Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Што такое «не шанцуе». Чарада няўдач Ота Цянака і Hyundai працягнулася і на ралі Сардыніі

Што такое «не шанцуе». Чарада няўдач Ота Цянака і Hyundai працягнулася і на ралі Сардыніі

Зноў упэўненае лідарства і зноў зламаная ў суботу падвеска і сход з дыстанцыі. Лёс выпрабоўвае гоншчыка Hyundai Ота Цянака ўжо другі этап запар. І трэці этап запар усміхаецца прадстаўнікам каманды Toyota.

Што такое «не шанцуе». Чарада няўдач Ота Цянака і Hyundai працягнулася і на ралі Сардыніі

Фота: wrc.com

Зноў упэўненае лідарства і зноў зламаная ў суботу падвеска і сход з дыстанцыі. Лёс выпрабоўвае гоншчыка Hyundai Ота Цянака ўжо другі этап запар. І трэці этап запар усміхаецца прадстаўнікам каманды Toyota.

Хто ведае, застанься Цянак у складзе японскага калектыву, можа быць, гэта менавіта ён быў бы зараз дзейсным чэмпіёнам і лідарам сезону? Здаецца, лёс пакрыўдзіўся на эстонца за яго пераход у Hyundai пасля чэмпіёнскага для яго 2019 года, і цяпер клапоціцца пра ўжо сяміразовага чэмпіёна Себасцьена Аж’е, які ў Таёце Ота і замяніў.

Прычым здзекуецца спадарыня Фартуна з Цянака самым выдасканаленым чынам. Ён па-ранейшаму хуткі і таленавіты, што даказвае і ў гэтым годзе. У прыватнасці, От перамог на другім этапе – Арктычным ралі ў Фінляндыі. Складаней для яго прайшло ралі Харватыі, дзе перамог ужо як раз Аж’е, а сам гоншчык Hyundai, якому элементарна не хапала тэмпу, заняў толькі чацвёртае месца. Але па-сапраўднаму крыўдна яму было на папярэднім ралі Партугаліі і ў мінулы ўік-энд у Італіі.

Зноў эстонец без асаблівых цяжкасцей захапіў лідарства ў пятніцу, зноў пачаў павялічваць яго ў суботу. І зноў у другі спаборніцкі дзень не вытрымала задняя падвеска яго i20 Coupé WRC. Праўда, гэтым разам на яе ўсё ж было дадатковае ўздзеянне ад каменя, што ляжаў пасярод трасы і які Цянак і зачапіў заднім правым колам. Ну і здарылася гэта днём, а не ўвечары – на дванаццатым спецучастку Lerno-Monti di Ala працягласцю 22 кіламетры.

Пасля гэтай драмы лідарства ў ралі Сардыніі перайшло да Аж’е. Для яго праклён першага нумара пакуль што выражаецца ў неабходнасці адкрываць допы ў пятніцу. Дакладней, гэтаму яго абавязвае лідзіраванне ў чэмпіянаце. Натуральна, працуючы бульдозерам і расчышчаючы трасу перад канкурэнтамі, на высокія пазіцыі Себ не прэтэндуе і саступае канкурэнтам у тэмпе.

Затое ён удала кіруецца прынцыпам, што апісваецца лацінскай прымаўкай «Festina lente» – «спяшайся павольна»! У Італіі гэта ў выніку прынесла яму перамогу. Перад сходам Цянака Ож’е саступаў яму 40,5 секунды, аднак трымаўся пры гэтым на другой пазіцыі. Часткова выйсці на яе яму дапамаглі праблемы таксама з падвескай у яго партнёра па камандзе Кале Раванпэры, якія нагналі маладога фіна яшчэ ў пятніцу раніцай. Аднак часткова былі ўзнагароджаны і старанні самога Себасцьена ў змаганні з яшчэ адным прадстаўніком Hyundai Дані Сорда.

Пасля непрыемнасцей у Цянака менавіта на іспанца каманда і ўскладала свае галоўныя надзеі – ён быў галоўным пераследнікам Аж’е, які выйшаў у лідары ралі, адпаведна, займаючы другую пазіцыю. Ад Дані чакалі калі не перамогі (Себасцьен быў усё ж такі хутчэйшым за яго і паступова павялічваў адрыў), то хаця б фінішу на подыуме.

Але гэтаму перашкодзіла памылка самога Сорда на ўваходзе ў адзін з левых паваротаў перадапошняга з суботніх спецучасткаў – 14,7-кіламетровага пятнаццатага Bortigiadas-Aggius-Viddalba 2. У выніку яе аўтамабіль Дані перакуліўся на левы бок і – што яшчэ горай – пазбавіўся задняга правага кола, якое вырвала з мясам.

Так што ўсё, што заставалася пасля гэтага Аж’е – гэта проста акуратна праехаць пяць спецучасткаў, што засталіся (адзін у суботу і чатыры ў нядзелю), што Себ паспяхова і зрабіў, атрымаўшы пяцьдзясят другую перамогу ў кар’еры. Больш за гэта, каманда Toyota зноў аформіла дубль – пераможца партугальскага этапу Элфін Эванс гэтым разам фінішаваў другім.

Лепшым жа з прадстаўнікоў Hyundai на Сардыніі стаў Цьеры Нэвіль, які таксама здолеў зарабіць пяць бонусных балаў за перамогу на фінальным суперспэшле Aglientu-Santa Teresa 2. Цянак, дарэчы, фінішаваў на ім другім, атрымаўшы чатыры балы, якіх у чэмпіянаце, дзе ён чацвёрты, у яго зараз 49 – усяго на адно і на пяць адпаведна болей чым у таётаўцаў Такамота Катсуты, які на Сардыніі заняў чацвёртае месца, і Раванпэры.

Наўрад ці От канчаткова расстаўся з надзеяй паспаборнічаць яшчэ ў гэтым годзе за чэмпіёнства – яшчэ застаецца сем этапаў, і на кожным з кім заўгодна можа што заўгодна здарыцца. Але Аж’е, які замацаваўся на пазіцыі лідара, апярэджвае яго ўжо на 57 ачкоў (у француза іх 106). Эванс і Нэвіль засталіся на другой і трэцяй пазіцыях адпаведна, у іх 95 і 77 ачкоў.

Значна адарвалася Toyota ад Hyundai у заліку вытворцаў – там у яе 231 ачко супраць 182 у карэйскай каманды. Якой у сваю чаргу роўна сто балаў саступае калектыў M-Sport Ford. Яго гоншчык Гас Грынсміт у мінулы ўік-энд стараўся, не гледзячы на два праколы раніцай у пятніцу, утрымліваў сёмую пазіцыю, аднак увечары сышоў з дыстанцыі праз праблемы са скрыняй перадач яго Fiesta WRC.

Хапала драмы на Сардыніі і ў малодшых катэгорыях. Прынамсі, у WRC2. Тут барацьба, што развярнулася паміж Мадсам Остбергам і будучым пераможцам Яры Хутуненам, ішла да самай нядзелі. Спачатку ўпэўнена лідзіраваў Остберг, апярэджваючы Хутунена на 27 секунд, пакуль у суботу на дарожнай секцыі яго Citroën C3 R5 застаўся без кола праз ніт, які адкруціўся. Праблему ўдалася ўхіліць на месцы, аднак на сэрвіс нарвежац спазніўся на шэсць хвілін, атрымаўшы за гэта адну штрафную.

Аднак тэмп яго дагэтуль быў настолькі высокім, што пасля гэтага Хутунен хоць і выйшаў у лідары ў катэгорыі, але апярэджваў Мадса ўсяго на 2,7 секунды. Таму і ў нядзелю Hyundai i20 R5 фіна не выявіўся эфектыўнай зброяй супраць Остберга і яго Сітраэна – нарвежац зноў перахапіў лідарства… якое страціў, саступіўшы яго Хутунену, праз пракол на васямнаццатым спецучастку, што каштаваў яму 20 секунд!

Гоншчык быў да такой ступені раззлаваны на кампанію Pirelli, што выказаў рэпарцёру на фінішы ўсё, што думае пра яе і яе прадукцыю, не саромеючыся ў выразах. Перакананы, што з ім пасля ўласных нядзельных прыгод цалкам згодны Макс Ферстапен, але арганізатары WRC экспрэсіўнасць Остберга не ацанілі, аштрафаваўшы яго за гэта на адну тысячу еўра і ўмоўна на 25 ачкоў у чэмпіянаце.

Аднак другога месца Мадса не пазбавілі, тым больш што утрымаць яго было лёгка – балівіец Марка Буласія на Škoda Fabia Rally2, які заняў трэцяе месца, саступіў яму амаль дзве хвіліны. Хоць усё роўна замкнуў першую дзясятку абсалютнага заліку. Хутунена і Остберга, якія ў абсалюце занялі пятае і шостае месцы, пры гэтым раздзялілі сем з паловай секунд.

Паміж імі двума і Буласіяй у абсалютным заліку размясціліся ўсе тры прызёры катэгорыі WRC3. Йохан Расэль, які выступае на Citroën C3 R5, захапіў тут першую пазіцыю яшчэ ў пятніцу. Праўда, яму крыху дапамог паля Каетан Каетанавіч, які на сваёй Škoda Fabia Rally2, лідзіраваўшы, зляцеў з трасы.

Француз у адрозненні ад яго памылак не дапускаў, і давёў справу да перамогі, апярэдзіўшы іспанца Пэпэ Лопеса, які выступае на Шкодзе Фабіі, на 26 секунд. Яшчэ адзін іспанскі гоншчык – Ян Соланс на Сітраэне – заняў трэцяе месца, саступіўшы Расэлю 48,6 секунды.

Наступным этапам чэмпіянату свету па ралі стане доўгачаканае ралі Сафары ў Кеніі. Яно мелася вярнуцца ў каляндар сусветнага першынства пасля шматгадовай паўзы яшчэ ў мінулым годзе, але ўсё сапсавала пандэмія. Аднак цяпер 24-27 чэрвеня яно ўрэшце адбудзецца.

Другие посты блога

Все посты