Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Даведаліся, хто хоча злопаць Скрыпчанку. У босаў «Дынама» да трэнера няма пытанняў, але...

Даведаліся, хто хоча злопаць Скрыпчанку. У босаў «Дынама» да трэнера няма пытанняў, але...

Вось хто баламуціць ваду.

Аўтар — bytribuna com
10 красавіка, 18:00
2
Даведаліся, хто хоча злопаць Скрыпчанку. У босаў «Дынама» да трэнера няма пытанняў, але...

8 красавіка зʼявілася інфармацыя, што галоўнаму трэнеру мінскага «Дынама» Вадзіму Скрыпчанку далі тры матчы для выпраўлення сітуацыі ў камандзе, якая стартавала ў сезоне-2024 не па-чэмпіёнску. І адзін з гэтых матчаў ужо быццам бы прайшоў – бясслаўныя 2:2 з «Нафтанам» у 3-м туры. Засталіся гульні з «Гомелем» у ЧБ і з «Нёманам» у паўфінале Кубка. Следам журналіст Уладзіслаў Татур паведаміў, што кіраўніцтва клуба мае пытанні да атмасферы ў раздзявальні, а не толькі да якасці гульні.

Ці сапраўды Скрыпчанка на мяжы звальнення з «Дынама»? Што ўвогуле адбываецца ў калектыве? Даведаліся некаторыя падрабязнасці.

Як каманда стартавала ў сезоне?

У сезоне-2024 «Дынама» правяло ўжо шэсць афіцыйных матчаў. 2 сакавіка ў серыі пенальці аддало Суперкубак «Тарпеда-БелАЗ». Затым у чвэрцьфінале Кубка з цяжкасцю быў абгуляны БАТЭ: перамога ў гасцях, параза ўдома – зноў усё вырашалася па пенальці (гэтым разам мінчукі былі мацнейшымі).

У чэмпіянаце ўдалося стартаваць буйной перамогай над кволай «Смаргонню» (5:0). І далей каляндар не абяцаў асаблівых праблем «Дынама», аднак каманда Скрыпчанкі страціла пункты ў двух сустрэчах запар: згуляла па нулях з «Мінскам» і адгулялася з 0:2 з «Нафтанам», але не больш.

Цяпер у вышэйшай лізе дзейны чэмпіён займае пятае месца з адставаннем ад лідараў «Славіі» і «Нёмана» ў чатыры балы. Пры гэтым задачы на сезон – золата, Кубак і еўракубкавая восень. Суперкубак таксама значыўся ў планах, але з ім ужо не склалася.

І вось на гэтым фоне загучалі размовы пра тое, што Скрыпчанку могуць прыбраць з клуба. Нібыта яму далі тры матчы, каб выправіць сітуацыю (гэта азначае, што «Дынама» павінна паказваць чэмпіёнскую гульню і браць пункты, а яшчэ неабходна палепшыць атмасферу ў калектыве, якая таксама не на вышыні).

Што цяпер адбываецца ў «Дынама»?

Наогул, пра тое, што Скрыпчанка можа пакінуць клуб, казалі яшчэ летась. Пасля вылету з Лігі канферэнцый у ліпені ад «Жалезнічара» інсайдары паведамлялі, што магчымая змена трэнера. Аднак Скрыпчанка пост захаваў і прывёў каманду да першага за 19 гадоў чэмпіёнства. У сярэдзіне снежня-2023 «Дынама» паведаміла, што спецыяліст будзе працаваць з калектывам і ў 2024-м.

Як распавядала «Трыбуна», пасля пройгрышу ў Суперкубку так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук – па сутнасці, куратар клуба ад лукашэнкаўскага рэжыму – збіраў калектыў у канферэнц-зале стадыёна «Дынама» і ладзіў двухгадзінны разнос: крытыкаваў і гульню, і самааддачу, і недастаткова актыўнае выкананне рэжымнага гімна. Кавальчук пагражаў, што калі не будзе зменаў да лепшага, то «могуць рушыць жорсткія меры».

Як нам удалося даведацца, пасля гэтага сустрэч з Кавальчуком больш не было – каманда вярнулася да працоўных будняў без стэндапаў чынушы. Больш за тое, і Скрыпчанку, нягледзячы на праблемы ў чэмпіянаце, ні разу не выклікалі на сурʼёзныя размовы ні ў так званае міністэрства па спорце, ні нават у дынамаўскі офіс. Таксама клубныя босы не былі заўважаныя на клубных трэнінгах. Як запэўніваюць нашыя крыніцы, якія ў курсе спраў «Дынама», на Скрыпчанку не аказваўся ціск зверху, і гаворкі пра тры матчы «на выпраўленне сітуацыі» таксама не было.

У кіраўніцтве клуба разумеюць, што склад узімку моцна абнавіўся і мае патрэбу ў часе, каб згуляцца, і таму босы гатовыя цярпець. Прымаецца да ўвагі і тое, што Скрыпчанка на старце сезона сутыкнуўся з кадравымі праблемамі: праз траўмы вылецелі Аляксандр Сачыўка, яго цёзка Сялява, Трафім Мельнічэнка, Уладзімір Хвашчынскі, не ў аптымальных кандыцыях спачатку знаходзіўся Раман Бягуноў. Скрыпчанка працягвае шукаць спалучэнні, якія дазволяць стабільна дабівацца выніку. Таксама ўлічваецца тое, што сёння сярэдні ўзрост «Дынама» значна знізіўся ў параўнанні з мінулым годам – у першым класіка сезона гэты паказнік склаў 24,6 года (і гэта з улікам 38-гадовага Сачыўкі і 34-гадовага Сяргея Паліцевіча, якія знаходзіліся на полі). У сезоне-2023 сярэдні ўзрост знаходзіўся на адзнацы 26,3 гадоў.

Увогуле, клубны менеджмент не мае вялікіх пытанняў да Скрыпчанкі. Аднак атмасфера вакол трэнера ўсё ж наэлектрызаваная.

Як распавялі нам дасведчаныя суразмоўцы, свой уплыў аказвае Анатоль Юрэвіч, які па-ранейшаму знаходзіцца пры Кавальчуку. 66-гадовы трэнер, які дыскваліфікаваны за махінацыі ў ЧБ, працягвае раіць «міністру» па футбольных справах, і цяпер «узяўся» за Скрыпчанку: Юрэвіч падштурхоўвае псеўдаміністра да таго, каб той праціснуў праз клубнае кіраўніцтва звальненне трэнера. Як кажуць крыніцы «Трыбуны», Юрэвіч «з нейкіх прычынаў мае зуб на Скрыпчанку, ды і проста хацеў бы вызваліць месца для трэнера, якога лепш ведае і якім можна было б кіраваць у выпадку чаго». І нездарма ў гэтым кантэксце ўзнікла прозвішча Аляксандра Сяднёва, які зʼяўляецца адным з вучняў Юрэвіча. Але пакуль Сяднёў застаецца на чале «Ардабасы».

Як і Скрыпчанка – на чале «Дынама». Наколькі нам вядома, трэнер і каманда на навіны пра магчымую адстаўку ніяк не рэагуюць – праца працягваецца ў штатным рэжыме. І нават нейкіх абмеркаванняў на гэты конт у калектыве няма. Што да атмасферы, то і тут, як запэўніваюць нашыя суразмоўцы, праблемы адсутнічаюць.

Набліжаныя да клуба крыніцы сцвярджаюць, што Скрыпчанка пісьменна выбудаваў стасункі з падапечнымі. У час трэнінгаў адбываецца пастаянны дыялог з гульцамі. Прычым трэнер можа праводзіць размовы як з групамі футбалістаў, так і індывідуальна. Пры гэтым якіх-небудзь прэтэнзій на адрас футбалістаў за няўдалы старт Скрыпчанка не дапускае. Эмоцыі, вядома, на занятках прысутнічаюць, але без лаянкі і ляманту.

У выпадку, калі той ці іншы гулец не трапляе ў заяўку на матч, Скрыпчанка праводзіць індывідуальныя гутаркі, каб растлумачыць сваё рашэнне, а таксама каб паказаць на моманты, паляпшэнне якіх дазволіць атрымаць шанец. Гульцы такі падыход успрымаюць з разуменнем і ніякіх крыўд не ўтойваюць.

Нам удалося даведацца яшчэ адну дэталь з раздзявалкі. Пасля нічыей з «Нафтанам» з боку трэнера не было ніякага разносу. Наадварот, Скрыпчанка падзякаваў калектыву за самааддачу, за жаданне перамагаць, падкрэсліўшы, што задаволены другім таймам – і папрасіў наступным разам дзейнічаць адпаведным чынам ужо з першых хвілін. Размова прайшла ў спакойнай манеры без нейкіх абвінавачанняў.

Што да найбліжэйшай будучыні Скрыпчанкі ў «Дынама», то, паводле нашых звестак, у калектыве пра гэта нават не задумваюцца. Каманда спакойна рыхтуецца да матчу з «Гомелем», які адбудзецца на выездзе 13 красавіка.

Фота: dinamo-minsk.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты