Tribuna/Футбол/Блогі/Яшчэ не чулі пра Уга Буэна? Яго выпадкова заўважылі ў дзіцячым клубе ў Іспаніі і забралі ў АПЛ, а брат-блізнюк гуляе за «Дортмунд»

Яшчэ не чулі пра Уга Буэна? Яго выпадкова заўважылі ў дзіцячым клубе ў Іспаніі і забралі ў АПЛ, а брат-блізнюк гуляе за «Дортмунд»

Зараз ён адзін з найлепшых гульцоў «Вулверхэмптана».

9 студзеня 2023, 11:42
Яшчэ не чулі пра Уга Буэна? Яго выпадкова заўважылі ў дзіцячым клубе ў Іспаніі і забралі ў АПЛ, а брат-блізнюк гуляе за «Дортмунд»

«Вулверхэмптан», які яшчэ некалькі гадоў таму залятаў у зону еўракубкаў (адразу пасля павышэння ў класе), у гэтым сезоне сутыкнуўся з сур'ёзнымі гульнявымі праблемамі. Бруну Лажэ, які летам 2021-га замяніў знакавага для «Вулвз» Нуну Эшпірыту Санту, цалкам праваліўся і пакінуў клуб – цяпер каманда займае перадапошняе месца ў турнірнай табліцы АПЛ і намагаецца акрыяць пасля няўдалага старту сезона ўжо пад кіраўніцтвам знакамітага Хулена Лапетэгі.

За «ваўкоў» усё яшчэ гуляюць Рубен Невен і Адама Траарэ, улетку (або пасярод сезону) каманду ўзмацнілі такія выканаўцы, як Матэуш Нунеш, Гансалу Гедэш і Дыега Коста, але адным з самых яскравых футбалістаў апынуўся 20-гадовы Уга Буэна.

Распавядаем, чаму гэты юны іспанец заслугоўвае вашай увагі.

Буэна нечакана ўварваўся ў стартавы склад «ваўкоў» і стаў асноўным гульцом. Яго выпадкова знайшлі ў «скрынцы» ў Іспаніі

Знаёмцеся, гэта – Уга Буэна.

Ён разам з братам-блізнюком Гіе (падрабязней пра яго – крыху пазней у гэтым жа тэксце) нарадзіўся 18 верасня 2002 года ў іспанскім горадзе Віга. Гуляе на пазіцыі левага абаронцы, з лета 2019-га знаходзіцца ў структуры «Вулверхэмптана». Але тое, як ён патрапіў у англійскі клуб, – надзвычай цікавая гісторыя.

Па-першае, за перыяд свайго футбольнага развіцця на бацькаўшчыне Буэна ніколі не быў у прафесійным клубе. Разам з Гіе ён гуляў за «Арэосу» з наваколля Віга – нешта накшталт дзіцяча-юнацкага футбольнага клуба, найвышэйшай прыступкай якога была каманда U-19. Ён ніколі не гуляў супраць юнакоў з «Барсы», «Рэала», «Атлетыка» і іншых іспанскіх топаў, а спарынгі супраць юнацкіх каманд «Сельты» і «Дэпартыва», якія праходзілі адносна рэдка, ужо лічыліся для блізнят матчамі ўзроўню Лігі чэмпіёнаў.

У кастрычніку 2018-га Грэм Клатан, які ў той час працаваў галоўным скаўтам акадэміі «Вулвз» і спецыялізаваўся па футбалістах з Еўропы, на працягу двух уікэндаў наведваў паўночна-заходнюю частку Іспаніі, дзе назіраў за юнакамі «Дэпартыва» і «Сельты» (гэта былі адзіныя топы ў гэтым рэгіёне краіны). Аднойчы пасля іх матчаў у Клатана было шмат вольнага часу, і ён вырашыў наведаць матч менш статусных юнацкіх каманд – і як раз натыкнуўся на «Арэосу».

«Гэта было нешта накшталт чэмпіянату горада, – узгадваў тую сустрэчу Грэм у інтэрв'ю The Athletic. – Яны гулялі ў «скрынцы» – на поле са штучным пакрыццём, якое нагадвала клетку. Трэнер быў апрануты ў манішку і звычайныя шорты. Яны гулялі нядрэнна, досыць арганізавана і ўвогуле былі добрай камандай, але я прыехаў не за імі. Так проста супала, што я апынуўся там».

Але Клатан прызнаўся, што Уга Буэна адразу ж прыцягнуў яго ўвагу: «Ён гуляў вельмі прыкметна. Мы выпускаем шматлікіх футбалістаў, падобных па стылі гульні, але ў ім было нешта іншае. Ён быў надзвычай упэўнены і не перажываў ні пра што. Калі ва Уга быў мяч, адзінае, на што ён быў накіраваны гэта абыгрышы адзін у адзін і спробы забіць гол з флангу або пазіцыі 10-кі».

Тады юны Буэна гуляў альбо правага вінгера, альбо атакуючага хаўбека, а яго ўлюбёным футбалістам быў Месут Азіл.

Клатан звязаўся з футбалістам, яго сям'ёй і арганізаваў яму прагляд у «Вулверхэмптане» наступным летам.

Іспанец добра сябе выявіў і пачаў гуляць за каманду U-19, у якой працягваў гуляць на пазіцыі 10-кі і быў больш засяроджаны на атацы. Як у многіх іншых тэхнічных іспанцаў, у Буэна былі праблемы з фізікай – ён быў недастаткова мускулісты, часта губляў мяч у адзінаборствах, а калі яго збівалі, ён увесь час «глядзеў на арбітра».

Галоўны паварот у яго кар'еры ў Англіі – змена пазіцыі. Так як Нуну Эшпірыту Санту гуляў па схеме 3-4-3 з інтэграванымі ў атаку вінгбекамі, у «вольных мастакоў» з юнацкіх каманд было не так шмат шанцаў прабіцца ў аснову, таму Буэна перавялі на левы фланг абароны. У той жа час ён пачаў нястомна трэніравацца, набіраць фізічную форму і абрастаць мышцамі.

З таго часу Уга працягваў развіццё сямімільнымі крокамі. У мінулых сезонах былі выпадкі, калі Буэна трапляў у заяўку «Вулвз» на матчы АПЛ, але сезон-2022/23 стаў для яго фантастычным прарывам. У сярэдзіне кастрычніка Стыў Дэвіс, трэнер, з якім Буэна працаваў у моладзевай камандзе «ваўкоў», узнагародзіў іспанца дэбютам у прэм'ер-лізе – выпусціў на адну хвіліну ў матчы з «Нотынгем Форэст».

Ужо праз тры дні Буэна выйшаў у старце на сустрэчу з «Крыстал Пэлас» – і аддаў круты асіст на Адама Траарэ. «Вулверхэмптан» прайграў, але той матч Уга не забудзе, бо з тых часоў ён з'яўляецца жалезабетонным футбалістам стартавага складу (выцесніў з асновы вопытнага Хоні Кастра і маладога, але ўжо зорнага Раяна Аіта-Нуры).

Цікава, што на шматлікіх вядомых інтэрнэт-парталах Буэна ўсё яшчэ лічыцца гульцом другой каманды «Вулвз», як, напрыклад, на Transfermarkt. Аўтарытэтны партал ацэньвае іспанца ўсяго ў 200 тысяч еўра.

Брат-блізнюк Уга выступае за «Дортмунд». Пакуль што за дубль, але ўжо гуляў за аснову ў таварыскіх матчах

«Гіе быў больш камандным гульцом у параўнанні з Уга, – узгадвае «другога Буэна» Грэм Клатан. – Менавіта таму ён на першы погляд не здаўся такім прыкметным футбалістам».

Да пераезду Уга ў Англію Гіе амаль заўсёды быў побач. Яны разам гулялі за «Арэосу», але калі адзін з братоў атрымаў шанец працягнуць развіццё ў прафесійным клубе, іншы застаўся, працягнуў працаваць – а лёс узнагародзіў і яго.

Гіе трапіў у юнацкую каманду «Дэпартыва», дзе набраўся вопыту і нават гуляў у фінале чэмпіянату Іспаніі U-19 супраць «Барсы». Менеджар другой каманды «Барусіі» Інга Пройс наведаў той паядынак, каб знайсці патэнцыйнае ўзмацненне сярод футбалістаў каталонскага клуба, але вярнуўся ў Дортмунд ужо з дамоўленасцю, што да каманды далучыцца гулец «Дэпара» Буэна.

Гіе – натуральны левы абаронца, заўсёды гуляў на гэтай пазіцыі. Як і брат Уга, ён класна падключаецца да атак сваёй каманды, але і лічыцца баявой адзінкай у абароне. Многія заўзятары «чорна-жоўтых» параўноўваюць Буэна з Рафаэлем Герэйру – такі ж невысокі, спрытны, шмат падключаецца да атак і не саромеецца браць гульню на сябе.

Гіе ўжо другі сезон выступае за другую каманду «Дортмунда» – спачатку адаптаваўся і амаль не гуляў, але ў другой палове мінулага года стаў асноўным і да гэтага часу рэгулярна атрымлівае гульнявы час.

Час ад часу Буэна трэніруецца з першай камандай, а падчас чэмпіянату свету ў Катары ездзіў з «Барусіяй» у турнэ па Азіі і на таварыскі турнір у Румынію. Трэнер дортмундцаў Эдзін Тэрзіч пастаянна выпускаў маладога іспанца на поле, а той у матчы з сінгапурскім «Лаён Сіці» вызначыўся галявой перадачай.

Хто ведае, магчыма, і другі сярод блізнят Буэна пазней дэбютуе ў вялікім футболе.

Фота: Atlantico, Wolverhampton Wanderers FC, Marco Donato/Borussia Dortmund, Jay Barratt/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты