Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Дакладна лепшы за бабулю, нічога асаблівага, вядучы спецыяліст. Што калегі кажуць пра Скрыпчанку

Дакладна лепшы за бабулю, нічога асаблівага, вядучы спецыяліст. Што калегі кажуць пра Скрыпчанку

Падобны да Малафеева, ходзяць размовы пра ўплыў агентаў.

Аўтар — bytribuna com
26 траўня, 17:00
2
Дакладна лепшы за бабулю, нічога асаблівага, вядучы спецыяліст. Што калегі кажуць пра Скрыпчанку

Мінскае "Дынама" ў гэтым сезоне пакуль страціла ачкі толькі ў адным матчы за дзевяць тураў. Калектыў паспяхова карыстаецца той перавагай, якую стварыла для яго Мінспорту Лукашэнкі. І ў гэтай эфектыўнасці вялікая заслуга Вадзіма Скрыпчанкі, які ўзначаліў калектыў летась у лістападзе. Пра спецыяліста шмат пазітыўных водгукаў. Веньямін Арзамасцаў, напрыклад, бачыць, што гэта «добры і якасны трэнер». А абаронца "Дынама" Руслан Хадаркевіч у захапленні ад экспрэсіі Скрыпчанкі на тэарэтычных занятках, з-за чаго слухае яго з адкрытым ротам.

Пры гэтым часам пра спецыяліста гучаць і жорсткія водгукі. Прэзідэнт «Урала» з расейскага Екацярынбурга апускаўся да абраз на адрас беларуса, а на днях па Скрыпчанку прайшоўся расійскі агент Дзмітрый Сялюк, які перакананы, што Скрыпчанка не павінен узначальваць такі вялікі клуб, як «Дынама».

А што пра 47-гадовага Скрыпчанку думаюць у беларускай футбольнай супольнасці? Нам удалося сабраць некалькі меркаванняў.

«Ад яго спічаў некаторых прабірае да мурашак»

Беларускі трэнер

- Калі пачаць з таго, чаму «Дынама» займае першы радок у табліцы, то на гэта ўплывае шмат фактараў. Першы, і самы галоўны, - заступніцтва «Мінспорту» [Лукашэнкі]. Гэта адбіваецца і на судзействе, і на шматлікіх іншых каляфутбольных момантах.

Што да Вадзіма Скрыпчанкі, то не ад аднаго чалавека чуў, што гэта сапраўдны прафесіянал, з разуменнем футбола і дасканалым стаўленнем да сваёй справы. Хлопцы, якія зараз гуляюць у «Дынама», кажуць, што Скрыпчанка - моцны матыватар, вельмі ўплывае на калектыў. Гэта дапамагае яму дасягаць з камандай выніку.

- Як выяўляецца яго ўменне матываваць?

- З таго, што мне расказвалі, - Скрыпчанку можна параўнаць з Эдуардам Малафеевым. Ён таксама ўмее запаліць, выдае праніклівыя спічы, у яго тэарэтычныя заняткі цікавыя. Умее запаліць і перад матчамі, і ў перапынках. І яго спічы падмацоўваюцца тактычнымі момантамі, нюансамі, выкананне якіх ён патрабуе ад футбалістаў.

- То бок словы Хадаркевіча пра тое, як ён слухаў Скрыпчанку з адкрытым ротам, не перабольшанне?

- Шмат хто мне такое распавядаў.

- А як трэнер матывуе гульцоў?

- Ведаю, што ён параўноўвае каманду з вялікай лодкай, дзе ў кожнага - вясло, і ўсе разам вяслуюць. Усе, закасаўшы рукавы, грабуць, але сёння, напрыклад, два чалавекі кінулі вёслы - таму стала цяжэй. А дасягнуць мэты можна толькі сумеснай працай. І ўсё гэта прамаўляецца так эмацыйна, з такім натхненнем, што некаторых футбалістаў і прабірае да мурашак.

Плюс у Скрыпчанкі ёсць уменне згуртаваць калектыў, ён ведае, калі і якія словы падабраць. У плюс трэнеру яшчэ і тое, што ў ягонай камандзе цяпер гуляюць дасведчаныя хлопцы. Напрыклад, Сяргей Паліцевіч, сапраўдны важак, капітан. Той жа Сачыўка. Старэйшыя хлопцы ведаюць, як згуртаваць калектыў, як дапамагчы трэнеру ў гэтых пытаннях.

- Вы сказалі, што Скрыпчанка - прафесіянал. Што гэта значыць у трэнерскім разуменні?

- Ён жыве гульнёй, дасканала разбірае супернікаў, прыкмячае тактычныя моманты. Умее абраць дакладную тактыку ў залежнасці ад апанента, ад іншых фактараў. Не раз чуў, што Скрыпчанка жыве футболам 24/7. Шмат увагі надае дробязям, умее пісьменна данесці да падапечных, як уваходзіць у тую ці іншую зону, як разбураць абарону суперніка. Ды вы самі ўспомніце, як Скрыпчанка, калі яго запрашалі на трансляцыю матчаў на «Беларусь 5», разбіраў гульню каманд. Відаць, што чалавек разумее, пра што кажа. І гэта ўсё падмацавана вялікім досведам працы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

У маім разуменні, па беларускіх мерках гэта сапраўды моцны трэнер. Тое, што ён зрабіў летась з "Мінскам", з абмежаваным складам і магчымасцямі, пацвярджае яго ўзровень.

Калі шчыра, вельмі моцна здзівіўся, калі Дзмітрый Сялюк пачаў крытыкаваць Скрыпчанку. Але, з іншага боку, ведаючы гэтага агента, яго манеру стасункаў, асабліва ў выпадках, калі трэнеры ўшчамляюць інтарэсы ягоных гульцоў, усё чакана. Сялюк у свой час і пра Гвардыёлу неўхвальна адклікаўся, але ад гэтага Гвардыёла не стаў слабым трэнерам :). Так, у Селюка ёсць сваё меркаванне, яно мае права на жыццё, але ў маім разуменні Скрыпчанка для Беларусі вельмі добры трэнер.

- І словы Селюка пра тое, што Скрыпчанка не павінен працаваць у такіх вялікіх клубах, як «Дынама», - гэта проста спроба ўкалоць?

- Зноў жа, а што мы разумеем пад «вялікімі клубамі»? Для Беларусі «Дынама» - гэта вялікі клуб, груба кажучы, уся краіна цяпер працуе на яго. Але калі разабрацца, хто мусіць працаваць з такімі камандамі? Скрыпчанка - трэнер новай хвалі, меў нядрэнную гульнявую кар'еру, сам працаваў са шматлікімі клубамі. І што, яму не працаваць з калектывамі, якія ставяць чэмпіёнскія задачы?

Тым больш Скрыпчанка называўся адным з кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай.

- Ён здольны палепшыць вынікі «нацыяналкі»?

- Ад гэтай каманды ў прынцыпе нельга чакаць выніку, хто б яе ні ўзначальваў. Каго ні пастаў, але трэба цвяроза глядзець на рэчы. Мы яшчэ на самае глыбокае дно не апусціліся, і гэта трэба прыняць, гэта нашыя рэаліі. Аднак гэта не значыць, што нічога не трэба мяняць, перамены ў любым выпадку патрэбныя.

- Па-вашаму, Скрыпчанка - прыдатная кандыдатура на пасаду галоўнага трэнера зборнай?

- Што тычыцца яго трэнерскай працы (узаемадзеянне з камандай, тактычныя разборы, матывацыя, тактыка, мікраклімат і гэтак далей), думаю, Скрыпчанка мог бы нешта змяніць. Хаця ў зборнай цяпер нешта складана змяніць. Як гэта зрабіць, калі нельга выклікаць усіх наймацнейшых футбалістаў? Калі гульцам нацыянальнай зборнай па зусім не спартовых чынніках забараняюць гуляць у «нацыяналцы», як гэта назваць? Забараняюць гуляць хлопцам далёка не старым, тым, хто можа прыносіць карысць нашаму футболу. Але з прычыны таго, што хлопцы маюць сваё меркаванне, ім увогуле забаранілі гуляць. Не кажу ўжо пра зборную. Калі не лічыце іх патрыётамі сваёй краіны, дык проста не выклікайце ў «нацыяналку», але чаму забараняеце займацца сваёй справай? У нас жа ў "канстытуцыі" прапісана, што кожны мае права на працу. Чаму нехта гэтае права абмяжоўвае? Чаму з людзей ужо які месяц, які год здзекуюцца? Ну, скажыце вы хлопцам, што гуляць яны ў Беларусі не будуць у любым выпадку. Тады нехта з'едзе за мяжу, пагуляе там ці скончыць, нечым будзе займацца. Эх... Бачыце, як мы перайшлі ад адной канкрэтнай персоны да набалелага...

Ну а калі вяртацца да Скрыпчанкі, то ў маім разуменні, заснаваным на зносінах з тымі, хто з ім працаваў ці працуе, а таксама на ўласных назіраннях, - ён сапраўды добры трэнер.

- Чаму ж тады не ўхвалілі ягоную кандыдатуру ў АБФФ?

- Таму, што ён не «ручны», а мае сваё меркаванне і бачанне футбола. Я так думаю.

- Як лічыце, чаму ў Скрыпчанкі не атрымалася ў Расіі?

- Вы маеце на ўвазе, што пад яго кіраўніцтвам каманды выбывалі з РПЛ? Дык, прабачце, а да прыходу Скрыпчанкі каманды не выбывалі? Тыя ж «Крылы Саветаў» - гэта каманда-ліфт. Грошы ёсць - гуляюць у РПЛ, праблемы з фінансаваннем - паніжэнне ў класе. Так што я б Скрыпчанку не вінаваціў у тых няўдачах.

- Калі «Дынама» стане чэмпіёнам, якая ў гэтым будзе заслуга Скрыпчанкі?

- Па-мойму, чэмпіёнства гэтага клуба нават не абмяркоўваецца, гэта вырашаны факт :). Усе ўжо ў Беларусі гавораць, што «Дынама» - чэмпіён.

Нядаўна натыкнуўся на цытату аднаго трэнера, які сказаў: "Трэнер уплывае на трэнавальны працэс на 90 працэнтаў, а футбалісты - на 10. У гульні футбалісты ўплываюць на вынік 90 працэнтаў, а трэнер - на 10". Складана сказаць, якім у працэнтах будзе ўнёсак Скрыпчанкі ў чэмпіёнстве "Дынама". Ён так ці інакш частка каманды, сабраў яе, падбіраў футбалістаў пад сябе, трэнуе іх. Так што калі даб'ецца выніку, то, зразумела, унёсак будзе важкім.

"Трэнер як трэнер, нічога асаблівага"

Беларускі трэнер

- Шчыра кажучы, у мяне стаўленне да Скрыпчанкі як да трэнера, скажам так… Дакладна не назаву яго топ-спецыялістам. У нас такі ўзровень чэмпіянату, што меркаваць аб працы трэнераў цяжка. Калі паглядзіш матч Лігі чэмпіёнаў, а потым пераключыш на "Смаргонь" з "Нафтанам" - ну пра што тут казаць? Наогул не магу глядзець - гульцы ўвесь час мяч аддаюць суперніку замест таго, каб пасаваць свайму. Вось такі ў нас чэмпіянат, і неяк меркаваць пра трэнераў, пра Скрыпчанку, у прыватнасці, цяжка.

– І ўсё ж што можаце сказаць пра яго як пра спецыяліста?

- Вось ён працаваў у Жодзіна. Што там паказаў? Нічога. З “Мінскам” працаваў. Так, адзін раз узяў Кубак Беларусі, у мінулым годзе ўзгадайце, якое месца заняла каманда.

- Аднак, улічваючы ўсе акалічнасці, з «Мінскам» Скрыпчанка пашумеў.

- Пашумеў ён, таму што на краю поля любіць пакрычаць :). Нешта бегае, псіхуе. Ведаю багата трэнераў, якія паводзяць сябе больш адэкватна, не бегаюць, як вар'яты. Што ты тады тыдзень гульцам расказваў і тлумачыў, калі бегаеш потым усе 90 хвілін ля поля? Можна нешта падкарэктаваць, падказаць, але скакаць з першай хвіліны...

А майстэрства трэнера адлюстроўваецца ў выніку. Чаго дамогся спецыяліст, калі дамогся. Пакуль пра Скрыпчанку сказаць у гэтым плане няма чаго. Паглядзім, што зробіць з "Дынама". Калі стане чэмпіёнам, тады можна будзе сказаць, што трэнер добры. Але дакладна не топ.

- Некаторыя гульцы распавядаюць, што на ўстаноўках слухаюць яго з адкрытым ротам.

- Калі казаць груба, ######## [гаварыць] не мяхі варочаць. Можна шмат чаго расказаць на ўстаноўках і тэарэтычных занятках. Таго ж Анатоля Байдачнага, я ведаю, можна таксама слухаць з адкрытым ротам.

- Скрыпчанка называўся ў ліку кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай.

- Замежнага трэнера да нас не запрасіць - яму трэба плаціць. Ды і добры замежнік ужо не паедзе. А прызначаць Скрыпчанку... Шчыра, нават не магу сказаць, варты ён гэтай пасады ці не. Хаця, з іншага боку, каб рабіць нейкія высновы, можа, варта паспрабаваць?

- «Дынама» сёння лідаруе ў чэмпіянаце, пацярпела ўсяго адно паражэнне. У гэтым вялікая заслуга Скрыпчанкі?

- Калі ён трэнуе, каманда ідзе на першым месцы, то, вядома, трэба пахваліць Скрыпчанку і яго памочнікаў. З іншага боку, трэба пахваліць і футбалістаў. Так што тут усё ў сукупнасці.

«Ходзяць размовы, што Скрыпчанка - агенцкі трэнер»

Футбольны функцыянер

- Што скажаце пра Скрыпчанку як пра трэнера?

- Пра трэнера заўсёды кажа вынік яго каманд і футбалісты, якія рэальна загулялі пасля працы з ім. І такіх прыкладаў у яго дастаткова. Можна згадаць яго этапы ў БАТЭ, "Мінску". Скрыпчанка - адзін з вядучых спецыялістаў у Беларусі. Гэта факт.

- Ці вялікая заслуга Скрыпчанкі ў тым, што цяпер «Дынама» ідзе на першым месцы?

- Скажам так, дастатковая. А той, хто кажа, што можна нават бабулю паставіць трэнерам, поўны ідыёт :). Шмат прыкладаў, калі прыходзяць трэнеры пад чэмпіёнскія задачы - і правальваюць іх з трэскам. Плюс трэба разумець, што цяпер узровень чэмпіянату такі, што ў топ-3 можна патрапіць абы кім. Прыклад "Энергетыка-БДУ" таму пацвярджэнне. Таму недастаткова проста сабраць людзей - іх яшчэ трэба і расставіць, даць устаноўкі. Напрыклад, лічу, у БАТЭ склад не слабейшы, але адставанне ад «Дынама» ужо сур'ёзнае.

- Спецыялісты расказваюць, што Скрыпчанка ўмее добра матываваць футбалістаў.

- Матываваць у нас умее толькі Ігар Кавалевіч :). Скрыпчанка - не толькі матыватар, ён наогул шматфункцыянальны трэнер, рэальна робіць шмат рэчаў, прычым робіць якасна. Гэта сапраўды добры спецыяліст.

- Былі размовы пра тое, што ён можа стаць галоўным трэнерам зборнай. Як лічыце, гэта дастойная кандыдатура? І чаму яго не ўхвалілі?

- Складана сказаць, што было б. Зборная цяпер вельмі слабая, як і ўвесь чэмпіянат. Старое пакаленне згнаілі, новае не з'явілася. Пакуль няма сярод маладых футбалістаў роўных па ўзроўні ўмоўнаму Паўлу Няхайчыку ці Станіславу Драгуну. Палова сённяшніх зборнікаў, калі б яны гулялі гадоў шэсць таму, калі быў БАТЭ, магутны Брэст, моцны "Шахцёр", максімум выходзілі б у "Славіі" (не ў крыўду гэтаму калектыву). Мне падаецца, для нацыянальнай зборнай ідэальны кандыдат - якраз Кавалевіч, які можа зарадзіць на канкрэтныя матчы вельмі моцна, а тактыкай і ўсім астатнім будуць займацца памочнікі.

- Што скажаце пра чалавечыя якасці Скрыпчанкі?

- Як той казаў, дыму без агню не бывае. Ёсць людзі, якія публічна пра яго ўжо не хочуць казаць нават у прэсе, намякаючы на канфлікт (гаворка ідзе, напрыклад, пра прэзідэнта «Урала» Рыгора Іванова, які ў лютым 2021 назваў Скрыпчанку нягоднікам - Tribuna.com). Ходзяць размовы, што Скрыпчанка - агенцкі трэнер, і пры іншых роўных акалічнасцях можа ставіць патрэбных футбалістаў. Вядома, калі гэта не будзе ісці ў шкоду выніку.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты