Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У зборную Беларусі U-21 можа прыйсці расiянiн, які рассылаў рэзюмэ па Еўропе і скандальна працаваў пасля Хацкевіча на Кіпры

У зборную Беларусі U-21 можа прыйсці расiянiн, які рассылаў рэзюмэ па Еўропе і скандальна працаваў пасля Хацкевіча на Кіпры

Толькі навошта гэта АБФФ – незразумела.

Аўтар — KentYara98
5 студзеня, 12:00
У зборную Беларусі U-21 можа прыйсці расiянiн, які рассылаў рэзюмэ па Еўропе і скандальна працаваў пасля Хацкевіча на Кіпры

Моладзевая зборная Беларусі U-21 правяла 2023-ы нiяк – нуль перамог у афiцыйных матчах i страта нават тэарэтычных шанцаў на выхад на Еўра-2025 прывялі да адстаўкі галоўнага трэнера каманды Сяргея Ясінскага.

З таго часу на вакантную пасаду «сваталі» Ігара Кавалевіча, Сяргея Яромку і Вадзіма Скрыпчанку. Апошнi нават завочна пагадзiўся, але на ўмовах сумяшчэння з клубнай працай. У сваю чаргу, галоўны трэнер першай зборнай Беларусі Карлас Алос сказаў, што U-зборныя павінны трэніраваць беларусы, а вось другi чалавек у АБФФ Андрэй Васілевіч адзначыў, што ў спiсе кандыдатаў ёсць замежнiкi, «але ж расіяне таксама іншаземцы».

I 4 студзеня прыйшоў iнсайд як раз па расiянiне – беларускі журналіст Уладзіслаў Татур паведамiў, што ў Доме футбола абмяркоўваюць кандыдатуру 41-гадовага былога гульца зборнай Расii Аляксандра Кержакова. Ён мае досвед працы з юнымi футбалiстамi – у канцы 2010-х трэнiраваў зборную Расii U-17. Кержакоў ужо сказаў, што пра iнтарэс да сябе ад АБФФ «чуў яшчэ некалькі тыдняў таму, але канкрэтна з федэрацыі ніхто не звязваўся».

Цалкам магчыма, што звязваўся тут сам Кержакоў. Вясною 2023-га ён распавёў, што разаслаў 30 рэзюмэ ў розныя еўрапейскія клубы – мо, зiмою працягнуў гэты занятак? Дарэчы, адказаў расiянiну толькi адзiн з 30 клубаў – летнi супернiк «Нёмана» па ЛК «Вадуц». Але ў Лiхтэнштэйне ветлiва напiсалi, што не разглядаюць змену трэнера. Карацей, атрымалася ў Кержакова горш, чым у 30-гадовага трэнера «Рэймса» Уіла Сцiла, якiм расiянiн натхняўся (бельгiец менавiта праз рассылку рэзюмэ знайшоў сабе першую футбольную працу на радзiме).

Але iнтэрнэт усё ж дапамог Кержакову знайсцi працу – у лютым 2023-га яму даслаў паведамленне ў Instagram агент, якi супрацоўнiчаў з расiйскiм уладальнiкам кіпрскай «Карміяцiсы» Дзмiтрыем Пунiным. Праз пару гадзiн пасля адказу Кержакову даслалi кантракт – праз два днi трэнер быў ужо на Кiпры.

Расiянiна не вельмi насцярожыла нi такая хуткасць, нi тое, што да яго ў сезоне-2022/23 клуб ўжо растаўся з двума замежнымi трэнерамi. Першым быў былы коўч мiнскага «Дынама» чэх Душан Угрын, якi прапрацаваў два месяцы. Другiм – беларускi трэнер Аляксандр Хацкевiч. Ён быў прызначаны 18 верасня 2022-га, а пакiнуў каманду ўжо 31 кастрычнiка. З Хацкевiчам каманда выйграла два i згуляла ўнiчыю адзiн з пяцi матчаў чэмпiянату ды прайшла ў Кубку каманду расiйскага блогера Яўгена Савiна. Пра прычыны разрыву Хацкевiч расказаў толькi ў сярэдзiне 2023-га.

– Такіх людзей, як Пунін, і каля футбола не павінна быць. Мне намякнулі, што я мушу гуляць у нейкія фіксаваныя вынікі. Я сказаў, што ўдзельнічаць у такім не буду, і мы рассталіся, – заявіў беларус.

Кержакоў пра «Кармiяцiсу» ўсё, што думаў, расказаў яшчэ раней – таму што ўжо 1 красавiка 2023-га таксама пакiнуў клуб. Па словах трэнера, гульцы на базе пераапраналіся ў вагончыках, у якіх быў ліміт вады на душ, у клубе не выконвалі просьбы коўча, а ў шостай і апошняй сустрэчы пад яго кіраўніцтвам уладальнік Пунін праз спартыўнага дырэктара яшчэ ў першым тайме запатрабаваў зрабіць замены – калі Кержакоў адмовіўся, у перапынку Пунін прыйшоў да гульцоў і сам паведаміў, каго здымае з гульні.

Пасля гэтага Кержакоў сышоў – на развiтанне яго папрасілі падпісаць дакументы быццам бы на выплату заробку, якi абяцалi праз пару гадзiн, а ў час сказалi, што подпiс быў пастаўлены пра адсутнасць фiнансавых прэтэнзiй да клуба. Расiянiн так i паехаў без гэтых грошай – зрэшты, калiсьцi ён па даверлiвасцi страцiў адразу ўсе заробленыя на той момант за жыццё 11 мiльёнаў долараў.

Пасля заяў Кержакова на яго ў адказ наехалi i з «Кармiяцiсы».

«Пунін давяраў яму, але вынікі кажуць самі за сябе – адна перамога, нічыя і чатыры паразы. Ён схаваў інфармацыю пра няўстойку, каб былая жонка не змагла запытаць працэнты. Яму трэба хадзіць на гульні сапернікаў замест паездак на рыбалку. Яго рэкорд – дзесяціхвілінная трэніроўка. Ніводны гулец клуба не жадаў бачыць яго ў камандзе. На апошняй гульні яму дапамаглі, бо ён не разумеў, якія замены трэба рабіць», – казаў тады генеральны менеджар клуба Антоніс Антоніус.

Але ж ужо ў чэрвенi 2023-га Кержакоў узначалiў сербскі «Спартак». Кiраўнiцтва клуба, якi стаў дзясятым у чэмпiянаце сезона-2022/23, верыла, што з Кержаковым «даб'ецца вялікіх вынікаў», але ж пасля 14 тураў каманда аказалася на 11-м месцы з 16 баламi, серыяй параз ды яшчэ i вылетам з Кубка. Таму 13 лiстапада клуб скасаваў дамову з коўчам «з мэтай выхада з крызiснай сiтуацыi». Гэтае раставанне атрымалася ціхім.

Цяпер жа патэнцыйнае прызначэнне расійскага спецыяліста выглядае не самым рацыянальным рашэннем з боку АБФФ. У праваленым адборачным цыкле да Еўра засталося правесці ўсяго два матчы, якія ні на што не паўплываюць, а наступны пачнецца толькі у 2025-м. Незразумела тады, для чаго плаціць ўвесь 2024-ы расiянiну, хай той у апошнiх клубах атрымлiваў i толькi каля дзвюх тысяч еўра.

Ды i з боку Кержакова згода будзе дзiўнай. Пасля пачатку Расiяй вайны ва Украiне расiянiн у хуткiм часе з'ехаў з Радзiмы за мяжу, патлумачыўшы, што яму вельмi захацелася «пабыць недзе далёка, таму што кожны дзень усё чытаеш, прыходзіць разуменне і ўсведамленне маштабнасці ўсяго, што адбываецца, і стала вельмі цяжка, страшна, спрабаваў нешта сабе растлумачыць, але не знайшоў адказаў». Пасля такога прызнання прыязджаць працаваць у краiну-суагрэсар лагiчным крокам не выглядае.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты