Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/БАТЭ згубіў важнага гульца-ўніверсала: яго праглядаў Ермаковіч, у Альшэўскага амаль няма выбару

БАТЭ згубіў важнага гульца-ўніверсала: яго праглядаў Ермаковіч, у Альшэўскага амаль няма выбару

Малькевіча адпраўлялі ў «Рубін», але ён пайшоў ва «Урал» да Ганчарэнкі.

Аўтар — bytribuna com
8 верасня, 10:46
БАТЭ згубіў важнага гульца-ўніверсала: яго праглядаў Ермаковіч, у Альшэўскага амаль няма выбару

6 верасня было анансавана, што абаронца БАТЭ Уладзіслаў Малькевіч пасля вяртання з нацыянальнай зборнай пяройдзе ва «Урал». Перагаворы з клубам ужо былі на фінальнай стадыі. Праўда, у выніку ўсё здарылася яшчэ хутчэй. Зборная яшчэ нават не згуляла, а Екацерынбург ужо аб'явіў пра падпісанне беларуса.

БАТЭ ў сувязі з фінансавымі праблемамі прадаўжае адпускаць найбольш перспектыўных выканаўцаў, каб атрымаць хоць нейкія грошы. Брамнік Андрэй Кудравец ужо прададзены ў маскоўскае «Дынама», хаўбек Яраслаў Арашкевіч сышоў у баснійскі «Вележ», абаронца Сіды Банэ таксама вось-вось абвесціць аб новым месцы працы. Малькевіч быў важнай фігурай для сённяшняга Барысава, і яго сыход наўрад ці ўсцешыў Кірыла Альшэўскага.

Хто такі Малькевіч?

У адрозненне ад большасці сёлетніх футбалістаў асноўнага складу БАТЭ, Малькевіч трапіў у структуру клуба яшчэ непаўналетнім. Ураджэнец Маладзечна першыя крокі ў спорце рабіў у ДзЮСШ-4 роднага гораду, але даволі хутка яго заўважылі барысаўцы і паклікалі да сябе. На новым месцы гулец амаль адразу сябе зарэкамендаваў: у зусім юным узросце дэбютаваў на сурʼёзным узроўні – у Юнацкай лізе УЕФА сезона-2015/16, дзе выступаюць каманды U-19. Тады БАТЭ гуляў у групе з «Барселонай», «Ромай» і «Баерам», а Малькевічу было ўсяго 15 гадоў. Ён правёў ад званка да званка пяць з шасці матчаў (прапусціў хатні матч з «Ромай»).

У 16 левы абаронца дэбютаваў за аснову БАТЭ – выйшаў на замену на 76-й хвіліне замест Артура Піка ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі супраць магілёўскага «Тарпеда», і праз 10 хвілін барысаўцы ўстанавілі канчатковы лік 4:0. У кастрычніку-2016 Малькевіч дэбютаваў і ў «вышцы»: зʼявіўся на пяць хвілін напрыканцы сустрэчы з «Крумкачамі». Яшчэ тройчы ў тым чэмпіянаце абаронца трапляў у заяўку першай каманды.

Але куды больш практыкі гулец атрымліваў у дублі БАТЭ, а за аснову ў наступныя два гады правёў агулам тры матчы (214 хвілін ва ўсіх турнірах). Перад пачаткам сезона-2020 Малькевіч увогуле адправіўся з Барысава ў арэнду ў «Славію», дзе адразу стаў гульцом асноўнага складу. Міхаіл Марціновіч даў згуляць абаронцу ў 19 матчах (у 15 з іх Малькевіч зʼявіўся ў старце, 13 адгуляў з першай да апошняй хвіліны). У Мазыры футбаліст вызначыўся двума галамі і адным асістам. Асабліва памятнай з тых часоў атрымалася ліпеньская гульня з «Рухам». Абаронца зʼявіўся на полі на 81-й хвіліне, праз шэсць хвілін забіў сам, зрабіўшы лік 2:3, а напрыканцы дабаўленага часу зарабіў пенальці – ударам з «кропкі» Максім Слюсар зраўняў лік.

Пасля такога сезону БАТЭ не захацеў адпускаць гульца, і першую палову чэмпіянату-2021 Малькевіч ізноў правёў у Барысаве. Вось толькі Віталь Жукоўскі маладому футбалісту ўсё роўна не надта давяраў. Як вынік – усяго восем матчаў (два – у старце) і адзін асіст за 221 хвіліну. Пры гэтым Жукоўскі выкарыстоўваў гульца на абсалютна розных пазіцыях: і левым паўабаронцам, і правым вінгерам, і па профілі злева ў абароне. Якраз у гэты час футбаліст падпісаў ліст у падтрымку дыктатуры.

Дзеля практыкі на другую палову сезону Малькевіч па ўласным жаданні вярнуўся ва ўжо знаёмы Мазыр: 14 матчаў (усе з першых хвілін), 11 з іх поўныя. За гэты час вызначыўся двума галамі і трыма перадачамі, заадно дапамог калектыву захаваць месца ў «вышцы» праз стыкі з «Крумкачамі».

Чарговае вяртанне ў БАТЭ атрымалася куды лепшым за папярэдняе. Ад сезона-2022 Малькевіч – стабільны гулец першай каманды «жоўта-сініх». Прычым гуляў футбаліст і пры Аляксандры Міхайлаве, і пры Сяргею Зяневічы, і пры Кірыле Альшэўскім. За апошнія паўтара года набегла 63 матчы, 54 з іх у стартавым складзе (у сярэднім амаль 80 хвілін на полі). У актыве – 6 галоў і 12 перадач.

Траціну сезона-2022 Малькевіч адгуляў злева ў абароне, астатні час выкарыстоўваўся на пазіцыі крайняга вінгера, і выглядаў вельмі пераканаўча. Па выніках года з 11 пунктамі (4+7) стаў другім у спісе самых рэзультатыўных футбалістаў БАТЭ ў «вышцы» пасля Станіслава Драгуна, у якога было 13 балаў (10+3).

Апошні на сёння мяч за БАТЭ Малькевіч аформіў 18 ліпеня гэтага года ў сустрэчы ў адказ кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з «Партызані» (2:0). Правы вінгер адкрыў лік на 71-й хвіліне.

Таксама дадамо, што за плячыма 23-гадовага футбаліста ўжо 11 матчаў у форме нацыянальнай зборнай, у шасці з іх ён зʼяўляўся ў старце. Дэбютаваў летась у чэрвеньскім матчы са Славакіяй у Лізе нацый, выйшаўшы замест Макса Эбонга на 72-й хвіліне, а першы і пакуль адзіны мяч забіў у вароты Казахстана ў сваім трэцім матчы за «нацыяналку» праз тыдзень пасля дэбюту (выйшаў на замену на 66-й хвіліне і на 84-й устанавіў канчатковы лік 1:1).

Новы галоўны трэнер зборнай Карлас Алос таксама разлічвае на Малькевіча – прынамсі ён у ростары перад гульнямі з Андорай і Ізраілем.

Выбара ў Альшэўскага амаль няма

Розныя медыя паведамлялі, што пасля вяртання з «нацыяналкі» Малькевіч падпіша кантракт з «Уралам», які трэнуе Віктар Ганчарэнка. Крыніцы «Трыбуны» пацвярджалі гэтую інфармацыю. Перамовы паміж бакамі – БАТЭ, «Уралам» і футбалістам – былі на фінальнай стадыі. Цікавасці да абаронцы не хаваў прэзідэнт «Урала» Грыгорый Іваноў, які ў чацвер 7 верасня паведаміў, што клубу цікавыя гульцы БАТЭ Малькевіч і Валерый Бачароў. І, хутчэй за ўсё, «адзін з іх зʼявіцца ў нас пасля перапынку [на матчы зборных]».

Барысаўцы, якія праз непадпісаны план развіцця і пралёт міма групы еўракубкаў маюць вострую патрэбу ў грошах, хацелі зарабіць на продажы свайго гульца. «Урал» гатовы быў выкласці пэўную суму за футбаліста, у якога 31 снежня 2023 года заканчваецца кантракт з БАТЭ. Пра якія грошы ішла гаворка, невядома, але нашыя суразмоўцы з агенцкага свету ацэньваюць гульца ў 200-300 тысяч еўра. Па звестках каментатара Уладзіслава Татура, Барысаў на пераходах Малькевіча і Бачарова планаваў зарабіць 300-350 тысяч еўра. Аднак, паводле нашай інфармацыі, размовы пра пераход Бачарова ў Екацерынбург – не больш чым слых. Прынамсі ў сапраўдны момант.

Вяртаючыся да падпісанта за Лукашэнку, адзначым, што барысаўцы не толькі атрымаюць грошы за гульца, але і разгрузяць зарплатную ведамасць. Па інфармацыі «Трыбуны», у БАТЭ абаронца атрымліваў у раёне 10 тысяч рублёў без уліку бонусаў.

Футбаліст пайшоў менавіта ва «Урал». Хаця яшчэ 12 жніўня ў медыях зʼявілася інфармацыя, што Малькевіч пачне 2024 год у «Рубіне». Казанцы ў першай палове жніўня сапраўды выяўлялі прадметную цікавасць да абаронцы, выходзілі на яго і на барысаўскі клуб і нават прапаноўвалі абаронцу нядрэнныя фінансавыя ўмовы, аднак Малькевіч адказу не даваў, а калі зʼявіўся варыянт з «Уралам», зрабіў выбар на карысць каманды Ганчарэнкі (нават нягледзячы на больш сціплы заробак).

Першачарговай прычынай такога рашэння стала тое, што ў камандзе з Екацерынбурга знаходзяцца два знаёмыя па БАТЭ футбалісты – абаронца Ягор Філіпенка і брамнік Дзяніс Шчарбіцкі. А трэнуюць клуб экс-барысаўцы Віктар Ганчарэнка і Аляксандр Ермаковіч. І, што характэрна, менавіта пры Ермаковічы Малькевіч дэбютаваў у 2016 годзе за першую каманду БАТЭ.

Якраз Ермаковіч у жніўні гэтага года спецыяльна прыязджаў на некаторыя матчы «жоўта-сініх» у еўракубках, каб паназіраць за 23-гадовым футбалістам. Мяркуючы па ўсім, уражанні засталіся нармальнымі. Ну а Ганчарэнка быў зацікаўлены ў гульцы, які здольны аднолькава добра дзейнічаць як на флангах абароны і паўабароны, так і на пазіцыі вінгера. У сезоне-2023 Малькевіч актыўна праяўляў свой універсалізм, і яго сыход напэўна дадаў галаўнога болю Альшэўскаму. Выбар выканаўцаў на левы фланг ад паўабароны і вышэй у яго зусім сціплы, а адна з опцый – сёлета Аляксандр Французаў пару разоў змяняў Малькевіча – у мэтах перавыхавання адхіленая ад працы з асноўным складам.

Фота: fcbate.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты