Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Дынама» Мінск атрымала на сезон такія ж задачы, што і Жодзіна. Даведаліся, каго праглядае Скрыпчанка

«Дынама» Мінск атрымала на сезон такія ж задачы, што і Жодзіна. Даведаліся, каго праглядае Скрыпчанка

Супернік куды больш актыўна камплектуе склад.

Аўтар — bytribuna com
18 студзеня, 19:30
«Дынама» Мінск атрымала на сезон такія ж задачы, што і Жодзіна. Даведаліся, каго праглядае Скрыпчанка

Мінскае «Дынама» 3 студзеня выйшла з адпачынку. Спачатку да працы прыступіла моладзь, а праз пару дзён рыхтавацца да сезону пачала і асноўная каманда. Праўда, старт 2024 года ў жаданага для рэжымных чыноўнікаў чэмпіёна праходзіць вельмі млява: усяго два навічкі (прычым хутчэй на перспектыву) ды некалькі перападпісанняў. Раней жа з клуба сышлі некаторыя важныя выканаўцы. Пры гэтым кіраўніцтва чакае ад «Дынама» поспехаў па ўсіх франтах.

Расказваем, што цяпер адбываецца ў клубе.

Пайшлі лідары, на праглядзе – два легіянеры

Пэўныя кадравыя целарухі мінчукі пачалі прадпрымаць яшчэ да выхаду з адпачынку. Аднак у большасці сваёй яны былі скіраваны на расстанне з гульцамі, у тым ліку тымі, хто ўнёс істотны ўклад у вяртанне чэмпіёнскага тытула. Напрыклад, у канцы 2023-га пайшоў форвард Душан Бакіч (14+11 у 30 матчах сезона) – ён дагэтуль шукае новае месца працы. У тульскі «Арсенал» з ФНЛ пераехалі паўабаронца Іван Бахар (7+8 у 17 сустрэчах) і абаронца Аляксей Вакуліч (адзін «асіст» у 24 матчах). Вярнуўся ў маскоўскі «Спартак» пасля арэнды атакуючы паўабаронца Данііл Зорын (7+2 у 11 матчах) – у новым сезоне ў «Дынама» яго не будзе. У пачатку студзеня развітаўся з «бела-блакітнымі» Арыньёя(2+7 у 29 матчах) – бразільскі абаронца ўладкаваўся ў «Радзіму» з ФНЛ.

Не стала працягваць «Дынама» пагадненне і з маладым паўабаронцам Алегам Нікіфарэнкам – а 18 студзеня гулец папоўніў склад БАТЭ. У новым сезоне мінчукі не разлічвалі і на вопытнага Антона Пуцілу. Падобна, карʼера падпісанта за дыктатуру завершаная праз разрыў «крыжоў».

Відавочна, што такія страты патрабуюць кампенсацыі. Аднак «бела-блакітныя» пакуль паводзяць сябе пасіўна на трансферным рынку (ніжэй растлумачым прычыны). Хаця той жа Вадзім Скрыпчанка ўжо паспеў заявіць, што, на яго думку, у камандзе павінна быць 23-24 гульца добрага ўзроўню – маўляў, «15-16 мы не абыдземся». Аднак, як кажуць нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй у «Дынама», трэнерскі штаб як раз і можа разлічваць на якасны асноўны склад і некалькіх моцных выканаўцаў на замену (якраз атрымліваецца чалавек 15-16) – гэта калі казаць пра футбалістаў, сапраўды здольных вырашаць сурʼёзныя задачы. Але пакуль і такі варыянт патрабуе даўкамплектавання. Скрыпчанка лічыць, што пакуль склад не сфармаваны нават на 70 працэнтаў.

Пра трэнера ў снежні 2023-га шмат пісалі, што ён можа ўзначаліць моладзевую зборную. Гэтую інфармацыю пацвярджаў і першы намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч. Але сам трэнер даваў зразумець, што пагодзіцца толькі на сумяшчэнні з працай у «Дынама». Па нашых звестках, на сёння Скрыпчанка сярод патэнцыйных настаўнікаў моладзеўкі ўжо не значыцца. Адна з прычын – АБФФ хоча, каб новы трэнер быў сканцэнтраваны выключна на зборнай.

Але вернемся да «Дынама» і яго камплектавання. Клубу ўдалося захаваць некаторых важных выканаўцаў з мінулага сезона: кантракты працягнулі абаронцы Раман Бягуноў, Аляксей Гаўрыловіч, паўабаронцы Павел Сядзько, Глеб Жэрдзеў і Аляксандр Сялява, блізкі да новага пагаднення Максім Швяцоў. Застаецца і форвард Уладзіслаў Марозаў – найлепшы снайпер ЧБ-2023. Нават пры гэтым для вырашэння задач – а іх нямала – трэба ўзмацняцца.

Пакуль усё выглядае вельмі сціпла. Мінчукі могуць пахваліцца двума навічкамі. Свабоднымі агентамі ў клуб прыйшлі 22-гадовы абаронца Вадзім Пігас (3+6 у 28 матчах за «Іслач» у 2023 годзе) і 21-гадовы нападаючы Ілля Чарняк. Апошні за карʼеру ўжо парадкам паспеў павандраваць.

Паведамлялася пра цікавасць «Дынама» да экс-форварда «Энергетыка-БДУ» Германа Баркоўскага, аднак, паводле нашай інфармацыі, яго падпісанне малаверагоднае. Пакуль канкурэнты актыўна перападпісваюць сваіх лідараў (падобна, «Нёман» нікога не збіраецца ўпускаць) або перацягваюць больш-менш якасных выканаўцаў з клубаў-сярэднякоў, мінчукі чагосьці чакаюць.

Зрэшты, некаторая праца ўсё ж вядзецца. Як нам удалося даведацца, гэтымі днямі «Дынама» праглядае двух легіянераў – гэта нейкі афрыканец (хто менавіта, даведацца не ўдалося, але яго нагульваюць на пазіцыі крайняга хаўбека). Па некаторай інфармацыі, у мінулым сезоне паўабаронца гуляў у адной з каманд Д2 Бельгіі, але асабліва сябе не праявіў.

Што да другога патэнцыйнага навічка, тое яго імя нам вядома. Гэта бразільскі апорнік Нета Соўза. 27 сакавіка яму споўніцца 24 гады. На YouTube і ў Instagram нават можна знайсці нарэзку дзеянняў лацінаамерыканца на полі, але яго прафайл не ўражвае. Паводле «Трансфермаркта», Нэта пачынаў карʼеру на Радзіме, дзе правёў па некалькі матчаў за малавядомыя «Гояс» і «Канфʼянсу» з глыбокага мінора. З 17 лютага па 8 жніўня 2022-га знаходзіўся без клуба, пакуль не падпісаў кантракт з «Падгорыцай» з Д2 Чарнагорыі. Там прабыў да ліпеня 2023-га і за гэты час паўдзельнічаў у 16 матчах чэмпіянату і Кубка (13 у старце), адзначыўшыся адным голам. Каманда ж фінішавала пятай з дзевяці ў чэмпіянаце.

Паводле афіцыйных звестак, бразілец пакінуў каманду 1 ліпеня 2023-га, але ў заяўку не трапляў ад 8 красавіка, а апошні раз на поле выйшаў за тыдзень да таго.

Цяпер легіянер спрабуе спадабацца Скрыпчанку. Як нам вядома, праглядаюць Соўзу ў апорнай зоне, хоць у Чарнагорыі ён перыядычна дзейнічаў у абароне – у цэнтры і справа.

На сёння ў «Дынама» ёсць два намінальныя апорныя паўабаронцы з кантрактамі – 31-гадовы Сялява (адзін асіст у 16 матчах у 2023 годзе) і 24-гадовы Аляксандр Свірэпа (адзін гол у 12 матчах мінулага сезона).

Ну і асобна дадамо, што паводле «Трансфермаркта», Нето карыстаецца паслугамі агенцтва MARACANA-MINSK. Кампанія вядзе справы дзевяці гульцоў – васьмі бразільцаў і аднаго эквадорца. Двое з гэтай групы ўжо засвяціліся ў чэмпіянаце Беларусі. Паўабаронца Тэа Майя ў сезоне-2019 гуляў за «Іслач» (адзін асіст за 18 матчаў), а абаронца Віліям у 2020-21 гадах бегаў за «Рух» (30 матчаў, 1+1), а першую палову сезона-2022 правёў (праўда, больш лячыўся) у мінскім «Дынама» (адзін гол у чатырох матчах).

Таксама нагадаем, што 15 студзеня клуб бельгійскага Д3 «Тэс» паведамляў, што гвінейскі форвард каманды Ібраіма Ба стане гульцом «Дынама». Наколькі гэтыя навіны адпавядаюць рэчаіснасці, меркаваць складана. Адзінае, як удалося нам даведацца, у клубе 25-гадовага нападніка пакуль не бачылі.

Памер бюджэту няясны, ёсць даўгі за мінулы год

Разважаючы пра магчымые запрашэнні легіянераў, Скрыпчанка адзначыў цяжкасці, з якімі сутыкаецца ён (зрэшты, як і іншыя трэнеры вышэйшай лігі).

- Складанасць у тым, што ёсць толькі пэўная колькасць легіянерскіх ставак. Плюс ліміты па заробках для замежнікаў дзейнічаюць. Але ў любым выпадку абы каго браць не будзем. Легіянер мусіць быць мацнейшым за любога беларускага футбаліста з нашага чэмпіянату. Гэта як мінімум. І абавязкова павінен убудоўвацца ў камандную гульню, – сказаў спецыяліст.

Як удалося даведацца, псеўдаміністр спорту Сяргей Кавальчук гэтай зімой актыўна лезе ў пытанні камплектавання (хоць восенню здавалася, што ўжо адчапіўся ад клуба). Навічкоў шукаюць селекцыянеры і галоўны трэнер, аднак, як кажуць дасведчанымі крыніцы, ледзь не апошняе слова наконт таго, браць гульца ці не, застаецца за Кавальчуком.

Ад чыноўніка залежыць фінансаванне клуба на сезон. А з гэтым пакуль праблемы. Паводле нашай інфармацыі, бюджэт «Дынама» на 2023 год яшчэ не сфармаваны. Пры гэтым Кавальчук не дазваляе прапаноўваць легіянерам канкурэнтных заробкаў. Як расказваюць нашы суразмоўцы, калі патэнцыйныя замежныя навічкі «Дынама» чулі прапанаваныя ўмовы, іх жаданне пераязджаць у Мінск рэзка адпадала. Нягледзячы на пратэжаванне, «Дынама» не гатовае адыходзіць ад фінансавых лімітаў, якія нядаўна яшчэ больш праселі.

Таксама нам вядома, што перад гульцамі каманды дагэтуль вісяць даўгі за 2023-і. У прыватнасці, не выплачаныя заробкі за лістапад і снежань, а таксама не пералічаныя прэміяльныя за залатыя медалі. Калі адбудзецца разлік – футбалістам пра гэта не паведамляюць.

Задачы на сезон маштабныя

Нягледзячы на цяжкасці і далёка не футбольнае надворʼе, у якое даводзіцца працаваць (паводле ўказкі таго ж Кавальчука беларускія клубы засталіся без магчымасці выбірацца на зборы за мяжу), атмасфера ў калектыве, паводле нашых звестак, на добрым узроўні. І неўзабаве «Дынама» ад трэнаванняў пяройдзе непасрэдна да матчаў. Так, яшчэ ў пачатку месяца стала вядома, што каманда прыме ўдзел у турніры Mogilev Cup-2024, які пройдзе з 23 па 27 студзеня. Разам з «Дынама» на сінтэтыцы магілёўскага манежа згуляюць «Днепр», «Нёман» і «Гомель». Таксама Скрыпчанка агучыў і планы на спарынгі: 3 лютага пройдзе гульня з «Віцебскам», 10-га – са «Славіяй», 17-га – з «Гомелем». Ну а 25 лютага адбудзецца Суперкубак Беларусі супраць «Тарпеда-БелАЗ».

Камандзе агучылі мэты на сезон. Ад яе чакаюць чэмпіёнства, перамогі ў Кубку Беларусі (у сакавіку чакае чвэрцьфінал з БАТЭ) і Суперкубак.

Што да міжнароднай арэны, то кіраўніцтва разлічваць на восень у любым з еўрапейскіх турніраў. Стартаваць мінчукі будуць у першым раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Калі адтуль вылецяць, адразу апусцяцца ў Лігу канферэнцый, дзе да групы трэба будзе прайсці яшчэ тры супернікі. А вось у выпадку поспеху на старце ЛЧ сцэнарый будзе больш простым: дастаткова будзе прайсці яшчэ аднаго суперніка, каб гарантаваць сабе еўравосень. Зрэшты, БАТЭ не змог з гэтым справіцца.

Адзначым, што аналагічныя мэты пастаўленыя і перад «Тарпеда-БелАЗ», аднак «аўтазаводцы» на фоне мінчукоў паводзяць сябе куды больш актыўна і сурʼёзна ўмацоўваюцца перад сезонам.

Фота: dinamo-minsk.by

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты