Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ferrari, вучыся ў… Ferrari! Італьянцы вярнуліся ў Ле Ман праз пяцьдзесят гадоў і адразу перамаглі (шмат відэа!)

Ferrari, вучыся ў… Ferrari! Італьянцы вярнуліся ў Ле Ман праз пяцьдзесят гадоў і адразу перамаглі (шмат відэа!)

12 чэрвеня, 18:08
Ferrari, вучыся ў… Ferrari! Італьянцы вярнуліся ў Ле Ман праз пяцьдзесят гадоў і адразу перамаглі (шмат відэа!)

Фота: fiawec.com

Напачатку гэтага сезона чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць нават самыя смелыя не ставілі па-сапраўднаму ні на аднаго з канкурэнтаў каманды Toyota. Ад іх чакалі ў лепшым выпадку лакальных поспехаў на асобных этапах, але перамога Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймса Калада і Антоніа Джавінацы з пяцьдзесят другога экіпажа Ferrari AF Corse ў Ле Мане – гэта ўжо сапраўды сур’ёзна. Ці адназначна? Давайце разбірацца.

«Гоначная псіхапатыя» шчыра зычыць украінскім героям поспеху ў іх цяжкай справе па вызваленню роднай зямлі ад расійска-фашысцкіх захопнікаў. Ён наблізіць і вызваленне Беларусі, бо калгасны рэжым, што пануе тут зараз, трымаецца толькі на падтрымцы з боку звар’яцелага расійскага фараона. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У войнах дабрыні і святла са злом і цемрай перамагаць павінны дабрыня і святло. У спорце наогул і ў гонках у прыватнасці лепш за ўсё калі перамагаюць сапраўды наймацнейшыя і вартыя. Ці ёсць такімі на самой справе гоншчыкі каманды Ferrari AF Corse Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймса Калада і Антоніа Джавінацы, якія ўчора сталі трыумфатарамі гонкі 24 гадзіны Ле Мана?

Многа хто зараз можа сказаць, што французскі Заходні аўтамабільны клуб, які і арганізуе легендарны сутачны марафон, праславутым балансам прадукцыйнасці падрэзаў крылы Таёце, накінуўшы ёй дадатковыя кілаграмы напярэдадні гонкі гэтага года. Прычым зроблена гэта было насуперак ранейшым дамоўленасцям, што, канечне, не зусім прыгожа. З іншага боку, цяжэйшай зрабілі і тэхніку канкурэнтаў, у прыватнасці гіперкар Ferrari 499P, і розніца ў вазе паміж ім і Toyota GR010 Hybrid усё роўна не дасягала і дваццаці кілаграмаў. І за перамогу японскі калектыў усё роўна змагаўся амаль да апошняга.

У кваліфікацыі, праўда, перамаглі якраз экіпажы Ferrari, якія апанавалі першы стартавы шэраг. Хіба што на поўле былі не будучыя пераможцы, а Антоніа Фуока, Мігель Маліна і Ніклас Нільсэн з пяцідзясятага экіпажа, якія пераадолелі круг у 13 626 метраў за 3:22,982, што амаль на паўтары секунды лепей за мінулагодні вынік восьмага экіпажа Таёты. Але ўжо на першым кругу гонкі першыя дзве пазіцыі апанавалі якраз таётаўцы. Себасцьен Буэмі, які разам з Брэнданам Хартлі і Рыючы Хіракавай выступае на восьмай машыне, прарваўся з трэцяй пазіцыі на першую, а Майк Конвэй, чыімі партнёрамі па сёмым экіпажы з’яўляюцца Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес, стартаваўшы пятым, падняўся на другое месца.

У той момант мне падумалася, што далей глядзець гэты Ле Ман варта будзе хіба што дзеля малодшых катэгорый. Усе мы памятаем пра праблемы, з якімі Ferrari сутыкаліся і ў Сэбрынгу, і ў Парцімане, і асабліва ў Спа, дзе выявілася, што гіперкар 499P дрэнна грэе шыны, прытым што зношвае хутчэй за Toyota GR010. Праўда, надвор’е на старце Ле Мана было зусім іншым, і даволі хутка экіпажы на чырвоных машынах пачалі адыгрывацца. І хоць пасля першай гадзіны яны займалі трэцюю і чацвёртую пазіцыі, дзве Таёты наперадзе далёка не адрываліся.

Далей – болей. Добра Ferrari, ці хоць адзін эксперт дапускаў, што хаця б блізка да першай тройкі будзе каманда Peugeot TotalEnergies? Экстравагантныя машыны 9X8, для якіх гэты Ле Ман быў першы, раней толькі экстравагантнасцю і адрозніваліся, а вось хуткасці з надзейнасцю ім бракавала. Па выніках кваліфікацыі экіпажы французскай каманды апынуліся толькі на дзясятай і адзінаццатай пазіцыях і не прайшлі ў фінальную сесію Гіперпоўл, але дзевяноста чацвёрты, у якім выступаюць Лойк Дзюваль, Густава Менэзэс і Ніка Мюлер, лідзіраваў пасля васьмі гадзін!

І не выпадкова лідзіраваў, а дзякуючы менавіта што чыстай хуткасці. Дзякуючы падзеям на трасе, зрэшты, таксама, а гэтага на першых гадзінах хапала. Адной з іх стаў моцны дождж, які пайшоў на пачатку чацвёртай гадзіны. Ён моцна ператасаваў пелатон (адзін заплыў у паваротах Porsche чаго варты), і Ferrari, якія да таго моманту захапілі былі першую пазіцыю, пазбавіліся яе.

Пры гэтым у барацьбу за лідарства ўключыўся яшчэ і экіпаж на прыватным (!) прататыпе Porsche 963 катэгорыі LMDh – трыццаць восьмы каманды Hertz Team Jota ў складзе Антоніа Фелікса да Кошты, Уіла Сцівенса і Е Іфэя, якія праз паломку гібрыднай сістэмы падчас кваліфікацыі стартавалі наогул шасцідзясятымі. І калі б не крыўдная аварыя кітайскага гоншчыка на першых гадзінах у паваротах Porsche (вось дык іронія лёсу!) з наступным рамонтам цягам дваццаці хвілін і адкатам назад…

Карацей, дзевяноста першы Ле Ман удаўся ад самага пачатку. У гэтым годзе, дарэчы, ён святкаваў стагадовы юбілей, таму гонкай стагоддзя і быў сціпла названы. І арганізатараў з іх супярэчлівымі рашэннямі можна было зразумець – нікому не хацелася ў чарговы раз назіраць, як Таёты фінішуюць у кругах ад бліжэйшых пераследнікаў. Якім, аднак, таксама даставалася.

Калі траса пачала падсыхаць, дзве Ferrari ізноў выбраліся на першыя дзве пазіцыі, і новы зарад дажджу прыкладна ў дзесяць гадзін вечару па мясцовым часе ім не перашкодзіў. П’ер Гуідзі хутка пасля не пашанцавала іншым чынам – спрабуючы аб’ехаць аварыю наперадзе, італьянец апынуўся ў гравіі ў першай шыкане Mulsanne. Машынай сястрынскага экіпажу кіраваў на той момант Нільсэн, і ён праз альтэрнатыўную стратэгію саступіў лідарства ізноў дзевяноста чацвёртаму Peugeot 9X8.

Ды нават трэці экіпаж Cadillac Racing, якім кіравалі Себасцьен Бурдэ, Рэнгер ван дэр Зандэ і Скот Дзіксан, паспеў некаторы час пакрасавацца на лідарскай пазіцыі. Галоўнымі дзейнымі асобамі француз, нідэрландзец і новазеландзец, канечне, не былі, аднак фінішавалі вельмі годна – чацвёртымі. Сапраўднай жа сенсацыяй першай паловы марафону сталі якраз гоншчыкі дзевяноста чацвёртага экіпажа Peugeot, якія захоўвалі лідарства акурат да сярэдзіны дыстанцыі, пакуль у самым пачатку дванаццатай гадзіны Менэзэс не прыклаўся аб бар’ер у першай шыкане Mulsanne.

Гэтая непрыемнасць запатрабавала працяглага рамонту і адкінула экіпаж далёка назад. Да фінішу ён у выніку дабраўся толькі дваццаць сёмым. Ну хоць дабраўся наогул, тады як сёмая Таёта яшчэ за пару гадзін да гэтага наогул выбыла з гонкі. Кабаяшы, які кіраваў прататыпам-гіперкарам у той момант, запаволіўся ў адпаведнай зоне, дзе раней здарыўся іншы інцыдэнт, і быў падбіты ззаду адной з Ferrari катэгорыі LM GTE Am.

Не ўсё дзякуй богу было і ў канкурэнтаў – на піт-стопе пяцідзясятага экіпажу ў канцы дзясятай гадзіны была выяўленая прабоіна ў радыятары, якую зрабіў адзін са шматлікіх абломкаў на трасе пасля вялікай колькасці разнастайных інцыдэнтаў. Рамонт заняў пяць кругоў, экіпаж адкаціўся на дзясятую пазіцыю, а затым прарваўся на пятую.

Таму ў другой палове гонкі за перамогу вялася менавіта што дуэль паміж пяцьдзесят першым экіпажам Ferrari і восьмым Таёты. Яўнай перавагі не было ні ў таго, ні ў таго, на розных этапах гонкі ініцыятыва пераходзіла з рук у рукі. На фінальнай чвэрці дыстанцыі, калі абодва экіпажы адначасова адправіліся на піт-стоп, на італьянскай машыне ўзніклі праблемы з электрыкай. П’ер Гуідзі прыйшлося перазагружаць бартавую сістэму, і экіпаж Таёты вырваўся наперад. Ненадоўга, праўда, ужо на трасе Алесандра хутка вярнуў лідарства сабе і сваім калегам.

Такая ж праблема з пяцідзясятым Ferrari 499P здарылася і пад канец гонкі на фінальным піт-стопе. І выйсці б восьмай Таёце ў лідары як мінімум, толькі крыху раней Хіракава, якога пасадзілі ў какпіт на фінальны адрэзак (традыцыя японскага калектыву, па якой фінішаваць у Ле Мане мусяць японцы ж), не памыліўся на тармажэнні перад паваротам Arnage. Рыа заблакіраваў заднія колы і сустрэўся з бар’ерам, адправіўся на рамонт і добра, што хоць другую пазіцыю захаваў, застаўшыся ў кругу з канкурэнтамі з Ferrari.

Адставанне, зрэшты, якраз амаль што круг і складала (болей за тры хвіліны), таму стала зразумела, што адыграць яго можна будзе толькі праз нейкую катастрофу ў П’ер Гуідзі, Калада і Джавінацы. Яе не здарылася, і трыа двух італьянцаў і брытанца прынесла Ferrari перамогу ў абсалюце Ле Мана ў год вяртання пасля перарыву ў пяцьдзесят год і першую з 1965 года. Буэмі, Хартлі і Хіракава занялі другое месца, а трэцімі даволі сенсацыйна фінішавалі Эрл Бамбер, Алекс Лін і Рычард Вэстбрук з другога экіпажа Cadillac.

Можна зразумець пачуцці гоншчыкаў Таёты, але ім варта і паапладзіраваць – яны саступілі годнаму суперніку, змагаючыся да апошняга. Ну а прыхільнікі гонак на цягавітасць пабачылі нарэшце надзвычай цікавай і непрадказальнай самую галоўную з іх у свеце. У выйгрышы, здаецца, усе. Ну, акрамя тых, хто заняў другія месцы. А Ferrari цяпер варта падумаць над тым, каб адправіць сваіх стратэгаў да сваіх калег з каманды ў Формуле 1. Хаця цяперашнія праблемы Скудэрыі гэта ўсё роўна не вырашыць.

Катэгорыя LMP2 кожны раз дорыць нам шчыльную барацьбу, так было і ў гэты раз і будзе ў Ле Мане наступнага года. І толькі ў ім – напярэдадні гэтага марафону было афіцыйна абвешчана, што на пастаяннай аснове малодшыя прататыпы мы ў WEC болей не пабачым. Гэта тэхніка застанецца цяпер толькі ў Еўрапейскай і Азіяцкай серыях Ле Ман, а на кальцы Сартэ для іх будзе зарэзервавана пятнаццаць месцаў. Катэгорыя гіперкараў пашыраецца, і ўжо ў наступным годзе свае прататыпы LMDh у ёй выставяць Lamborghini, BMW і Alpine. Апошнія якраз у мінулы ўік-энд паказалі сваю машыну A424 Beta.

Асабіста мне з машынамі LMP2, якія праз пару гадоў зменяць пакаленне, развітвацца будзе крыху шкада. Толькі на іх хуткія пілоты-аматары і могуць удзельнічаць у гонках высокага ўзроўню, і цяпер колькасць такіх будзе для іх абмежаванай. Ну хоць у Ле Ман лепшыя з іх па-ранейшаму будуць дапускацца, і гэта правільна, што і паказаў Ле Ман 2023 года.

З поўла стартаваў сорак восьмы экіпаж Idec Sport у складзе Поля Лафарга, Поля-Люпа Шатэна і Лорэнца Хёра. Але наступны хаос з аварыямі нават на сухой трасе вывеў у лідары трыццаць чацвёрты экіпаж Inter Europol Competition, у якім выступаюць Якуб Смехоўскі, Альберт Коста і Фабіа Шэрэр. Дапамагла ім і хітрая стратэгія, дзякуючы якой пасля першай чвэрці гонкі яны стабільна былі ў лідарскай групе, прытым што стартавалі толькі трынаццатымі ў класе.

Іх галоўнымі канкурэнтамі былі Руі Андрадэ, Луі Дэлетраз і Роберт Кубіца з сорак першага экіпажа Team WRT. Дуэль працягвалася да шаснаццатай гадзіны, на якой Шэрэр, які выступаў з болем у траўміраванай назе, абагнаў Кубіцу. Пасля гэтага сорак трэці экіпаж паступова адрываўся і ўпэўнена перамог, што стала першым поспехам польскага калектыву ў чэмпіянаце свету. Андрадэ, Дэлетраз і Кубіца занялі другое месца, трэцімі фінішавалі гоншчыкі трыццатага экіпажа Duqueine Racing Ніл Джані, Рэнэ Біндэр і Нікалас Піна.

Для катэгорыі LM GTE апошні і гэты Ле Ман, і гэтыя сезоны WEC, ELMS і ALMS. У наступным годзе гэтыя машыны замяняе тэхніка GT3, вядомая нам, у прыватнасці, па серыі GT World Challenge Europe. Прычым правілы допуску вытворцаў будуць даволі дзіўнымі – толькі па дзве машыны ад кожнага, а каманды прыдзецца ўзгадняць з арганізатарамі чэмпіянату свету. Добра што хоць выбар машын ужо даволі багаты, а ў наступным годзе папоўніцца дзвюма культавымі мадэлямі – Chevrolet Corvette і Ford Mustang.

У Ле Мане прыгожа хлопнуць дзвярыма атрымалася ў каманды Corvette Racing, якая пасля гэтага сезона WEC скончыць сваё існаванне. Яе трыццаць трэці экіпаж у складзе Нікі Катсбурга, Бэна Кіцінга і Нікаласа Варонэ стартаваў з поўлу, але практычна на самым старце надоўга страціў першую пазіцыю, адкаціўшыся далёка назад. Аднак выдатныя змены кожнага з гоншчыкаў разам з новымі правіламі рэстартаў пасля аўтамабіля бяспекі (цяпер непасродна перад аднаўленнем гонкі кожная катэгорыя збіраецца ў кучу) дазволілі вярнуцца ў барацьбу за перамогу да світанку.

Затым Варонэ і Катсбург падчас сваіх змен наогул вырваліся ў лідары і давялі справу да перамогі. Другое месца заняў дваццаць пяты экіпаж ORT by TF Sport – Ахмед Аль-Харці, Майкл Дайнан і Чарлі Іствуд на Aston Martin. На ніжнюю ступень подыуму падняліся гоншчыкі восемдзесят шостага экіпажа GR Racing Майкл Уэнрайт, Бэнджамін Баркер і Рыкарда Пэра, якія выступалі на Porsche 911 RSR-19.

Ле Ман часта станавіўся полем для эксперыментаў у рамках так званага праекту Garage 56, дзякуючы чаму ў гэтым годзе на старт выйшаў сапраўдны наскараўскі сток-кар Chevrolet Camaro ZL1, дапрацаваны крыху пад кальцо Сартэ, вядома. Аўтамабіль атрымаўся не толькі эфектным, але і даволі хуткім – у кваліфікацыі ён апярэдзіў ўсе машыны LM GTE. У гонцы, праўда, некаторым з іх яго пілоты, а гэта былі зорка NASCAR Джымі Джонсан, зорка Ле Мана Майк Рокенфелер і чэмпіён свету Формулы 1 2009 года Джэнсан Батан, некаторым з іх усё ж саступілі, але да фінішу ўсё роўна дабраліся трыццаць дзявятымі і далёка не апошнімі – лічы што перамога, хоць і выступаў дваццаць чацвёрты экіпаж па-за залікам.

Перамога ў Ле Мане з яго двайнымі ачкамі дазволіла П’ер Гуідзі, Джавінацы і Калада падняцца на другую пазіцыю ў чэмпіянаце. Яны маюць 82 ачкі, на дваццаць пяць адстаючы ад Хартлі, Буэмі і Хіракавы, якія засталіся лідарамі. На трэці радок заскочылі Лін, Бамбер і Вэстбрук, у якіх 70 балаў. Toyota са 126-цю ачкамі ўзначальвае залік вытворцаў гіперкараў, Ferrari, у якой 108 балаў, замацоўваецца на другой пазіцыі, а Cadillac, у якога 70 ачкоў, на трэцяй.

Перад сутачным марафонам у Ле Мане быў апублікаваны і каляндар наступнага сезону чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць. У ім восем этапаў, першым з якіх стане гонка ў Катары нестандартнай працягласцю 1 812 кіламетраў, якая пройдзе 2 сакавіка (перадсезонныя тэсты таксама пройдуць на трасе Ласаіл 24-25 лютага).

Скончыцца сезон традыцыйна ў Бахрэйне 2 лістапада. У каляндар таксама вяртаюцца Інтэрлагас у бразільскім Сан-Паўлу, дзе пройдзе пяты этап у ліпені, і Траса Амерык у тэхаскім Осціне, куды чэмпіянат прыедзе ў верасні. Монцу заменіць Імала (у Храме Хуткасці запланаваная невялічкая рэканструкцыя), прычым гэта будзе другі этап у красавіку, на сваім месцы ў маі застаецца Спа-Франкаршам, а 24 гадзіны Ле Мана пройдуць 15-16 чэрвеня.

У Монцы пройдзе 7-9 ліпеня і наступны этап бягучага сезона WEC. Там і паглядзім, ці быў поспех Ferrari ў Ле Мане выпадковым.

Іншыя пасты блога

Усе пасты