Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/Проста фантастычны шпагат: 5 футбалістаў умудрыліся і выступіць супраць гвалту, і падтрымаць Лукашэнку. Вось што за яны

Проста фантастычны шпагат: 5 футбалістаў умудрыліся і выступіць супраць гвалту, і падтрымаць Лукашэнку. Вось што за яны

...

Автор — Алесь Коваль
9 мая 2021, 14:24
10
Проста фантастычны шпагат: 5 футбалістаў умудрыліся і выступіць супраць гвалту, і падтрымаць Лукашэнку. Вось што за яны

У пачатку верасня беларускія футбалісты перапынілі сваё практычна ўсеагульнае маўчанне з нагоды сітуацыі ў краіне з сістэмным гвалтам пасля выбараў. Праўда, гульцоў хапіла толькі на тое, каб выступіць супраць адной частцы ўраўнення, а менавіта гвалту. За такі выбарачны падыход футбалістаў раскрытыкавалі прадстаўнікі Свабоднага аб’яднання спартсменаў, аднак гэта ўсё роўна было лепш, чым нічога. Калектыўны зварот белфутбола падтрымалі без малога 100 чалавек, сярод якіх былі і такія вядомыя імёны, як Аляксандр Гутар, Юрый Кендыш, Максім Бардачоў, Станіслаў Драгун, Ягор Філіпенка, Павел Няхайчык, Дзмітрый Бага.

Дзясятак подпісаў людзей з таго звароту зараз можна знайсці пад лістом за сумленныя выбары – яго падтрымалі Раман Волкаў, Альберт Капскі, Філіп Вайцяховіч, Дзмітрый Байдук, Андрэй Архіпаў, Фёдар Сапон, Максім Шышлоў, Арсень Бандарэнка, Сяргей Мельнік, Ігнат Сідар. Але ёсць і адваротныя прыклады. Некаторыя футбалісты, якія паўгода таму выступілі супраць гвалту, цяпер апынуліся ў спісе падпісантаў прарэжымнага ліста, які прыкметна папоўніўся прадстаўнікамі белфутбола ў красавіку.

Пакуль мы ведаем пра пяць такіх дзіўных выпадкаў – магчыма, іх і больш, але анансаваныя мінімум 12 подпісаў за Лукашэнку ад кожнай каманды «вышкі» (нават ад тых, хто, па нашых звестках, ужо перадалі іх па месцы патрабавання) усё ніяк не з’явяцца у адкрытым доступе.

Аляксандр Корзун

20-гадовы форвард прайшоў юнацкія каманды «Іслачы» і дарос да дубля, дзе з 2018-га стаў асноўным гульцом, але за першую каманду так ні разу і не згуляў (і нават у заяўку не патрапіў). У пачатку 2020-га Корзун вырашыў выйсці на дарослы ўзровень іншым спосабам – і перабраўся ў «Слонім 2017». У першай лізе нападаючы правёў добры сезон – сыграў у 21 матчы і з 6 галамі стаў лепшым бамбардзірам сваёй каманды, якая заняла 8-е выніковае месца.

Калі па белфутболе разнеслася прапанова выступіць супраць гвалту ў відэа, з каманды Корзуна адгукнулася адразу 10 гульцоў – так што Слонім стаў нароўні са Смаргонню і Гомелем адным з несталічных гарадоў, куды Аляксандра Нiкiтушкiна, якая здымала ролiк, прыехала асобна. Пры гэтым гаспадары памяшкання, даведаўшыся пра мэту здымак, адмовіліся браць грошы за арэнду, а потым нават падвезлі аператара на вакзал. У клубе жа адрэагавалі далёка не так светла. «Пасля выхаду відэа быў разнос. Прыехаў начальнік па спорце Слонімскага райвыканкама, крычаў, што мы падводзім слонімскі футбол, што з-за такіх выхадак віду спорту ў горадзе наогул можа не быць, маўляў, не дадуць фінансы. Але ўсім было на гэтыя словы пофіг, людзі нават прамым тэкстам гэта казалі чыноўніку», – успамінаў паўабаронца Артур Цішко.

Корзун дайграў сезон у Слоніме – у запас за ўдзел у відэа яго ніхто не пасадзіў, – а ў лютым 2021-га вярнуўся ў «Іслач». На сайце клуба ён лічыцца гульцом асноўнага складу, але выступае зноў толькі за дубль – і то пакуль правёў 3 матчы.

Даніла Нячаеў

21-гадовы Нячаеў з Магілёва – пачынаў кар’еру ў «Дняпры» (нават сыграў два матчы ў «вышцы»), на пачатку 2019-га адправіўся ў «Ліду», адкуль быў выкліканы ў «маладзёжку», а сезон-2020 правёў за «Белшыну». У сваёй камандзе гулец апынуўся белай варонай – у відэа ніхто з Бабруйска больш не ўпісаўся. Вылучаўся на фоне партнёраў малады абаронца далёка не толькі гэтым – са сваёй пазіцыі ў камандзе, якая не адзначалася высокай выніковасцю, Нячаеў выдаў 1+6 па «гол+пас». Было зразумела, што, нягледзячы на ​​вылет каманды, дэф дакладна застанецца ў эліце – ужо таму, што трапляў у лік «маладых» па новым ліміце. У выніку ўзімку Нячаеў перабраўся ў БАТЭ – а яшчэ дэбютаваў за нацзборную ў «таварняку» з Гандурасам.

За барысаўскі клуб абаронца правёў ужо 8 матчаў, але пакуль адзначыўся толькі трыма жоўтымі карткамі – ну і падпісаннем ліста за рэжым. Перад гэтым прадстаўнікі сістэмы з дзяржгазеты, найбольш гістарычна вядомай пад назвай «Советская Белоруссия», пусцілі ў друк інтэрв’ю Уладзіміра Базанава, дзе Нячаеў быў названы Паўлам.

Міхаіл Сачкоўскі

Астатнія трое гульцоў, якім удаўся той яшчэ шпагат, прадстаўляюць «Слуцк». Яны былі не адзінымі ў клубе, хто зняўся ў роліку – але вось Яўгену Вялько, Ігару Бабко, Андрэю Руму і Яўгену Апанасовічу, якія і цяпер у складзе «цукарнікаў», атрымалася пазбегнуць пападання ў прарэжымны спіс.

18-гадовы пінчук Сачкоўскі у 2019-м і 2020-м быў асноўным гульцом дубля «Слуцка», а ў гэтым годзе ўжо чатыры разы выйшаў на поле за першую каманду – прычым матч супраць брэсцкага «Дынама» правёў цалкам. Але вызначыцца паўабаронцу ўдалося толькі жоўтай карткай, якую суправадзілі непісьменным тытрам на беларускай. А вось у лісце за рэжым даныя па-руску і без памылак.

Iлья Бранавец

31-гадовы кіпер нарадзіўся ў Слуцку і ўсю кар’еру праводзіць у родным клубе (толькі ў 2014-м адлучаўся ў «Хвалю»). Футбаліста выхавала бабуля – ёй ужо за 70, але яна, як распавядаў Бранавец ў мінулым годзе, працягвае наведваць усе матчы «Слуцка». У мінулым сезоне Ілья зайграў толькі ў канцы сезона – асноўны кіпер Барыс Панкратаў тады атрымаў траўму. У гэтым годзе Бранавец пакуль правёў чатыры матчы – столькі ж, колькі цяперашні канкурэнт Дзмітрый Харытонаў. Ідэалагічных пераваг над калегам няма – ён таксама падпісаўся за рэжым.

Ягор Сямёнаў

33-гадовы выхаванец «Мінска», які прабіваўся з мінору і ўпершыню сыграў у вышэйшай лізе ў 2016-м з «Крумкачамi», праводзіць у «Слуцку» трэці сезон, увесь гэты час застаючыся па гульні ў лідарах каманды. У мінулым годзе дзякуючы сусветнаму хайпу па «Слуцку» і прыезду Яўгена «Красавы» Савіна да бацькоў жонкі ў тыя ж мясцiны пра Сямёнава дазнаўся вядомы расійскі трэнер Леанід Слуцкі – і настойліва запатрабаваў у гульца не ператрымліваць мяч. Гулец ўразіўся, а ўжо калі ўдалося наладзіць кантакт у Instagram – быў проста шчаслівы.

З усёй кампаніі падпісантаў Сямёнаў публічна быў самым пратэстным – у жніўні жахаўся фота параненай на пратэстах дзяўчынкі са словамі «Саша, проста сыходзь» і пісаў, што мірныя акцыі пратэсту прымусілі яго ганарыцца Радзімай і землякамі (зараз гэты пост выдалены), а ў верасні адзначаў гол у браму БАТЭ, завёўшы рукі за галаву. Выступ супраць гвалту быў лагічным пунктам у гэтым спісе, але цяпер ён так не выглядае.

«Цяпер я перакананы, што лепш за беларуса можа быць толькі горды і вольны беларус. Баюся пісаць «мы», таму – Вы неверагодныя!», – заявіў Сямёнаў у жніўні. Што ж, яго асцярогі, відавочна, былі не дарэмнымі.

Фота на галоўнай: Тарас Шчыры, president.gov.by

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты