Tribuna/Бокс/Блогі/Легенда падпольнага бокса, самы жорсткі чалавек Вялікабрытаніі і зорка фільма Рычы. Гісторыя Лені Макліна

Легенда падпольнага бокса, самы жорсткі чалавек Вялікабрытаніі і зорка фільма Рычы. Гісторыя Лені Макліна

Зняўся нават у «Пятым элеменце».

9 лютага, 04:15
Легенда падпольнага бокса, самы жорсткі чалавек Вялікабрытаніі і зорка фільма Рычы. Гісторыя Лені Макліна

Прыбярыце дзяцей ад экранаў. Артыкул пра Лені Макліна можа змяшчаць сцэны гвалту і выклікаць непрыемныя адчуванні.

Джым Ірвін дакладна не чытаў падчас працы свайго сучасніка Бенджаміна Спока. Амерыканскі педыятр прапаноўваў бацькам з вытрымкай адчуваць любы крызіс дзіцячага развіцця і ставіцца да малых з павагай. Ірвін замест літаратуры аддаваў перавагу дробным злачынствам і алкаголю. А яшчэ жорсткаму збіццю юдзяцей. «Ён зламаў мае ногі, калі мне было пяць. Ён зламаў маю сківіцу, калі мне было шэсць. Ён зламаў усе мае рэбры, калі мне было сем». Жорсткасць родам з дзяцінства, з такім айчымам Лені проста не мог стаць іншым.

Маклін быў народжаны для фільмаў Гая Рычы

А вы ведалі, што адна з самых эпічных боек сусветнага кінематографа паміж персанажам Брэда Піта Мікі і Бамбавіком з «Вялікага куша» – гэта адсылка да рэальнай гісторыі з жыцця Макліна? Толькі замест няспраўнага фургона была машына, якую за ўсе свае грошы ён атрымаў ад цыганскага «купі-прадай» Кені Мака. Аўтамабіль не праездзіў і два дні.

Лені, на той момант падлетак, не збаяўся аўтарытэтнага Кені і прыйшоў на разборкі да яго дадому, але той прапанаваў пагадненне: «Хочаш новую машыну – удзельнічай у баі на маім двары сёння ўвечары». Маклін і сам быў немаленькім, але ў супернікі яму паставілі сапраўднага грамілу – больш за 2 метры росту і больш за 130 кілаграм вагі. Лені хапіла адной хвіліны і аднаго добрага трапляння, каб укласці апанента.

«Самы жорсткі чалавек Вялікабрытаніі» меў яшчэ як мінімум тры тысячы падобных гісторый, і гэта толькі пра паядынкі на рынгу. А колькі яшчэ было боек па-за рынгам. А колькі яшчэ было гісторый, не злучаных з бойкамі. Гай Рычы не мог не звярнуць увагу на такога персанажа. Таму менавіта Маклін сыграў Бары Хрысціцеля ў фільме «Карты, грошы, два ствалы».

Кені Мак не проста так даў шанец менавіта Лені. Ён добра ведаў пра забойныя кулакі Макліна, якія той нярэдка ўжываў у звычайнай вулічнай штурханіне і пры сустрэчах «сценка на сценку». Хлопец вырас у Хокстане ў асяроддзі сталай праявы гвалту – не толькі дома, але і за яго межамі. Яго бацька быў дробным злодзеем, яго айчым – таксама, гэтак жа – бацькі і старэйшыя браты аднагодкаў-суседзяў. У падлеткавым узросце ўжо і сам Лені патрапіў у турму за дробны крымінал.

Пасля 18-месячнага зняволення Шэф* вырашыў знайсці добрую працу. Але яго хутка звольнілі за… збіццё майстра брыгады. Падлеткам Маклін лавіў сябе на думцы, што яго бандыцкі лёс непазбежны. І толькі неліцэнзаваны вечар бокса ў двары цыганскага прамоўтэра пакідаў надзею, што зарабляць грошы на жыццё можна па-іншаму.

Падвойнае жыццё Макліна – сем'янін дома і актыўны ўдзельнік вулічных банд

«Лені быў найгоршым жахам таты і мамы, які стаў рэальнасцю». Маклін не цураўся падчас знаёмства распавядаць бацькам сваёй дзяўчыны пра крымінальнае мінулае (у 19 (!) гадоў). Ён толькі што выйшаў з Борсталя і хацеў падзяліцца з усім светам крутымі гісторыямі з папраўчай калоніі. Шэф не лічыўся з тым, што ён знаходзіўся ў доме ўзорнай сям'і працоўнага класа. Тата і маці 17-гадовай Вэл забаранілі з'яўляцца Макліну ў іх доме пасля першай жа вячэры ўчатырох.

Прайшоў год, Лені і Вэл ажаніліся, потым нарадзіліся дзеці, мужчына пачаў працаваць брыгадзірам у фірме, якая аказвала паслугі мыцця вокнаў. Яго хапіла на два гады. Зноў старая кампанія, крадзяжы, рабаванні. Падпольныя баі – высакародны занятак у параўнанні з усім астатнім.

«Я навучылася не пытацца, што ён рабіў, выходзячы за дзверы», – распавядае Вэл. — Я не хацела гэтага ведаць, і Лені хацеў нас аберагчы ад гэтага». Сям'я была тым месцам, дзе Лені адпачываў ад сябе сапраўднага, жорсткага, схільнага да гвалту і злачынстваў. З імі ён быў іншым, гэтакім флегматыкам, які любіць жонку і дзяцей.

Маклін знайшоў сябе ў свеце падпольнага бокса

У 70-х гадах Фрэнк Уорэн (дарэчы, стрыечны брат Лені) арганізаваў Нацыянальны баксёрскі савет Вялікабрытаніі. Ён дазволіў змагацца ўсім падпольным байцам. Гэта быў шанец на добрую будучыню для Макліна, але праз судзімасць яго не дапусцілі.

Рост папулярнасці афіцыйнага бокса пацягнуў за сабой і большую цікавасць да неліцэнзаваных кулачных баёў. Гледачы былі радыя бачыць хоць і не такіх падрыхтаваных, але максімальна бязлітасных рабят. Яны адчайна білі адзін аднаго, нярэдка выходзячы за межы дазволенага.

Цяжка было знайсці больш прыдатнага персанажа для такіх спраў, чым Шэф. Каб перамагаць у кулачных баях, не трэба было мець неверагодную тэхніку, будаваць правільную стратэгію ці трымаць сябе ў класнай форме. Усё, што трэба – быць магутным і напорыстым, такім як Лені Маклін. Ён быў з тых, хто губляе галаву пры слове «Fight!» і ляціць малаціць свайго апанента. Шэф прызнаваўся, што ніколі спецыяльна не рыхтаваўся да баёў. А за некалькі дзён да іх увогуле пераставаў трэнавацца і спарынгаваць, каб быць галодным да крыві.

Лені пачаў працаваць з тым жа прамоўтэрам Кені Макам. Макліна запрашалі ледзь не на кожны вечар падпольнага бокса, які праходзіў у Лондане ці яго наваколлях, а пазней і па ўсёй Брытаніі. Ён перамагаў штораз.

Трылогія з Роем Шоў – адна з самых яскравых падзей брытанскага бокса 70-х

Пэўны час менавіта Шоў называлі наймацнейшым чалавекам Брытаніі і неафіцыйным чэмпіёнам у цяжкай вазе. Шэф не разумеў, з якой нагоды кагосьці іншага могуць лічыць каралём вулічнай бойкі. Бо менавіта ён, Лені Маклін, непераможны, найкруцейшы і найсуворы.

Рой быў чалавекам падобнага да Лені лёсу. Ён таксама быў лонданскім хуліганам, пагасцяваў у свой час у папраўчай калоніі Борсталь, не баксаваў у рынгу ні як аматар, ні як прафесіянал. Таксама актыўна ўдзельнічаў у рэкеце і іншых брудных вулічных справах. Надавала жаху вобразу Шоў тое, што ён меў досвед знаходжання ў псіхлякарні і сапраўды лічыўся звар'яцелым.

Баі былі з пальчаткамі. Канкрэтна яны згулялі вызначальную ролю ў першым паядынку. Тады Шоў перамог Макліна тэхнічным накаўтам, аднак прайграўшы быў упэўнены, што яго пальчаткі былі падробнымі. Магчыма, гэта не была аб'ектыўная нагода для рэваншу, але Шоў аказаўся не з тых, хто ігнаруе выклік.

Зала начнога клуба на 2000 месцаў была забітая цалкам падчас рэваншу. Большасць ставак ізноў была на пераможцу першага двубоя. Прыстрэлка ў гэтай бітве працягвалася секунд 30 (што і так нямала для такіх баксёраў). Затым джэб ад Лені і серыя з трох траплянняў прымусіла Шоу прыціснуцца да канатаў. Затым пачаўся сапраўдны ўраган з удараў ад Макліна, ніводнай думкі пра разварушванне ці абарону.

Рой упаў на падлогу. Але гэта не спыніла андэрдога. Шэф ударыў ляжачага суперніка з правай, затым адштурхнуў рэферы і ладна патаптаўся па галаве Роя (Шоў і сам быў вядомы сваёй любоўю да ўдараў ляжачых супернікаў нагамі).

Калі вы думаеце, што на гэтым усё спынілася, то не. Бой працягнуўся, пакуль Лені не выбіў Шоу за межы рынга. Гэта не быў спорт, але гэта было дапушчальна ў такіх паядынкаў. Гэта быў акт агрэсіі і жорсткасці, але публіка гэтага і прагнула.

Рой таксама знайшоў адмазку для сваёй паразы – занадта вялікая колькасць жэньшэня была ўжытая перад боем. Таму ён нібыта выйшаў на бітву ў дрэнным настроі. Прымаецца. Лені Маклін і Рой Шоу дамовіліся пра трэці бой у тэатры «Вясёлка» ў Паўночным Лондане на 3000 месцаў.

Гэта быў вырашальны паядынак супрацьстаяння. Пачуўшы гонг, Шоу пабег наперад і спрабаваў захапіць ініцыятыву. Некалькі левых хукаў дасягнулі цэлі. Але гэта менавіта тое, што трэба было Макліну, каб завесціся. Лені выкарыстаў сваю перавагу ў росце, трапіў у цэль некалькімі аперкотамі і больш свайго не аддаў. Маклін перамог і пракрычаў ва ўсю залу: «Тут я Шэф!»

Маклін хаваў інфармацыю пра паразы

Лені сапраўды правёў каля 3000 падпольных баёў. Ён сам казаў пра 4000 паядынкаў у рынгу і яшчэ 20000 па-за яго межамі. Перамагаць кожны раз было невыканальнай задачай. Пра свае паразы Маклін імкнуўся зусім не распавядаць у інтэрв'ю.

Ходзяць легенды, што пасля двух пройгрышаў ад Кліфа Філдса Лені хадзіў па Лондане і скупляў усе даступныя копіі баёў, каб знішчыць іх. Таксама Маклін быў двойчы дэкласаваны экс-прафесіяналам Джоні Уолдрэнам. Абодва разы – накаўты ў першым раундзе. Фрэнк Уорэн падвяргаў сумневу сілу свайго сваяка: «Так, ён быў жудасным хуліганам. Адным з самых вялікіх, якіх вы маглі калі-небудзь сустрэць. Ён заўсёды палохаў людзей. А па боксе… 15 баёў з больш-менш сур'ёзнымі супернікамі – 5 параз».

Бліжэй да канца кар'еры Маклін стаў разумець, што ўлюбёны занятак – гэта бізнес. Нарэшце, выклікі, загульванне з публікай – яго частка. У пачатку 80-х ён нават выйшаў на міжнародны рынак. Лені з'ездзіў у ЗША на дуэль з Джонам Макормакам, наймацнейшым сябрам мясцовай мафіі. Наш герой расправіўся з ім праз тры хвіліны. Лені адчуваў сябе настолькі папулярным, што дазваляў сабе выклікаць на бой Мухамеда Алі.

А скончылася баксёрская кар'ера Шэфа ў 1986 годзе. У адным з апошніх баёў Макліну давялося супрацьстаяць Шалёнаму Цыгану Брэдшоу. Той дазволіў сабе стукнуць Лені галавой падчас поціску рукі, за што і паплаціўся. Правакаваць Шэфа было не вельмі добрай ідэяй. Ужо праз 10 секунд Брэдшоу ляжаў на насціле рынга, а Маклін дабіў небараку да стану комы.

Нечакана, але гэты кейс аказаў вялікі ўплыў на Макліна, ён быў разбіты. Лені наведваў Браяна ў лякарні, пазней яны сталі сябрамі з Брэдшоу. Шэф прыняў гэта як знак, што з баямі пара завязваць.

Маклін дасягнуў поспеху як акцёр і нават пісьменнік

Яшчэ падчас баксёрскай кар'еры Лені Маклін мяняў месцы працы як пальчаткі. Доўгі час ён працаваў сек'юрыці ў клубах і барах. Блізкае знаёмства з легендарнымі брытанскімі мафіёзі братамі Крэй дазволіла яму атрымаць долю ў бізнесе па валоданні публічнымі дамамі.

Стаўшы больш медыйным, Маклін пачаў эвалюцыянаваць у сваіх падпрацоўках. Англійскія зоркі пачалі карыстацца яго паслугамі як целаахоўніка. Сярод кліентаў – Майк Рыд і Фрэдзі Стар. Таксама Лені адказваў за арганізацыю бяспекі на тэлевізійных шоу. Потым стаў частым госцем у іх, пачаў здымацца ў кіно (акрамя згаданых шэдэўраў Гая Рычы яшчэ быў «Пяты элемент») і напісаў кнігу, якая была некаторы час бэстсэлерам у Брытаніі.

А пасля смерці Шэфа здымалі фільмы і пісалі кнігі ўжо пра яго. Так публікаваліся і сябры, і дзеці, і жонка – усюды галоўным героем быў менавіта Лені.

Маклін – неадназначны персанаж з рознакаляровай спадчынай

Фатальным для Шэфа стаў рак лёгкіх. Сімптомы хваробы выяўляліся падчас здымкаў фільма «Карты, грошы, два ствалы». Але Лені быў упэўнены, што гэта звычайная прастуда. Маклін не дажыў да прэм'еры ўсяго месяц.

Смерць ад раку ва ўзросце 49 гадоў – страшная трагедыя, але Лені ўсё роўна шчасліўчык. Бо лёс падарыў яму і так занадта шмат шанцаў.

Ён мог загінуць, калі сам улез у разборкі з кампаніяй з 18 чалавек. Але пабіў іх усіх. Мог загінуць ад любога з трох нападаў з агнястрэльнай зброяй. Але кожны раз тыя, хто хацеў адпомсціць за прайграныя баі і стаўкі, давалі маху. Мог загінуць ад дзясяткаў і сотняў тысяч прапушчаных удараў у твар – ад айчыма, супернікаў на рынгу і вулічных хуліганаў. Але меў занадта моцны чэрап.

У канцы хочацца дадаць крышку пазітыву вобразу Макліна і напісаць, што гэта толькі знешне быў вышыбала, але ж сэрца ў яго добрае. Але ён адкусіў аднаму чалавеку нос, пабіў касавым апаратам прадаўца, які памыліўся з рэштай, а яшчэ мог папросту пабіць суразмоўцу за няўдалы жарт пра яго.

Таму не, ён нават блізка не Кінг Конг. Ён вылітая копія Бары Хрысціцеля. Як персанаж – круты, але некаторыя яго ўчынкі мярзотныя.

Затое з крутой баксёрскай і медыйнай спадчынай. І крыху з крымінальнай. Сувязі з мафіяй Лені падтрымліваў да апошніх хвілін свайго жыцця. «Калі танчыш з д'яблам, танчы да канца» (Бары Хрысціцель).

*У арыгінале мянушка Макліна – The Guv“nor. Многімі крыніцамі яно перакладаецца як Губернатар. Аднак значэнне для гэтага паняцця некалькі іншае – «чалавек, які мае аўтарытэт». Таму пераклад Шэф падаецца больш дакладным.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты