Усе навіны

Татур пра змену трэнера ў брэсцкім «Дынама»: «Не супраць шанцу Юрэвічу. Але або людзі, якія прымаюць рашэнні, не разумеюць, што робяць, або гэта «просьба» зверху»

20 красавіка 2023, 12:43

Журналіст Уладзіслаў Татур пракаментаваў змену трэнерскага штаба ў брэсцкім «Дынама».

Нагадаем, што пасля паражэнняў у стартавых чатырох турах вышэйшай лігі Ігар Крывушэнка пакіну пасаду галоўнага трэнера каманды. Клуб абвясціў, што новымi трэнерамі сталi Аляксандр Юрэвіч, Сяргей Нікіфарэнка і Вадзім Ласоўскі, але пры гэтым нікога не назваў галоўным трэнерам. Па інфармацыі Telegram-канала «Вуха», афіцыйна ўзначальваць брэсцкую каманду будзе Нікіфарэнка, а дэ-факта – Юрэвіч, у якога няма патрэбнай ліцэнзіі.

«Заходзіць на сезон з вядомым трэнерам старой школы (гэта не крытыка), хутка прыбраць яго пасля першых няўдач і праблем усярэдзіне каманды, каб паставіць на яго месца маладога спецыялiста без досведу працы на дарослым узроўні?

Зусім не супраць таго, што Юрэвічу далі шанц – гэта вялікі ў мінулым футбаліст, які гульцом перасякаўся са шматлікімі сур'ёзнымі трэнерамі. Але няўжо ў такой ракіроўцы можна ўбачыць нейкую стратэгію, логіку?

Выснова простая: альбо людзі, якія прымаюць рашэнні па футболе на паўднёвым захадзе краіны, не разумеюць, што яны робяць, альбо гэта не іх ініцыятыва, а «просьба», спушчаная зверху», – напісаў Татур.