Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Беларусы і фіналы еўракубкаў: Глеб хацеў пабіць Гвардыёлу, Алейнікаў з «Ювентусам» гуляў два матчы, Бялькевіч і Хацкевіч крыху не дацягнулі

Беларусы і фіналы еўракубкаў: Глеб хацеў пабіць Гвардыёлу, Алейнікаў з «Ювентусам» гуляў два матчы, Бялькевіч і Хацкевіч крыху не дацягнулі

Байдачны, мля, удзельнічаў у такім яшчэ да сувязі з белфутболам.

Аўтар — bytribuna com
10 чэрвеня, 06:00
Беларусы і фіналы еўракубкаў: Глеб хацеў пабіць Гвардыёлу, Алейнікаў з «Ювентусам» гуляў два матчы, Бялькевіч і Хацкевіч крыху не дацягнулі

10 чэрвеня ў Стамбуле пройдзе фінал Лігі чэмпіёнаў – «Манчэстэр Сіці» пазмагаецца за трафей з «Інтэрам». Раней ужо высветліліся пераможцы двух іншых сучасных еўракубкаў – Лігу канферэнцый узяў «Вест Хэм», Лігу Еўропы ў чарговы раз выйграла «Севілья».

Беларускія клубы зараз вельмі і вельмі далёкія нават ад плэй-оф турніраў УЕФА. Але ў паспяховыя для сябе 1980-е, калі яшчэ не было групавых этапаў, мiнскае «Дынама» было досыць блізка і да вырашальнага матчу – тройчы выходзіла ў чвэрцьфіналы: у Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў (тады галоўным еўракубку) у сезоне 1983/84 (уступілі румынскаму «Дынама» Бухарэст), у Кубку УЕФА-1984/85 (у той час трэцім па сіле еўратурніры мацнейшым быў баснійскі «Жалезнічар» з Югаславіі) і ў Кубку ўладальнікаў кубкаў-1987/88 (гэта быў другі па статусе еўракубак, а на шляху ўстаў будучы пераможца «Мехелен» з Бельгіі).

А вось беларускія гульцы і далей заходзілі – гулялі ў паўфіналах, фіналах і выйгравалі трафей. Успомнім пра гэтыя выпадкi.

Анатоль Байдачны

Адразу скажам, што на момант свайго ўдзелу ў фінале еўракубка Байдачны яшчэ не меў ніякага дачынення да Беларусі. Масквіч гуляў у атацы за мясцовае «Дынама» ў Кубку ўладальнікаў кубкаў-1971/72 і забіў у пераможнай серыі пенальці ў паўфінале супраць «Дынама» з ГДРаўскага Берліна (матч чамусьці праходзіў ва ўкраінскім Львове).

19-гадовы Байдачны адыграў цалкам фінал супраць шатландскага «Рэйнджэрс». Масквічы прайгравалі 0:3, у самым канцы зрабілі лік 2:3, а неўзабаве брытанскія заўзятары, прыняўшы чарговы свісток за фінальны, высыпалі на поле. Суддзя здолеў прыбраць старонніх і даць дайграць матч, але «Рэйнджэрс» гэтыя некалькі хвілін лік утрымаў. «Дынама» і федэрацыя футбола СССР вырашылі ўперці на тое, што прарыў фанатаў збіў «Дынама» ў магчымасці адыграцца, і запатрабавалі перагуляць матч, але УЕФА па выніках спецыяльнага паседжання вырашыў пакінуць трафей у «Рэйнджэрс», але адхіліў клуб ад еўракубкаў наступнага сезону, ад чаго савецкаму боку наўрад ці стала лягчэй.

У 1974-м Байдачны, выпіўшы, нагрубіў легендзе масквічоў Льву Яшыну, пасля чаго адсядзеў на гаўптвахце і быў адпраўлены ў мiнскае «Дынама» – і вось з тых часоў шчыльна ўліўся ў белфутбол.

Юрый Пудышаў

А вось гэты расiянiн дайшоў да фіналу еўракубка ўжо пасля таго, як «стаў беларусам» – шмат гадоў адыграў у мiнскім «Дынама», стаў капітанам і прывёў клуб да чэмпіёнства-1982. Але за чарговае парушэнне рэжыму ў 1984-м Пудышава адлічылі – забрала «Дынама» маскоўскае, з якога калісьці і з'ехаў у Беларусь.

У Кубку ўладальнікаў кубкаў-1984/85 футбаліст выходзіў звычайна на замену. Так было і ў паўфінале – у першым матчы ў гасцях у венскага «Рапіда» 31-гадовы Пудышаў з'явіўся на полі на 67-й хвіліне, калі «Дынама» мінімальна вяло. А ўжо праз пяць хвілін лік быў 3:1 на карысць гаспадароў – так бывае ў футболе. Цікава, што да таго за «Рапід» не забіў пенальці Антанін Паненка – магчыма, таму што абраў не названы ў яго гонар падманны спосаб удару (адзнака 1:25).

У матчы ў адказ у Маскве Паненка забіў з гульні ўжо на 4-й хвіліне, на 23-й на поле выпусцілі Пудышава, неўзабаве «Дынама» лік зраўняла, але на большае іх не хапіла – 1:1 і вылет. А «Рапід» у фінале саступіў англiйскаму «Эвертану».

Сяргей Алейнікаў

Мінчанiн быў датычны да ўсіх еўракубкавых поспехаў свайго «Дынама» ў 1980-х, паралельна стаў віцэ-чэмпіёнам Еўропы, а ў 1989-м з'ехаў на павышэнне ў Італію – у раёне 4 мільёнаў долараў заплаціў «Ювентус» з чацвёртага месца Серыі А-1988/89.

Алейнікаў адразу стаў гульцом асноўнай абоймы – і ў сезоне-1989/90 правёў за клуб аж 50 матчаў. У Серыі А клуб стаў чацвёртым, а вось у турнірах на вылет быў паспяховы – узяў і Кубак Італіі, і Кубак УЕФА. У апошнім турніры 28-гадовы паўабаронца поўнасцю правёў і два паўфінальныя матчы з «Кёльнам» (3:2, 0:0), і два фінальныя (тады было так) паядынкі з італьянскай «Фіярэнцінай» (3:1, 0:0). Адзначыўся, праўда, толькі жоўтай карткай у заключным матчы.

Сяргей Алейнікаў з трафеем у руках

Аднак пасля такога поспеху Алейнікаў з-за каламутных схем пайшоў на паніжэнне ў «Лечэ», а потым і зусім з'ехаў у Японію.

Міраслаў Рамашчанка

Украінец у маладым узросце з'ехаў зарабіць у рэчыцкі «Ведрыч», потым фактычна збег у магілёўскі «Дняпро», сумарна забіў 34 мячы за два гады і ў 1994-м з'ехаў ва «Уралмаш», але ўжо адтуль пачаў выклікацца ў зборную Беларусі і забіў першы мяч у яе гісторыі.

У канцы 1996-га Рамашчанка перайшоў у расійскі «Спартак», які ў еўракубкавым сезоне-1997/98, вылецеўшы з адбору ЛЧ ад «Кошыцы», трапіў у Кубак УЕФА, дзе прайшоў далёка і ў 1/4 выбіў «Аякс». У паўфінале чакаў «Інтэр» – у Мілане масквічы прайгралі 1:2, а дома хутка павялі. Але ў складзе італьянцаў нагадаў пра сябе Раналда – «Зубасцiк» аформіў дубль і вывеў сваю каманду ў фінал, дзе яна разграміла 3:0 «Лацыа». 24-гадовы Рамашчанка цалкам правёў абодва паўфінальныя паядынкі, але нічым не адзначыўся – хіба што каментарыем пра тое, што Раналда, які забіў з-пад яго, з'яўляецца «вялікім гульцом».

Таксама цалкам адыграў два паўфінальныя матчы ўраджэнец Гродзенскай вобласці, выхаванец магілёўскага футбола Сяргей Гарлуковіч, які пасля СССР пачаў выступаць за Расію.

Сяргей Гурэнка

У тым жа еўракубкавым сезоне-1997/98 у Кубку ўладальнікаў кубкаў далёка прасунуўся расiйскі «Лакаматыў» з гарадзенцам Сяргеем Гурэнкам у складзе. Прычым у стартавым раўндзе была абыграна «Белшына» – у першым матчы ў Мінску хутка забіў Андрэй Хлебасолаў, але далей адзначаліся толькі масквічы (1:2, 0:3).

Далей «Лакаматыў» адолеў турэцкі «Каджаэліспор» ды грэцкі АЕК – і быў ужо ў паўфінале. Там чакаў «Штутгарт» будучага чэмпіёна свету са зборнай Германіі Ёахіма Лёва. Нямецкі клуб аказаўся мацнейшым – 2:1 дома, 1:0 у Маскве. 25-гадовы Гурэнка абодва матчы адыграў цалкам, але ў пратакол сваё прозвішча ўпісаць не прымусіў. «Штутгарт» жа ў фінале саступіў англійскаму «Чэлсі».

Андрэй Лаўрык

У пачатку 1998-га ў «Лакаматыў» з мінскага «Дынама» перайшоў яшчэ адзін абаронца зборнай Беларусі. А маскоўскі клуб зноў паспяхова выступіў у Кубку ўладальнікаў кубкаў у сезоне 1998/99 – апошнім у гісторыі гэтага турніру. На гэты раз у паўфінале чакаў «Лацыа». Яму «Лакаматыў» не прайграў, але саступіў дарогу па правіле гасцявога гола – у Маскве згулялі 1:1, у Італіі пакінулі на табло нулі. Гулялі «чыгуначнікі» у тых матчах, дарэчы, у форме ў бела-чырвоныя палосы – прыдатна для Беларусі.

24-гадовы Лаўрык, як і 26-гадовы Гурэнка, абодва матчы правёў поўнасцю і не вызначыўся чым-небудзь для пратакола. У першым матчы ў запасе таксама сядзеў 23-гадовы беларускі форвард Мікалай Рындзюк, які на полі ў тым розыгрышы так і не з'явіўся. «Лацыа» ж у фінале выйграў у «Мальёркі».

Валянцін Бялькевіч і Аляксандр Хацкевіч

У тым жа сезоне-1998/99 беларускія зборнікі гулялі і ў паўфінале самага прэстыжнага турніру – Лігі чэмпіёнаў, дзе за кiеўскае «Дынама» ў чвэрцьфінале прыбралі зорны мадрыдскі «Рэал». У паўфінале супраць магутнай «Баварыі» атрымалася 3:3 дома (Хацкевіч, які з-за траўмы пакінуў поле пры 3:1, пасля кар'еры назваў гульню матчам жыцця), а ў Германіі кіяўляне саступілі 0:1. Там 25-гадовы Хацкевіч правёў сустрэчу цалкам, 26-гадовы Бялькевіч цалкам адыграў абодва матчы паўфіналу, у першым аформіўшы асіст. А ўвогуле пра той еўракубкавы сезон беларусаў (у самым пачатку шляху паўдзельнічаў і трэці) у Кіеве ў нас ёсць асобны вялікі тэкст.

«Баварыя» ў фінале выдала да гэтага часу памятны правал – увесь матч вяла, а ў канцы прапусціла два ад «Ман Юнайтэд» і засталася без трафея.

Аляксандр Глеб

Заключны пункт спісу – у XXI стагоддзі так далёка ў еўракубках заходзіў толькі адзін беларускі футбаліст. У Лізе чэмпіёнаў-2005/06 з лонданскім «Арсеналам» Аляксандр Глеб першым з ураджэнцаў нашай краіны згуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў. «Кананіры» да таго паказалі топ-мінімалізм і надзейнасць у плэй-оф – у 1/8 фіналу абыгралі «Рэал» (1:0, 0:0), у 1/4 фіналу прыбралі «Ювентус» (2:0, 0:0), у паўфінале перамаглі «Вільярэал» (1:0, 0:0). Пры гэтым на адзіны гол у паўфінале ў выкананні Кало Турэ пас аддаў менавіта Глеб (адзнака 2:53).

У фінале чакала «Барселона», на 18-й хвіліне брамнік лонданцаў Енс Леман схапіў чырвоную, але да канца тайма «кананіры» павялі і трымалі перавагу да апошняй 15-хвілінкі. Але там сіл не хапіла – «Барселона» двойчы забіла і забрала трафей. 25-гадовы Глеб, які ўвесь сезон быў гульцом асновы, выйшаў у старце, нічым не адзначыўся і пры ліку 1:2 на 85-й хвіліне быў заменены.

Улетку 2008-га Глеб з «Арсенала» перайшоў якраз у «Барселону» – а яна выдала сезон з трэблам. Глеб, які не сышоўся з трэнерам Пэпам Гвардыёлам, тым не менш быў гульцом абоймы – выходзіў на поле ў 36 матчах. Але калі ў групе ЛЧ ён правёў чатыры поўныя матчы, то ў плэй-оф з'яўляўся на поле рэдка – пару хвілін у матчы ў адказ 1/8 фіналу з «Ліёнам», 15 – у другой сустрэчы чвэрцьфіналу з «Баварыяй», пяць – з « Чэлсі» ў першым матчы паўфіналу. Прычым у апошнім выпадку мог і забіць – але не перайграў Петара Чэха, а потым сам жа на дабіванні не трапіў па варотах (адзнака 11:28).

Матч у адказ у Лондане, у якім «Барселоне» выйсці ў фінал вельмі і вельмі моцна дапамог суддзя, Глеб глядзеў з лаўкі. Ну а на сам фінал Гвардыёла проста не ўключыў гульца ў заяўку. За гэта паўабаронца, у чым прызнаўся праз шмат гадоў, трэнеру «хацеў усекчы адразу пасля гульні». Але да бойкі не дайшло, а праз час Глеб прыйшоў да «абсалютнага разумення» рашэння Гвардыёлы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты