Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Бязлітаснае Ралі Мексіка і нястрымны Себасцьен Аж'е. Васьміразовы чэмпіён атрымаў чарговую разгромную перамогу

Бязлітаснае Ралі Мексіка і нястрымны Себасцьен Аж'е. Васьміразовы чэмпіён атрымаў чарговую разгромную перамогу

24 сакавіка 2023, 16:04
Бязлітаснае Ралі Мексіка і нястрымны Себасцьен Аж'е. Васьміразовы чэмпіён атрымаў чарговую разгромную перамогу

Фота: wrc.com

Вось табе і няпоўная праграма! Славуты француз ужо другі год стартуе толькі на асобных этапах WRC, але ўсё роўна не проста працягвае перамагаць, а лідзіруе ў чэмпіянаце. Калі такое было? Зрэшты, на Ралі Мексіка яму ўсё ж такі крыху пашанцавала.

Не пашанцавала ўкраінцам і беларусам, у якіх пад бокам дурны сусед, які заўсёды лезе да іх са сваёй любоўю старэйшага брата, якая выражаецца альбо ў ціхай акупацыі, як у нас, альбо ў поўнамаштабнай вайне, як у выпадку з Украінай. Вайну гэту, каб яна не перарасла ў сусветную, неабходна скончыць зараз. Захад абавязаны даць украінцам усю патрэбную ім зброю, каб яны маглі канчаткова нейтралізаваць шалёнага мядзведзя. Тады ён і нашу краіну выпусціць са сваіх лап. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Свету ж пашанцавала, што ў яго ёсць Украіна, якая зараз бароніць яго свабоду і магчымасць праводзіць гоначныя чэмпіянаты, у тым ліку сусветны ралійны. Ён у мінулы ўік-энд завітаў у Мексіку, дзе адбыўся яго трэці этап, на якім мог бы перамагчы і хтосьці іншы, але перамог ізноў Себасцьен Аж’е.

На канкурэнтаў гоншчыка Таёты непрыемнасці абрынуліся практычна адразу. Пераможца папярэдняга Ралі Швецыя От Цянак захапіў быў лідарства ў чацвер, калі на вуліцах Гуанахуата, дзе і размяшчалася база ралі, прайшлі першыя два суперспэшлы. Але ўжо ў пятніцу раніцай на яго Ford Puma Rally1 выйшла з ладу турбіна рухавіка. Гэта і на раўніне было б моцнай непрыемнасцю, а ў гарах, дзе паветра разрэджанае, і матору яго не хапае, гэта непрыемней удвая.

У выніку чэмпіён 2019 года і цяпер ужо былы лідар чэмпіянату ўжо па выніках трэцяга спецучастку праваліўся ў самы ніз агульнага заліку, дзе захрас на паўдня, пакуль не дабраўся да сэрвісу. Механікі M-Sport праблему выправілі, і эстонец пачаў паступова адыгрывацца, але пра перамогу, зразумела, ужо не марыў. Аднак здолеў прарвацца на дзявятае месца, ды яшчэ зарабіў чатыры бонусных балы за другі вынік на фінальным суперспэшле ў нядзелю.

Не пашанцавала і былому партнёру Ота, гоншчыку Hyundai Цьеры Нэвілю. На яго i20 N Rally1 у пятніцу ўзніклі праблемы з гібрыднай сістэмай, што таксама пазбавіла яго магчымасці спаборнічаць за лідарства. Аднак бельгіец у першай пяцёрцы ўтрымаўся, і распачаў супрацьстаянне з канкурэнтам з Таёты Элфінам Эвансам, ззаду пры гэтым яго падпіраў фінскі партнёр валійца і дзейсны чэмпіён Кале Раванпэра, які, па ўсяму відаць, проста не знайшоў правільнага падыходу да жорсткага мексіканскага гравію.

А вось партнёр Нэвіля і суайчыннік Раванпэры Эсапека Лапі – знайшоў. Менавіта з ім Аж’е прыйшлося змагацца ўсю пятніцу, і абысці яго ў Сэба не атрымалася – Лапі скончыў дзень лідарам. Якім перастаў быць на першым жа суботнім і адзінаццатым па ліку 10-кіламетровым допе Ibarrilla. На ім Эсапека наогул сышоў з дыстанцыі, патрапіўшы ў аварыю і паваліўшы слуп электраперадачы. На шчасце, ні ён, ні яго штурман Янэ Фэрм у інцыдэнце не пацярпелі.

Лідарства на Ралі Мексіка пасля гэтага перайшло да Аж’э, і Себасцьен захаваў яго да самага фінішу. Француз пры гэтым не імкнуўся абавязкова перамагчы на кожным спецучастку, але па выніках суботы ўсё роўна амаль на трыццаць шэсць секунд апярэджваў Эванса.

Элфін ў сваю чаргу стрымліваў Нэвіля, што ў яго атрымлівалася да таго самага згаданага вышэй фінальнага суперспэшла ў нядзелю. На ім Цьеры вырваў у Элфіна другое месца, паказаўшы трэці вынік супраць шостага ў Элфіна. Валіец, які задаволіўся трэцім месцам, у фінішным пратаколе ралі саступіў свайму бельгійскаму канкурэнту ўсяго 0,4 секунды.

Аж’е ж перамог – ужо ў сёмы раз у сваёй кар’еры – не толькі на Ралі Мексіка, але і на гэтым самым яго фінальным суперспэшле, паклаўшы ў сваю скарбонку і пяць бонусных балаў. Усяго іх у Себасцьена цяпер 56, на тры болей, чым у Нэвіля, які падняўся на другую пазіцыю. Раванпэру, які ў Мексіцы заняў чацвёртае месца а ў чэмпіянаце апусціўся на трэцяе, сам Цьеры апярэджвае ўсяго на адно ачко. Цянак з 47-мю баламі цяпер чацвёрты. Toyota, у якой 127 балаў, узначальвае залік вытворцаў. Hyundai, маючы роўна 100 ачкоў, займае другую пазіцыю, M-Sport Ford трэці, у яго 73 ачкі.

З малодшых катэгорый у Мексіцы этап правяла толькі WRC2, у якой перамогу атрымаў былы гоншчык M-Sport Ford Гас Грынсміт. Брытанец перасеў на Škoda Fabia RS Rally2 і не меў сабе на ёй роўных. Фінальны дзень ён пачаў з перавагай перад Адрыенам Фурмо амаль у 35 секунд, разумна пазбег непатрэбнай рызыкі і памылак і заслужана фінішаваў першым.

У француза ж не атрымалася стаць другім – на яго Ford Fiesta Rally2 зляцеў прывадны рэмень рухавіка, што каштавала яму сямнаццаць хвілін і адкінула яго на сёмае месца. Другое ж заняў фін Эміль Ліндхольм, а трэцяе – швед Олівер Сольберг (абодва выступаюць на Шкодах).

Чэмпіянат свету па ралі працягнецца праз месяц 20-23 красавіка. Чацвёртым этапам стане Ралі Харватыя, першае ў сезоне поўнасцю асфальтавае. Па папярэдняй інфармацыі, Аж’е на яго прыедзе, таму, верагодна, імя пераможца мы ўжо ведаем. Так можна і дзявяты тытул выйграць, скажу я вам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты