Tribuna/Футбол/Блоги/Змена пакаленняў «Рэала» уражвае – клуб спрабуе паўтарыць паспяховы сцэнар 10-гадовай даўніны

Змена пакаленняў «Рэала» уражвае – клуб спрабуе паўтарыць паспяховы сцэнар 10-гадовай даўніны

Вінісіус, Вальвердэ, Камавінга, Радрыга, Тчуамені, Эндрык і Белінгем (?) рыхтуюцца стаць лідарамі.

4 мая 2023, 07:33
Змена пакаленняў «Рэала» уражвае – клуб спрабуе паўтарыць паспяховы сцэнар 10-гадовай даўніны

«Эвалюцыя, не рэвалюцыя» – з такім загалоўкам нядаўна на іспанскім партале Marca выйшаў артыкул пра перабудову «Рэала», якая працягваецца з улікам заканчэння эры Карыма Бенземы, Лукі Модрыча, Тоні Кроаса і іншых. Галоўны матыў у тым, што, маўляў, клуб падпісвае навакоў, якія па стылі гульні адрозніваюцца ад легендарных ветэранаў і больш пасуюць новай мадэлі футбола – у якой рытм, магутнасць, інтэнсіўнасць і дынаміка выходзяць на першыя ролі.

Так, патэнцыйна вельмі дыскусійная тэма, бо гульцы тыпу Модрыча або Кроаса дагэтуль даюць вынік на самым высокім узроўні, аднак усё гэта наштурхнула на іншае меркаванне – цяпер «Рэал» спрабуе на рынку паўтарыць поспех і стратэгію, якая падарыла клубу пяць (патэнцыйна шэсць) кубкаў Лігі чэмпіёнаў у найноўшай гісторыі.

«Рэал» ізноў будуе каманду на далёкую будучыню – гэта ўжо спрацавала больш 10 гадоў таму

Трансферная кампанія мадрыдцаў у апошнія пяць сезонаў нагадвае перыяд 2009-2014. Тады пасля не зусім удалай эры «Галактыкас» клуб стаў звяртаць больш увагі на маладых і перспектыўных футбалістаў.

У складзе праймавага «Рэала», які тройчы запар браў ЛЧ, толькі Крышціяну Раналду і Гарэт Бэйл на момант свайго трансферу лічыліся сапраўднымі зоркамі сусветнага футбола – абодва пераходзілі ва ўзросце 24 гадоў, як і Кроас.

Куды больш было падпісанняў гульцоў, якія хоць і былі неверагоднымі талентамі, але салідных дасягненняў за спінай не мелі. Значнай частцы з іх наканавана было стаць легендамі клуба.

У выпадках з Карымам Бенземой і Рафаэлем Варанам менеджмент варта хваліць за своечасовыя дзеянні на рынку, а з Каземіра – за прадбачлівасць, калі бразільца аддавалі ў «Порту» з опцыяй зваротнага выкупу (там усё было вельмі заблытана). Месут Озіл і Анхель Ды Марыя на пэўным этапе сталі лідарамі камандамі, а затым былі выгадна прададзеныя, а Іска ў сезоне-2016/17 быщ ключавой фігурай у «ромбе» Зінедзіна Зідана пад парай форвардаў Раналду-Бензема.

Адным словам, гэты падыход да трансфераў сябе апраўдаў, бо баланс паспяховых здзелак да правальных было станоўчым – з другой катэгорыі адзначаем хіба што Асьера Ільярамендзі і часткова Хамеса Радрыгеса (гаворка ідзе менавіта пра моладзь, за якую заплацілі вялікія грошы).

Таму нядзіўна, што сёння прасочваецца пэўнае падабенства ў падыходзе да камплектавання складу. «Рэал» збірае юных футбалістаў, якія ў будучыні могуць надоўга замацавацца ў чарговым пераможным калектыве.

Адзінае адрозненне – сярэдні ўзрост пачаткоўцаў істотна знізіўся, што абумоўлена сучаснымі тэндэнцыямі футбола.

Фармуецца выразная група маладых гульцоў, якія гатовыя пераняць ролю лідараў пасля выхаду на пенсію старажылаў каманды. Што самае галоўнае – усіх іх падводзяць паступова, каб пазбегнуць рызыкі няўдалай адаптацыі.

Вінісіус Жуніёр, Эдэр Мілітаа і Федэрыка Вальвердэ (якога купілі ў «Кастыллю» яшчэ ў 2016-м за 5 мільёнаў еўра) канчаткова замацавалі за сабой статус недатыкальных, а Радрыга, Эдуарда Камавінга і Арэльен Тчуамені імкліва прывыкаюць да высокіх стандартаў клуба.

Камавінга – апошні прыклад імклівага ўзлёту, а ў Тчуамені тыповыя для дэбютнага сезону праблемы

Прагрэс Камавінга вясной - адзін з самых прыемных момантаў для заўзятараў. «З пункту гледжання фізікі ён хутчэй Ferrari, чым Cinquecento», – так стан француза на адной з прэс-канферэнцый пракаментаваў Карла Анчалоці.

Гэта было сказана нездарма, бо ў гэтым сезоне ў Эдуарда найбольшая колькасць згуляных матчаў (не хвілін) – 50, ён прапусціў толькі адну сустрэчу з «Селтыкам» у групе ЛЧ. У апошні час 20-гадовы хаўбек гуляе злева ў абароне, закрываючы праблемную пазіцыю пры наяўнасці пастаянных пашкоджанняў у Ферлана Мэндзі і Давіда Алабы. І гуляе неверагодна, літаральна знішчаючы супернікаў на флангу – супраць «Барселоны» (4:0) Камавінга выдаў 100% дакладнасць пасоў, 8 з 8 удалых адбораў (мае мянушку «Tacklevinga»), 7 перахопаў, 10 з 14 выйграных дуэляў і 9 зваротаў мяча.

Як следства «Рэал» рыхтуе прапанову па пралангацыі кантракту на палепшаных умовах і з клаўсулай у 1 мільярд еўра, а агент француза распавядае пра бязмежную любоў свайго кліента да клуба. Эдуарда, дарэчы, за Мадрыд заўзее з дзяцінства, а калі каманда прайгравала «Барсе», то зачыняўся ў пакоі – пра гэта распавядаў яго брат.

Трохі горш справы ў суайчынніка Камавінга, 23-гадовага Тчуамені. Дзіўнага нічога няма, таму што гэта дэбютны сезон у «Рэале» – у таго ж Эдуарда мінулы год таксама не быў мегакрутым. Зрэшты, прычыны адрозніваюцца – у Арэльена праблемы са стаўленнем, а яшчэ на яго вельмі паўплываў фінал ЧС-2022 і незабыты пенальці ў пасляматчавай серыі.

Калі да паездкі ў Катар Тчуамені быў асноўным (прапусціў толькі адну гульню), то цяпер пераважна выходзіць на замену. Іспанская прэса інфармуе, што ў яго была размова з Анчалоці, дзе ён распавёў пра фізічнае і маральнае знясіленне. На гэта наклаліся мікратраўмы і спроба разгрузіцца, якая завяршылася мініскандалам – падчас перыяду рэабілітацыя Арэльен паляцеў на гульню НБА, калі «Рэал» праводзіў свой матч. За гэтую гісторыю нават давялося публічна прасіць прабачэння.

Аднак у клубе не сумняваюцца, што Тчуамені вернецца на свой узровень.

Клуб паспяхова рызыкнуў з бразільскім вектарам: Вінісіус – ужо суперзорка, Радрыга становіцца асноўным, а ў 2024-м прыедзе Эндрык

«Рэал» стаў першым і пакуль адзіным клубам, які пайшоў на сур'ёзныя авантуры на бразільскім рынку – мадрыдцы за 120 мільёнаў еўра набылі трох гульцоў, якім не было яшчэ нават 19 гадоў.

Першы з іх - Вінісіус Жуніяр. Гэта найлепшы прыклад для еўрапейскіх каманд, як таленавітым выканаўцам варта давяраць у перыяды няўдач. Даволі доўга ён і быў ахвярай мемов і кпінаў, але цяпер смела прэтэндуе на званне аднаго з найлепшых у свеце.

Вінгер ў двух запар сезонах аформіў 22 + 20 па сістэме гол + пас, а ў бягучай кампаніі яшчэ дастаткова часу, каб палепшыць гэтую статыстыку. Яго форма выклікае толькі захапленне і аптымізм перад паўфіналамі ЛЧ з «Манчэстэр Сіці», дзе ключавую ролю цалкам можа адыграць іншы бразілец – Радрыга.

І не, справа не толькі ў яго леташнім дублі, які вырваў для «Рэала» фактычна прайграны матч, а ўсяго ў лічбах у турніры – 15 галоў і 9 асістаў у 37 матчах (19 у старце). Яшчэ тры мячы, і ён стане чацвёртым найлепшым бамбардзірам мадрыдцаў у ЛЧ.

У выпадку Радрыга, напэўна, таксама трэба згадаць важнасць даверу, таму што асноўным ён стаў не адразу – паступова выцясняў канкурэнтаў, пакуль канчаткова не пакінуў за спінай Марка Асенсіо і пачаў падмяняць Бензему ў цэнтры нападу.

Цікава, што бразілец неяк прызнаўся – яго магла перахапіць «Барселона»: «Паколькі з «Барсай» усё было ўзгоднена, прыезд «Рэала» стаў нечаканасцю. Спачатку быў страх, але потым адзін з самых шчаслівых момантаў у жыцці». Па словах Радрыга, «сметанковыя» яму заўсёды падабаліся, а сваім кумірам ён лічыць Раналду.

Да гэтага спісу можна аднесці і Мілітаа, аднак ён у 21 год перабраўся ў Іспанію з «Порту», гэта значыць паспеў сябе зарэкамендаваць у Еўропе, у адрозненне ад Вінісіуса і Радрыга. А вось адзіны фейл у Бразіліі – Рейньер.

Спачатку атакуючы хаўбек не змог зачапіцца за шанец у аснове «Рэала», потым было два сезоны ў арэндзе ў дортмундскай «Барусіі», а зараз ён нават не трапляе ў старт «Жыроны». Аднак адзначым, што мадрыдцы ўсё яшчэ могуць зберагчы сябе ад правалу. За Рэйньера заплацілі не такую вялікую суму (30 млн еўраў), а ён дагэтуль досыць малады (21 год), каб дзесьці праявіць сябе для будучага продажу і кампенсацыі выдаткаваных сродкаў – кантракт у яго аж да 2026-га.

Больш за тое, Фларэнтына Перэс, здаецца, не занадта знерваваўся праз адну з чатырох няўдалых здзелак, таму што восенню мінулага года адважыўся на вар'яцкі трансфер 16-гадовага нападніка «Палмейрас» Эндрыка, за якім палявалі ўсе гранды. Гэта патэнцыйны пераемнік Бенземы і адзін з найвялікшых (калі не найвялікшы) талентаў Паўднёвай Амерыкі.

Самы спелы з маладой плеяды – Вальвердэ. Яму ўжо прадракаюць статус капітана

Так, Вінісіус вызначана вылучаецца індывідуальным майстэрствам, але ёсць аспекты, у якіх яму варта ўдасканальвацца. Вальвердэ замест гэтага выглядае як канчаткова сфармаваны футбаліст – гэта тычыцца як гульнявога складніка, так і ментальнага.

Калі б не нядаўні інцыдэнт з Алексам Баенай, то можна было б казаць пра паўнавартасную сталасць 24-гадовага уругвайца. Хоць, гісторыя там такая, што хочацца падтрымаць «нападніка», чым ахвяру.

На поле ж да хаўбека няма ніякіх прэтэнзій, калі ён знаходзіцца ў добрым настроі і не думае аб праблемах у паўсядзённым жыцці, такіх як рызыка страціць дзіця падчас цяжарнасці жонкі (усё ў выніку склалася добра).

Заўзятары і фанаты ў адзін голас заяўляюць, што Вальвердэ – гэта капітанскі праект для «Рэала», таму што ў Федэ неверагодны імпэт да футбола і да клуба. А яшчэ уругваец - універсал, чарговы прадстаўнік секты Лукаса Васкеса са сваім «дзе паставіце, там і буду гуляць»  (гэтым жа заразіліся і Радрыга з Камавінга). За ўсю сваю кар'еру ён не гуляў толькі на трох пазіцыях - брамнік, левы абаронца і форвард (цэнтрбекам і левым вінгерам быў у «Кастыльі»).

Перабудова яшчэ не завершаная – «Рэалу» патрэбны Белінгем

«Рэал» не спыняецца на дасягнутым. Паводзіны Кіліяна Мбапэ ў момант падпісання новага кантракту з «ПСЖ» і гульня яго патэнцыйных канкурэнтаў па пазіцыі ў Мадрыдзе прымусіла кіраўніцтва дыстанцыявацца ад ідэі гэтага трансферу, але цяпер Перэсу патрэбны Джуд Белінгем з дортмундскай «Барусіі».

19-гадовы англічанін – прыярытэтная мэта, У гэтым не варта сумнявацца. Апошнія апдэйты сітуацыі сведчаць пра тое, што мадрыдцы ўсё бліжэй да рэалізацыі свайго плана.

Ключавую ролю зноў адыгрывае статус клуба – паводле звестак AS і іншых крыніц, Белінгем аддае перавагу менавіта «Рэалу». І гэта добрыя навіны для «сметанковых», таму што іншыя інсайдары ў адзін голас заяўляюць – іспанцам не ўдасца фінансава канкураваць з прадстаўнікамі АПЛ.

Там, праўда, з гонкі паспеў выбыць «Ліверпуль», але застаецца іншы сур'ёзны прэтэндэнт – «Манчэстэр Сіці», куды Джуда спрабуюць зацягнуць Хасэп Гвардыёла, а яшчэ экс-калега па «Барусіі» Эрлінг Холанд і партнёр па зборнай Англіі Джэк Грыліш.

Аднак журналісты таго ж AS сцвярджаюць, што ў спартыўным плане Белінгем ацэньвае варыянт з «Рэалам» як найлепшы для сябе. Клуб таксама не спіць – пачаліся папярэднія перамовы з асяроддзем футбаліста, а галоўны скаўт Хуні Калафат сустракаўся з бацькам Джуда ў Лондане.

Мадрыдцы гатовыя плаціць не больш за 120 мільёнаў еўра, а вось дортмундцы быццам бы будуць разглядаць прапанову выключна ў 150+ мільёнаў еўра. Перэс на такія выдаткі не пойдзе. Кошт – не адзіны фактар, які выклікае сумневы. Выданне Relevo, блізкае да кіраўніцтва, паведамляла пра асцярогі адносна дрэннай адаптацыі англічанін ў Ла Лізе.

***

Калі «Рэал» летам такі аформіць трансфер Белінгема, то можна будзе канстатаваць: клуб будзе мець 8 маладых гульцоў самага высокага ўзроўню на сем пазіцый у паўабароне і атацы на найбліжэйшых гадоў так 10. I гэта без уліку Себальеса, Асенсіа, з якімі як быццам збіраюцца падоўжыць кантракты, і выхаванцаў уласнай акадэміі.

Папярэдняя перабудова адзначылася найлепшым доўгатэрміновым перыядам у гісторыі «сметанковых» на еўраарэне. Гісторыя цыклічная?

Другие посты пользователя

Все посты