Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Мінск» і «Гомель» дакладна без Еўропы (АБФФ быццам не верыла ў Кубак у БАТЭ) – але «гараджанам» не да таго, а ў «рысяў» затык, які пагражае і «Тарпеда-БелАЗ»

«Мінск» і «Гомель» дакладна без Еўропы (АБФФ быццам не верыла ў Кубак у БАТЭ) – але «гараджанам» не да таго, а ў «рысяў» затык, які пагражае і «Тарпеда-БелАЗ»

На поўдні незадаволеныя, у Жодзіна не баяцца.

Аўтар — bytribuna com
22 траўня, 20:00
1
«Мінск» і «Гомель» дакладна без Еўропы (АБФФ быццам не верыла ў Кубак у БАТЭ) – але «гараджанам» не да таго, а ў «рысяў» затык, які пагражае і «Тарпеда-БелАЗ»

11 траўня белфутбол моцна змяніла справа «Шахцёра». У тым ліку па месцах у еўракубках – «гарнякі» і «Энергетык-БДУ» з-за скандалу не атрымалі патрэбных ліцэнзій.

Пры гэтым яшчэ да вынясення рашэння на еўракубкавыя дазволы падаліся каманды без права там гуляць – але чамусьці не «Мінск» і «Гомель», якія занялі 6-е і 7-е месцы ў ЧБ-2022 і пры пэўных раскладах пасля вердыкту АБФФ цалкам маглі прэтэндаваць на трып у Еўропу. Чаму так здарылася? Самі клубы ўпусцілі магчымасць або вінаватая АБФФ? Як наогул справы ў «гараджан» і «рысяў», са стану якіх паступалі звесткі пра фінансавыя пытаннi рознага характару?

«Трыбуна» даведалася падрабязнасці – і расказвае сваім чытачам.

Падаецца, у АБФФ не верылі, што БАТЭ можа ўзяць Кубак, у «Гомелі» засталіся незадаволеныя

11 мая АБФФ паведаміла, што разгледзела восем заявак на мужчынскія еўракубкавыя ліцэнзіі – «Шахцёру» і «Энергетыку-БДУ» адмовіла, а астатнія шэсць задаволіла. «Гарнякі» і «студэнты» падалі апеляцыі, але і тут поспеху не дабіліся.

Атрымалі ліцэнзіі, у сваю чаргу, каманды, для якіх гэта выглядала ў той ці іншай ступені лагічна і без справы «Шахцёра». БАТЭ з трэцяга месца ЧБ-2022 і так павінен быў гуляць у Еўропе (зараз рыхтуецца ў Лігу чэмпіёнаў замест Лігі канферэнцый). Мінскае «Дынама» магло прэтэндаваць на ЛК, калі Кубак Беларусі выйграў бы «Шахцёр» або БАТЭ (зараз месца ў трэцім еўракубку сталічнаму клубу гарантаванае). А «Тарпеда-БелАЗ», «Нёман», «Славія» (8-10 месцы ў мінулым ЧБ) выйшлі ў паўфінал Кубка – гэта значыць былі ў трох кроках ад еўракубкавай ліцэнзіі па спартыўным прынцыпе. З улікам некаторых тэрмінаў, пра якія ніжэй, іх юрыдычныя дзеянні цалкам зразумелыя.

Праўда, яшчэ адну ліцэнзію атрымала «Іслач» – яна заняла пятае месца ў ЧБ-2022, вылецела ў 1/8 Кубка і ў нармальным раскладзе ў еўракубкі ўжо ніяк не трапляла. Аднак пра праблемы «Шахцёра» стала вядома яшчэ ў пачатку года – так што «ваўкі» маглі на нешта спадзявацца. Чаму ж тады на ліцэнзіі не падаліся «Мінск» і «Гомель», якія фінішавалі ў мінулай «вышцы» шостым і сёмым? Расказваем, як развівалася сітуацыя.

Калі ў студзені вакол «Шахцёра» пачаліся рухі сілавікоў Лукашэнкі, у АБФФ зразумелі, што каманда, хутчэй за ўсё, застанецца без еўракубкавай ліцэнзіі – у цяперашнім УЕФА падобныя сітуацыі вельмі не любяць. Больш за тое, такую ж выснову ў федэрацыі зрабілі і па «Энергетыку-БДУ» – ведалі больш, чым аўдыторыя, да якой першая інфармацыя пра магчымае пакаранне «студэнтаў» пратачылася ў красавіку. Праўда, выніковага пазбаўлення медалёў і зняцця вялізнай колькасці ачкоў у федэрацыі зусім не чакалі, але гэта ў нашай сітуацыі не галоўнае.

У лютым дэпартамент ліцэнзавання АБФФ вырашыў прапанаваць даслаць дакументы на еўракубкавыя допускі не клубам па месцах у ЧБ-2022 ніжэй за пятае, а ўдзельнікам чвэрцьфіналу Кубка Беларусі. Заяўкі патрабавалася падаць да 1 сакавіка, то бок яшчэ да пачатку стадыі 1/4. Але «Мінск» і «Гомель» выбылі з Кубка яшчэ ў 1/8 – таму ім прапаноў і не паступала. І ўсё было б нічога, калі б Кубак выйграў нехта з тых, хто яшчэ не меў спартыўнага права на матчы ў Еўропе – тады пераможца і забраў бы чацвёртую пуцёўку ў еўракубкі, а тры першыя дасталіся б БАТЭ (якому і так было належна), мiнскаму «Дынама» і «Іслачы» (якія падаліся на ліцэнзіі, разумеючы, што ў выпадку бана «Шахцёра» ім ці гарантаванае, ці свеціць еўрамесца).

Толькі вось калі б Кубак выйграў БАТЭ, то пры бане «Шахцёра» і «Энергетыка-БДУ» пуцёўка «пераязджала» якраз да клуба, які заняў шостае месца ў ЧБ-2022. Мяркуючы па тым, што ў АБФФ увогуле не падстрахаваліся на гэты выпадак, у барысаўчан там увогуле не верылі. Аднак жа БАТЭ выйшаў у фінал – і актуалізаваў пытанне магчымай пуцёўкі для «Мінска». Хаця «гараджане» па прычынах, пра якія ніжэй, асабліва і не прэтэндавалі на месца. Але тады яго магла б заняць сёмая каманда мінулай «вышкі» – «Гомель». Аднак там не меркавалі, што так усё складзецца.

Як стала вядома «Трыбуне», калі «паўднёвыя» зразумелі, да чаго ідзе справа, то паспрабавалі высветліць, ці магчыма ў сувязі з новымі абставінамі падаць заяўку на еўракубкі па-за тэрмінамі. Але ў АБФФ развялі рукамі – маўляў, усе дэдлайны пройдзеныя. Па нашай інфармацыі, у «Гомелі» засталіся незадаволеныя, што клуб пазбавілі нават тэарэтычнай магчымасці прэтэндаваць на атрыманне ліцэнзіі. А чацвёртая пуцёўка канчаткова адышла «Тарпеда-БелАЗ» – клуб атрымае яе або як пераможца Кубка, калі ў фінале абыграе БАТЭ, або як уладальнік восьмага месца ЧБ-2022.

«Тарпеда-БелАЗ» у Еўропе пагражае тая ж праблема, што ў «Гомеля» (не вырашылі да гэтага часу)

Што тычыцца «Гомеля», нельга сказаць, што ў клубе зараз нейкае бядотнае становішча. Зарплаты ў камандзе невысокія, вельмі далёкія ад лімітнай столі – затое па іх няма ніякіх затрымак.

Але ёсць у «паўднёвых» іншая фінансавая праблема – з грашыма ад УЕФА за мінулы год. Сродкі належаць «Гомелю» за ўдзел у кваліфікацыі Лігі канферэнцый, куды пуцёўку здабылі дзякуючы перамозе ў Кубку-2021/22. У стартавым для сябе раўндзе беларуская каманда без асаблівых шанцаў выбыла ад грэчаскага «Арыса» (1:5, 1:2), але нават за гэта гамяльчанам належала 450 тысяч еўра.

Аднак у снежні 2022-га дырэктар клуба Васіль Драздоў у інтэрв'ю мясцоваму прарэжымнаму СМІ заявіў, што сродкі так і не паступілі. Драздоў казаў, што ў «Гомелі» «разлічвалі на гэтыя грошы» і будуць разлічваць на паступленне ў 2023-м, але ўсё застопарылася з-за таго, што клубны «заснавальнік уключаны ў санкцыйны спіс». Праз некалькі гадзін пасля выхаду матэрыялу з сайта выдання яго выдалілі.

Што за «заснавальнік» – сакрэт Полішынеля: са снежня 2021-га ў санкцыйны спіс Еўразвяза ўключаная «Беларуснафта». Як удалося высветліць, з-за санкцый да прадпрыемства, што дзейнічаюць дагэтуль, УЕФА так нічога і не даслаў клубу.

Роўна такая ж праблема пагражае і «Тарпеда-БелАЗ». У АБФФ папярэдзілі пра гэта, калі жодзінскі клуб падаваўся на еўраліцэнзію, – бо БелАЗ, сувязь з якім больш чым відавочная, пад санкцыямі ЕС яшчэ з чэрвеня 2021-га. Але жодзінцаў перспектыва не атрымаць грошай ад УЕФА не збянтэжыла – яны сабралі дакументы, атрымалі патрэбны дазвол і рыхтуюцца гуляць у Еўропе.

«Мiнску» не да еўракубкаў: бос у АБФФ усё ж сышоў, а праблемы з грашыма – не

Цяпер падрабязней пра сітуацыю ў «Мінску». «Гараджане» ўжо не першы год жывуць з даўгамі. Асабліва цяжка стала пасля таго, як у сярэдзіне 2021-га клубам стаў кіраваць заўзяты прыхільнік рэжыму Лукашэнкі, а цяпер першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч. У 2022 годзе былы арбітр, раптоўна пастаўлены на кіраўнічую пасаду, раскрыўся па поўнай – далёка не з найлепшага боку. У клубе і так былі невялікія кантракты – толькі лідары Уладзімір Хвашчынскі і Антон Шрамчанка павінны былі атрымліваць сумы, блізкія да месячных лімітаў у 8,5 тысячы рублёў, астатнім гульцам належала ў разы менш. Але нават гэтага спартсмены не бачылі практычна ўвесь сезон.

У выніку зімой многія футбалісты падалі ў суд на «Мінск» у надзеі атрымаць належнае. У выніку яны выйгралі свае справы, а клуб абавязалі расплаціцца па даўгах. Па нашай інфармацыі, у апошняй дэкадзе студзеня гэтага года футбалістам усё ж выплацілі абяцанае. Праўда, некаторыя спадзяваліся атрымаць і прэміяльныя за перамогі, але яны былі толькі на словах. На працягу года начальнікі абяцалі ў канцы сезона выплаціць гульцам за кожную перамогу да 800 рублёў на чалавека ў залежнасці ад яго ўнёску. Але з-за таго, што ў пісьмовым выглядзе такіх бонусаў не існавала, то ў судах клуб, так бы мовіць, зрабіў здзіўлены выгляд – і гульцам на віртуальныя грошы прыйшлося забыцца. Акрамя таго, у лютым з'явілася інфармацыя, што з клубам судзіцца і падатковая Лукашэнкi па Цэнтральным раёне Мінска, але, як удалося даведацца, гэтае пытанне «Мінск» змог уладзіць.

У сезоне-2023 з выплатамі для футбалістаў і трэнераў у «Мінску» лепш не стала. Паводле нашых звестак, сёлета максімальныя заробкі ў кантрактах гульцоў «Мінска» не перавышаюць адзнакі ў паўтары тысячы долараў. Але на такія сумы могуць разлічваць адзінкі. Сярэдні заробак у разы меншы – каля 1000 рублёў. Але выплачваюцца толькі грошы, узятыя з паступленняў з дзяржбюджэту, – а гэта ў раёне 300-400 рублёў у месяц на чалавека. Дарэчы, у некаторых футбалістаў так пакрываецца, уласна, увесь заробак, але такіх людзей у клубе таксама няшмат.

Лягчэй за ўсё спраўляцца пры такіх умовах гульцам, якія бясплатна жывуць на базе «Мінска», да чаго прыкладаецца таксама бязвыплатнае харчаванне ў адной са сталовых. А вось футбалісты, якія здымаюць кватэры, і ядуць за свае, і на арэнду жылля дапамогі ад «Мінска» не атрымліваюць.

У «гараджан» абкатаны метад, як пакідаць у сябе гульцоў, нягледзячы на даўгі

Па нарматыўна-прававых актах АБФФ гульцы, якім клуб не плаціць заробак у поўным аб'ёме на працягу трох месяцаў, могуць у аднабаковым парадку скасаваць кантракт і ў бліжэйшае трансфернае акно далучыцца да іншага ФК. У «Мінску» гэта ведаюць, але даўно апрабавалі метад процідзеяння.

«Зарплатны адлік» звычайна пачынаецца з сярэдзіны студзеня, калі калектыў выходзіць з водпуску. На працягу трох месяцаў футбаліст не атрымлівае заробак у поўным аб'ёме – але не піша скаргу ў АБФФ, таму што ў выпадку яе задавальнення застанецца без клуба да адкрыцця летняга трансфернага акна, гэта значыць да сярэдзіны ліпеня. Спартсмен адцягвае працэс на месяц, другі, але калі даўгі назапашваюцца за пяць месяцаў, і гулец ужо гатовы звяртацца ў федэрацыю, яму прыходзяць грошы за першыя тры месяцы. Адпаведна, «Мiнск» застаецца павінен толькі за два месяцы – тэрмін, недастатковы для разрыву дамовы.

Праз некалькі тыдняў тэрмін па пазыках зноў дасягае трох месяцаў, але на двары ўжо ліпень. Клуб у гэты момант нават ніяк не адгаворвае футбалістаў ад скарг – бо ведае, што разбіральніцтва ў палаце па вырашэнні спрэчак АБФФ займае мінімум месяц. За гэты час летняе трансфернае акно зачыняецца – і футбаліст, скасаваўшы дамову з «Мiнскам», застанецца без працы да наступнага года. Па выніку «гараджане» проста застаюцца ў камандзе і атрымліваюць мінімальныя грошы, а ўжо зімой пачынаюць суды з клубам.

Адкуль у «Мінска» раптам з'яўляюцца грошы вясной, каб заплаціць за тры месяцы? Усё проста – падключаецца адміністрацыйны рэсурс у выглядзе выканкама Лукашэнкі па Мiнску, пад якім ходзяць «гараджане». Чыноўнікі банальна могуць націснуць на «спонсараў» у выглядзе дзяржпрадпрыемстваў – і пасля пералічэнняў ад іх грошы паступаюць футбалістам.

Шмат у чым падобная гісторыя з трэнерамі «Мінска», толькі яны не пішуць заявы ў АБФФ. Як нам удалося даведацца, зарплаты спецыялістаў у клубе зусім невялікія: у галоўнага трэнера асноўнага складу Сяргея Яромкi – пара тысяч рублёў, у трэнера дубля і каманд старэйшых ліцэнзійных узростаў – у раёне тысячы. Але ўсе яны атрымліваюць, як і футбалісты, толькі тую частку, якую можна ўзяць з дзяржбюджэту, а гэта 370-380 рублёў. У выніку тыя ж трэнеры ліцэнзійных узростаў церпяць і падзарабляюць у іншых месцах: у прыватных футбольных школах, у таксі і гэтак далей. Свае грошы яны атрымліваюць перад аўдытарскай праверкай, у снежні-студзені. Такая схема дзейнічае не першы год.

Акрамя таго, нам удалося высветліць цікавую дэталь з жыцця жаночага «Мінска». Нядаўна, як вядома, з камандай падпісала кантракт канадская футбалістка Патрысія Ламана, колькасць падпісчыкаў якой у Instagram ужо пераваліла за мільён. У бягучым сезоне форвард прыняла ўдзел у шасці матчах (агульны найгрыш – 288 хвілін) і забіла сем мячоў.

Як атрымалася высветліць, першы час 25-гадовая дзяўчына жыла на базе клуба, але потым ёй сказалі, каб яна шукала сабе кватэру – прычым за свае грошы. Пры гэтым заробак у форварда ўсяго 900 рублёў, ды і то гэтыя грошы, як вы ўжо зразумелі, выплачваюцца не цалкам і з затрымкамі. У Патрысіі знайшліся грошы, каб з'ехаць у арэнднае жыллё – хоць і не без праблем: банкаўскія карткі канадкі ў Беларусі не працавалі. Футбалістка знайшла выйсце, але зараз, па сутнасці, жыве ў Беларусі за свой кошт.

Кіруе сталічным клубам былы футзаліст з вопытам у валейболе і медалём з бацькам Кудраўца

У сакавіку 2023-га Васілевіч, будучы кіраўніком «Мінска», атрымаў пасаду першага намесніка старшыні АБФФ, што супярэчыць статуту федэрацыі. Але гэта нікога не збянтэжыла, нават прадстаўнікоў УЕФА і ФІФА, якія прысутнічалі на «справаздачна-выбарнай канферэнцыі».

Васілевіч працягнуў выконваць некалькі роляў у белфутболе – яшчэ і неафіцыйна ўзяўся за прызначэнне суддзяў на матчы. Пры гэтым функцыянер займаўся працэсам звальнення з «Мінска» – і нават хацеў звольніцца з клуба заднім чыслом, каб парушэння статута АБФФ нібыта не было. Аднак кіраўнік выканкаму Лукашэнкі па Мiнску Уладзімiр Кухараў адмовіўся падпісваць такія дакументы.

У другой палове красавіка стала вядома, што Васілевічу ўсё ж удалося афіцыйна сысці з пасады старшыні «Мінска». Пры гэтым, паводле сайта клуба, афіцыйна іншага старшынi ў «гараджан» да гэтага часу няма. Аднак, паводле інфармацыі «Трыбуны», ужо некалькі тыдняў ягоныя абавязкі выконвае намеснік старшыні «па асноўнай дзейнасці» Аляксей Сытаў, які ўжо і ў СМІ выступае ад імя «Мінска».

Сытава прыйшоў у клуб пры Васілевічу у канцы лета 2022 года. 43-гадовы функцыянер у свой час скончыў БДЭУ, а за некалькі гадоў да гэтага атрымаў дыплом Расійскай міжнароднай акадэміі турызму. Футбольны вопыт у Сытава ёсць – праўда, у асноўным у зальной разнавіднасці. Ураджэнец Барысава шмат гадоў аддаў мясцоваму міні-футбольнаму клубу «Барысаў-900». У «нулявых» і пачатку 2010-х гуляў за каманду на пазіцыі абаронцы, стаў лідарам, шмат гадоў капітаніў. Пры гэтым, як гавораць гульцы, якія перасякаліся з Сытавым на пляцоўцы, быў спартсменам сярэдняга ўзроўню. Прафесійную спартыўную ка'еру Аляксей скончыў у сезоне-2014/15, да таго часу ён паспеў правесці за «Барысаў-900» 354 матчы ва ўсіх турнірах – гэта да цяперашняга часу рэкорд МФК. Пасля перайшоў у трэнерства і ўзначаліў маладзёжны склад клуба. У 2014 годзе хлопцы пад кіраўніцтвам Сытава сталі нават пераможцамі маладзёжнага чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.

Стаўшы трэнерам, Сытаў усё роўна не забіў у сабе гульца. Будучы функцыянер перыядычна гуляў за каманды «Нова» і «Мастак» з Барысава ў адной з аматарскіх ліг. Прычым у сезоне-2017 Сытаў у форме «Новы» за 13 матчаў зарабіў 15 (7+8) ачкоў па сістэме «гол+пас». Годам раней прымаў удзел у Кубку Мінскай вобласці па міні-футболе за «Барысаў-900-БКПК». Каманда заняла на турніры другое месца, а Сытаў быў прызнаў адным з двух найлепшых гульцоў спаборніцтваў. Ну а летась каманда Барысаўскага раёна з Сытавым у складзе стала ўладальнікам «срэбра» ветэранскага Кубка Мінскай вобласці па міні-футболе. Сярод партнёраў па камандзе ў Сытава быў і бацька цяперашняга варатара БАТЭ Андрэя Кудраўца Руслан.

Сытаў – другі справа ў верхнім шэрагу, Кудравец – першы злева ў ніжнім шэрагу

У сезоне-2019/20 Сытаў нават заявіўся за «Барысаў-900» і трапляў на лаўку ў 15 матчах – але камбэка не здарылася. Да таго часу Сытаў ужо працаваў у барысаўскім валейболе – у розныя гады быў трэнерам-адміністратарам ВК «Барысаў-БДУФК», дырэктарам клуба і кіраўніком мясцовай валейбольнай ДЮСШ.

Некалькі гадоў таму вызначыўся Сытаў і ў палітыцы – у 2018-м быў сябрам выбарчай камісіі на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў Лукашэнкі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты