Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/О духе времени/Інтэрв'ю Недасекава – маніфест спартоўца-людажэра: грошы – усё, асуджаць вайну не мае сэнсу, стаў засцілаць ложак – ужо малайчына

Інтэрв'ю Недасекава – маніфест спартоўца-людажэра: грошы – усё, асуджаць вайну не мае сэнсу, стаў засцілаць ложак – ужо малайчына

Хоча паглядзець у вочы няўдзячнаму ўкраінцу.

Аўтар — bytribuna com
26 студзеня 2023, 10:46
3
Інтэрв'ю Недасекава – маніфест спартоўца-людажэра: грошы – усё, асуджаць вайну не мае сэнсу, стаў засцілаць ложак – ужо малайчына

Скакун у вышыню Максім Недасекаў - даўні адэпт рэжыму Лукашэнкі. І быць такім яму не перашкаджаюць ні здзекі сілавікоў над беларусамі, якія не ўчынялі злачынстваў (хоць і з злачынцаў здзекавацца нельга), ні поўная падтрымка яго кумірам Расіі ў вайне з Украінай. Ужо ў 2023-м Недасекаў паспеў засведчыць сваю лаяльнасць, пабываўшы ў Лукашэнкі на прыёме.

Скакун ніколі не саромеўся наўпрост заяўляць, што важны яму ён сам, а далей - тыя, хто можа яму ў чымсьці паспрыяць, і ніхто больш. «Пра катаванні нічога сказаць не магу. Я не сачу, што ў краіне адбываецца. Нават калі гэта акажацца праўдай, чаму мне не падтрымліваць уладу? Я займаюся спортам, мне ўвогуле да гэтага не тое што няма такой вялікай справы, правільна?» – сказаў лёгкаатлет у размове са свабоднай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай у канцы 2020-га і ў цэлым мог больш нічога не дадаваць (але нагаварыў яшчэ шмат такога, ад чаго варта хапацца за галаву).

21 студзеня гэтага года Недасекаву споўнілася 25 - з гэтай нагоды з ім паразмаўляла дзяржТБ. У тэлеэфіры гэта заняло ўсяго-то дзевяць хвілін - але іх смела можна назваць маніфестам фаната рэжыму.

Не схібіў Недасекаў, калі яго папрасілі выказацца пра Украіну - то-бок пра ўзаемаадносінах з украінскімі супернікамі, якія ў скачках у вышыню ўваходзяць у сусветную эліту. Максім у адказ заявіў, што кантакты перапыненыя, як ён думае, назаўжды - а прычынай назваў тое, што ён "нібыта за вайну". Абвергнуць гэта скакун паспрабаваў заявай, што "любы нармальны чалавек супраць вайны" – аднак ёсць вялікія сумневы, ці нармальны той, хто апантана падтрымлівае рэжым, які дапамагае Расіі, хто фактычна заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у вайне, калі туды пашлюць (Недасекаў уваходзіць ва Узброеныя сілы і мае званне), і хто ў пачатку вайны пісаў вось гэта.

А вось напісаць «Не вайне» для Недасекава аказалася задачай празмернай – заклік да гэтага атлета «проста вырубаць пачаў». Скакун адказаў на яго проста ўзорнапаказальна для адэпта Лукашэнкі (Арына Сабаленка можа паставіць клас): «Навошта гэта выстаўляць? Нашае слова калісьці нешта вырашала? Канешне не". На гэтым фоне асабліва смешна, што супрацоўніца дзяржТБ назвала Недасекава «праўдарубам» – а той упэўнена пацвердзіў, што нібыта «заўсёды за сумленнасць, лепш няхай дрэнная будзе праўда, але затое яна праўда».

Асобныя прэтэнзіі ў Недасекава ўзніклі да ўкраінскага скакуна Андрэя Працэнка, які ў інтэрв'ю «Трыбуне» (няўжо прарэжымнік пачытвае забаронены для яго сістэмы сайт?) негатыўна апісаў Максіма і заявіў, што пасля непадтрымкі Украіны ставіцца да яго «цалкам адмоўна». Цяпер Недасекаў знайшоў вялікі контраргумент - толькі ўдумайцеся: атлет, які падтрымлівае памагатых вайны і ёрнічае над смерцямі на ёй, сур'ёзна пажаліўся, што Праценко «забыўся, хто на спаборніцтвах закруціў яму шыпаванне скотчам, каб мацней ступня трымалася»! Пасля гэтага дзівоснага супрацьпастаўлення Недасекаў пафасна дадаў, што яму «будзе цікава паглядзець украінцам у вочы» - як бы пры гэтым не атрымаць праміж іх, аднак.

Калі супрацоўніца дзяржТБ папрасіла Недасекава падвесці вынік чвэрці жыццёвага веку, нават яна была здзіўленая: скакун назваў выкананымі "ўстаноўкамі" ў сваёй кар'еры не якія-небудзь вынікі на турнірах, а ўласнае жыллё і "машыну мары" (BMW больш чым за 100 тысяч еўра) . А спартовыя медалі атлет шануе настолькі мала, што ў цэнтры яго калекцыі - не нейкі кубак за скачкі, а статуэтка, якую яму выдалі пасля трохмесячных курсаў дыджэінгу.

Зрэшты, трапяткое стаўленне Недаскекава да грошай - не навіна. Яшчэ ў 2018-м Недасекаў прызнаваўся, што на любым турніры думае, колькі можна зарабіць, і цэліў на набыццё кватэры, адказваючы магчымым хейтэрам, што яны могуць пісаць што заўгодна, але самі жыллё не купяць (незразумела толькі, з чаго ён гэта ўзяў).

У 2023-м скакун толькі пацвердзіў, што ў яго "ўсё элементарна" - "велізарным стымулам" у прынцыпе спаборнічаць былі менавіта грошы за пэўныя месцы на турнірах, аж да таго, што медаль на Алімпійскіх гульнях для атлета быў "больш фінансавым пытаннем". Недасекаў нават паўшчуваў калегаў – маўляў, «80-90% спартоўцаў кажуць, што вось патрэбны медаль», калі насамрэч ім «патрэбныя фінансы». Скакуну фінансы патрэбны да такой ступені, што падчас адной са сваіх траўмаў ён паставіў спорткар'еру пад пагрозу - пайшоў зарабляць дастаўшчыкам сушы, а ў працэсе нарваўся на рэцыдыў, які вярнуў атлета ў лякарню.

Звяртала на сябе ўвагу і тое, што Недасекаў упіраў на свой узрост - маўляў, асабліва крута, што ён мае свае матэрыяльныя даброты ўжо цяпер, чым "ганарацца бацькі", бо "людзі да 25 гадоў рэдка нешта маюць і зарабляюць". Цяжка паспрачацца, што адукацыя з размеркаваннем і агульная сітуацыя з заробкамі як могуць спрыяюць беднай маладосці ва ўмовах рэжыму, які перашкаджае зарабляць і маладым калегам Недасекава - яшчэ да міжнароднага бана, якога не было б без калабарацыі з Расіяй у вайне, сталі забараняць выезды на камерцыйныя. старты.

Цяпер жа Недасекаў прымудрыўся адначасова заявіць, што ва ўмовах міжнароднага бана тым, хто ўдзельнічае ў спаборніцтвах «без наймацнейшых беларусаў і рускіх, добра, а нам яшчэ лепш» – але беларускім спартоўцам абавязкова «патрэбны спаборніцкі досвед, калі яго не будзе, дык спартоўцы проста будуць тухнуць», таму што ў Беларусі, як раптоўна аказалася, слабая канкурэнцыя (а інакш, па словах атлета, і не патрэбна было б ніякае замежжа).

Дзеля гэтага самага досведу Недасекаў - о цуд! - гатовы забыцца пра фінансы: "Калі нам дадуць магчымасць выступаць у Азіі ці ў той жа Расіі, мы гатовыя выступаць без сродкаў". Да гэтай фразы скакун такі дадаў і «скажу за сябе».

Зрэшты, ёсць яшчэ адзін момант, калі Недасекаў, паводле яго слоў, не думае пра фінансы - знаходжанне на п'едэстале. Аднак для чысціні думак яшчэ абавязкова патрэбна дзяржсімволіка наўкола - яна ў скакуна выклікае эмоцыі, у прыватнасці, гонар, якія "звычайны чалавек не зразумее" (хоць мы думаем, што каля 3% зразумеюць абавязкова). Пры гэтым скакун раптоўна заявіў, што нейкія "мы" прадстаўляюць не толькі "дзяржаву, сцяг, гімн", але і "наш народ". Магчыма, гэта для Недасекава зусім не народ Беларусі, а нейкая асобная сукупнасць людзей - бо раней ён сапраўды прызнаваўся, што на тых, хто яго не падтрымлівае (а такіх у народзе Беларусі больш чым дастаткова), яму ўсё роўна.

Тым больш дзіўныя такія свежыя словы скакуна: «Зразумела, былі Еўрапейскія гульні, матч Еўропа-ЗША, калі прыходзілі людзі і заўзелі, а калі браць зараз чэмпіянаты Беларусі ці нешта, мала хто прыходзіць заўзець. Нам патрэбная падсілкаванне ад гледачоў». Здаецца, яго варта прасвятліць наконт адміністратыўнага забеспячэння таго, што на згаданыя спаборніцтвы «прыходзілі», – хаця, магчыма, сістэма, наадварот, пачуе скакуна і зноў забяспечыць «падсілкаваньне» на дробным узроўні.

Па-за рэжымным светам, што лагічна, па сукупнасці выказванняў да Недасекава даўно і шмат хто з беларусаў ставіцца негатыўна – і мы не здзівіліся, калі ў 2022-м скакун «павесіў замок» на свой Instagram-акаўнт. Аднак на госТБ лёгкаатлет брава даваў рэцэпты, як даць рады хейтэрам - і ніякага замкнення магчымасці рэакцый у спісе не было, толькі парады "не звяртаць увагі" і шукаць падтрымкі ў сваякоў і сяброў.

Заадно Недасекаў заявіў, што негатыўныя каментары (іх нібыта было «пад шэсць тысяч») у ягоным акаўнце пакідалі «людзі, якія баяліся і хавалі сваю асобу» – і моцна здзівіўся, чаму «ў твар гэтага ніхто не кажа». Скакун таксама паіранізаваў над нейкімі суседзямі па пад'ездзе: «Пісаць яны маглі, а калі сустрэча ў твар – усё: «Добры дзень, добры дзень». Увогуле, здаецца, Недасекаў яшчэ і не чуў ці не захацеў пачуць пра «справу Зельцэра» і да таго падобных – а тых, хто пісаў лёгкаатлету з «акаўнтаў без фатаграфій», мы выдатна разумеем: не хапала яшчэ праз такога грамадзяніна рызыкаваць патрапіць за краты.

Апроч усяго іншага, Недасекаў заявіў, што «пачынае сталець» (самы час у 25) – і апісаў свежую прыкмету гэтага: «Нядаўна пачаў засцілаць за сабой ложак. Раніцай прачнуўся - заслаў ложак. Не тое, што раней: прачнуўся - усё, на трэніроўку прыехаў, разасланы ложак - усё, лёг спаць. Адразу засцілаць ложак. Ужо добра». Заадно скакун сказаў, што любіць парадак, для чаго «спрабуе» прыбірацца, пыласосіць і мыць падлогі, і нават памые посуд, «калі трэба». Аднак пры гэтым па кватэры "могуць быць раскіданыя шкарпэткі, без гэтага таксама нікуды" (як мы памятаем, шкарпэткі ў Недасекава бываюць нават алкагольныя). Рыхтуе ежу прарэжымнік "рэдка, ёсць каму гэтым займацца" - мабыць, аднадумцы, гімнастцы Лаліце Мацкевіч, якая з паўгода таму замяніла Недасекаву жонку, а з нядаўнім днём нараджэння павіншавала, назваўшы "маё ўсё".

Іншыя пасты блога

Усе пасты