Tribuna/Футбол/Блоги/У Пагба ўсё дрэнна: праваліў допінг-тэст, пагражае дыскваліфікацыя (да 4 гадоў), хутка суд супраць брата

У Пагба ўсё дрэнна: праваліў допінг-тэст, пагражае дыскваліфікацыя (да 4 гадоў), хутка суд супраць брата

Чорная паласа ў жыцці француза.

14 сентября, 11:46
У Пагба ўсё дрэнна: праваліў допінг-тэст, пагражае дыскваліфікацыя (да 4 гадоў), хутка суд супраць брата

Паўза ў клубным футболе на матчы зборных не прайшла без здарэнняў. Самым гучным скандалам апошніх дзён стала станоўчая допінг-проба Поля Пагба. Французу пагражае дыскваліфікацыя ад 2 да 4 год.

Расказваем падрабязней.

Пагба праваліў тэст праз харчовую дабаўку. «Юве» ужо прыпыніў выплату заробку і можа скасаваць кантракт

11 верасня загалоўкі італьянскіх газет грымелі зусім не з нагоды набліжэння матчу «Скуадры» супраць зборнай Украіны. Стала вядома, што паўабаронца «Ювентуса» Поль Пагба здаў станоўчую допінг-пробу на тэстастэрон пасля матчу супраць «Удынезэ» (дарэчы – на полі ў той гульні ён нават не з'яўляўся).

Яго прызналі парушальнікам артыкулаў 2.1 і 2.2 Антыдопінгавага кодэкса, паколькі ў яго тэсце былі выяўленыя неэндагенныя метабаліты тэстастэрону. Гэта значыць, што такі тэстастэрон вырабляўся не арганізмам, а быў уведзены звонку.

Ужо на наступны дзень Нацыянальны антыдопінгавы трыбунал Італіі абвясціў, што француз часова дыскваліфікаваны – такі крок быў мерай стрымання. «Ювентус» пакуль выпусціў толькі адну заяву на гэтую тэму, у якой абвясціў пра тое, што «клуб пакідае за сабой права разглядаць далейшыя працэсуальныя дзеянні».

Гучыць не вельмі добра для Пагба.

Праблему пагаршае той факт, што сам гулец і яго прадстаўнікі, здаецца, не спрачаюцца з тым, што допінг сапраўды трапіў у арганізм паўабаронцы.

Напрыклад, La Gazzetta dello Sport сцвярджае, што напярэдадні Поль паведаміў лекарам «Ювентуса», што прымаў рэчывы, не ўзгодненыя з медыцынскім персаналам «б'янканэры». Нікола Скір паведамляе, што клуб можа скасаваць кантракт з гульцом, калі паўторны допінг-тэст таксама будзе станоўчым. Акрамя таго, турынцы ўжо прыпынілі выплату зарплаты гульцу, паколькі станоўчы вынік тэсту на допінг уваходзіць у выпадкі, калі можна пайсці на такі крок, які рэгулюецца артыкулам 5.5 дагавора, што ў студзені гэтага года быў падпісаны Федэрацыяй футбола Італіі, Серыяй А і Італьянскай асацыяцыяй футбалістаў.

Таксама паведамляецца, што Пагба мог праваліць допінг-тэст праз харчовую дабаку, што была набытая ў ЗША па парадзе сябра-ўрача, які не мае дачынення да турынскага клуба. У такім выпадку гаворка пойдзе пра ужыванне допінгу па неасцярожнасці. Гэта пагражае футбалісту двума гадамі дыскваліфікацыі. Калі ж Поль прымаў тэстастэрон наўмысна, то могуць пакараць чатырма гадамі па-за футболам.

Нагадаем, што цяпер Пагба 30 гадоў.

Агент гульца Рафаэля Пімэнта коратка пракамэнтавала сітуацыю, ускосна пацвердзіўшы, што допінг сапраўды быў у арганізме Пагба, але трапіў туды ненаўмысна: «Мы чакаем магчымасьці сфармаваць адказ, і пакуль нічога сказаць не можам. Няма сумневу, што Поль ніколі не хацеў парушаць правілы».

У «Ювентусе» пакуль у большасці сваёй маўчаць, чакаючы развіцця сітуацыі. Алегры ніяк не каментаваў гэты скандал, апошняя згадка француза ад трэнера адбылося пасля гульні з «Эмпалі» ў пачатку верасня, калі Поль атрымаў пашкоджанне, якое аказалася не вельмі сур'ёзным.

А вось трэнер зборнай Францыі Дзiдзье Дэшам падтрымаў Пагба: «Я не ведаю ўсіх фактаў. Расследаванне працягваецца. Але з Полем цяпер адбываецца столькі дрэннага… Гэта складана. Я да гэтага часу памятаю, як мы абмяркоўвалі каранавірус і вакцынацыю. Але тут гаворка ідзе пра метабаліты.

Узнікаюць пытанні «чаму» і «як», але я не думаю, што нават сам Пагба ведае адказ, на жаль. Гэта цяжка для яго. Я заўсёды падтрымліваў яго. І гэта яшчэ адзін удар для Поля».

Ад моманту вяртання ў «Юве» згуляў усяго 213 хвілін. Адмовіў саудаўцам і быў настроены рэанімаваць кар'еру

Вяртанне Пагба ў «Ювентус» сур'ёзна прэтэндуе на адзін з самых дрэнных трансфераў 21 стагоддзя. Нешта на ўзроўні пераходу Эдэна Азара з «Чэлсі» ў «Рэал», хаця за француза турынцы нічога і не заплацілі – падпісвалі свабодным агентам.

Аднак, прапаноўваючы Пагба вярнуцца, «Ювентус» даў французскаму паўабаронцу самы высокі заробак у камандзе. З усімі бонусамі і да выліку падаткаў яна складала больш за 10 млн еўра. Мы нават не будзем распісваць, колькі турынцам абыйшоўся ўдар, пас і абводкі, як гэта рабілі ў выпадку з Азарам і «Рэалам».

Статыстычных паказнікаў Пагба за гэты год у «Юве» настолькі мала і яны настолькі нізкія, што гэта самае дзіўнае.

Прычынай гэтага з'яўляецца той факт, што з ліпеня 2022 года Поль больш лечыцца, чым гуляе і трэнуецца. У мінулым сезоне ён прапусціў 53 матчы праз пашкоджанне і траўмы рознай ступені цяжкасці.

❌ Аперацыя на калене – 21 матч

❌ Расцяжэнне мышц сцягна – 7 матчаў

❌ Траўма меніска – 7 матчаў

❌ Расцяжэнне пахвінных мышцаў – 6 матчаў

❌ Разрыў адводнай мышцы – 6 матчаў

❌ Траўма падкаленнага сухажылля – 6 матчаў

❌ Мышачная стомленасць – 1 матч

Але да старту новага сезону Поль падыходзіў у баявым настроі, заяўляў пра сваё вяртанне: «Час у полі – мне трэба трэніравацца і гуляць, вось чаго мне не хапае. Я ў добрай форме і хачу вярнуцца прыгожа. Я такі ж галодны, як і раней, калі быў маладзейшы. Мне хочацца старанна працаваць і перамагаць. Я ўсё яшчэ магу вучыцца – мне ўсяго 30, і я хачу радаваць заўзятараў перамогамі».

У матывацыю Поля можна паверыць, бо ўлетку яго прыцягвалі да сябе саудаўскія «Аль-Ахлі» і «Аль-Іціхад». Турынскі клуб пагадзіўся на перамовы, але сам Пагба ўсім адмовіў. Хаця, па чутках, яму прапаноўвалі трохгадовы кантракт 150 мільёнаў еўра.

За некалькі дзён да навіны пра завалены допінг-тэст гулец звяртаўся да хейтэраў: «Я хачу прымусіць іх пашкадаваць пра іх словы. Я хачу паказаць ім, што я не слабы. Яны могуць казаць пра мяне дрэнна. Я ніколі не здамся. Футбол вельмі добры, але жорсткі від спорту. Людзі могуць пра цябе забыцца. Ты можаш зрабіць што-небудзь вялікае, але на наступны дзень ты ніхто».

Проста цяпер у чэмпіёна свету-2018 і аднаго з самых папулярных футбалістаў гэтага стагоддзя вельмі няпросты перыяд жыцця. Паралельна з допінгавай гісторыяй ідзе і іншая – сямейна-судовая.

15 верасня пройдзе слуханне па справе пра вымагальніцтва, у якой фігуруюць брат Поля і група сяброў дзяцінства. Пакуль незразумела, ці прыме ў ім удзел паўабаронца, але слуханне адбудзецца нават пры яго адсутнасці. Нагадаем сутнасць гэтай гісторыі: летась Пагба апынуўся пад куляй пісталета пасля некалькіх спроб вымагальніцтва, зробленых блізкімі яму людзьмі, якія жадаюць атрымаць ад яго грошы.

«Грошы мяняюць людзей. Яны могуць разбурыць сям'ю. Яны могуць прывесці да вайны. Часам я заставаўся адзін і думаў: «Больш не хачу, каб у мяне былі грошы. Больш не хачу гуляць. Я проста хачу быць з нармальнымі людзьмі, каб яны любілі мяне такім, якім я ёсць – не праз славу, не праз грошы», – казаў паўабаронца «Ювентуса» ў інтэрв'ю Al Jazeera некалькі дзён таму.

Фота: Jin Mamengni/Global Look Press

Другие посты пользователя

Все посты