Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Чырвоныя сцягі і пераможца на чырвоным матацыкле. На Гран Пры Іспаніі Франчэска Баньяя перарваў шэраг няўдач

Чырвоныя сцягі і пераможца на чырвоным матацыкле. На Гран Пры Іспаніі Франчэска Баньяя перарваў шэраг няўдач

Чырвоныя сцягі і пераможца на чырвоным матацыкле. На Гран Пры Іспаніі Франчэска Баньяя перарваў шэраг няўдач

Фота: motogp.com

Дзейсны чэмпіён MotoGP з завадской каманды Ducati выйграў этап на трасе імя Анхеля Ніета ў іспанскім Херэсе. Фартуна нарэшце павярнулася да яго тварам, а вось некаторых іншых удзельнікаў чэмпіянату свету працягнула выпрабоўваць.

Цягам усёй гісторыі народы Беларусі і Украіны праходзяць праз выпрабаванне суседствам з Расіяй, а нашы суседзі апошнія паўтары гады плацяць за гэта занадта высокую цану. Разам з імі мы смуткуем аб ахвярах расійскай агрэсіі і жадаем поспеху ўкраінскім ваярам. Разбіўшы фашысцкую гадзіну ў сябе, яны дапамогуць вызваліцца ад яе і нам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дарэчы, украінскія сцягі ў мінулы ўік-энд луналі і над галоўнай прамой трасы імя Анхеля Ніета ў Херэсе, дзе чэмпіянат MotoGP праводзіў Гран Пры Іспаніі. Украінскіх гоншчыкаў на старце пакуль няма, але ўсе сумленныя людзі на планеце салідарныя з гераічным народам. І тое, што галоўнае мотагоначнае пяршынства ёсць яшчэ і цікавым і непрадказальным, я лічу даволі сімвалічным.

А прадказаць вынікі іспанскага этапу насамрэч было цяжка. У кваліфікацыі, напрыклад, мацнейшым за ўсіх аказаўся мясцовы герой з Aprilia Racing Алейш Эспаргара, але ў гоначных умовах ён саступіў канкурэнтам, заняўшы ў нядзелю толькі пятае месца, а ў суботнім спрынце наогул да фінішу не дабраўшыся. Першыя ж скрыпкі ў аркестры MotoGP што ў суботу, што ў нядзелю гралі абодва гоншчыкі каманды Red Bull KTM Factory Racing, Брэд Біндэр і Джэк Мілер, а таксама Франчэска Баньяя з Ducati Lenovo Team.

Аўстраліец кваліфікаваўся другім, а паўднёваафрыканец – чацвёртым, але стартавалі яны кожны раз выдатна. І рабіць гэта ім прыйшлося не два разы, а чатыры, бо што спрынт, што галоўная гонка на першым жа кругу спыняліся чырвонымі сцягамі. У суботу вінаватымі ў іх былі гоншчык Monster Energy Yamaha MotoGP Франка Марбідэлі і яго канкурэнт з Gresini Racing Алекс Маркес, якія паваліліся пасля кантакту, сабраўшы яшчэ і на той момант лідара чэмпіянату з Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі і гоншчыка GASGAS Factory Racing Tech3 Аўгуста Фернандэса.

На шчасце, траўм у гэтым інцыдэнце ўсе яго ўдзельнікі пазбеглі і змаглі выйсці на рэстарт цяпер ужо 11-кругавога спрынту (яго дыстанцыю скарацілі на адзін круг). Пара завадчан KTM бліснула і на ім – Біндэр захапіў лідарства, Мілер размясціўся следам. На Джэка пры гэтым насядаў Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, які пачынаў гонку трэцім, але Баньяя, які на старце адыграў адну пазіцыю і ішоў чацвёртым, скарыстаўся яго памылкай і ўвайшоў у першую тройку.

Мілер і Біндэр спачатку разбіраліся паміж сабой, і аўстраліец на трэцім кругу нават захапіў лідарства. Аднак Брэд не здаўся і пазней вярнуў першую пазіцыю сабе, пакінуўшы Джэка разбірацца з Баньяяй. Абараніцца ад былога напарніка ў яго не атрымалася – Пэка знайшоў прарэху ў яго абароне і выйшаў наперад, фінішаваўшы другім. Мілер задаволіўся трэцім месцам, а Біндэр перамог і яўна наважваўся замацаваць поспех на наступны дзень.

У нядзелю ўсім таксама прыйшлося стартаваць два разы. Пасля першага зачыншчыкам масавых беспарадкаў стаў напарнік Марбідэлі па камандзе і чэмпіён 2021 года Фабіа Куартарара, які ў другім павароце дапусціў кантакт з Мігелем Алівейрай. Партугалец з CryptoDATA RNF MotoGP Team не так даўно на сваім хатнім Гран Пры стаў ахвярай неасцярожнасці з боку шасціразовага чэмпіёна Марка Маркеса (іспанец, дарэчы, прапусціў і свой хатні этап), а цяпер вось яго вывеў з ладу і француз.

У гэтым інцыдэнце, дарэчы, і Безэкі паўдзельнічаў, але на гэты раз паваліўся не так жорстка. Для італьянца гэта была не апошняя няўдача – ён пазней упаў ужо сам і сышоў з дыстанцыі, страціўшы і лідарства ў чэмпіянаце. Вось Алівейра выбыў адразу, у адрозненні ад таго ж Куартарара, які за сваю памылку атрымаў пакаранне ў выглядзе праезду па штрафной зоне.

Ці стала ад гэтага лягчэй Мігелю, які ізноў не па сваёй віне застаўся без ачкоў, ды яшчэ і плячо пашкодзіў, ёсць рытарычным пытаннем. На маю думку, Эль Д’ябла заслугоўваў і страты пазіцый на старце наступнай гонкі – надта ўжо небяспечнай была яго памылка. Зрэшты, ён потым яшчэ і сам сябе пакараў дадаткова, некарэктна адбыўшы штраф у першы раз.

Штрафу ў нядзельнай гонцы не пазбег і яе пераможца! Баньяя занадта адчайна атакаваў Мілера ў спрэчцы за другую пазіцыю на першых кругах пасля рэстарту. Гэта дало Джэку, які да гэтага паспеў адабраць у напарніка лідарства і аддаць яго назад, магчымасць перавесці дух, але ненадоўга, бо Франчэска відавочна быў хутчэй за яго і праз пару кругоў канчаткова адцясніў аўстралійца на трэцюю пазіцыю.

Угнацца за Біндэрам было цяжэй, і на адлегласць атакі дзейсны чэмпіён наблізіўся толькі на апошніх кругах. Затое на іх развярнулася прыгожая дуэль. Не скончылася яна і пасля таго, як Баньяя правёў удалую атаку ў апошнім павароце – Брэд насядаў на яго да самага фінішу, але так і застаўся другім. Мілер зноў замкнуў першую тройку.

Па выніках жа Гран Пры Іспаніі ў цэлым варта адзначыць, што Баньяя не даў развіцца непрыемнай і небяспечнай з гледзішча чэмпіянату тэндэнцыі. Або ён проста зрасходаваў свае няўдачы ў Аргенціне і ЗША. Так ці інакш гоншчык Ducati вярнуў сабе лідарства – у яго 87 ачкоў супраць 65-ці ў Безэкі, які апусціўся на другую пазіцыю. Біндэр, які падняўся на трэцюю, адстае ад Марка на тры балы.

У камандным заліку Ducati Lenovo Team адыграла адну пазіцыю, падняўшыся на чацвёртую – калектыў мае 92 ачкі, на два адстаючы ад Prima Pramac Racing, якія цяпер замыкаюць першую тройку. Red Bull KTM Factory Racing скочылі на другі радок, у іх 111 балаў, што ўсяго на два меней, чым у Mooney VR46 Racing Team, якія пакуль што застаюцца лідарамі.

Ну а пасля чатырох этапаў новага сезона MotoGP напрошваецца простая выснова: калі ў чэмпіянаце высокая канкурэнцыя, то і ад спрынтаў ёсць плён. Параўнанне з нядаўнім Гран Пры Азербайджана Формулы 1 тут было дакладна не на карысць апошняга. Наступным прыпынкам матацыклетнага чэмпіянату свету стане траса Бугаці ў Ле Мане. Гран Пры Францыі яна прыме 12-14 мая, за месяц да таго, як у складзе кальца Сартэ прыме галоўны аўтамабільны сутачны марафон.

Іншыя пасты блога

Усе пасты