Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Як падчас выбараў у парламент кандыдатка ад апазіцыі стала заўзятаркай «Гарадзеі» і перамагла

Як падчас выбараў у парламент кандыдатка ад апазіцыі стала заўзятаркай «Гарадзеі» і перамагла

Дэпутат парламента – пра спорт і футбол.

26 сентября 2016, 17:10
12
Як падчас выбараў у парламент кандыдатка ад апазіцыі стала заўзятаркай «Гарадзеі» і перамагла

Андрэй Маслоўскі ўпершыню пабачыў Алену Анісім на футболе.

Дэпутаты ад апазіцыі ў беларускім парламенце з’яўляюцца вельмі рэдка. Апошні раз яны былі там 12 гадоў гадоў таму. Але сёлета ў «палатку» абралі адразу некалькі незалежных кандыдатаў. Сярод іх – Алена Анісім, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, якая балатавалася па Стаўбцоўскай акрузе і набрала 40,5 адсоткаў галасоў. Падчас сваёй выбарчай кампаніі палітык наведала тры гульні «Гарадзеі», а пасля неаднаразова паўтарала, што ёй на футболе спадабалася. Вось мы і вырашылі пагутарыць з дэпутаткай пра спорт і не толькі.

– Ці правільна разумею, што вы з’явіліся на стадыёне толькі падчас перадвыбарнай кампаніі?

– Так, я раней не цікавілася футболам. Ды і муж не вялікі заўзятар. Матчы па тэлевізары глядзіць рэдка. Але, зразумела, што ў дзяцінстве гулялі ў футбол усе. Мае старэйшыя браты нават займаліся больш-меньш прафесійна і ў 68-м годзе перамаглі на нейкім раённым турніры.

Асэнсавана футболам зацікавілася ў 1982-м. Я вучылася ў БДУ і аднойчы аднагрупнікі выцягнулі мяне з сяброўкамі на адзін з матчаў мінскага «Дынама». Тая атмасфера знітаванасці, той настрой на перамогу мне вельмі спадабаўся. Памятаю, што не магла спакойна назіраць за гульнёй. Перажывала і за Пракапенку, і за Курбыку. Магчыма, і Гурыновіч з Румбуцісам там былі. Магу памыляцца ў прозвішчах, бо шмат часу прайшло.

– Пакуль называеце безпамылкова.

– Ну, і добра :). Наколькі памятаю, гэта была вельмі важная гульня ў барацьбе за чэмпіёнства. І мы перамаглі. Але далей сачыць за футболам перастала. У тыя гады паралельна з вучобай працавала гідам-перакладчыкам і часу на ўсё не хапала. А па тэлевізіі глядзець футбол не магу – не цікава.

І калі падчас кампаніі адна з маіх давераных асоб распавяла пра «Гарадзею» – каманду з маёй акругі, якая гуляе ў вышэйшай лізе, зацікавілася. Вырашыла, што паколькі я сябе пазыцыяную абаронцай інтарэсаў людзей, то трэба ведаць, чым яны жывуць. І мне захацелася пабачыць, хто ходзіць на футбол у Гарадзеі. Даведацца, як усё адбываецца, у якім стане інфраструктура і гэтак далей. І тое, што ўбачыла, мяне ўразіла.

 Што канкрэтна?

– Па-першае, трыбуны. Яны напаўняліся людзьмі. Ведаю, што на гульні прыязджаюць і з Нясвіжа, і са Стоўпцаў, і з Міра, нават з Наваградка. Людзі свой вольны час ахвяруюць на тое, каб паглядзецць футбол. І дзеткі прыходзяць. І фан-клуб ёсць. Мяне вельмі ўразіў маленькі хлопчык, які ўважліва сачыў за гульнёй, і шчыра-шчыра заўзеў.

Па-другое,уразіла атмасфера. Яна была даволі спрыяльнай. Канешне, былі ўсялякія воклічы з не зусім нарматыўнаў лексікай. Але што тут зробіш! Ну, вось так некаторыя з нас умеюць выказваць свае эмоцыі. А падказак і парад колькі было! Заслухалася. Але ў цэлым было добра. Ну, і па-трэцяе, мне спадабаліся самі гульні. Усяго была на трох – супраць «Нафтана», «Граніта» і «Крумкачоў». З менчукамі атрымаўся даволі напружаны матч. І я не здолела застацца абыякавай.

Ніякай таямніцы са свайго прыезду не рабіла, але і на лоб налепку не клеіла. Народ рэагаваў на мяне вельмі стрымана. І гэта было зразумела. Я для іх не свая – нарадзілася ў суседнім раёне, жыву ў Мінску. Але калі пачыналі размаўляць, усе ставіліся дабразычліва.

– Палітыкаў папракаюць за тое, што яны ходзяць на падобныя мерапрыемствы только пакуль ім нешта трэба ад народа. У вашым выпаку – прагаласаваць. Выбары прайшлі і на сустрэчы «Гарадзеі» супраць мінскага «Дынама» вас не было.

– Не хапіла часу, каб прыехаць. Калі будзе атрымлівацца, буду наведваць матчы. Мне хочацца сачыць за станаўленнем клуба. Я мала чым магу “Гарадзеі” паспрыяць – сістэма фінансавання там наладжана. Таму буду проста заўзець.

– Іншыя віды спорту вас неяк цікавяць?

– Я ўсё жыцце была далёка ад яго. Займалася прафесійнымі і грамадскімі справамі. Так што спорту ў жыцці было няшмат. Не бачыла ў гэтым нейкай неабходнасці. Хаця з маленства добра стаю на каньках – бацька навучыў. Але ў вёсцы не было трэнераў, каб мае навыкі развіваліся. Тым не менш фігурнае катанне мне вельмі падабаецца. Нажаль, школы у краіне талковай няма. Хаця дзетак, якія б хацелі займацца, дастаткова. Улічваючы, колькі ў нас лядовых палацаў, магчыма, праз нейкі час нехта і стрэліць.

– Нам часта кажуць, што Беларусь – спартыўная краіна. Вы таксама так лічыце?

– Нармальная ў нас краіна. Што тычыцца спорту, то не трэба забывацца на Чарнобыльскую катастрофу, якая нанесла каласальную шкоду здароўю нацыі. І зараз гэта ўсё пачынае адбівацца на маладых пакаленнях. Таму ў нас не так шмат здаровых маладых людзей, якія маглі б паказваць высокія вынікі. І трэба асэнсаваць, што мы не можам прэтэндаваць на сусветнае першынство ў спорце. Але і спорт, і масавую фізічную культуру абавязкова трэба развіваць. Чалавек, які фізічна адчувае сяабе здаровым, прасцей вырашае свае праблемы.

– Якія з’ўляюцца думкі, калі замест школы, дзіцячага садка або бальніцы будуюць чарговы лядовы палац?

– Не вельмі добрыя :). Адна справа, калі будуецца палац і там адчыняюцца розныя секцыі. Тады зразумела, што палац будзе працаваць па прызначэнні, а не як памяшканне, пра якое трэба клапаціцца, задумвацца, як адбіць выдаткі на будаўніцтва.

Я прытрымліваюся прагматычна-рацыянальнага падыходу. Калі хочам пабудаваць палац, трэба ўсё для гэтага падрыхтаваць. Прадугледзіць наяўнасць хаця б некалькіх груп дзяцей, якія будуць займацца. Вывучыць эканамічны стан мясцовых жыхароў. Таму што хакейная экіпіроўка дастаткова дарагая і не кожная сям’я можа сабе яе дазволіць. Але хто пра гэта думае? Калі сур’ёзна падыходзіць да пытання, трэба распрацоўваць спецыяльную праграму, дзе будзе улічана ўсё, у тым ліку і фінансавыя аспекты. Іначай гэта ўсё штучна. І ад гэтага аніякага плёну для хакея ня будзе.

Трэба, каб наш спорт развіваўся гарманічна з нашым жыццём. Бо калі ідзе гульня на публіку, калі мы з усёй моцы імкнемся нешта з сябе паказаць, гэта штучнае. Канешне, гэта можа даць нейкі кароткачасовы эфект, але не больш.

***

– Новы склад парламента ўзбагаціўся на экс-спартоўцаў. Да Вадзіма Дзявятоўскага далучыўся Аляксандр Багдановіч. Як ставіцеся да гэтага?

– Калі людзі самі прымаюць рашэнне балатавацца і за імі стаіць пэўная колькасць выбарчшыкаў, то гэта нармальна. Нічога кепскага не бачу. Палата прадстаўнікоў – орган народнага прадстаўніцтва, які павінен акумуляваць інтэлектуальны, эканамічны і юрыдычны патэнцыял краіны. Гэта інтэлектуальны згустак, які дапамагае стартэгічна выбудоўваць шлях развіцця. А хто дэпутаты па прафесіі, не так важна. Калі не памыляюся, ён зрабіў сабе імя разам з братам у веславанні. І я, як і любы беларус, цешылася іх перамогам.

– Па выказваннях Багдановіча можна зрабіць выснову, што ён будзе поўнасцю падтрымліваць уладу.

– Магчыма, праз нейкі час ён асвоіцца ў палітыцы і ў яго з’явяцца альтэрнатыўныя думкі. Усё залежыць ад асяродзя. Ад таго, з кім працуеш і хто на цябе ўплывае. А тое, што ён мае пачуццё павагі да кіраўніка дзяржавы, гэта нармальна.  Горш, калі павагі да людзей увогуле няма.

Я разумею, што прафесійны спорт выпустошвае і не дае магчымасці развівацца інтэлектуальна ў такой ступені, якая патрабуецца сённяшнім жыццём. Але, тым не менш, лічу, што на людзей вельмі моцна ўплывае асяроддзе. І развіццё абавязкова будзе. Я стаўлюся аптымістычна.

– Ведаеце, што нядаўна яго адхілілі ад выступаў у любых спаборніцтвах нібыта з-за ўжывання допінгу?

– Трошкі згубіла гэты момант. Дрэнна, што ў спорце спартыўныя дасягненні ставяцца пад сумненне. Хацелася, каб нашыя трэнеры больш адказна падыходзілі да сваіх абавязкаў.

– Яшчэ адзін спартовец – Вадзім Дзявятоўскі – абіраецца другі раз запар. Што вы чулі пра яго дзейнасць на пасадзе дэпутата?

– Спецыяльна за ім не сачыла. Чытала нейкія публікацыі, але не акцэнтавала на іх увагу. Хто ведае, можа ён як дэпутат, яшчэ не праявіў сябе ў поўнай меры. Таму зараз у яго шанц зрабіць нешта большае. Тым больш Вадзім мае досвед. Увогуле да парламента зараз будзе больш ўвагі. І ўсім трэба быць гатовымі да таго, што прыйдзецца працаваць больш. І законапраектаў давядзецца прымаць не тры за адзін тэрмін.

Зразумела, імідж нашага парламента не самы лепшы. З 2004 года ў ім не было палітыкаў, якія мелі б альтэрнатыўную думку. Але скажу колькі словаў і ў яго абарону. Многія выбаршчыкі адзначалі станоўчыя рэчы, якія рабілі дэпутаты мінулых скліканняў. Да мяне даходзілі чуткі, што і ў іншых акругах былі людзі, якія па-сапраўднаму выконвалі свае абавязкі. Так, магчыма яны не займаліся палітычнымі справамі, не крытыкавалі ўладу, бо былі часткай сістэмы. Аднак яны рабілі тое, што маглі. Я кажу не толькі пра дарогі і дзіцячыя пляцоўкі ў дварах. Але і пра больш шырокія рэчы – напрыклад, закупка неабходнага абсталявання ў паліклінікі і бальніцы. Яно служыла і служыць многім. І за гэта папярэднім дэпутатам выбаршчыкі ўдзячны.

Мне таксама хочацца зрабіць свой унёсак у тое, каб парламент стаў сапраўдным органам народнага прадстаўніцтва. Каб з яго трыбуны гучалі актуальныя для грамадства рэчы, а не залагоджванне рашэнняў улады. Калі людзей нешта хвалюе, трэба пра гэта размаўляць. Народ павінен адчуць нашу працу. Ён мае права ведаць, чым займаюцца дэпутаты.

– Атрымліваецца, вас не турбуе што за апошнія чатыры гады парламент унёс на разгляд усяго тры законапраекты?

– Усё залежыць ад нас – дэпутатаў новага склікання. Мы можам палепшыць карціну. І мая задача якраз у тым, каб палепшыць прэстыж парламента. Павысіць яго ролю ў нашым грамадстве. Раней было так, што палата прадстаўнікоў мала што вырашала, але сітуацыя зараз змянілася.

Пасля ўзнікнення Рэспублікі Беларусь пачаўся рух наперад, які шмат каго зачапіў. Гэта быў уздым. Краіна развівалася. Потым запусціліся крышачку іншыя механізмы. Адбылася трансфармацыя і рух стаў не такі, які чакала большасць. Але неўзабаве мы дакаціліся да стабілізацыі,спынення руху. Пачалася інерцыя, якая заўсёды прыводзіць да нуля. І мы зараз фактычна ў гэтай нулявой кропцы. Руху наперад ужо няма. І калі не будзе ніякіх зменаў, ніякіх штуршкоў, то пачнецца адкат. Што патроху  здараецца ў эканоміцы. Падзенне заробкаў – гэта адлюстраванне.

І таму сёння трэба вярнуць краіне рух. Зрабіць змены. У парламенце яны адбыліся зусім невялічкія. Але яны могуць стаць каталізатарам. І толькі ад нас, ад дэпутатаў, залежыць наколькі моцнымі.

– Дзве асобы з альтэрнатыўнымі поглядамі могуць гэта зрабіць?

– Могуць. Калі мы будзем працаваць так, каб іншым захацелася падцягнуцца, усё будзе. Важна, калі ёсць пасыл. Важна, каб яго пачулі астатнія парламентарыі, якія таксама прыйшлі працаваць. Я разлічваю на тое, што гэты склад палаты пры ўсіх нюансах яго абрання, будзе больш працаздольны, чым папярэдні. Бо сам факт таго, як ставіцца да дэпутатаў народ, павінен уплываць на працу. І вельмі важна, каб да ўсіх дэпутатаў выстаўлялі аднолькавыя патрабаванні. Не да аднаго, ці двух, якія маюць альтэрнатыўную думку, а да ўсіх. І тады рэпутацыя парламента будзе паляпшацца.

– Як будзеце сябе адчуваць, калі парламент  адзінагалосна прыме які-небудзь дзўіны закон. Накшталт дэкрэта пра дармаедства?

– Каб ніхто не прымаў такіх законаў, іх не трэба распрацоўваць. Трэба пісаць акты, якія будуць спрыяць нашаму руху наперад. І дзеля гэтага ў нас ёсць усе магчымасці. Неабходна прыцягваць кваліфікаваных і кампетэнтных спецыялістаў – эканамістаў, юрыстаў – якія зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь была сучаснай, дынамічнай краінай. І калі я ўбачу, што закон неабгрунтаваны ці антынародны, буду рабіць усё магчымае, каб не дапусціць яго прыняцця.

– Калі што, гатовы на галадоўку?

– Хацелася б, каб да гэтага не дайшло. Хаця гэта не складана. Важны не столькі учынак, колькі канчатковы вынік. Зразумела, калі будзе стаяць пытанне аб здачы краіны (крый Божа) і галадоўка будзе адзіным апошнім варыянтам, то я, безумоўна, пайду на гэты крок. У другіх жа выпадках я проста буду героем некалькі дзен. Усё будзе падобна на стральбу па верабья’х з гарматы. Усё можна вырашыць іншымі спосабамі. Ёсць грамадская супольнасць, да якой можна звярнуцца. Нам увогуле трэба навучыцца запускаць механізм грамадскага кантролю і ціску на прыняцце некаторых рашэнняў.

Вось, дарэчы, у 2018-м будзе 100 гадоў са дня абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Вельмі хачу, каб гэтая дата была адзначана на вышэйшым дзяржаўным узроўні. І я буду над гэтым працаваць. БНР павінна быць арганічнай часткай нашай гісторыі.

– Ну, вы ж ведаеце, як да гэтай гісторыі ставяцца ўлады.

– Ўсё змяняееца. Ёсць эвалюцыя поглядаў. Так, на некаторым этапе людзі пад нейкім уплывам маглі ўспрымаць інфармацыю іначай. Але сёння, калі наша дзяржава 25 гадоў незалежная, трэба разумець, што без БНР мы б не здолелі паўстаць напрыканцы 80-х. Асэнсаванне і паразуменне гэтага нам дапаможа рухацца далей.

Зараз у грамадстве адбываюцца цікавыя працэсы. У моду ўваходзіць вышыванка, часцей гучыць мова. У людзей ёсць прага свабоды волевыяўлення і вольнадумства. Гэта вельмі важны момант. Нават наша футбольная зборная зрабіла велізарныя крокі ў гэтым кірунку. Народ прачынаецца. І тое, што на футбол зараз можна прыйсці з «Пагоняй» вельмі важна. Людзі дэманструюць сваю волю. Дарэчы, зараз пачалася акцыя за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу  гісторыка-культурнай каштоўнасці, як і нашаму гербу. Зараз ідзе асэнсаванне сябе, як асобнай нацыі. Нацыі, якая абапіраецца на уласную культуру і сымбалі. Зразумела, што гэта не адбылося б так хутка, калі б не знешнія абставіны. Але гэта вельмі добры трэнд.

– Нядаўна беларуса аштрафавалі за знявагу мовы. Гэта правільна?

– Калі ёсць такая норма, а чалавек яе парушыў, трэба несці адказнасць. Мы ж адказваем за парушэнне правілаў дарожнага руху. Дык чаму людзі, якія парушаюць закон, не думаюць, што мусіць быць пакаранне?

Фота у тэксце:nn.by, svaboda.org, belaruspartisan.org, bsdp.org.

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты