Tribuna/Футбол/Блогі/10 гульцоў, якія раптам завяршалі кар'еру: запускаў свінаферму, чакаў канца свету, «не быў створаны для футбола»

10 гульцоў, якія раптам завяршалі кар'еру: запускаў свінаферму, чакаў канца свету, «не быў створаны для футбола»

Цяпер да іх далучыўся і Гарэт Бэйл.

12 студзеня 2023, 18:36
10 гульцоў, якія раптам завяршалі кар'еру: запускаў свінаферму, чакаў канца свету, «не быў створаны для футбола»

Існуе нямала гісторый, калі вядомыя футбалісты заканчвалі прафесійную кар'еру ў маладым узросце з-за праблем са здароўем: Тастаа, ван Бастэн, Замер і шмат іншых. Але ёсць выпадкі, калі вядомыя і паспяховыя гульцы завязваюць з футболам па ўласным жаданні, хаця цалкам маглі б яшчэ гуляць.

Нядаўна адным з такіх стаў Гарэт Бэйл. 33-гадовы футбаліст абвясціў пра завяршэнне кар'еры. А хто быў да яго? Згадваем.

Ёхан Кройф, 31 год

Адзін з найвялікшых футбалістаў у гісторыі футбола вырашыў скончыць кар'еру ў 31 год, хаця яшчэ цалкам мог гуляць на самым высокім узроўні. У гэтым вінаваты мужчына па імені Жан-Жорж Базілевіч (так!), з якім Кройф пазнаёміўся ў Барселоне. Ён угаварыў легенду кінуць усё і пераключыцца на… запуск свінафермы. У гэта цяжка паверыць, але гулец кінуў футбол, каб пачаць бізнес-праект.

Спачатку планавалася згуляць развітальны матч «Аякс» – «Барселона», але каталонцы не знайшлі ў лістападзе месца ў графіку (ці не захацелі шукаць), таму ў госці да «Аякса» прыехалі заклятыя сябры з «Баварыі». Немцам не арганізавалі дастойны прыём, пасялілі ў танным гатэлі, а заўзятары называлі «нямецкімі свіннямі». Раз'юшаны Паўль Брайтнер матываваў партнёраў гуляць як у фінале, ніякіх паслабленняў на таварыскую гульню і праводзіны легенды.

На стадыёне сабралася 60 тысяч балельшчыкаў, а па тэлевізары гульню глядзелі 100 млн. Настроеныя на таварыскую сустрэчу нідэрландцы хутка зразумелі, што з імі гуляюць па-сапраўднаму, але было позна, перанастроіцца па ходзе гульні не атрымалася. У першым тайме прапусцілі два мяча, а другі завяршылі з лікам 0:8. На трыбунах не разумелі сораму, які адбываецца, а галкіпер «Баварыі» Зэп Маер пасля матча папрасіў прабачэння ў Кройфа. Мюнхенцаў нават вырашылі не клікаць на пасляматчавы банкет, хаця спачатку планавалі.

А што ж бізнес? Базілевіч сказаў Кройфу, што іспанцы жыць не могуць без хамона, таму ўкласціся ў будаўніцтва свінаферм – бяспройгрышны варыянт. Жонка Ёхана называла Жана-Жоржа найпрыгажэйшым мужчынам, якога яна бачыла, ён насіў дарагія касцюмы і хадзілі нават чуткі, што такі звабіў благаверную Кройфа.

Футбаліст перавёў грошы, але аказалася, што ніякіх зямельных участкаў пад фермы ніхто не купляў. Ёхана, які вельмі любіў грошы, кінулі на 6 млн долараў. У легенды не засталося ніякіх зберажэнняў, таму ён заклаў хату ў Барселоне. Прыйшлося вяртацца ў футбол – ехаць у ЗША зарабляць. У Лас-Анджэлесе яму плацілі 750 тысяч у год.

Мішэль Плаціні, 32 гады

Трагедыя «Эйзеля» (на фінале КЕЧ-1985 паміж «Юве» і «Ліверпулем» абвалілася адна з трыбун, у выніку чаго загінулі 39 чалавек) вельмі сур'ёзна паўплывала на еўрапейскі футбол, англійскія каманды былі на 5 гадоў адхілены ад еўракубкаў, а многія ўдзельнікі матча ў Бруселі доўгі час не маглі адысці.

Мішэль прызнаваўся, што менавіта пасля таго фіналу, дзе ён забіў пераможны гол, футбол перастаў прыносіць яму задавальненне. Акрываўленыя людзі і крыкі фанаў «Юве», якія заклікалі не гуляць матч, да гэтага часу ў яго перад вачыма.

У 1984 годзе Плаціні выйграў са зборнай Францыі галоўны матч свайго жыцця, абыграўшы Іспанію ў фінале Еўра, а ўсяго праз тры гады абвясціў пра завяршэнне кар'еры. Пасля «Эйзеля» галоўнай матывацыяй застацца ў гульні быў ЧС-1986 у Мексіцы, дзе французы лічыліся фаварытамі, але ў паўфінале немцы спынілі бліскучую каманду Ідальга. Пасля вылету Плаціні хацеў адразу скончыць з футболам, але бацька ўгаварыў застацца. Наступныя 12 месяцаў ён гуляў хутчэй па інерцыі, хаця правёў 29 матчаў у Серыі А. Але было відаць, што задавальнення ад футбола француз ужо не атрымліваў.

«Футбаліст ува мне памёр 17 мая 1987 года, калі мне было ўсяго 32 гады», – менавіта такімі словамі пачынае сваю біяграфію Мішэль Плаціні, які ўжо праз год стаў трэнерам.

Франк Райкард, 32 гады

Франк паказаў цудоўны прыклад, як трэба завяршаць кар'еру на мажорнай ноце. У 30 гадоў ён вярнуўся ў «Аякс», дзе калісьці пасварыўся з Ёханам Кройфам. Цяпер яго сустрэў закляты вораг Ёхана Луі Ван Гал, які будаваў каманду з маладых брыльянтаў – ім былi патрэбныя мужыкi з вопытам. Менавіта такімі ветэранамі сталі Райкард і Блінд, а побач з імі ззялі Давідс, Овермарс, ван дэр Сар, Літманен і іншыя. Літманен прызнаваўся, што быў шакаваны на першай трэніроўцы, калі зразумеў, што ў Франка рукі больш за ногі Яры. А яшчэ Райкард прывёз з Мілана моду на мабільныя тэлефоны, якіх не было ні ў кога ў камандзе.

Апошні матч гулец правёў у фінале ЛЧ у Вене супраць свайго былога клуба «Мілана». Райкард гуляў бліжэй да брамы, чым у складзе «расанеры», наперадзе былі малодшыя партнёры, але галявы пас аддаў менавіта ён. На 84-й хвіліне Франк спрабаваў абыграцца з партнёрам, але юны Клюйверт усё зрабіў сам.

Гэта была трэцяя перамога для Франка ў самым прэстыжным турніры Еўропы. Гулец вырашыў, што яму ўжо дастаткова, і таму скончыў кар'еру, увайшоўшы ў сімвалічную зборную сезона ў Еўропе. Цікава, што і трэнерскую кар'еру ён скончыў даволі рана – у 51 год. Цудоўны тайм-менеджмент: паспеў зрабіць легендарную кар'еру гульца, выйграў ЛЧ з «Барсай» у якасці трэнера і пакінуў сабе час, каб проста нацешыцца жыццём.

Эрык Кантана, 32 гады

«Калі я страчу прыхільнасць да гульні, то адразу завяршу кар'еру», – паабяцаў сабе 20-гадовы Эрык. Кантана быў заўсёды большы за простага футбаліста, сфера яго інтарэсаў не заканчвалася на полі, таму такое рашэнне ён мог прыняць даволі лёгка.

Яшчэ ў 24 гады Эрык пасварыўся з усім футбольным кіраўніцтвам Францыі і жадаў скончыць з футболам. Гуляючы за «Нім», ён кінуў мяч у галаву арбітра, калі быў незадаволены тым, што той не рэагуе на грубіянства саперніка. І сам сышоў з поля. Дысцыплінарная камісія вырашыла забаніць гульца на 3 матча, што было цалкам лаяльна, але Эрык падышоў да кожнага члена камісіі, каб сказаць: «Ты ідыёт». Такое красамоўства дадало Эрыку яшчэ два месяцы дыскваліфікацыі.

Кантана вырашыў не чакаць і праз два дні абвясціў, што завяршае кар'еру футбаліста. Геданіст па жыцці і аматар жывапісу атрымліваў асалоду ад жыцця на пляжы Ле-Гро-дзю-Руа каля Німа. Пакуль Эрык заняўся маляваннем і не звяртаў увагу на тэлефон, ён прапусціў магчымасць сыграць Ван Гога ў фільме Марыса Піялі. Магчыма, гэта і да лепшага, бо роля адышла французскаму рок-музыку Жану Дзюрцюну, які атрымаў за яе прэмію «Цэзар», а Эрыка такі вярнулі ў футбол. Сябры забралі яго на гарналыжны курорт, дзе ўгаварылі вярнуцца. Але адзінай умовай форварда было тое, што гэта будзе далей ад Францыі.

У Англіі француз атрымаў статус легенды, а ў «МЮ» правёў усяго чатыры з паловай гады, аднак стаў культавым гульцом для фанаў клуба. Пасля перамогі ў АПЛ і вылету ад «Барусіі» ў паўфінале ЛЧ у маі 1997 года Эрык абвясціў, што заканчвае з футболам. Рашэнне прыняў за месяц да таго. Гэта быў поўны шок для СМІ і Фергюсана, але цалкам у духу Кантана. Прыхільнасць да футбола канчаткова знікла, затое з'явілася прыхільнасць да кіно. На дадзены момант Эрык зняўся ў 46 карцінах.

Дзідзье Дэшам, 32 гады

Цяперашні трэнер зборнай Францыі меў дужа насычаную гульнявую кар’еру, дзе акрамя перамог на ЧС і ЧЕ былі два тытулы ЛЧ з «Марселем» і «Юве». Але ў 1999 Дзiдзье пакінуў Турын, калі там пачалася новая рэвалюцыя. Спачатку пайшоў Ліпі, з якім француз пасварыўся, а пасля і Дэшам, якога паклікалі ў «Чэлсі».

У Лондане палічылі, што дасведчаны француз дапаможа ім перад стартам у Лізе чэмпіёнаў. Трэнераваў каманду стары знаёмы па «Ювентусу» Джанлука Віялі, а капітанам быў даўні таварыш Марсэль Дэсаі, таму давер быў досыць высокі. Лонданцы ўзялі Кубак Англіі, а ў ЛЧ вылецелі на стадыі чвэрцьфіналу ад «Барселоны». У АПЛ «арыстакраты» былі пятымі, але на наступны сезон француз перайшоў у Іспанію, дзе набірала сілы «Валенсія» Эктара Купера. Улетку Дэшам выйграў Еўра-2000, будучы капітанам і асноўным гульцом «Ле Блю», таму мала хто мог падумаць, што гэта будзе апошні сезон для Дэшама ў якасці гульца.

У «Валенсіі» дужа ўдала прадалі маладых зорак Херарда («Барселона») і Фарынаса («Інтэр»), якіх трэба было кімсьці замяніць. За гэтыя грошы былі куплены Аймар, Захавіч і Дэшам.

Але ў Іспаніі ў яго не пайшло, бо і там ён сустрэў таварыша па «Марселю» Жаслена Англама. Маладыя Бараха і Альбельда дзейнічалі ўжо дужа ўпэўнена, таму Купер давяраў менавіта ім. Усяго француз згуляў у 19 матчах, а ў фінале ЛЧ супраць «Баварыі» увесь матч прасядзеў на лаве запасных. Яшчэ ў красавіку ў інтэрв'ю клубнаму сайту гулец запэўніваў, што ў наступным сезоне будзе намагацца выправіць становiшча, але хутка ўсё ж завяршыў карʼеру.

Хідэтосі Наката, 29 гадоў

Японца смела можна назваць першай суперзоркай азіяцкага футбола. Магчыма, ён не быў наймацнейшым гульцом у гісторыі кантынента і нават Японіі, але Наката паспеў стаць рэкламным тварам Азіі, зняўся ў рэкламе Nike, але пасля ЧС-2006 вырашыў, што з яго хопіць.

Перад чэмпіянатам свету 1998 года ў Францыі Наката прыдумаў геніяльны ход: пафарбаваў валасы, каб еўрапейскія скаўты лепш запомнілі яго. Гэта дапамагло, бо пасля гэтага турніру гулец пераехаў у Італію, дзе змяніў пяць клубаў. Каманды не толькі ацанілі яго футбольныя якасці, але і паглядзелі на японскі рэкламны рынак, ключом да якога быў Наката. За гэты час ён выйграў скудэта з «Ромай» і апынуўся ў «Болтане».

«Я мог бы працягваць гуляць, але мне трэба было б прымусіць сябе. Маё правіла: жыць трэба ў сваё задавальненне, рабіць толькі тое, што вас сапраўды захапляе. У камандзе важна адчуваць сябе сям'ёй, а не як у сумным офісе», – казаў Наката.

Пасля завяршэння кар'еры інтэлектуал Наката адправіўся пазнаваць свет – усяго за два гады ён наведаў больш за сотню краін. Паміж паездкамі ён здымаўся для вядомых брэндаў адзення i зрабiўся іконай стылю. Мянушку «японскі Бэкхэм» Хідэтосі атрымаў нездарма.

Пазней Наката адправіўся ў падарожжа па роднай Японіі, а цяпер стаў галоўным амбасадарам сакэ ў свеце, нават адкрыўшы ўласную вытворчасць. З 2009 па 2015 год экс-футбаліст наведаў усе 49 прэфектур Японіі, пазнаёміўся з мясцовымі традыцыямі і зняў дакументальны фільм пра мясцовыя рамёствы.

«Шчыра кажучы, я наогул не разумею, чаму людзі становяцца футбольнымі фанатамі. Я не люблю глядзець спорт. Мне значна больш хочацца гуляць, ствараць нешта самому, чым назіраць за іншымі», – прызнаўся Наката за некалькі месяцаў да завяршэння кар'еры.

Патрык Клюйверт, 32 гады

Яшчэ адзін герой фіналу Лігі чэмпіёнаў 1995 года таксама фінішаваў датэрмінова, але не на такой пазітыўнай ноце, як яго старэйшы калега. Патрык стаў адным з лепшых форвардаў Еўропы ў «Барселоне», але пры ім каманда амаль нічога не выйграла. У перыяд з 2000 па 2004 гады каталонцы не ўзялі ніводнага трафея, але Клюйверт быў лідарам каманды.

З прыходам Райкарда Патрыку ўсё радзей знаходзілася месца ў аснове. Ён сам вельмі хацеў у Англію, былі размовы пра «Арсенал» ці «Чэлсі». У рэшце рэшт ён апынуўся ў «Ньюкасле» з Аланам Шырэрам, але траўмы не дазволілі яму гуляць у поўную сілу – усяго 6 галоў у 25 матчах. Гулец працягнуў свой тур па Еўропе: «Валенсія», ПСВ, «Ліль». Ні ў адным з іх яму не ўдалося вярнуць сябе ранейшага.

Гуляючы ва Францыі, Патрык доўга не мог адважыцца на завяршэнне кар'еры, але зрабіў гэта ў 32 гады. У адным з інтэрв'ю гулец прызнаўся, што хацеў бы скончыць у «Аяксе», але вярнуцца ў родны клуб яму не было наканавана.

Праблема Патрыка была не столькі ў траўмах, колькі ў тым, што ён вельмі любіў загулы. У «Барселоне» футбалiст не толькі тусаваўся, але і ладзіў вечарынкі, а пры пераходзе ў «Валенсію» ў кантракце быў прапісаны пункт, згодна з якім клуб можа скасаваць кантракт, калі гулец пойдзе ў разнос. Ён не прапускаў азартных гульняў, аднойчы Уэслі Снэйдэр распавёў, што ўвечары Клюйверт прайграў яму 30 тысяч еўра, але Уэслі дараваў доўг.

Філіп Лам, 33 гады

Капітан чэмпіёнаў свету, футбаліст, які заваяваў практычна ўсе магчымыя трафеі, лідар «Баварыі» даволі нечакана завяршыў кар'еру ва ўзросце 33 гадоў. «Калі б вы ведалі, колькі гадзін я лётаў і ездзiў! Нарэшце я магу жыць па-за графікам, праводзіць час з сям'ёй і працаваць над праектамі, якія мяне цікавяць», – казаў Лам.

Яшчэ ў 2014 годзе Філіп стварыў інвестыцыйны холдынг для ўкладанняў у розныя бізнес-праекты. Ён ужо думаў пра жыццё пасля футбола, бо не бачыў сябе трэнерам. Хоць легендзе адразу прапанавалі ролю спартыўнага дырэктара «Баварыі», але Лам хацеў чагосьці новага.

Экс-гулец нават завяршыў кар'еру на год раней запланаванага, каб засяродзіцца на бізнесе. У яго партфоліа былі кампанія па догляду за целам Sixtus, брэнд Schneekoppe (здаровае харчаванне), стартап Fanmiles (праграма лаяльнасці да фанатаў), Danova (медыцынскія паслугі) і нават нацыянальная спартыўная латарэя. Практычна ўсе праекты Лэма былі стратнымі, а некаторыя прыйшлося зачыніць з-за даўгоў. Пра Філіпа пісалі, што як футбаліст ён быў супертопам, але ў бізнесе – на ўзроўні рэгіянальнай лігі.

Здаецца, Лам павярнуўся тварам да футбола і нацэліўся на пасаду кіраўніка Нямецкага футбольнага саюза. Гулец з'яўляецца амбасадарам Еўра-2024, крытыкуе Інфанціна за правядзенне буйных турніраў і адмовіўся ехаць у Катар з-за парушэння правоў чалавека.

Карлас Роа, 29 гадоў

Аргентынскі галкіпер хоць і не быў суперзоркай, але яго выбітны чэмпіянат свету 1998 года і магутная гульня за «Мальёрку» Эктара Купера прыцягнулі ўвагу грандаў. Гаварылі нават пра канкрэтную зацікаўленасць «Манчэстар Юнайтэд» і «Чэлсі».

Але Роа не паехаў. Яшчэ ў Аргенціне Карлас пачаў хадзіць на сходы адвентыстаў сёмага дня (адна з плыняў пратэстантызму) – ён быў даволі рэлігійным чалавекам (гуляў пад нумарам «1.3» – Бог i Тройца праз кропку). Гулец перастаў ёсць мяса, а суботу адвёў для вывучэння Бібліі, бо адвентысты лічаць суботу святым днём.

У чэрвені 1999 года Карлас правёў прэс-канферэнцыю, на якой абвясціў пра сыход з футбола. «Я прасіў Бога даць мне магчымасць згуляць на чэмпіянаце свету – і ён мне яе даў. Я прасіў яго даць мне шанец гуляць у Еўропе – і ён мне яго таксама даў. Я хачу выканаць свае абяцанні і сысці зараз», — растлумачыў Роа.

Асноўнай прычынай завяршэння кар'еры ён назваў тое, што яму даводзілася гуляць па суботах, а не чытаць Біблію. Але яшчэ адной прычынай быў 2000 год, таму што падчас яго царква адвэнтыстаў чакала другога прышэсця Хрыста. «Тыя, хто вядзе нягодны лад жыцця, патрапяць у вялікія непрыемнасці», – сказаў Роа журналістам і адправіўся ў глухую мясцовасць каля роднага Санта-Фе.

Год ён чытаў Біблію і вёў аскетычны лад жыцця, пакуль не зразумеў, што канец света не наступiў. Гулец, якi засумаваў па футболе, здолеў вярнуцца ў «Мальёрку» – з умовай не гуляць у суботу. Але Роа так і не вярнуў ранейшую форму. Толькі ў «Альбасетэ» ён наблізіўся да сябе ўзору 1998 года, але кар'еру спыніў дыягназ – рак яечкаў. Роа здолеў перамагчы хваробу, але дагуляў дома ў сціплым «Алімпа».

Дэвід Бэнтлі, 29 гадоў

На рахунку Дэвіда 8 матчаў за зборную Англіі, а таксама ўнікальнае дасягненне: ён першым зрабіў хет-трык у вароты «Манчэстэр Юнайтэд» у АПЛ. Гэта быў дэбютны матч пасля пераходу ў «Блэкбэрн», і яго каманда выйграла з лікам 4:3. Бэнтлі быў прызнаны найлепшым гульцом сезона ў «Роверс», але пакінуў клуб у 2008 годзе, перайшоўшы ў «Тотэнхэм». У Лондане ён змагаўся за месца ў аснове з Ааранам Ленанам, i стаць галоўным выбарам не ўдалося, хоць і паказваў часам добрую гульню. У кастрычніку 2008 года Дэвід забіў шэдэўральны гол у вароты «Арсенала», які быў прызнаны лепшым голам месяца ў АПЛ.

З 2011 года гуляў на правах арэнды за «Бірмінгем» і «Вест Хэм», а затым адправіўся ажно ў расiйскi «Растоў», дзе гуляў не вельмi. У 2014 годзе ў яго скончыўся кантракт са «шпорамі», пасля чаго гулец абвясціў пра завяршэнне кар'еры. «Я скончыў, бо не быў створаны для футбола. Усе мараць гуляць у АПЛ, я гэтага дасягнуў, але мая будучыня не звязана з футболам», – сказаў гулец журналістам.

Бэнтлі практычна адразу ж пераехаў у Марбелью, дзе цяпер валодае рэстаранам і працягвае жыць на беразе мора.

***

У 2022 годзе адбылося адразу некалькі гісторый, калі знакамітыя гульцы раптам вешалі буцы на цвік. Яшчэ ўлетку разгарэўся скандал з гульцом зборнай Аўстрыі і пераможцам Лігі Еўропы ў складзе «Айнтрахта» Марцінам Хінтэрэгерам, які арганізаваў дзіцячы футбольны турнір разам з ультраправымі палітыкамі. На футбаліста пасыпалася крытыка, Марцін вырашыў развiтацца з футболам у 29 гадоў. Але ўжо ў ліпені апынуўся ў клубе рэгіянальнай лігі Аўстрыі са свайго роднага мястэчка Зірніц – менавiта там ён зладзіў скандальны турнір. Цікава, што на такiм узроўні ён забіў 17 галоў у 16 ​​матчах, хоць раней гуляў на пазіцыі абаронцы.

І зусім свежы выпадак – Жэрар Піке, ад якога чакалі падобнага рашэння, але ніхто не думаў, што абаронца вырашыць завяршыць кар'еру ў сярэдзіне сезона. Улічваючы цяжкае фінансавае становішча клуба і крытыку з боку заўзятараў, гулец пакінуў «Барсу» ў лістападзе. Верагодна, што ён вернецца ў клуб ужо ў якасці функцыянера, бо ўласную бізнес-імперыю развівае даўно, прычым больш паспяхова, чым Лам.

Фота: Panoramic, STAR-MEDIA/Global Look Press, Alan Walter/Global Look Press, TeamTalk

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты