Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Чынушы не пусцілі ў Барысаў медыялігу за тое, што было год таму. «Дынама» і Жодзіна згуляюць на газоне пасля расійскіх аматараў

Чынушы не пусцілі ў Барысаў медыялігу за тое, што было год таму. «Дынама» і Жодзіна згуляюць на газоне пасля расійскіх аматараў

«Барысаў-Арэне» не далі зарабіць, газон «Дынама» атрымае падвоеную нагрузку.

Аўтар — bytribuna com
16 красавіка, 06:00
2
Чынушы не пусцілі ў Барысаў медыялігу за тое, што было год таму. «Дынама» і Жодзіна згуляюць на газоне пасля расійскіх аматараў

20 красавіка на «Барысаў-Арэне» мусілі адбыцца два матчы расійскай аматарскай медыялігі. Спачатку планавалася гульня калектываў 2Drots і «10», а затым беларускага DMedia (за ім стаіць лукашэнкаўскае міністэрства па спорце) і «Народнай каманды», складзенай з фанатаў «Спартака» Масква. Аднак 11 красавіка кіраўнік медыялігі Мікалай Осіпаў паведаміў, што сустрэчы пройдуць у Мінску на стадыёне «Дынама», бо ў Барысаве «замест поля агарод, трава наогул не вырасла». І ў гэтыя словы цалкам можна паверыць з улікам, што БАТЭ дагэтуль праводзіць матчы на «Гарадскім».

Аднак не ўсё так проста. І перанос матчаў расійскай медыялігі з Барысава ў Мінск наўрад ці звязаны са станам газона.

У Барысаве поле сапраўды «агарод»?

Пра не самы добры стан пакрыцця на «Барысаў-Арэне» сёлета ўжо казаў першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч. Расказваючы аб планаваным на чэрвень спарынгу зборных Беларусі і Расіі, функцыянер адзначаў, што ён пройдзе на «Дынама», бо альтэрнатывы цяпер няма – у Барысаве пытанні па стане газона.

Такія прэтэнзіі – ужо традыцыя. Не першы год БАТЭ пачынае сезон на «Гарадскім». У мінулым годзе, напрыклад, «жоўта-сінія» першы матч на «Барысаў-Арэне» правялі толькі 25 чэрвеня, і арэна знаходзілася ў прастоі ад лістапада 2022-га. Зрэшты, вяртанне БАТЭ на арэну зацягнулася не толькі праз стан газона, хоць ён і быў не самым добрым (у канцы красавіка-2023 трава ўсё яшчэ выходзіла з зімовай спячкі). Былі і эканамічныя акалічнасці – без падпісанага плана развіцця клуб быў вымушаны эканоміць, а таму аддаваў перавагу арандаваць «Гарадскі» за тры тысячы рублёў за вечар, а не «Барысаў-Арэну» за 8,5 тысячы.

У гэтым годзе гісторыя шмат у чым паўтараецца. Клубу да гэтага часу не падпісалі план развіцця, а таму лішніх грошай, каб выдаткоўвацца на арэнду «Барысаў-Арэны», няма – БАТЭ прымае супернікаў на «Гарадскім». Зрэшты, па нашых звестках, у клубе не маюць намеру зацягваць з вяртаннем у Печы і нядаўна ўсурʼёз разглядаўся варыянт правядзення матчу з «Дняпром» 19 красавіка на «Барысаў-Арэне». Аднак у нейкі момант ад ідэі адмовіліся на карысць «Гарадскога», хаця і на сайце БАТЭ, і на сайце АБФФ дакладнае месца сустрэчы не пазначана і сёння.

У БАТЭ рупяцца не толькі пра свой бюджэт, але і пра газон «Барысаў-Арэны». Ён сапраўды цяпер не ў найлепшым стане, але ўсё ж далёкі ад азначэння «агарод», якое выдаў расійскі менеджар Осіпаў. Па нашай інфармацыі, на полі прысутнічаюць праблемныя зоны – у штрафной плошчы, на флангах і ў раёне кутніх сцяжкоў. Па факце, у тых месцах, якія закрывае цень ад брыля. Цэнтр жа, у прынцыпе, знаходзіцца ў прымальным стане, далёкім ад «агарода». Так званым медыяфутбалістам яго цалкам хапіла б.

Дык чаму матчы медыялігі пройдуць на «Дынама»?

Па нашых звестках, яшчэ некалькі тыдняў таму кіраўніцтва медыялігі пачало шукаць пляцоўку для сваіх матчаў. І першачарговым варыянтам быў стадыён «Дынама» ў Мінску. З арэнай дамовіцца атрымалася – заставалася ўсё ўзгадніць з босамі мінскага клуба «Дынама». Справа ў тым, што на 21 красавіка ў календары ЧБ запланаваная сустрэча «бела-блакітных» з «Тарпеда-БелАЗ». У клубе адказалі, што матч «вышкі» пройдзе на сінтэтыцы «Дынама-Юні», а таму арэна ў сталіцы застаецца свабоднай – маўляў, гуляйце, калі ўсё ўзгоднена.

Але праз некаторы час па нейкіх прычынах (якіх менавіта, нам невядома), у клубе «Дынама» захацелі правесці свой матч на натуральным полі – і арэна быццам бы стала недаступнай для медыяфутбола.

Кіраўнікі пацешнай лігі, нягледзячы на дасягнутыя раней дамоўленасці як з клубам, так і са стадыёнам, на канфлікт ісці не наважыліся – прынялі новыя абставіны і сталі шукаць іншае месца. Другім варыянтам значылася «Барысаў-Арэна», на якой у мінулым годзе ўжо праводзіліся сустрэчы медыялігі («Сахалінец» гуляў з «Амкалам», а DMedia – з «Народнай камандай»).

Па нашых звестках, з упраўленнем спорту і турызму рэжымнага выканкама па Мінскай вобласці, а таксама з кіраўніцтвам самой арэны дамовіцца ўдалося хутка – там далі дабро на правядзенне сустрэч 20 сакавіка, тым больш «Барысаў-Арэна» магла зарабіць на арэндзе. Аднак медыяліга сутыкнулася з супрацівам з боку лукашэнкаўскіх уладаў па Барысаўскім раёне і самім горадзе. Чынушы, а разам з імі прадстаўнікі так званых міліцыі і МНС нагадалі кіраўніцтву медыялігі пра інцыдэнты, што суправаджалі леташнія матчы, а асабліва тое, што пасля матчу «Сахалінец» – «Амкал» на поле выбеглі заўзятары.

Людзей тады разганялі носьбіты формы. У выніку медыялізе далі зразумець, што «Барысаў-Арэна» для яе недаступная, каб нічога падобнага не паўтарылася.

Так Осіпаў і яго праект ізноў аказаліся без стадыёна і заняліся новымі пошукамі. Як распавялі «Трыбуне» дасведчаныя крыніцы, медыяліга не стала разглядаць абласныя гарады (хоць у тым жа Брэсце ў мінулым годзе ФК «10» праводзіў спарынг з мясцовым «Дынама» і сабраў аншлаг), а вярнулася да сталічнага стадыёна «Дынама», кіраўніцтва якога па-ранейшаму было зацікаўлена ў супрацы.

І тут вельмі дарэчы босы клуба зноў памяняліся рашэнне. Гульню з «Тарпеда-БелАЗ» было вырашана праводзіць на «Дынама-Юні», як і планавалася першапачаткова, а вось натуральны газон стадыёна «Дынама» аддалі аматарскім калектывам. Але і гэты расклад аказаўся не канчатковым.

Нейкі час каманда «Дынама» рыхтавалася на сінтэтыцы, у тым ліку да матчу з жодзінцамі, аднак кіраўніцтва клуба і трэнерскі штаб у выніку вырашылі прыняць прынцыповага суперніка на натуральным газоне «Дынама». То бок на футбольнай арэне будзе два футбольныя вечары запар – і 20, і 21 красавіка.

Дадамо, што арандаваць сталічны стадыён на адзін вечар каштуе 18 тысяч рублёў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты