па няшчасці» – варатар Ілля Бранавец са «Слуцка» і яго былы аднаклубнік, паўабаронца «Смаргоні» Ягор Сямёнаў.

У чорным спісе прадказальна апынуліся і напарнікі па брэсцкім «Дынама»-2021 Віталь Гайдучык і Дзмiтрый Байдук, якія больш за год таму не толькі не захацелі падпісвацца за рэжым, але і пакінулі клуб, каб не перасякацца з тымі, хто пагадзіўся.

Легіянерам забаронена вяртацца – нават таму, хто ў 2021-м зайграў за зборную

Пад міністэрскі бан патрапілі і некалькі беларускіх гульцоў, якія выступаюць за мяжой, – ім фактычна забаранілі вяртацца ў родны чэмпіянат. У іх лік уваходзіць і былы гулец «нацыяналкі», паўабаронца «Рыгі» Юрый Кендыш. Яшчэ адзін прыклад – нападаючы Мікалай Сігневіч з грэчаскага «Апалона» Смірніс. Ён не здымаўся ў агульным відэа, але выступаў супраць гвалту ў сацсетках – гэтага сістэме хапіла. Забанены і Мікіта Нікалаевіч, які гуляе ў «Дугаполі» з харвацкага Д2.

Не хоча Кавальчук бачыць у Беларусі ўладальнікаў трафеяў гэтага года з Казахстана – у спіс уключаныя нападаючы «Ардабасы» Усевалад Садоўскі, які выйграў Кубак краіны, і абаронца чэмпіёнскай «Астаны» Арцём Рахманаў. А вось тое, што ў пералік патрапіў мінуласезонны капітан казахстанскага «Мактаарала» Руслан Юдзянкоў, здзівіла – бо абаронца ў 2021-м дэбютаваў за зборную Беларусі і з тых часоў выклікаецца і прыязджае ў яе ўвесь час, нягледзячы на 35-гадовы ўзрост. Але ў ЧБ «прывітаннем з 2020-га» зараз могуць забаніць і такога важнага гульца. Таксама ў спіс патрапіў аднаклубнік Юдзянкова Павел Чыкіда.

Непажаданы нават урач

У бане апынуўся таксама варатар Антон Чычкан, які 2022-i правёў за мяжой, але днямі растаўся з тбіліскім «Дынама». Але і гэта не ўсе страты сярод галкіпераў. Яшчэ ў чорным спісе выяўляюцца год як беспрацоўны Аляксандр Гутар і легенда «Тарпеда-БелАЗ» Уладзімір Бушма, з якім жодзінцы нязграбна развіталіся ў сярэдзіне гэтага года. Бушма, праўда, у канцы 2022-га здолеў вярнуцца ў белфутбол на два матчы – дапамог «Макслайну» выйграць «стыкі» за «вышку», у якую клуб не пусцілі.

Ёсць у спісе прозвішчы і экс-партнёраў Бушмы па «Тарпеда-БелАЗ»: патрапілі шматгадовы капітан калектыва, паўабаронца Андрэй Хачатуран, гулец сярэдняй лініі Анатоль Макараў, варатар Дзмiтрый Дудар. А вось чыё з'яўленне ў спісе нечаканае – дык гэта экс-урач «Тарпеда-БелАЗ» і нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэй Ясюкевіч. Па-першае, гэта адзіны ў спісе не футбаліст, па-другое, ніякіх яго выказванняў супраць гвалту нам не вядома.

Яшчэ два выпадкі, калі публічнае маўчанне чамусьці не выратавала ад няласкі Мінспорту – абаронцы «Слуцка» Юрый Астравух і «Астраўца» Дзмiтрый Алісейка. Магчыма, для іх будзе даступны «шлях Сачыўкi» – хаця гэтага нельга выключаць ні ў адным выпадку, Кавальчуку «прагіны» відавочна падабаюцца.

Рэшту міністэрскага бан-ліста прывядзем спісам (у дужках паказаны клуб, у якім гульцы завяршалі 2022-i): Павел Забелін, Раман Сцяпанаў (абодва – «Шахцёр»), Аляксандр Джыгера («Мiнск»), Дзмітрый Бага («Гомель») , Валерый Жукоўскі, Яўген Лешка, Раман Пасевіч, Сяргей Курганскі (усе – «Нёман»), Уладзіслаў Жук («Славія»), Яўген Вялько («Слуцк»), Дзмітрый Гомза, Артур Слабашэвіч (абодва – «Белшына»), Арцём Васькоў («Арсенал» Дзяржынск), Юрый Казлоў («Нафтан»), Павел Шчарбачэня («Шахцёр» Петрыкаў), Павел Кляньё («Макслайн»), Ігар Бабко («Баранавічы»), Кірыл Паўлючак («Крумкачы»), Дзмітрый Іваноў (завяршыў кар'еру ў 2021 годзе).

Фота: pressball.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты