Tribuna/Футбол/Блогі/У Партугаліі ўжо некалькі гадоў тэсціруюць белыя карткі. Суддзі паказваюць іх за сумленную гульню

У Партугаліі ўжо некалькі гадоў тэсціруюць белыя карткі. Суддзі паказваюць іх за сумленную гульню

Ініцыятыва кіраўніцтва дзяржавы.

25 студзеня 2023, 04:57
У Партугаліі ўжо некалькі гадоў тэсціруюць белыя карткі. Суддзі паказваюць іх за сумленную гульню

На выходных у Лісабоне ў паядынку жаночага Кубка Партугаліі «Бенфіка» дома разбіла прынцыповых саперніц з «Спортынга» з лікам 5:0.

Сустрэча адметная па двух прычынах:

  • Матч на «Да Луш» наведала рэкордная для жаночага партугальскага футбола колькасць гледачоў – 15 тысяч;
  • Галоўная суддзя падчас сустрэчы паказала белую картку.

У некаторых крынiцах напiсалi, што апошняе – навiнка ў футболе, але ж не. У Партугаліі ўжо некалькі гадоў праводзяць эксперымент, падчас якога ў матчах суддзі могуць прымяняць таксама белыя карткі, а не толькі звыклыя жоўтыя і чырвоныя.

Белая картка – гэта пахвала за сумленную гульню. Яна павінна заахвоціць спартсменаў спаборнічаць этычна і без подласцяў

У 2020 годзе федэрацыя футбола Партугаліі адгукнулася на ініцыятыву ўрада краіны па ўкараненні Нацыянальнага плана этыкі ў спорце, які распрацаваў партугальскі інстытут спорту і моладзі. Мэта гэтага плана – прасоўваць этычныя каштоўнасці ў спорце ў нацыянальных спаборніцтвах.

З тых часоў ва ўсіх футбольных спаборніцтвах і турнірах Партугаліі (за выключэннем першых двух дывізіёнаў і Кубка ў мужчын) суддзі могуць прымяняць белую картку як жэст падзякі і адзнакi для сумленнай гульні.

Напрыклад, у згаданым паядынку Катарына Кампас паказала белую картку медыкам абодвух калектываў. Яны спрытна дапамаглi камусьці з гледачоў на трыбунах, якому стала дрэнна.

Мяркуючы па рэакцыі лекараў, картка іх збянтэжыла. А вось публіка адрэагавала апладысментамі.

Падобная сітуацыя адбылася два гады таму. Тады ўдзельнікі паядынку чацвёртага па ліку партугальскага дывізіёна паміж «Лагасам» і «Альяненсе» (0:1) таксама ўбачылі белую картку ад арбітра.

У адным з эпізодаў гулец «Альяненсе» памылкова ўзяў мяч у рукі, думаючы, што суддзя спыніў гульню пасля парушэння правілаў. За гэта рэферы прызначыў штрафной, але футбаліст «Лагаса» сімвалічна прабіў у бок, а не па варотах.

За праяўлены дух сумленнай гульні ён атрымаў хвалу белай карткай.

Гэтым гульцом быў Гансала Тэйшэйра, які пасля гульні сказаў: «Мае партнёры зрабілі б тое ж самае».

Як гаворыцца ў згаданым Нацыянальным плане этыкі ў спорце, «белая картка – гэта педагагічны рэсурс, мэта якога – пахвала за этычна правільныя паводзіны спартсмена, трэнера, менеджара, публікі або іншых удзельнікаў гульні».

Такую картку раней выкарыстоўвалі таксама ў чэмпіянаце Італіі. Толькі там яна мела зялёны колер

Тых, хто памятае футбольныя ініцыятывы Мішэля Плаціні, можа заблытаць такая трактоўка белай карткі. Французскі функцыянер прапаноўваў з яе дапамогай выдаляць гульца з поля на 5 або 10 хвілін. Але ў нешта прадметнае гэта не вырасла.

А вось у чэмпіянаце Італіі мінулага дзесяцігоддзя ідэю з пахвалой за сумленную гульню ўжо выкарыстоўвалі. Праўда, у італьянцаў картка мела не белы колер. У 2015 годзе серыя Б увяла паняцце зялёнай карткі, каб заахвоціць футбалістаў да ўзаемнай павагі. Праўда, задума не прадугледжвала паказ карткі арбітрам падчас матча. Iтальянскі саюз арбітраў адзначаў у гульнях учынкі ў духу сумленнай гульні, а Ліга ў канцы кожнага месяца публікавала спіс усіх гульцоў, хто заслужыў зялёнай карткi. «Гэта сімвалічная ўзнагарода, вельмі простая. Важна толькі ідэнтыфікаваць акт сумленнай гульні. На першым месцы павінна быць павага, менавіта таму патрэбна гэтая зялёная картка», – каментаваў тады новаўвядзенне прэзідэнт Серыі Б Андрэа Абадзі.

Кіраўнікі дывізіёна такім чынам спрабавалi змяніць імідж лігі і матываваць футбалістаў да добрых паводзін на полі. Зрэшты, мяркуючы па тым, што італьянскі вопыт не разросся і яго не перанялі іншыя спаборніцтвы, спроба з зялёнай карткай аказалася не надта ўдалай. Затое ў Партугаліі адзначаюць, што на моладзевым узроўні пасля ўвядзення белай карткі суддзі сталі радзей паказваць жоўтыя і чырвоныя. Даследчыкі спадзяюцца, што гэты эксперымент будзе ўдалым, а напрацаваны вопыт можна будзе перадаць і ў іншыя краіны і чэмпіянаты.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты