Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Рэкорд па гледачах у ЧБ з 2019-га – убачылі адзіны гол у падарунак мінскаму «Дынама» ад брамніка «Шахцёра» (ну і ўсю ідэалогію ад АБФФ таксама)

Рэкорд па гледачах у ЧБ з 2019-га – убачылі адзіны гол у падарунак мінскаму «Дынама» ад брамніка «Шахцёра» (ну і ўсю ідэалогію ад АБФФ таксама)

А экс-гулец «гарнякоў» захрас у чарзе.

Аўтар — bytribuna com
7 траўня, 18:00
Рэкорд па гледачах у ЧБ з 2019-га – убачылі адзіны гол у падарунак мінскаму «Дынама» ад брамніка «Шахцёра» (ну і ўсю ідэалогію ад АБФФ таксама)

Цэнтральным матчам 7-га тура ЧБ стала супрацьстаянне мінскага «Дынама» і «Шахцёра», які з матчам у запасе адставаў ад сапернікаў на два ачкі. Антураж матча быў у асноўным звыклы для тура. Перад гульнёй спяваліся ваенныя песні, а галоўныя трэнеры «Дынама» Вадзім Скрыпчанка і «Шахцёра» Аляксей Бага, як і калегі па «вышцы», кіравалі камандамі з рэжымнымі колерамі на грудзях.

А газон на стадыёне «Дынама» вымушаў жадаць лепшага – былі месцы і зусім без травы.

Незвычайнай стала толькі наведвальнасць – у пратакол запісалі 10910 гледачоў. Так шмат не было ў ЧБ чатыры гады – 14 красавіка 2019-га БАТЭ прымаў брэсцкае «Дынама», і на «Барысаў-Арэне» сабралася 11269 чалавек. З цяперашнім наплывам у Мiнску справіліся, як водзіцца, дрэнна – на гадзінную чаргу ў сваіх сацсетках паскардзіўся экс-гулец «Шахцёра» Мікіта Букаткін.

Непасрэдна на полі ўсё вырашыла памылка брамніка. І не Дзяніса Шпакоўскага, які праводзіў усяго шосты матч у вышэйшай лізе за кар'еру – варатар «Дынама» запомніўся, наадварот, эфектным фінтом у сярэдзіне першага тайма.

Прывёз Сяргей Ігнатовіч – у самым канцы адзінай дабаўленай да першага тайма хвіліны Арынья зрабіў закід наперад, на які пайшоў брамнік «Шахцёра». Гульцы каманды не ўмешваліся – а ў выніку аказалася, што Ігнатовіч не разлічыў траекторыю. Мяч пераляцеў праз варатара, затое ў патрэбным месцы апынуўся Уладзіслаў Марозаў – і з паўлёту засадзіў у далёкі кут міма Паўла Забеліна, які спрабаваў выратаваць галавой на лініі. Пасля гэтага мяча Марозаў зноў стаў аднаасобна найлепшым бамбардзірам ЧБ – на яго рахунку 6 галоў.

Гэты мяч так і застаўся адзіным у матчы. «Дынама» пасля перамогі 1:0 набрала 18 ачкоў за сем матчаў і замацавалася на першым месцы ў табліцы. «Шахцёр» жа прайграў упершыню ў цяперашнім ЧБ – зараз без параз у табліцы толькі «Тарпеда-БелАЗ». Салігарчане ідуць чацвёртымі з 13 баламі ў шасці сустрэчах – вышэй яшчэ жодзінцы і БАТЭ, у якіх па 14 ачкоў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты